Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
Назар з’явіўся тады, калі яго, напэўна, ужо не чакалі. Безумоўна, ні яго думка, ні прынцыповая згода хлопца на дазвол манеўраў з яго жонкай нікога не цікавілі. Яго паставілі перад фактам, і кропка. Але спачатку ён меў размову з Аксанай. Яна і адчыніла яму дзверы, пасля чаго зацягнула ў пакой, які займала. Назар разлічваў на гульню з яе боку, бо выраз твару дзяўчыны падаўся яму досыць таямнічым, магчыма, таму што перад тым, як выканаць абяцанне, дадзенае маці, кульнуў колькі чарак з сябрамі па школе, якіх нечакана сустрэў на Стометроўцы. Яму трэба было адцягнуцца, разняволіць і думкі, і мышцы, напружаныя да болю ў вачах і рэзі ў жываце з-за безвыніковых пошукаў выхаду з той халепы, выхаду з якой не бачыў апрыёры. Дні міналі, як ліхтары за вокнамі хуткаснага цягніка. I чым хутчэй — тым больш у сябе засмоктваў адчай. Аднакласнікі своечасова трапіліся на яго шляху, яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з тых, каго Назар нават не памятаў і ўзгадаў не адразу. Імяніннік у школьныя гады не вылучаўся ні голасам, ні знешне, сядзеў шыбздзікшыбздзікам на «камчатцы», занураны ў падручнікі, з-за якіх нават акуляраў яго не было відаць, але неўзабаве паспяхова скончыў сталічны ўніверсітэт і трапіў у адзін з кіеўскіх холдынгаў, што спецыялізаваліся на праграмаванні і распрацоўцы камп’ютарных гульняў. Наколькі Назар зразумеў, хлапчына займаў у холдынгу зусім не нізкую пасаду з суадносным заробкам, дый змяніўся да непазнавальнасці, а ў Станіславаў вярнуўся ў адпачынак, які супаў з днём
181
182
нараджэння. Бывае і такое. Назар не зайздросціў. Ён ніколі не хацеў жыць у Кіеве. Вялікія гарады раздражнялі яго мітуснёй і недахопам паветра з-за бясконцай і паўсюднай плыні людзей. Нават Парыж, у які Назар нярэдка наязджаў па справах бізнесу, нічым яго не зачапіў і, калі падумаць, амаль не адрозніваўся ад Запарожжа. Славутасці ж, выдатныя мясціны, гісторыя і мастацтва Назара мала цікавілі. Яго ўзбуджалі грошы, грошы ды яшчэ жонка. Згадка пра Аксану прымусіла Назара развітацца з аднакласнікамі, тым больш што ён абяцаў маці зазірнуць на аганёк да жончыных сваякоў. Калі б ведаў, што яго там чакала, лепш бы забыўся пра абяцанне. Аксана агаломшыла навіной, якая, магчыма, у іншых абставінах зрабіла б яго найшчаслівейшым чалавекам на зямлі. Цяжарнасць жонкі была несвоечасовай і непатрэбнай, лішнім гемароем на яго дупу, пагражала сапраўднай небяспекай, бо цяжарнасць маглі выкарыстаць у якасці шантажу дзеля вяртання пазыкі. Але грошай не было, і з’явіцца ніадкуль яны ніяк не маглі. Таму і радасці на твары мужа Аксана ніякай не пабачыла, хутчэй прыкрасць і расчараванне. Па праўдзе кажучы, ён спадзяваўся на сексуальны адпачынак. Добра, што хоць старыя ўсё вырашылі без маладых. Адным клопатам меней. Назар нават не здзівіўся, наадварот, уздыхнуў з палёгкай, што яго пакінулі з мінімальнай адказнасцю ў спакоі. 3 яго цэрберам-маці наўрад ці каму пашчасціць з шантажом. Але ён памыляўся. Назараў доўг вісеў не толькі над ім дамоклавым мячом, але і над тымі, каму
ён быў вінен. Французскі партнёр па бізнесе, які так удала выдаваў сябе за сябра, усяго толькі выконваў ролю, і ролю выканаў на выдатна. Яго гаспадары былі людзьмі іншага гатунку, для якіх кожны цэнт важыў з цэнтнер, і свае грошы яны вярталі ў любым выпадку. Зразумела, на крайнія меры яны не ішлі, бо няма чалавека — і няма праблемы, як і грошай, якія той чалавек вінен, таму знаходзілі альтэрнатыўныя захады і сродкі ціску на даўжніка. У іх паўсюль меліся адданыя справе спецыялісты, і тыя рэдка расчароўвалі гаспадароў, яны і вылічылі слабое месца ў Назаравай сям’і. Па вялікім рахунку, хто і як мусіў аддаваць грошы, іх не асабліва цікавіла, галоўнае, каб доўг быў пагашаны.
