След, вечна жывы
Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні
Сяргей Палуян
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 336с.
Мінск 2018
Маючы арганізатарскія здольнасці, свядомая частка настаўніцтва хутка распаўсюджвала свае думкі ў настаўніцкіх сферах, залучаючы да сябе ўсё новых і новых прыхільнікаў. Сабраўся немалы гурт настаўнікаў з шырокім нацыянальным светапоглядам; прафесійныя інтарэсы гуртка павінны былі часта абмяркоўвацца і з усіх бакоў асвятляцца. З’явілася патрэба ў выданні ўласнага настаўніцкага органа, для задавальнення якой рабілася некалькі спроб, але ніводная з іх не дала жаданых вынікаў, хоць адно выдавецтва абяцала час ад часу выпускаць зборнікі.
Пакуль што выйшаў адзін. Можа, таму, што ён першы, то выглядае, так нам здаецца, з усіх бакоў няспелым, неадпаведным сваёй мэце. Спынімся дакладней на ім.
Зборнік выйшаў пад назваю «Белорусскнй учнтель», але беларускага ў ім не шмат. Змяніўшы загаловак, ён можа абслугоўваць і ўкраінцаў, і літоўцаў, і палякаў, і наогул рускага настаўніка, і нікога ён не зможа задаволіць, як не задавальняе ён нас. Несумненна. Бо першая вымога, якую мы ставім абласному органу, гэта — каб ён быў выразнікам сапраўдных духоўных патрэб, на глебе асаблівасцей дадзенай вобласці. У «Белорусском учнтеле» мы не бачым той вядучай ідэі, ідэі беларускага адраджэння, што рабіла б з усіх частак зборніка адно цэлае, нешта агульнае. Толькі з няўдала складзенага раздзела «В белорусскнх органнзацнях» ды з прадмовы і відаць, што выданне гэта прызначаецца для беларускага настаўніка.
У прадмове рэдакцыя высвятляе, што беларускім настаўнікам трэба мець свой орган, што ўжо былі спробы задаволіць гэту пякучую патрэбу, але спробы так і засталіся спробамі, што рэдакцыя, выпускаючы час ад часу свае зборнікі, мае на мэце хоць трохі зменшыць шкоду ад гэтага недахопу. На чарзе багата сур’ёзных і неадкладных спраў, якія доўгі час чакаюць абмеркавання і асвятлення з боку настаўнікаў. Узнімаецца пытанне пра агульную асвету, пра рэформу школы. Рэдакцыя будзе па магчымасці асвятляць гэтыя пытанні і разам з тым змяшчаць артыкулы, прысвечаныя культурна-асветным задачам настаўніка і яго эканамічнаму становішчу. Апрача таго. у апошнія гады пашырыўся беларускі нацыянальны рух, распачалася барацьба за нацыяналізацыю школы. I ў гэтым пытанні беларускія настаўнікі, якія бліжэй за іншых стаяць да народнай школы, павінны сказаць сваё аўтарытэтнае слова.
У самой пабудове прадмовы ўжо заўважаецца карэннае неразуменне рэдакцыяй зборніка асобных пытанняў. Яна не бачыць ва ўсіх сваіх задачах аднаго яднальнага пачатку. Для яе школьная рэформа і агульная асвета стаяць зусім у іншай плоскасці, чым нацыяналізацыя школы. Гэта рэчы, што не маюць паміж сабою нічога агульнага. Упаўшы ў такое прынцыповае неразуменне, рэдакцыя ўжо не можа асвятляць як след патрэбы сучаснага настаўніцкага жыцця, бо яна не хоча зразумець, што без нацыяналізацыі школы на Беларусі немажліва рэфармаваць гэту школу; тут ужо не дапаможа ніякае пашырэнне школьных праграм.
Тая ж раскіданасць і бессістэмнасць, што пануе ў прадмове, чырвонаю ніткаю праходзіць праз увесь зборнік, праз усе яго артыкулы. 3 гэтага невядома нашто сабранага разам матэрыялу хораша і дужа прыемна выдзяляецца артыкул п. У-сава1 «Аб пакараннях і ўзнагародах у сувязі з дысцыплінай у сучаснай народнай школе», у якім (артыкуле) аўтар разглядае гэта пытанне, зыходзячы са спецыфічных асаблівасцей беларускага жыцця. Пан У-саў хораша апрацаваў сваю тэму (хацелася б і далей сустракаць яго артыкулы на гэтыя тэмы, але ўжо ў сапраўды беларускім органе і напісаныя на беларускай мове).
