Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
Ноч у вачах, у душы, у сэрцы... I боль, паўсюдны, акупаваў яе назаўжды. Цела Аксаны, думкі Аксаны сталі іх акупаванай тэрыторыяй без мараторыю на палёгку, а калі палёгка здаралася, то карцела, каб хутчэй вярталася цемра разам з болем. Менавіта
239
240
цемру і боль у падобныя моманты Аксана асацыявала з палёгкай. Яна залежала ад іх, нібы наркаманка са стажам, асабліва ад болю. Калі да цемры душа дзяўчыны пацягнулася адразу, растала ў ёй і дазволіла спавіць цела, то да болю прывыкала доўга, пакуль той не ператварыўся ў жаданы допінг, падобны на жарсныя абдымкі каханага, якога ў Аксаны не было. Ёй не пашанцавала з ім, не сустрэўся на яе жыццёвай дарозе той адзіны, пра якога марыла, усё нейкія хворыя на галаву і слабыя ў сваіх хваробах трапляліся, абвяргаючы няісную ісціну, што дзяўчына абірае самастойна сабе аб’ект кахання. А мо наадварот? Мо ісціна ўсё ж такі не хлусіла, і хворая на галаву яна, Аксана, а не тыя, каго абвінавачвала? Тады і пагатоў заслужыла цемру і боль. Цемра замяніла ёй святло, падманлівае, жорсткае і адначасова слабое, подлае і варожае, нягледзячы на тое, што быццам бы лічылася сябрам. Хутчэй сябрам у двукоссі. Інакш бы не прымушала так пакутаваць. Дзеля чаго толькі? Усё адно фінал адзіны на ўсіх. Цемра у адрозненне ад святла заўсёды аднаго колеру, просталінейная і непахісная, а боль — быццам асалода, асабліва ў пары з цемрай. Непасвячоным не зразумець. Боль замяніў сабою ўсіх каханкаў Аксаны. Акрамя Лесі. Леся — асобны від вар’яцтва. 3 ёю Аксана насамрэч звар’яцела, бо інтымныя стасункі паміж дзяўчатамі апрыёры нясуць катастрафічныя разбурэнні ў псіхіцы кожнай, бо стасункі паміж імі — бязмежны космас, у які выходзіш без скафандра. Аксана не шкадавала, што мела падобны досвед, які амаль забіў і знішчыў
яе, і сумавала па ім, сумавала па Лесі. Як тая, цікава, перажывала іх разрыў? Наўрад ці гэтаксама. Напэўна, даўно забыла ўжо пра Аксану ў абдымках новай ахвяры, гатуючы для яе чарговы апакаліпсіс душы. Рэдкая сцерва. I сука. Сука! Сука! Сука! Ненавіджу яе! Ненавіджу яе і люблю!
Боль уварваўся паратункам у цела і мозг дзяўчыны, у гэтым і заключалася яго задача: выцесніць, вытравіць з памяці Аксаны ўсе згадкі пра Лесю і напоўніць яе іншымі ўспамінамі, больш прыемнымі і больш правільнымі. Ды такіх памяць Аксаны не мела, а калі мела, то яны не валодалі той моцай, якая б зладзіла з прывідам Лесі. Боль першапачаткова быў асуджаны на правал галоўнай місіі. Зрэшты, Аксана сама не дазволіла яму прайграць, і ён учапіўся ў яе з раз’юшанасцю ворага, не ведаючы, што дзяўчына, наадварот, палічыла яго за свайго лепшага сябра і кожны яго напад успрымала як ласку, чакала яе і захаплялася ім. Калі боль зразумеў адносіны Аксаны да сябе — знайшоў выхад: Лесю ў памяці дзяўчыны можна знішчыць, то бок выпаліць, бы лазерам, адно дабрацца б да закуткоў, у якіх тая хавалася. Аднак існавала пагроза парушыць клеткі мозгу, неабходныя для ўзнаўлення здароўя цела.
Хто гэта сказаў? Чый гэта голас Аксана пачула праз невыносна-салодкія сутаргі болю?
— Пад маю адказнасць, — яшчэ адзін голас, такі знаёмы, але такі непрыемны.
— Наступствы могуць быць самымі несуцяшальнымі, — зноў першы голас, заклапочаны, стомлены, мяккі, як раздушаны абрыкос.
241
242
— Я ж вам сказала: за ўсё адказваю я! — настойлівы, рэзкі, уладны голас... свякрові.
За што гэта свякроў адказвае?