Аксану выкралі на пятым месяцы цяжарнасці, проста з-пад носа свякрові. Дзяўчына сядзела на Tapace і чытала кнігу, свякроў якраз ад’ехала па справах, Назар корпаўся ў двары з машынай. Выкрадальнікі ў белы дзень пад’ехалі на бусе пад выглядам інтэрнэт-правайдараў (вуліца ціхая, амаль заўжды бязлюдная), яны нават твараў не хавалі пад чорнымі маскамі, як у галівудскіх фільмах з падобнымі сюжэтамі. Ветліва запыталі ў Назара, назваўшы адрас, ці не памыліліся часам, хоць Назар запярэчыў, што з інтэрнэтам у хаце праблем няма. Яму зноў-такі ветліва ўсміхнуліся і бясшумна абясшкодзілі ды сунулі пад машыну. Аксану ўсыпілі хлараформам, падкраўшыся ззаду, знеслі ўніз, пагрузілі ў бус і з’ехалі. Аднак пакуль даехалі да месца прызначэння, дзяўчына ледзь не сцякла крывёю і не памерла. Хлара-
183
184
форм, хутчэй за ўсё, выклікаў алергічную рэакцыю ў арганізме Аксаны і згубна паўздзейнічаў на плод. Да таго часу будучая мама ўжо дакладна ведала, што ў жываце яе раслі і набіраліся моцы хлопчык і дзяўчынка, яна нават імёны ім прыдумвала, раілася з імі, якое каму больш даспадобы. Адказны за аперацыю па выкраданні Аксаны, які чакаў бус з ахвярай у прызначаным месцы, асабліва не засмуціўся станам дзяўчыны, адно сплюнуў ад прыкрасці і загадаў везці яе ў бліжэйшую бальніцу, што выканаўцы і паспяшаліся зрабіць, бо не на жарт спалохаліся. Зрэшты, труп нікому патрэбны не быў. Адказнасць за смерць Аксаны не ўваходзіла ў планы выкрадальнікаў, іншая справа, калі яна памрэ на руках у дактароў. Дзяўчыну выратаваць удалося, але дзяцей яна страціла і паўторная цяжарнасць выклікала ў медыкаў сумненні. Верагодна, гэта была першая і апошняя магчымасць Аксаны мець дзяцей. Яна скуголіла і скавытала ў палаце, як ваўчыца, пазбаўленая гвалтам ваўчанят. Мацярынскі інстынкт і псіхалагічнае ўзрушэнне разбуралі ў галаве межы свядомасці і надсвядомасці. Крывяны ціск заставаўся нязменна павышаным і пагражаў разліцца крывёю ды затапіць мозг, як гноем апендыкс, што разарваўся праз суткі пасля паступлення Аксаны ў бальніцу. Мама з татам дзяжурылі каля дачкі па чарзе. Свякроў дапамагала сувязямі і грашыма. Назара падпільнавалі на запраўцы тыя ж людзі, якія выкралі Аксану, гэтым разам на чале з адказным за аперацыю. Ім апынуўся Матарола: чалавек, які неўзабаве возьме сабе гэты пазыўны ў сувязі з ваенным
канфліктам на Данбасе. Ён не ўдзельнічаў у збіцці Назара, аднак з непрыхаванай цікавасцю назіраў за працэсам. Назар не паспеў адбіцца, яго адразу павалілі на зямлю і доўга таўклі нагамі, але білі ўмеючы, каб не пашкодзіць жыццёва важныя органы. Па загадзе Матаролы, калі той вырашыў, што з хлопца хопіць, біць прыпынілі. Матарола сеў на кукішкі побач з залітым крывёю тварам даўжніка. Назар аддыхваўся, грудзіна яго хадзіла ходырам. Ён сказаў, што яго, Матаролы, віны ў няшчасным выпадку з Аксанай няма. Калі б Назар слухаўся старэйшых і не лез у пазыкі, жонка б нарадзіла яму прыўкрасных дзетак. У тым, што з ёй здарылася, вінаваты толькі Назар, выключна Назар і болып ніхто. Аксана — выпадковая ахвяра, так бывае, усё не прадугледзіш, але Матароле не шкада яе, нягледзячы на той факт, што яна ні пры чым. Думаць трэба пра наступствы, калі пазычаеш у сур’ёзных людзей. Прасі ў маці, у цесця, які, хутчэй за ўсё, калі даведаецца праўду, уласнаручна цябе заб’е, аднак грошы, вінныя за табой, павінны вярнуцца да сваіх гаспадароў у найбліжэйшы час. У інакшым выпадку, сам разумееш...
