• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    Зразумела, што гэтая манішка патрабавала найбольшай долі ўвагі да сябе; са свайго боку, галава, якая была абсалютна круглаю і па цемі якой пралягала покрыва коратка пастрыжаных ярка-белых валасоў, была ўпрыгожана на носе пенснэ, без шнурка і аправы, не вельмі вялікімі, светлымі і лёгка пакручастымі вусамі і на адной шчацэ процьмай маленькіх шрамаў ад дуэлей, якая цягнулася да скроні. Між іншым, гэты пан быў скроены бездакорна і рухаўся з упэўненасцю.
    Я за ўвесь вечар (пан заставаўся ў ложы) заўважыў у ім дзве позы, якія, здавалася, былі яму асабліва ўласцівымі. Калі, напрыклад, размова з панствам у ложы перапынялася, то ён сядзеў, закінуўшы нагу за нагу і паклаўшы бінокль на калені, утульна адкінуўшыся, апускаў галаву ды выстаўляў губу далёка наперад, каб заглыбіцца ў разгляданне абодвух кончыкаў вусаў, і, як здавалася, цалкам загіпнатызаваны гэтым, паволі і спакойна круціў галавою з аднаго бокуўдругі. Калі ж пачыналася размова з паненкаю, ён з пачцівасці мяняў пазіцыю сваіх ног, аднак адкідваўся яшчэ глыбей назад, прычым трымаўся за крэсла абедзвюма рукамі, уздымаў галаву, наколькі гэта магчыма, і ўсміхаўся з даволі шырока разяўленым ротам, пазіраючы на маладую суседку зверху ўніз зычліва і ў пэўнай ступені з па-
    чуццём перавагі. Гэтага пана, мусіць, напаўняла неверагодна шчаслівая самаўпэўненасць...
    Калі казаць сур’ёзна, то я такіх асоб паважаю. Hi за адным з яго рухаў—і няхай для іх нядбайнасці патрабавалася адвага — не надыходзіла пакутная засаромленасць; яго натхняла пачуццё ўласнай годнасці. А чаму павінна было адбывацца іначай? Было зразумела: ён, асабліва сябе не вылучаючы, пайшоў па сваім канкрэтным шляху, ён пройдзе яго аж да пэўных і карысных мэт, ён жыў у цені ўзаемаразумення са ўсім светам і пад сонцам агульнай павагі. Час ад часу ён, седзячы там у ложы, нязмушана размаўляў з дзяўчынаю, чыя чыстая і вытанчаная прыцягальнасць для яго, магчыма, не была недаступнаю і чыёй рукі ў гэтым выпадку ён мог спакойна прасіць. Сапраўды, у мяне не было жадання гаварыць паблажлівыя словы пра гэтага пана.
    А як жа я, сам я? Я сядзеў тут унізе і на адлегласці, са змроку спахмурнела назіраў, як тая неацэнная і недасягальная істота нязмушана размаўляла і смяялася з гэтым нікчэмным тыпусам! Ізаляваны, незаўважны, бяспраўны, чужы, лішні, дэкласаваны, парыя, варты жалю перад самім сабою.
    Я застаўся да канца і зноў сустрэў панства ў гардэробе, дзе, пакуль дамы апраналі футры, крыху затрымаўся і з сім-тым перакінуўся некалькімі словамі, ці то з паненкай, ці то з афіцэрам... Малады пан праводзіў бацьку з дачкою, калі яны выходзілі з тэатра, і я на невялікай адлегласці выйшаў услед за імі з вестыбюля.
    Дажджу не было, на небе сям-там свяцілі зоркі, і яны не скарысталіся экіпажам. Няспешна, нязмушана размаўляючы, яны ўтраіх крочылі перада мною, а я ішоў за імі на асцярожнай адлегласці, прыгнечаны, церпячы пакуты ад востра балючага, здзеклівага, тужлівага пачуцця... Ісці трэба было недалёка; як толькі яны прайшлі вуліцу да канца ды спыніліся перад салідным домам з простым фасадам, адразу ж бацька з дачкою пасля кароткага развітання са сваім спадарожнікам зніклі ў доме, а ён таксама паспяшаўся адтуль.
    На цяжкіх разных дзвярах дома можна было прачытаць імя: «Радца юстыцыі Райнэр».
    XIII
    Я цвёрда вырашыў давесці гэтыя нататкі да канца, хоць, адчуваючы ўнутранае супраціўленне, мне хацелася б у любы момант падскочыць і ўцячы прэч. У гэтай справе я выпетраны і вычарпаны да знямогі! Мне ўсё гэта абрыдла да агіднасці!..