Больш няма нічога цікавага. Нейкія «Запіскі настаўніка» і «Дзённік курсіста», невядома пра што і навошта напісаныя, не змогуць дапамагчы настаўніку разабрацца ў пастаўленых перад ім рэдакцыяй задачах. Потым, замест таго каб у раздзеле «У настаўніцкіх таварыствах Беларусі» пазнаёміць чытачоў з нацыянальнымі арганізацыямі беларускага настаўніцтва, што маюць вялікую будучыню, ідзецца толькі пра таварыства ўзаемнай дапамогі, і больш нічога. Тое ж і ў раздзеле «У беларускіх арганізацыях». Пералічаны выдадзеныя суполкаю «Загляне сонца і ў наша ваконца»2 кніжкі, ды і то не ўсе (не сказана, напрыклад, нічога пра выдадзеныя творы Марцінкевіча і Багушэвіча, гэта значыць, пра палову выдавецкай работы суполкі), змешчана платформа «Белорусского обіцества»3 і артыкул п. Русавай4 пра гэту платформу. Хоць пані Русава і дужа кампетэнтная асоба ў нацыянальна-школьным пытанні, але і яна не можа пісаць пра тое, чаго добра не ведае. Зусім слушна адзначыўшы няправільнасць пазіцыі, занятай «Белорусскнм обвцеством», яна памылкова ўяўляе сабе фізіяномію гэтага таварыства. У таварыстве не лепшыя нашы людзі, як ёй здаецца, а даўно ўжо ўсім вядомыя абрусіцелі, што былі супрацоўнікамі п. Кавалюка, гэта — былыя члены таварыства «Крестьяннн»5. Яны ж пайшлі на кампраміс, толькі пераапрануліся і, убачыўшы, што адною лаянкаю нічога не зробіш, падыходзяць да беларуса з ласкавым словам. Але за новаю формаю хаваецца старая істота — рэнегацтва і абрусіцельная палітыка. Таму нельга казаць, як п. Русава, што «Белорусское обшество» памыляецца. He! Яно свядома «памыляецца». Яно правакуе наш рух.
Калі нас не задавальняе артыкул п. Русавай, то пра астатнія няма чаго ўспамінаць. Палову зместу зборніка мог бы змясціць любы рускі настаўніцкі орган, ён не датычыцца Беларусі. А другая палова — гэта нешта або слабое, або фактычная памылка, або недагаворанасць. Адразу робіцца відавочным, што рэдакцыя зборніка не заручылася супрацоўніцтвам у шырокіх масах свядомага настаўніцтва і зрабіла выданне органам гуртка настаўнікаў і настаўніц Віцебскай губ., якія аказалі выданню матэрыяльную дапамогу і якія толькі самі супрацоўнічаюць.
Яшчэ адзін штрых: зборнік выдадзены на рускай мове.
Наша свядомае настаўніцтва мала будзе карыстацца «Белорусскнм учнтелем», але яно ўжо так вырасла, што не зможа абысціся без свайго органа. Рана ці позна яно здабудзе гэты орган, і было б лепш, каб яго выдаваў не маленькі гурток нікому не вядомых людзей, а нейкая нацыянальная арганізацыя. Толькі тады орган будзе адпавядаць усім жаданням і вымогам народнай асветы на Беларусі.
3 НАШАГА ЖЫЦЦЯ
I
Цяпер ужо можна гаварыць і пра нашае жыццё. Доўга мы спалі, доўга ціхімі крокамі набліжаліся да ідэі нацыянальнага вызвалення і... набраліся-такі сіл для вытварэння ўласнага нацыянальнага жыцця. Але гэтае беднае жыццё ўжо з першых часоў пачынае адхіляццаад пуціны нармальнага развіцця нашае нацыі.
На першы план вылязае вечна старое і вечна новае пытанне пра мову нашу беларускую. He цяпер толькі пачалі гаварыць аб ёй. Яшчэ ў 1891 годзе наш пясняр Багушэвіч падняў свой голас наяе абарону і першы голасна загаварыў «аб нашай бацькоўскай спрадвечнай мове». Даў перасцярогу народу: «Не цурайцесь жа мовы вашай беларускай, і каб не ўмерлі»'.
