Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
ку. Ён быў бескампрамісным, таленавітым, амбіцыйным, але не снобам і не жлабом. Калі некаму абяцаў ролю, абавязкова даваў яе. Але вельмі пераборліва ставіўся да патэнцыйных актрыс. 3 першага позірку мог разгледзець, што ў кожнай з іх за душой, і ніколі не памыляўся. Мяняў дзяўчат, як паштовыя маркі, якія збіраў у дзяцінстве, без адчування віны і дыскамфорту. 3 Мар’янай у яго нічога не было. Яны проста разам вучыліся, перасякаліся на паточных лекцыях, не больш за тое. Неяк ён уратаваў яе ад хуліганаў, якім не падабалася мова, што выплывала з вуснаў дзяўчыны, нагадваючы пра нацыянальнае адраджэнне, і лунала паўзверх галоў «слуцкімі паясамі». Кожнае быдла, што ўпарта разрасталася ўшыркі і паглынала мястэчкі ды паселішчы, ператвораныя ў новыя раёны сталіцы, імкнулася пазбавіцца ад калгаснасці і вясковасці, а таму размаўляла выключна па-руску, і мова краіны, пачутая імі ў горадзе, раздражняла больш за ўсё і выклікала некантраляваныя прыступы нянавісці да яе носьбітаў, асабліва калі той носьбіт прыгожая дзяўчына інтэлігентнага выгляду і паходжання. Быдла лічыла Мінск сваім на сто адсоткаў і абыдлячвала яго з імпэтам вірусу, асабліва ў стане алкагольнага ўзбуджэння, калі берагі прыстойнасці і павагі да іншых гублялі свае абрысы ў туманным сутонні дэградацыі. Нацыянальная мова, ад якой быдла ўцякло ў сталіцу, на мінскіх вуліцах і ў дварах успрымалася яго прадстаўнікамі як асабістая абраза. Баялася быдла толькі сілу, нейкім чынам паўплываць на быдла словам не ўяўлялася магчымым. Мар’яне пашанца-
283
284
вала, што менавіта Чэпік ішоў тады тым завулкам, на якім сустрэлі яе аматары «русского мнра», а не які-небудзь іншы студэнт, бо іншы, хутчэй за ўсё, прайшоў бы міма з заклапочаным выглядам (мужчынскі кантынгент гуманітарыяў у асноўнай масе сваёй ніколі не вылучаўся адвагай і рашучымі дзеяннямі, хіба што на словах). Чэпік раскідаў злыдняў трыма дакладнымі ўдарамі ног, што прамільгнулі перад іх вачыма нажніцамі, і яны адразу збеглі куды падалей у павазе да сілы. Мар’яна падзякавала, пазнала Чэпіка, яны разгаварыліся, і Чэпік прасякся тым, што дзяўчына казала пра мову, гісторыю і нацсвядомасць, бо да гэтага нават не задумваўся пра нешта падобнае. Можна сказаць, дзякуючы Мар’яне Чэпік неўзабаве пачаў размаўляць выключна па-беларуску, хоць сама Мар’яна проста выкарыстоўвала мову, каб вылучыцца. Тым не менш валодала яна ёю на вышэйшым узроўні, гэтак жа як украінскай, рускай, англійскай і французскай. Чэпік захапіўся мовай толькі таму, магчыма, што яна патрабавала абароны, а яму неабходна было кагосьці ці штосьці абараняць, бо, нягледзячы ні на што, ён па-ранейшаму асацыяваў сябе з абаронцам слабых і справядлівасці.
Аксана слухала Чэпіка з адкрытым ротам. Яна надзвычай любіла гісторыю, і гісторыя сыпалася на яе дакладнымі датамі, як снег на плечы. Чэпік распавядаў такія цікавосткі пра розных беларускіх гістарычных асоб, якія, дарэчы, мелі дачыненне і да гісторыі Украіны, што адно паспявай запісвай. Потым дзяўчына пашкадуе, што не запаслася дыктафонам, бо ўсё, што
пачула ад Чэпіка ў той дзень ці вечар, забывала адразу. Аксана атрымлівала асалоду ад мовы, голаса Чэпіка, яго прысутнасці, сваёй прысутнасці побач з ім. Перад помнікам Якубу Коласу на аднайменнай плошчы яна заўважыла, што зашмат Леніных у Мінску. Чэпік адразу ж пасля яе слоў засмяяўся, ды так заразліва, што і яна міжволі засмяялася, не разумеючы, праўда, з чаго смяецца. Тады Чэпік запытаў:
— I дзе ж вы іх так шмат пабачылі?
