Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
Дзяўчына цяжка ўздыхнула і гэтаксама цяжка выдыхнула, асуджана патэпала да пад’езду. Ёй адчыніла мама. Аксана абняла яе і расплакалася. Усхваляваная станам дачкі, мама не ведала, як рэагаваць, але ўгаворвала супакоіцца і даверыцца ёй. Ад маміных слоў Аксанін плач ператварыўся ў істэрыку. Мама разгубілася і шкадавала ўжо, што апынулася дома, а не паехала з татам на аб’ект, як і планавала. Той вырашыў, што жонцы трэба застацца дома, бо
173
174
абяцалі марозны дзень, да таго ж яе прысутнасць на аб’екце была неабавязковай. Яна пакінула дачку адну ў гасцёўні, каб прынесці з кухні вады. Дзіўна, але Аксана супакоілася, як толькі мама сышла. Потым яна зрабіла некалькі глыткоў цёплай адфільтраванай вады з прынесенай мамай шклянкі і сказала, што ў яе будуць дзеці.
— У сэнсе — будуць дзеці? — не зразумела мама. — Калісьці будуць? Ты кансультавалася з доктарам?
— He, мама, не калісьці, — запярэчыла Аксана. — У маім жываце зараз ужо двое іх, разумееш?
— Ты цяжарная?! — не хавала прыемнага здзіўлення мама. Нарэшце яе дачка даказала гэтаму свету, што ніякая не хворая, як лічылі некаторыя толькі з-за таго, што пасля вяселля прайшло больш за два гады, а Аксана пустая.
— Менавіта! — I зноў вочы на мокрым месцы.
— Дык радавацца ж трэба! — усклікнула мама. — А ты плачаш, — нібы папракнула.
— Гэта слёзы шчасця, мама, хіба незаўважна, што я шчаслівая? — з’яхіднічала Аксана, але мама таго не заўважыла ці зрабіла выгляд, што не заўважыла.
— А ты не падманваеш мяне часам? — усё ж падазрона зірнула на дачку.
— He, мама, — уздыхнула Аксана, — на жаль, гэта праўда.
— Чаму — на жаль?
— Таму.
— Добра, ты зараз, відаць, не зусім адэкватная, — вырашыла мама не назаляць з роспытамі. — Табе
трэба адпачыць, супакоіцца і прымірыцца з сабой... А Назар ведае, ты яму сказала ўжо? — усё ж не стрымалася.
— He. Ты першая, — адказала Аксана, і маме адказ дачкі спадабаўся.
— Вось і добра, — задаволена вымавіла яна. — Далей я сама ўсё зраблю, а ты адпачывай.
Мама адвяла Аксану ў яе дзіцячы пакой. Тая паслухмяна лягла ў ложак і ўхуталася ў коўдру. Ёй сапраўды патрабаваўся адпачынак пасля перажытага стрэсу. Яна не шкадавала, што прыйшла да мамы і пераклала адказнасць за сваю цяжарнасць на яе плечы. Мама з задавальненнем прыняла і падтрымала дачку. Далей і сапраўды лепш дзейнічаць ёй.
Аксана паплакала, шкадуючы сябе, і неўзабаве заснула ў той самы час, калі мама яе распачала доўгачаканую дзейнасць. Спачатку яна патэлефанавала ў жаночую кансультацыю, каб упэўніцца ў праўдзівасці слоў дачкі. He тое што мама не давярала ёй, проста мусіла ведаць дакладна. Сэрца яе, здавалася, удвая прыспешыла рух кругазвароту крыві па венах, што пагражала павышэннем ціску, але хваляванне было прыемным, таму даволі хутка жанчына з ім паразумелася. Для надзейнасці яна крыху пасядзела ў фатэлі, аддыхалася пад чарговую серыю «Сватоў» і патэлефанавала свацці. Тая таксама навіну ўспрыняла блізка да сэрца, некалькі разоў перапытала, ці праўда, бо адразу не верылася. Мама запрасіла абодвух сватоў прыходзіць увечар у госці і пераканацца на свае вочы. Свацця абяцала, што не прапусціць Ta-
175
176