Аксана не бачыла, не магла бачыць нічога, ахопленая цемрай, быццам агнём, у якім палала матыльком. Як вымавіць хаця б слова, хаця б гук? Затым боль, здавалася, раструшчыў усе яе косткі разам узятыя і кожную паасобку адначасова. Цела яе стала суцэльным болем да такой ступені, што нават цемра ў вачах залілася чырванню. Боль быццам займеў голас, ён святкаваў перамогу гучнымі выгукамі, падобнымі на гул фашысцкіх бамбардыроўшчыкаў, ён і быў фашысцкім бамбардыроўшчыкам, скідаў бомбы проста ў Аксану, і яны выбухалі ў ёй, разрывалі ўсё ўнутры, перамешвалі мазгі з вантробамі... Пакуль не прыйшла ціша. Нячутнымі крокамі кошкі, што падкрадалася да ахвяры ў драпежным запале. Зазвінела ўвушшу вясёлкавымі званочкамі ў дзіўнай аблямоўцы. Рассекла напалам вочы, як вараныя яйкі. Гэта свякроў зняла з іх плотную павязку, вызваліла ад штучна створанай цемры. Яна ж і выцягнула з рота дзяўчыны мокрую, жаваную, скамечаную шаўковую хустку, страсянула яе, каб выпрастаць, і накрыла ёю твар Аксаны, бы абрусам заслала стол. Дзяўчына паспела заўважыць перад тым, як зноў пагрузіцца ў цемру, што сапраўды спавітая ў прасціну.
Свякроў ратавала нявестку, няхай і без дазволу той, без яе жадання. Аксана паводзіла сябе неадэкватна: то гадзінамі нерухома ляжала на канапе і пазірала ў столь, ледзь-ледзь міргала і дыхала, то
кідалася зверам на Назара, лупцавала яго, драпала твар, мацюкалася так, што яе ўменню пазайздросцілі б невылечныя вар’яты і закаранелыя зэкі. Назар цярпліва выносіў гнеў жонкі, ніводнага разу не ўдарыў яе, не папракнуў, не адбіваўся. Зрэшты, прыступы агрэсіі Аксаны адбываліся нядоўга. Яна хутка выдыхалася і зноў ператваралася ў зомбі. Аднак што рабілася ў яе галаве — заставалася загадкай. Дзяўчына магла нанесці шкоду як родным, так і сабе. Свякроў разумела гэта болей за ўсіх, бо кантактавала з сынам і штодня наведвала Аксану. Бацькі Аксаны, наадварот, быццам не заўважалі праблемы. Дачка жывая — і дзякуй богу. Усё ў яго боскіх руках. Такімі набожнымі сталі, што хоць да раны прыкладай, але і пальцам не паварушылі, каб дапамагчы дачцэ. Тым не менш лічылі, што іх малітвы ў храме больш дзейсныя за рэальны клопат свацці. Мама нічога не хацела чуць пра псіхічную нестабільнасць Аксаны, з якой нешта было неабходна вырашаць і чым хутчэй, тым лепш. Бог пра яе дачку паклапоціцца, адмахвалася яна, Бог жа не сляпы, бачыць, як Аксана пакутуе, калі пакутуе, а не прыдурваецца, каб яе пашкадавалі, як маленькую дзяўчынку. Толькі Бог і можа даць рады ў выпадку з Аксанай, бо яна вялікая грэшніца, як аказалася. I яна павінна маліцца не менш за сваіх бацькоў, каб Бог, у рэшце рэшт, звярнуў на яе ўвагу. Тата падтрымліваў маму ў кожным яе слове і рашэнні, датычных Аксаны. На іх спадзявацца не было чаго, і свякроў узяла ў свае рукі лячэнне дзяўчыны. Яна
243
244
звярнулася да кампетэнтных спецыялістаў, паказала ім нявестку, распавяла перадгісторыю, што прывяла да небяспечнага стану дзяўчыны. Тыя, як адзін, вырашылі, што Аксану неабходна шпіталізаваць, прычым неадкладна, і лячыць шокатэрапіяй. Іншага паратунку яны не бачылі. Свякроў зразумела іх, але адмовіла ў шпіталізацыі і папрасіла параіць альтэрнатыўны варыянт лячэння. Аднак альтэрнатыўнага варыянту не існавала, толькі шпіталізацыя і толькі шокавая тэрапія. Тым не менш на шпіталізацыю свякроў так і не пагадзілася. Яна вырашыла лячыць Аксану ў хатніх умовах, не шкадуючы ніякіх грошай, і нават наняла доктара, які б сачыў за тым, каб лячэнне праходзіла па ўсіх правілах. Свякроў быццам загладжвала віну перад дзяўчынай, што было недалёка ад ісціны. Яна шкадавала Аксану і шчыра хацела ёй дабра, да таго ж магла сабе дазволіць дапамогу. Разам з Назарам свякроў перавезла нявестку ў свой дом і пасяліла яе ў пакоі дачкі, якая на ўсходзе краіны шукала справядлівасці пад агнём і смерцю ды марна ў гэтую справядлівасць верыла. Жанчына не сумнявалася, што тайны справядлівасці аднойчы адкрыюцца Дашы, але будзе позна. Тым не менш не жадала ёй зла і марыла, каб тая вярнулася дамоў, хоць дакладна ведала, што яна не вернецца ніколі. Доктара часова пасяліла ў пакоі сына. Той вярнуўся ў кватэру, да таго ж меў справы па бізнесе, які ўзнавіў і падпісаў дамовы з іншымі пастаўшчыкамі, больш надзейнымі, бо іх яму знайшла маці.
