Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Тобіяс жа нерухома застыў у той самай позе. Ён паклаў свой твар на тулава Ісава і несуцешна заплакаў.
ЛУІЗХЕН
і
Бываюць шлюбы, узнікненне якіх не можа ўявіць сабе нават самая літаратурна спрактыкаваная фантазія. Іх трэба ўспрымаць так, як у тэатры ўспрымаюць авантурныя сувязі супрацьлегласцей: старасць і тупасць з прыгажосцю і жыццярадаснасцю, якія даюцца як умова і ўтвараюць аснову для матэматычнай пабудовы анекдота.
Што да жонкі адваката Якобі, то яна была маладой і прыгожай, жанчынаю надзвычайнай прывабнасці. Да, скажам, трыццаці гадоўяна, як яе і ахрысцілі, мела імёны Анэта, Маргарыта, Роза, Амалія, але калі склалі разам іх пачатковыя літары, то яе пачалі называць не інакш як Амра імя, якое сваім экзатычным гучаннем пасавала да яе асобы, як ніякае іншае. Бо хоць цёмны колер яе густых мяккіх валасоў, якія яна насіла з праборам і зачэсанымі ад ілба на два бакі, меў толькі рудаватасць каштана, яе скура вылучалася абсалютна паўднёвай матавай і цёмнай смуглявасцю, і гэтая скура абцягвала формы, якія выспелі пад паўднёвым сонцам і сваёй вегетатыўнай ды неадчувальнай раскошай нагадвалі знешнасць якой-небудзь султанавай жонкі. Гэтае ўражанне, якое выклікалася кожным яе пажадліва няспешным рухам, цалкам супадала з думкаю, што, напэўна, яе розум падпарадкоўваўся сэрцу. Варта было ёй толькі адзін
раз, незвычайным чынам ускінуўшы свае прыгожыя бровы гарызантальна на амаль прывабліва вузкі лобік, зірнуць сваімі наіўнымі карымі вачыма, і табе ўсё было зразумела. Але і сама яна не была дастаткова простай, каб не разумець гэтага; яна проста пазбягала выдаваць сябе дарэшты, таму размаўляла рэдка і мала: жанчыну, прыгожую і небалбатлівую, цяжка чым папракнуць. He, слова «прасцячка» ўвогуле менш за ўсё характарызавала яе. Яе позірк быў не вельмі разумны, але ў ім хаваліся пэўныя пажадлівыя хітрыкі, і добра было відаць, што гэтая жанчына не была настолькі абмежаванай, каб мець схільнасць наклікаць бяду... Магчыма, між іншым, яе нос у профіль здаваўся завялікім і мясістым; але яе прыпухлы і шырокі рот быў дасканала прыгожым — што праўда, акрамя пачуццёвасці, болын нічога не выяўляючы.
Дык вось, гэтая жанчына, якая выклікала хваляванне, была жонкаю прыкладна саракагадовага адваката Якобі, і той, хто бачыў яго, здзіўляўся. Ён быў у целе, гэты адвакат, ён быў больш чым у целе, ён быў сапраўдны мужчына-волат! Яго ногі, заўсёды апранутыя ў шэра-попельнага колеру штаны, сваёй калонападобнай бясформеннасцю нагадвалі ногі слана, яго выгнутая ад набітага тлушчу спіна нагадвала спіну мядзведзя, а неймаверную акругласць яго жывата ахінаў дзіўны зялёна-шэры каптанчык, які ён звычайна насіў туга зашпіленым на адзін гузік, так што крыссё з абодвух бакоў даставала аж да плячэй, як толькі гузік расшпільваўся. Але на гэтым магутным тулаве амаль без пераходу на шыю сядзела адносна маленькая галава з вузкімі і вадзяністымі вочкамі, кароткім тугім носам і вісячымі ад перапоўненасці шчокамі, паміж якімі губляўся зусім маленькі роцік з тужліва абвіслымі краямі вуснаў. Круглы чэрап, як і верхняя губа, быў парослы рэдкім і шорсткім бялявым шчаціннем, сярод якога і там і сям паблісквала голая скура, як у перакормленага сабакі... Але ўсяму свету мелася быць зразумелым, што паўната адвакацкага цела была нездаровага кшталту. Яго як уздоўж, так і ўпоперак агромністае цела было занадта тлустае, без мышцаў, і часта можна было назіраць, як кроў раптам прылівала да яго расплывістага твару, каб гэтак жа
сама раптоўна саступіць жаўтаватай бледнасці, у той час як яго вусны расцягваліся ў кіслую грымасу.