кую падзею, а затым пацікавілася, ці ведае яе сын аб будучым бацькоўстве. Мама шчыра адказала, што не ведае: Аксана, відаць, ператомленая насычанасцю дня і ўласнымі думкамі, заснула. Свацця параіла запрасіць і Назара, але абяцала заняцца сынам самастойна. Казаць яна яму нічога не будзе, толькі заінтрыгуе, няхай Аксана ўсё ж асабіста мужу перакажа, што той стане бацькам. Мама не запярэчыла, пасля чаго патурбавала тату і агаломшыла яго навіной. Той не стрымліваў пачуццяў і адрэагаваў узрушана. Нарэшце і ў яго з’явяцца ўнукі! Мама папрасіла яго не затрымлівацца, бо на вечар запрасіла сватоў. Тата паабяцаў, што і хвіліны лішняй свайго жыцця не пакіне працы, абы хутчэй апынуцца на свяце новага жыцця, і выбачыўся за таўталогію ды пафас. Аднак ён хацеў быць у тую хвіліну пафасным і важным, бо не было на свеце нічога, як ён лічыў, прыўкрасней за нараджэнне, а значыць, аднаўленне, амаладжэнне і працяг роду. Да таго ж карцела пахваліцца перад бізнеспартнёрамі, што і ў яго, як і ў іх, усё добра з унукамі. Назар жа, па шчырасці, зусім не прагнуў патрапіць цесцю на вочы, таму аднекваўся на кожны мацерын довад. Вось і сёння тая яму патэлефанавала і параіла завітаць увечар да жончыных бацькоў. Справа ў тым, што год таму ён пазычыў у цесця тры тысячы долараў на пашырэнне бізнесу і абяцаў вярнуць з працэнтамі. Аднак і бізнес не пашырыў, і грошы прафукаў, хоць намер меў сур’ёзны і не сумняваўся, што доўг аддасць разам з працэнтамі цягам трох месяцаў. Чорт яго ці хто нацкаваў тады зазірнуць у казіно
і прайграць не толькі пазьгчаныя грошы ў рулетку, але і неіснуючыя свае. Ён быў вінен не толькі цесцю, але і свайму французскаму пастаўшчыку, які і справакаваў паход у казіно, а затым неверагодных памераў пазыку. Здавалася, яму прыносіла не абы-якое задавальненне назіраць за азартам Назара, які быццам ап’янеў ад гульні, застаючыся цвярозым фізічна. Добра, што ўвесь бізнес Назар паспеў перапісаць на Аксану, нібы прадчуваў падставу. Ён увогуле нікога не хацеў бачыць, нават жонку, тым болып глядзець у вочы яе тату. He з-за сораму ці іншых нейкіх сентыментальных адчуванняў, не. Сямейныя пасядзелкі выбівалі яго з каляіны, стваралі ілюзію казкі, як у галівудскіх перадкалядных фільмах, а ілюзіі ён ненавідзеў больш за ўсё. Ілюзіямі жыла Аксана, фатаграфуючы іх і пазіцыянуючы як мастацтва, якое таксама з’яўлялася звычайнай ілюзіяй, уцёкамі ад праблем рэальнага жыцця. Зрэшты, калі маці так упарта настойвала на яго абавязковай прысутнасці, значыць, нешта там важнае здарылася. I калі без яго ніяк, а маці падкрэсліла, што без яго ніяк, то ён прыйдзе, але ненадоўта.
Тым вечарам Аксана пашкадавала ўсё ж, што прыйшла да мамы. Калі яна прачнулася, тая бегала па кватэры, бы маладая козачка, бадзёрая, рухавая, жыццярадасная. Столькі ў ёй было энергіі, што яна літаральна збівала з ног. На хаду мама паведаміла, што чакае гасцей, толькі самых блізкіх, вядома, што Аксана прынесла ў іх сям’ю свята, якое па традыцыі неабходна адзначыць, каб не сурочыць. Запыт-
177
178
ваць — навошта — не было неабходнасці. Усё і так відавочна. Але ці не дзеля мамінай дзейнасці, менавіта вось гэтай, з застоллем і гасцямі, Аксана самаўхілілася? Ці не дзеля гэтага і прыйшла да яе, а не пацягнулася ў сваю вялікую, але пустую і халодную кватэру?.. Быццам і зацяжарыла дзеля сям’і, быццам сапраўды хацела даказаць, што вартая іх увагі, што не ўсё з ёй так дрэнна?.. Няўжо і яна, нягледзячы ні на што, залежная ад ухвалы бацькоў і родных?.. Прыйшоў тата, пагладзіў яе па галаве, як у дзяцінстве, прыгарнуў да сябе. Аксанін твар ахутала цяплом яго мяккага пухнатага швэдара. Адразу захацелася зноў стаць маленькай дзяўчынкай, ускараскацца на татавы калені і ашчаперыць яго за шыю, дакладна ведаючы, што ён нікуды не падзенецца і будзе з ёю заўжды, як каменная сцяна ці вежа, надзейная і моцная, у якой так зацішна і спакойна. Тата казаў нейкія словы, напэўна, выказваў гонар і радасць за