Шмат часу прайшло ад таго. Шмат чаго перажылі мы за той час. Назбіралі шмат сіл, залажылі газету. Да нашых слоў ужо прыслухваецца грамада чытацеляў. Назбіралася нямала і
супрацоўнікаў у газеце. Увесь гэты народ ужо мог бы пачаць барацьбу за ўжыванне нашае мовы не толькі на паперы, а і ў грамадскім жыцці.
Але, паклаўшы руку на сэрцы, ці ўсякі з нас можа сказаць, што ён шануе яе? He! Яшчэ не згладзіўся векавечны праклён над ёю. Яшчэ многія думаюць, што ў ёй калі і можна пісаць, то хіба толькі якіясь смешныя рэчы, на ўцеху людзям. He могуць яны падняцца да таго, каб і сваю мову людской лічыць, не хавацца з ёю па хатніх кутках, а ў свет шырокі выносіць.
I калі мы паставілі сабе мэту — адрадзіць наш народ на нацыянальнай глебе, то нам у першую чараду трэба адрадзіць сваю мову. Толькі тады ў нас будзе якоесь асобнае нацыянальнае жыццё, бо асобная мова — гэта і ёсць форма нацыянальнай асобнасці. Толькі адрадзіўшы мову мы зможам паставіць на цвёрды грунт наш рух. Бо нацыянальны рух, як вялікая жыццёвая гістарычная сіла, можа жыць толькі тады, калі пад яго будзе падведзен такі фундамент, як гібка абробленая мова дый літаратура і навука ў гэтай мове. Тады мы ўжо зможам будаваць на гэтым моцным фундаменце будынак уласнай нацыянальнай ідэалогіі. А кожны зразумее, што пры цяперашніх варунках не можа развівацца наша мова, калі ёй няма месца ў жыцці. Заваяваць ёй месца ў грамадзянстве — вось наша першая неадкладная задача.
II
Той раз я пісаў аб цяжкім палажэнні нашай мовы беларускай, занядбанай нашым жа грамадзянствам, казаў, што як найбарзджэй трэба заваяваць ёй месца ў шырокім жыцці. I вось наверх вылазіць пытанне аб крыніцах нашае мовы, аб тых кузнях, у каторых можна было б з мовы вясковага ўжытку, з мовы цёмных сялян выкаваць мову кулыпурнай нацыі: без такой культурнай мовы нельга шырыць і самае культуры. Гэта даводзіць уся наша гісторыя.
Сотні гадоў узгадоўваецца народ наш на чужым грунце, чэрпае ўсё веданне з чужых культур. Валадары народа сотні гадоў навязывалі яму чужыншчыну, хацелі перарабіць яго на свой капыл. Дабіваліся гэтага шырэннем асветы ці ў польскай,
ці ў расейскай мове — чужой для народа. Жадалі, каб ён з матчыным малаком выссаў сведамасць належнасці сваей да чужой нацыі. Ды ўсё без карысці. Народ ня толькі не апалячыўся або не абрусеў, — ён нават ані крыху не пасвятлеў, не прыдбаў больш навукі для сябе, бо навуку гэтую падносілі яму ў чужой, мала зразумелай для яго мове. А не разумеючы гэтай чужой мовы, забіты беднасцю і непамернай працай, ён усё жтакі глыбока захаваў у сваіх брудных вёсках бацькоўскую мову, карыстаючыся ёю для свайго хатняга ўжытку.
Як навука ў чужой мове да беларуса дрэнна прыстае, то і не можа ён быць асвечаным, бо другой, роднай навукі ў вочы не бачыць. Навучыцца, напрыклад, хлопец чытаць у школе (пэўне, што не па-своему), прачытае колькі кніжак пасля сканчэння навукі, а там, глядзі, ужо і чытаць кінуў. Праз колькі гадоў нават і саўсім граматы забывае або памятае з яе толькі адно — нейкімі дзіўнымі літарамі за паўгадзіны часу напісаць сваё прозвішча. А чаму гэтатак бывае? Можа. мы, беларусы, не здатны ні да якой навукі? Ды не ж! Вялікая навука, і нават у нашай роднай мове, панавала калісь на беларускай зямлі, а цяперашняя неахвота да кніжкі ідзе ў нас дзеля таго, што кніжка чужая. He разумеюць яе збольшкі, а калі хто і разумее, то не гаворыць яна да яго сэрца. Трэба, каб яна была напісана ў той мове, да каторай прывык чалавек, каторая яму жывой здаецца, а не мёртвай, як чужая.