Практыка адваката была зусім абмежаванай; але з прычыны таго, што ён валодаў добрай маёмасцю, часткова з боку жонкі, то яны ўдваіх — між іншым, без дзяцей — займалі на Кайзэрштрасэ камфартабельны паверх і займаліся ажыўленай грамадскай дзейнасцю: толькі, як добра вядома, адпаведна схільнасцям фрау Амры, бо немагчыма ж, каб адвакат, які, як было відаць, толькі з пакутлівымі намаганнямі займаўся справамі, адчуваў сябе пры гэтым шчаслівым. Характар у гэтага таўстуна быў надзвычай дзіўны. He было ніводнага чалавека, які б быў больш ветлівым, болын паслужлівым, больш памяркоўным у дачыненні да любога, але, магчыма, кожны, не выказваючы гэтага ўголас, меў адчуванне, што яго звышзычлівыя і ліслівыя паводзіны былі вымушанымі з пэўнай прычыны, што гэта грунтавалася на маладушнасці і няўпэўненасці, і адчуваў сябе праз гэта непрыемна закранутым. Нішто не бывае больш агідным, чым бачыць чалавека, які пагарджае самім сабою, але з баязлівасці і пыхі ўсё ж хацеў бы быць добразычлівым і падабацца; на маю думку, не інакш склаліся варункі і з адвакатам, які ў сваім амаль што рабскім самапрыніжэнні заходзіў занадта далёка, каб пры гэтым мець магчымасць захаваць неабходны асабісты гонар. Ён мог сказаць даме, якую запрашаўда стала: «Шаноўная фрау, я агідны чалавек, але ці не мелі б Вы ласку?..» I ён гаварыў гэта без кропелькі самаіроніі, горка-саладжава, вымучана і непрыемна...
Наступная пагалоска грунтуецца таксама на праўдзе. Калі адвакат аднаго разу быў на шпацыры, нейкі няўважлівы грубіян, штурхаючы тачку, балюча праехаў яму адным колам па назе. Чалавек запозна спыніў сваю тачку і павярнуўся... і тут адвакат, зусім разгублены, спалатнеў, шчокі яго задрыжалі, ён сцягнуў свой капялюш, пакланіўся і прамармытаў: «Прабачце!» Ашалець можна... Але гэты дзіўны волат, здавалася, увесь час пакутаваў ад нячыстага сумлення. Калі ён са сваёй жонкай з’яўляўся на Жаваранкавай гары, галоўным бульвары горада, то вітаўся ва ўсе бакі, кідаючы час ад часу пужлівы позірк на Амру, якая рухалася пружыністымі крокамі, і паглядаў так ста-
ранна, так баязліва і так раўніва, быццам ён гатовы пакорліва схіліцца перад кожным лейтэнантам і папрасіць прабачэння за тое, што ён, менавіта ён валодае гэтай прыгожай жанчынаю; і варты жалю выраз яго твару ствараў уражанне, што яго вусны моляць, каб з яго не кпілі.
II
Ужо згадвалася: з якой прычыны, шчыра кажучы, Амра пайшла замуж за адваката Якобі, дакладна невядома. Але што да яго, дык ён напраўду кахаў яе, і менавіта такім шчырым каханнем, якое, пэўна, рэдка знойдзеш сярод людзей ягонай целабудовы, прытым так пакорліва і баязліва, як гэта адпавядала ўсёй ягонай сутнасці. Часта, позна вечарам, калі ў вялікай спальні, высокія вокны якой былі завешаны фальбоністымі, у кветачку, фіранкамі, Амра ўжо была ў пасцелі, адвакат падыходзіў так ціха, што крокаў не было чутно, а толькі лёгкая вібрацыя падлогі ды мэблі да яе масіўнага ложка, апускаўся на калені і з бясконцай асцярожнасцю браў яе руку. Амра ў такіх выпадках мела звычку гарызантальна ўскідваць бровы на лоб і разглядаць моўчкі і ў пачуццёвай злосці свайго незвычайнага мужа, які кленчыў перад ёй у слабым святле начной лямпы. Ён жа, нязграбнымі і дрыготкімі рукамі асцярожна адсоўваючы кашулю з перадплечча ўверх і прыціскаючы свой жалобна тоўсты твар у мяккі сустаў гэтай поўнай смуглявай рукі там, дзе маленькія сінія жылкі вылучаюцца на цёмнай скуры, пачынаў гаварыць прыцішаным і дрыготкім голасам — так, як, шчыра кажучы, разумны чалавек у будзённым жыцці ніколі не размаўляе. «Амра! — шаптаў ён, — мая любая Амра! Я табе не перашкаджаю? Ты яшчэ не спала? О, літасцівы Божа, я ўвесь дзень думаў пра тое, якая ты прыгожая і як я цябе кахаю!.. Паслухай, што я табе хачу сказаць (як цяжка гэта выказаць!)