Матарола забраў машыну Назара, запісаўшы яе ў рахунак доўгу, і выкрадальнікі з’ехалі. Назар папхнуўся да матчынага двара. Ён усё распавёў ёй. Плакаў і каяўся. Маці слухала споведзь сына досыць стрымана, але ўважліва. Яна нічога яму не сказала пасля. Моўчкі сышла ў кабінет і зачынілася ў ім. Ёй давялося прадаць па-хуткаму палову бізнесу і вельмі шмат страціць у грашах пры продажы, аднак яна зрабіла
185
186
гэта дзеля сына, які, хоць і не заслугоўваў дапамогі, але ўсё ж быў яе сынам. Гэтаксама моўчкі, як і слухала яго аповед, паклала перад ім грошы, усю патрэбную суму з працэнтамі. Ён падзякаваў, узяў пакунак з грашыма, выйшаў з дому і... знік амаль на паўгода. Доўт ён вярнуў, за што быў узнагароджаны аўдыенцыяй з гаспадарамі партнёра па бізнесе. Ва ўсякім разе так яму паведамілі. Імі аказаліся нашчадкі рускіх эмігрантаў першай хвалі, якія цесна супрацоўнічалі з рускай жа мафіяй, чый галоўны офіс знаходзіўся ў маскоўскім Крамлі. Назару прапанавалі працу, ад якой ён не мог адмовіцца. Зрэшты, адмовіцца ён не мог у любым выпадку, што б яму ні прапанавалі.
Ён ніколі і нікому не распавядаў, як прайшлі для яго тыя паўгода, чым ён займаўся і дзе жыў. Відавочна адно: перыяд адсутнасці Назара ў Станіслававе вельмі змяніў яго і знешне, і ўнутрана. Вочы яго быццам страцілі колер, зашклянелі да празрыстасці і не вылучалі анічога, акрамя застылага холаду. Валасы пасівелі і нагадвалі снег, таму ён коратка стрыгся і не глядзеўся ў люстэркі. Казаў, што люстэркі выпіваюць душу, як французы аперытыў за абедам. Аксана ў адсутнасць мужа ўзненавідзела яго і нярэдка жадала яму смерці, асабліва калі болі ў жываце здаваліся нясцерпнымі. Яна змірылася са стратай ненароджаных дзяцей, але боль застаўся, пасяліўся ўнутры яе новаўтварэннем, не злаякасным, аднак небяспечным, нягледзячы на тое, што дактары вырашылі не чапаць яго, прапісалі лекі і адправілі дадому. Яна вярнулася ў ква-
тэру на Петлюры, зносіны з бацькамі абмежавала неабавязковымі для сябе тэлефоннымі размовамі. Бацькі таксама знаходзіліся ў прастрацыі і не назалялі непатрэбнай прысутнасцю ў жыцці дачкі. Дзіўна, але злавалі яны на яе, а не на зяця, з-за якога Аксана страціла дзяцей. Спярша пакуль іх дачка знаходзілася ў бальніцы, яны былі побач з ёю, але потым аддаліліся. Свякроў прыходзіла да дзяўчыны штодзень, хоць тая і не выходзіла да яе, прыносіла ежу, адмыслова прыгатаваную, у каструльцы, пакідала на кухні і сыходзіла. Яна адчувала ўласную віну і адказнасць, а яшчэ невыносны адчай Аксаны і магчымыя яе думкі пра суіцыд. Паліцыя не знайшла «состава преступлення» ў тым, што адбылося з дзяўчынай, і закрыла справу, калі ўвогуле адкрывала. Да таго ж свякроў і не звярталася па дапамогу да праваахоўных органаў, разумела, што бессэнсоўна. Яе ўсцешвала, што каструлькі аказваліся парожнімі, калі чарговым разам прыходзіла да Аксаны, нават не сумнявалася, што дзяўчына з’ядала ўсё, а не выкідала. Аксана не магла ж цэлымі днямі валяцца ў ложку, пазіраць у столь і шкадаваць сябе. Хаця, канечне, шкадавала і плакала ад болю, бо боль перамагаў жаль і скручваў цела дзяўчыны ў такія фігуры, якім бы пазайздросціў і Пікаса. Боль, як выдатны скульптар, ператвараў цела Аксаны ў пластылін. Свякроў ведала пра страшныя болі Аксаны ад дактароў, ведала і пра найбольш дзейсныя лекі. Прыгатаваная ёю ежа, беспярэчна, таксама дапамагала дзяўчыне акрыяць. Памалу ежа пачала вы-