Лячэнне Аксаны пачалося. Жорсткае, у некаторай ступені агіднае, бо кожная тэрапія заканчвалася непрыгляднымі выдзяленнямі, якія свякроў мужна і непахісна прыбірала, абмывала дзяўчыну і рыхтавала да наступнай «экзекуцыі», якія не дапамагалі досыць працяглы час. Доктар адчайваўся, ныў пра тое, што ў шпіталі пацыентка мела б больш шансаў на выздараўленне. Свякроў спрачалася з ім, пераконвала ў адваротным, напамінала пра грошы, якія плаціла яму. Гаварыла, што ў шпіталі дзяўчыну б даўно залячылі і ператварылі ў «овоіц», а ў яго, то бок у доктара, — навейшая апаратура і лекі, так што хай не ные, а займаецца справай і верне дзяўчынку да жыцця. Доктар мусіў падпарадкавацца, бо свякроў мела рацыю, да таго ж і яму, нягледзячы ні на што, карцела давесці справу да пераможнага канца ды вырваць хворую са сквапных лап немачы. I ў выпадку поспеху пацвердзіць сваё імя ў медычным свеце, неўзабаве абзавесціся багатай кліентурай.
I цемра патроху саступала. 3 баямі, агрызаючыся, бы зацкаваны воўк, пакідала пазіцыі адну за адной, вызваляла месца і аддавала яго святлу. Лячэнне б дапамагло Аксане хутчэй, калі б яна не супраціўлялася яму, не чаплялася, як тапелец за саломінку, за краёчкі цемры і не цягнула іх на сябе, нібы коўдру, каб схавацца пад ёй з галавою. I цемра, і боль асацыяваліся дзяўчынай з зонай камфорту, губляць якую яна не жадала. Як не жадала і вяртацца да святла. Менавіта святло здавалася ёй чорным. Тым не менш Аксана адужвала і, быццам русалка, што пазбавілася лускі
245
246
дзеля таго, каб назаўжды застацца чалавекам, стрэсла з сябе апошнія крошіі цемры, якія ўмомант злізала сонца, нібы гарэзлівае кацяня — пралітае на падлогу малако. Доктар, як і меркаваў, атрымаў прызнанне і павагу сярод калег ды прызначэнне галоўлекарам у прэстыжную клініку суадноснага накірунку ў гарах. Свякроў — удзячную дачку. Так, Аксана пацягнулася да яе, бы цяля да маткі, дый жанчына прыкіпела да нявесткі, як да роднай. У любым выпадку, хто ведае, што сталася б з дзяўчынай, на якую махнулі рукой нават бацькі, калі б не рашучасць свякроўкі. Аксана квітнела, напаўнялася прыгажосцю з кожным днём, быццам карціна геніяльнага мастака. Валасы яе адраслі, іх, параіўшыся з другой сваёй маці, пафарбавала ў бялявы колер, а да вуснаў, каб адцяняць і падкрэсліваць бездакорны колер скуры, падабрала ярка-чырвоную памаду. Мама парадавалася за дачку, ухваліла даўжыню і колер валасоў ды параіла падзякаваць Богу за дзівоснае ачуньванне, бо менавіта Бог вярнуў яе да жыцця матчынымі ды бацькавымі малітвамі. Аксана не пярэчыла. Пераконваць маму ў адваротным не мела сэнсу. Галоўнае, што жывая. Тата абдымаў яе, зазіраў у вочы, быццам прасіў прабачэння за нешта, але не разумеў — за што, бо і ён не сумняваўся ў боскай літасці. Свякроў жа не казала сватам нічога, не хвалілася сабой, ведала — не пачуюць яе, не той выпадак. Дзяўчынка ачуняла — і добра, а якім чынам — неістотна. Там, у свой час, залічыцца.