— На плошчы Леніна адзін, — як на ўроку, старанна адказвала Аксана, — і вунь, перад намі, набліжаецца, як прывід камунізму, — кіўнула ў бок Якуба Коласа.
— Гэта не Ленін, — агаломшыў яе Чэпік.
— Як не Ленін? — здавалася, нават расчаравалася дзяўчына.
— Так, не Ленін, — сказаў Чэпік.
— А хто тады?
— Якуб Колас, — адказаў Чэпік, — класік беларускай літаратуры.
— Праўда? — не верыла Аксана. — А яны, часам, не браты? — усё ж не здавалася.
— He браты, — запэўніў Чэпік.
— А такое падабенства, нібы браты-блізнюкі, — падсумавала дзяўчына.
— Гэта прэтэнзіі да скульптара, — усміхнуўся Чэпік. — Мы на плошчы Якуба Коласа, таму і помнік яму тут, — палічыў патрэбным удакладніць.
— Няўжо? — паціснула плячыма Аксана. — Плошчы могуць называцца па-рознаму, а Ленін заўжды адзін і той самы, я падумала.
285
286
— Нічога... — Чэпік узяў дзяўчыну за руку і падвёў да помніка народнаму песняру. — Знаёмцеся, — мовіў.
— Як? — не зусім зразумела дзяўчына.
— Павітайцеся, — цалкам сур’ёзна выдаў Чэпік.
— 3 помнікам? — марудзіла Аксана і ўзіралася ў твар беларускага рэжысёра, на якім быццам застыла нерухомая засяроджанасць у прадчуванні ўрачыстага моманту.
— 3 помнікам, так, — працягваў нейкую сваю, аднаму яму вядомую гульню Чэпік. — Але помнік увасабляе некалі жывога чалавека. Уявіце і вы яго жывым. Яму будзе прыемна, не сумнявайцеся.
— Помніку? — ніяк не разумела Аксана, ці жартуе Чэпік, ці, наадварот, прапаноўвае ёй нешта незвычайнае, неардынарнае, але дзіўнае. Дый людзі ходзяць побач...
— He, чалавеку, — адказаў Чэпік. — У дадзеным выпадку Якубу Коласу, душа якога або частачка яго несмяротнай душы заўжды побач з гэтым каменем.
— Ды я ж нічога пра яго не ведаю, — вагалася Аксана, але адчувала, што перакананасць Чэпіка бярэ над ёй верх.
— Вось і прыўкрасна! — як бы ўсклікнуў Чэпік, аднак не сваім голасам. — Чым не нагода пазнаёміцца? — і вылупіўся пытальна.
— Ну, добра, — паціснула плячыма Аксана і ўсміхнулася. Падышла ўсутыч да помніка, задрала галаву. — Добры вечар, пан Якуб Колас! — павіталася.
— Добры вечар і вам, красуня! — нечакана пачула ў адказ. Нават уздрыгнула ад нечаканасці і адступіла
на колькі крокаў назад ды наступіла на нагу Чэпіка, які стаяў ззаду. Яна азірнулася, але твар мужчыны заставаўся ўсё такім жа нерухома-засяроджаным.
— Вы чулі? — звярнулася Аксана да Чэпіка.
— Што чуў? — Чэпік з нечаканай зацікаўленасцю паглядзеў на яе.
— Ён са мной павітаўся, — падзялілася дзяўчына. — Ці, — мільганула імгненная здагадка, — гэта ўсё вашы тэатральныя жартачкі?
— Якія жартачкі? Я вас не разумею, — быццам бы казаў праўду Чэпік. Хаця хто іх разбярэ, тых тэатралаў... — Калі вы пачулі голасЯкуба Коласа, — нахіліўся ён да дзяўчыны, — значыць, спадабаліся яму. Далёка не кожны чалавек мае шанец на размову з класікам, а ахвотнікаў хапае, якія прыходзяць сюды зноў і зноў, каб Якуб Колас звярнуў на іх увагу. Вы — шчасліўчык, Аксана!
I яму хацелася верыць, дужа хацелася верыць! Пераканаўчы, без эмоцый, голас Чэпіка пранікаў у душу дзяўчыны, у яе цела і пасяляўся ў ім змяёй, ператвараў у пакорлівую істоту. Аксана з радасцю б яму скарылася, нягледзячы на тое, што ведала Чэпіка ўсяго некалькі гадзін, калі не менш. Побач з ім яна адчувала сябе маленькай дзяўчынкай, мужчынская харызма зачароўвала да такой ступені, што карцела спыніць час, каб замерці навечна ў абдымках такога мудрага і надзейнага чалавека.