    He прайшлі і тры месяцы, як газеты праінфармавалі мяне пра «кірмаш», які ў дабрачынных мэтах ладзіўся ў ратушы горада, і менавіта з удзелам шляхетнага свету. Я ўважліва прачытаў гэтую аб’яву і адразу ж вырашыў наведаць той «кірмаш». Яна, напэўна, будзе там, падумаў я, магчыма як прадавачка, і ў такім выпадку нічога не перашкодзіць мне наблізіцца да яе. Спакойна разважыўшы, што я ўсё-такі чалавек адукаваны і з добрай сям’і і што, калі мне спадабаецца гэтая фройляйн Райнэр, то мне ў такім выпадку будзе не ў меншай меры, чым таму пану з дзіўнаю манішкай, дазволена загаварыць з ёй, перакінуцца параю жартаўлівых слоў...
    Быў ветраны і дажджлівы надвячорак, калі я накіраваўся да ратушы, перад брамай якой віраваў натоўп людзей і экіпажаў. Я прабіўся ў будынак, заплаціў уваходныя грошы, здаў плашч і капялюш у гардэроб і з пэўным намаганнем трапіў шырокімі, запоўненымі людзьмі сходамі на другі паверх і ў святочную залу, якая сустрэла мяне ўстойлівымі пахамі віна, страў, парфумы і яловых галінак, бязладным шумам рогату, размоў, музыкі, выкрыкаў і ўдараў гонга.
    Надзвычай прасторнае шырокае памяшканне было страката ўпрыгожана сцяжкамі і гірляндамі, а каля сцен, як і пасярэдзіне, цягнуліся павільёны, адкрытыя лаўкі і закрытыя кіёскі, наведаць якія на поўныя грудзі запрашалі паны ў фантастычных масках. Жанчыны, якія навокал прадавалі кветкі, самаробныя рэчы, тытунь і ўсялякія напоі, таксама былі касцюміраваныя самым розным чынам. У верхнім канцы залы на эстрадзе, абсаджанай раслінамі, граў аркестрык, у той час як у шырокім праходзе, які гандляры пакінулі вольным, паволі рухалася кампактнае шэсце людзей.
    Крыху агаломшаны гукамі музыкі, выклікамі шчаслівых нумароў латарэі, вясёлай рэкламы, я ўключыўся ў людскую плынь, і не прайшла хвіліна, як на адлегласці чатырох крокаў ад увахода я ўбачыў тую паненку, якую шукаў. Яна гандлявала віном і ліманадам у маленькім кіёску, упрыгожаным вянком з яловых галінак, і была апранутая пад італьянку: у стракатай спадніцы, белым чатырохкантовым галаўным уборы і ў кароткай камізэльцы албанак, малыя рукавы якой агалялі яе прывабныя рукі да локцяў. Крыху разгарачаная, яна прыхілілася да прылаўка, гуляючы са сваім стракатым веерам, і вяла нязмушаныя размовы з групай мужчын, якія, палячы, абступілі яе кіёск і сярод якіх я адразу ж заўважыў добра знаёмага; ён стаяў каля прылаўка найбліжэй да яе, схаваўшы па чатыры пальцы кожнай рукі ў бакавыя кішэні свайго пінжака.
    Я паволі праціскаўся наперад, поўны рашучасці падысці да яе, як толькі надарыцца такая мажлівасць, калі яна не будзе такая занятая... Ах! Цяпер жа павінна было выявіцца, ці валодаю я яшчэ рэшткамі вясёлай упэўненасці і саманадзейнага спрыту, або змрочнасць і паўадчай маіх апошніх тыдняў былі апраўданымі? Што мяне так заводзіла? Адкуль бярэцца, калі я бачу гэтую дзяўчыну, гэтае пакутнае і мярзотнае змешанае пачуццё зайздрасці, кахання, сораму і раздражнёнай горычы, якое зноў, прызнаюся, распаліла мой твар? Шчырасць! Прыязнасць! Вясёлая і прывабная самазадаволенасць, да д’ябла, ці да твару яны таленавітаму і шчасліваму чалавеку! I я, нервова ўзбуджаны, прыгадаў жартаўлівы зварот, добрае слова, італьянскае вітанне, з якім я меў намер наблізіцца да яе...