дачку, але яна не чула іх, прыціхлая, бы кацяня пад печкай. Потым у дзверы пазванілі. Іх адчыніла мама. Гэта прыйшлі сваты. Тата схамянуўся, ніякавата ўсміхнуўся, адляпіўся ад Аксаны, адгарадзіўся ад яе сцяной супярэчнасцяў і жыццёвых рэаліяў ды паспяшаўся да гасцей. Ён не ведаў, як паводзіць сябе з дарослай, тым больш цяжарнай дачкой, якую ўсё меней разумеў. Пасля вяселля, як ён лічыў, яе быццам падмянілі. Напэўна, у гэтым была і яго віна. Аксана расчаравалася шмат у чым. Адукацыя, атрыманая ёю, не прынесла тых дывідэндаў, на якія разлічвалі яны абодва. Аксана адасобілася, аддалілася, маг-
чыма, крыўдавала на тату за тое, што паслухалася яго, і шукала іншых шляхоў да ўласнай рэалізацыі. Аднак, па праўдзе кажучы, рэалізацыя жанчыны, па меркаванні таты, — гэта сям’я і дзеці, а не лунанне ў паднябессі на паветраных конях. На татаву думку, Назар — ідэальны для дачкі муж, чалавек, які ўмее зарабляць грошы, бо для мужчыны галоўнае быць фінансава незалежным, умець забяспечыць сябе і сваю сям’ю. Адзінага, чаго ім не хапала, дакладней, Аксане — дзяцей. Магчыма, з-за адсутнасці дзяцей яе пацягнула ў так званае мастацтва, няхай сабе і прыбытковае. Але...
Дзяўчына засталася адна ў паўцёмным пакоі. Яе не турбавалі. Свякруха, праўда, зазірнула ў дзверы, аднак мама адцягнула ўвагу той на больш цікавыя рэчы, прынамсі, так падалося Аксане. Яна раптам шалёна захацела дамоў, здзіўленая сваёй прысутнасцю ў бацькоўскай кватэры. Ды нясцерпнасць перамагла абыякавасць. Ці не ўсё адно, дзе ляжаць, захутвацца ў коўдру і пазіраць у столь, быццам у кнігу, але не бачыць ні літар, ні сэнсу. Бацькі Аксаны пачалі спрачацца з бацькамі Назара якраз на гэтую тэму. Яны катэгарычна адмаўлялі ёй у самастойнасці, ва ўсякім разе пакуль дзяўчына не народзіць, дый і пасля пад вялікім пытаннем, таму кагалам вырашылі, што адпускаць на Петлюры яе нельга, да таго ж і Назар часта ў раз’ездах, дый які з яго памочнік. Здавалася, зацікаўленыя бакі паразумеліся стоадсоткава, засталіся задаволеныя, што і адзначылі звонам бакалаў з шампанскім. Далей задача
179
180
ўскладнялася. Ніхто не жадаў саступаць адказнасці за дзевачку, якая мусіла знаходзіцца менавіта пад наглядам адных бацькоў, а не іншых. Свякроў не сумнявалася, што ў яе палацах Аксане будзе лепш за ўсё, але мама настойвала на родных сценах, у якіх дзяўчына вырасла, і на матчынай любові. Свякроў запярэчыла, што і яна маці таксама. Жанчыны ледзь не пабіліся. Іх мужы своечасова расцягнулі жонак па розных кутах, як баксёраў. Спрачаліся яны досыць доўга, каму весці рэй у шчаслівых клопатах за цяжарную, але ўсё ж да кансэнсусу дапялі, якім бы абсурдным ён ні падаўся. Рашэнне было канчатковым і скасаванню не падлягала, а менавіта абодва бакі сышліся на тым, што Аксана мусіла цягам кожнага тыдня мяняць месца пражывання (кватэру бацькоў на дом свякрові і наадварот), пакуль не народзіць. I быццам гара з плячэй звалілася ва ўсіх апанентаў. Яны зацвердзілі вырак чарговым тостам, асушылі шампанскае да дна і разняволена адкінуліся на спінкі фатэляў. Засталося зусім нічога: абвясціць аб прынятым на сямейнай радзе рашэнні Аксане і Назару, які ўвогуле не ведаў і нават не падазраваў ні пра раду, ні пра цяжарнасць жонкі. Аксана ж усё чула, бо і яе бацькі і бацькі Назара даволі гучна размаўлялі. Зрэшты, ёй было ўсё адно. Яна змірылася з доляй мамы, быццам знаходзілася ў вязніцы і яе пакаралі за нешта такім чынам. Hi пра што не думала, нічога не жадала, ні да чаго не імкнулася, адно ўяўляла сябе каровай, у якую, напэўна, ператворыцца ў бліжэйшым будучым.