Аксана рашуча зноў падышла да помніка і запытала:
— Вы ж не смеяцеся з мяне?
— Hi ў якім разе, — пачула ў адказ.
287
288
— А будучае можаце прадказаць? — панесла раптам некуды Аксану, куды яна і сама не ведала, але стрымаць сябе не магла.
— Я не прадказальнік, — шчыра прызнаўся голас з ніадкуль. — Пісьменнік усяго толькі, — працягваў пасля невялічкай паўзы. — Але і пісьменнікі часам могуць сваімі творамі ўздейнічаць на будучыню.
— Паўздзейнічайце, калі ласка, — ледзь чутна папрасіла яна.
— Я пастараюся, — пачуў яе той, да каго звярталася. А да каго?..
— Хадземце, — узяла Чэпіка за руку і пацягнула за сабой. Зусім няважна, хто прамаўляў тыя словы ў размове, падобнай на эпізод з сюрэалістычнага рамана ці фільма. Мо прывід Якуба Коласа? Альбо непасрэдна сам Чэпік у віртуознай манеры чэрававяшчальніка? Але з якім зместам, з якой глыбінёй! I глыбіню тую Аксана адчула, гатовая ў любую хвіліну даверыцца ёй цалкам.
Ён праводзіў яе дамоў пасля вандроўкі на Востраў слёз, у Траецкае прадмесце, шпацыру ўздоўж Свіслачы і яшчэ некалькіх размоў з помнікамі Максіму Багдановічу і Янку Купалу. Купала таксама быў Янкам, як і Чэпік, адзначыла Аксана. У дадатак яна пачула і пра Янку Лайкова, Янку Лучыну, Янку Сіпакова... А гэта значыла, што імя Чэпік насіў знакавае, пачэснае і надзвычай прыгожае. Дзяўчына з прыемнасцю вымаўляла яго імя, якое ўсё больш здавалася ёй казачным, а Чэпік — героем чароўных казак. Час не стаяў на месцы, а быццам уцякаў, рыхтык пясок праз
пальцы, у бяссэнсавае нікуды. Мацнеў мароз, і балелі ногі, стомленыя доўгім хаджэннем. Аднак Аксана мужна трывала тое, баючыся расставання з Чэпікам, як пазбаўлення волі. Ён таксама не паказваў сваёй стомленасці, з якой ужо прыйшоў на яе выставу. Усё часцей Аксана прыкрывала далоняй роцік ці незнарок адварочвалася, каб Чэпік не бачыў, як яна пазяхае, і не пакрыўдзіўся. Ад холаду яе перасмыквала і нават крыху патрэсвала. Чэпік заўважыў стан дзяўчыны і скіраваў іх маршрут у бок метро (Аксана загадзя назвала яму адрас, па якім жыла, добра, што недалёка ад метро). Яны селі поплеч. Дзяўчына прасунула абедзве рукі пад руку Чэпіка, галаву схіліла на яго плячо. Цяпло паступова распусціла холад у грудзях, нібы сметанковае масла. Няўжо яна мусіла застацца адна ўжо праз некалькі хвілін? Як адпусціць Чэпіка ад сябе? Куды? Ён толькі яе і больш нічый! Аксана адчувала з ім такую сувязь, быццам ведала вечнасць, быццам душы іх былі роднаснымі. Ці адчуваў ён тое самае? Напэўна. А калі не — абавязкова адчуе. He цяпер, дык заўтра, адно каб застаўся з ёю, не пакідаў ні на імгненне...
У пад’ездзе, перад дзвярыма кватэры, Аксана запрасіла Чэпіка зайсці на кубак кавы ці гарбаты, каб сагрэцца. У позірку яе было столькі закліку, столькі спадзеву на яго згоду, што Чэпік ледзь не здаўся, ды вымушаны быў развітацца.
— Я вельмі ўдзячны вам, Аксана, за запрашэнне, — сказаў ён, — але... ведаю, чым яно скончыцца ўжо зараз.
289
290
«Ды што ты можаш ведаць?! — хацелася крыкнуць яму ў твар, а змяю яго манатоннага голасу выхапіць з горла. — Як ты ўвогуле смееш адмаўляць дзяўчыне, якая мае ў табе патрэбу, быццам у паветры?!»
— Я ведаю сябе, — бязлітасна працягваў Чэпік. — Пасля кавы ці гарбаты мяне пацягне да больш смачных прысмакаў, не ведаю, як вас. Але я настолькі стомлены, што расчарую не толькі сябе і вас, з мяне пасмяюцца зоры.