    Прайшло не так шмат часу, пакуль я, павольна рухаючыся ў натоўпе, пераадолеў шлях вакол залы; і сапраўды: калі я зноў падышоў да віннага кіёска, паўкола мужчын знікла, і толькі добра знаёмы стаяў, абапёршыся на стойку, і самым ажыўленым чынам размаўляў з маладой прадавачкай. Нічога не зробіш, я мусіў сабе дазволіць перарваць гэтую размову... I рэзкім паваротам я пакінуў тую плынь ды трапіў да прылаўка.
    Што здарылася? Ах, нічога! Амаль нічога! Размова перапынілася, знаёмы пан адступіў на крок убок, прычым ён усімі
    пяццю пальцамі згроб сваё незвычайнае пенснэ і пачаў разглядваць мяне праз гэтыя пяць пальцаў, а паненка мімаходзь зірнула на мяне запытальным позіркам — зверху ад касцюма ўніз да ботаў. Гэты касцюм быў зусім не новы, і гэтыя боты былі запэцканыя дарожным брудам, я гэта ведаў. Акрамя таго, я быў распалены, і мая прычоска, зусім магчыма, была не ў парадку. Я быў нястрыманы, несвабодны, не на вышыні сітуацыі. Адчуванне, што я, чужы, непаўнапраўны, старонні, перашкаджаў тут і выстаўляў сябе ў смешным выглядзе, апанавала мяне. Няўпэўненасць, бездапаможнасць, нянавісць і адчуванне сваёй нікчэмнасці азмрочылі мой позірк; адным словам, я выканаў свае адважныя намеры, з пагрозліва зведзенымі бровамі прамовіўшы хрыпатым голасам і коратка, амаль груба:
    «Прашу келіх віна».
    Цяпер абсалютна ўсё роўна, ці памыліўся я, калі мне здалося, што я заўважыў, як дзяўчына кінула хуткі, насмешлівы, быццам гуллівы, позірк у бок свайго сябра. Hi слова не кажучы, як і мы абодва, яна падала мне віно, і, не падымаючы вачэй, пачырванелы і збянтэжаны ад злосці і болю, я, няшчасная і смешная постаць, стаяў паміж гэтымі дваімі, зрабіў пару глыткоў, паклаў грошы на прылавак, разгублена пакланіўся, пакінуў залу і выскачыў на волю.
    3 гэтага моманту са мной усё скончана, і я нічога значнага не скажу, калі дадам, што праз пару дзён знайшоў у часопісах аб’яву:
    «Маю гонар шчыра паведаміць пра заручэнне маёй дачкі Ганны з панам асэсарам д-рам Альфрэдам Віцнагелем. Радца юстыцыі Райнэр».
    XIV
    3 гэтага моманту са мной усё скончана. Mae апошнія рэшткі ўсведамлення шчасця і самазадаволенасці загнаныя да смерці, зламаныя; я больш не магу, так, я няшчасны, я прызнаюся ў гэтым, у сабе я бачу вартую жалю і смешную фігуру!.. Але я гэтага не вытрываю! Я гіну! Я застрэлюся, сёння ці заўтра!
    Маім першым памкненнем, маім інстынктам была хітрая спроба здабыць з гэтай справы літаратурнае зерне, каб перайначыць сваё нікчэмнае самаадчуванне ў«няшчаснае каханне»: дурасць, як ужо відаць само па сабе. Ад няшчаснага кахання ніхто не гіне. Няшчаснае каханне — гэта становішча, але не кепскае. У няшчасным каханні ты падабаешся сам сабе. А я гіну ад таго, што з усёй прыязнасцю да самога сябе безнадзейна скончана!
    А ці кахаў я, калі, урэшце, гэтае пытанне дазволена, ці кахаў я гэтую дзяўчыну?.. Магчыма... Але як і за што? Ці не было гэтае каханне плёнам майго даўняга раздражнёнага і хваравітага самалюбства, якое пры першым позірку на гэтую недасягальную каштоўнасць было пакутна ўзбурана і выклікала такія пачуцці, як зайздрасць, нянавісць, самапагарду, для якіх каханне было толькі нагодай, выйсцем і ўратаваннем?
    Сапраўды, усё гэта было толькі славалюбствам! I ці не назваў мой бацька мяне ўжо аднойчы паяцам?
    He, я не меў права, пагатоў — я, выводзіць сябе з гульні і ігнараваць «грамадства»; я, занадта славалюбны, каб трываць іхнюю непавагу і пагарду; я, які не можа абысціся без іх саміх і іхніх воплескаў!.. Але сутнасць не ў праве? А ў неабходнасці? I маё непатрэбнае блазнаванне было б непрыдатным для любога сацыяльнага становішча? Значыць, якраз з прычыны гэтага блазнавання я ва ўсякім выпадку павінен быў загінуць.