... Я кахаю цябе так моцна, што часам сэрца маё сціскаецца, і я не ведаю, куды мне ісці; я кахаю цябе звыш маіх сілаў! Ты гэтага, магчыма, не разумееш, але ты павер мне і скажы мне хоць толь-
кі раз, што ты мне хоць крышку ўдзячная, бо, зразумей, такое каханне, як маё да цябе, мае сваю каштоўнасць у гэтым жыцці... і што ты ніколі не здрадзіш і не падманеш мяне, калі ты нават, магчыма, не можаш кахаць мяне, але з удзячнасці, з адной толькі ўдзячнасці... я прыйшоўда цябе, каб папрасіць цябе пра гэта, так сардэчна, так шчыра, як толькі магу...» I такія прамовы звычайна сканчваліся тым, што адвакат, не мяняючы свайго становішча, пачынаў ціха і горка плакаць. Але ў гэтым выпадку Амра адчувала сябе кранутай, гладзіла рукою шчэць мужа і некалькі разоў паўтарала працяглым, суцяшальным, кплівым тонам, якім размаўляюць з сабакам, які прыходзіць, каб палізаць ногі: «Так! Так! Мой добры звер!..»
Такія паводзіны Амры не былі, вядома, паводзінамі жанчыны з добрымі манерамі. Ды і прыйшла пара, калі я магу вызваліцца ад цяжару праўды, якую я пакуль што прыхоўваў, а менавіта той праўды, што яна свайго мужа ўсё ж падманвала, што яна яму — я скажу вам — здраджвала менавіта з нейкім панам, якога звалі Альфрэд Лёйтнэр. Гэта быў здольны малады музыка, які ва ўросце дваццаці сямі гадоў сваімі вясёлымі невялічкімі кампазіцыямі ўжо набыў сабе неблагі аўтарытэт; зграбны чалавек з зухаватым выразам твару, бялявай вольнай фрызурай і сонечнай усмешкай у вачах, вельмі разумнай. Ён належаў да таго тыпу нязначных сённяшніх артыстаў, якія не вельмі шмат патрабуюць ад сябе, у першую чаргу хочуць быць шчаслівымі і прыязнымі людзьмі, карыстацца сваім прыемным невялічкім талентам, каб павышаць сваю асабістую прыязнасць і дэманстраваць грамадству сваю наіўную геніяльнасць. Свядома па-дзіцячы наіўныя, амаральныя, бессаромныя, вясёлыя, самазадаволеныя ды яшчэ даволі здаровыя, каб і ў сваіх хваробах працягваць падабацца самім сабе; іх самалюбнасць, сапраўды прыязная, пакуль яшчэ ніколі не была балюча закранутая. Але гора гэтым малым шчасліўцам ды прытворшчыкам, калі іх сустрэне сапраўднае няшчасце, пакуты, з якімі не пакакетнічаеш, у час якіх яны няздольныя больш падабацца самім сабе! Яны не ўмеюць быць няшчаснымі прыстойна, яны не будуць ведаць «што рабіць» з пакутамі, яны загінуць... Але гэта гісторыя са-
ма па сабе... Пан Лёйтнэр займаўся сімпатычнымі рэчамі: найбольш вальсамі ды мазуркамі, забаўляльнасць якіх хоць і была крышку залішне папулярнай для таго, каб быць залічанай (наколькі я ў гэтым разбіраюся) да «музыкі», калі б кожная з гэтых кампазіцый не ўтрымлівала ў сабе маленькага, арыгінальнага месца, пераходу, устаўкі, гарманічнага павароту, нейкага маленькага нервовага ўздзеяння, якое выдавала досціп і вынаходлівасць, дзеля якіх яны, здавалася, і рабіліся, і што рабіла іх цікавымі і для сур’ёзных знаўцаў. Часта гэтыя асобныя такты ўтрымлівалі ў сабе штосьці цудоўна тужлівае і меланхалічнае, што раптам і, хутка знікаючы, звінела ў маленечкіх творах для танцавальнай залы.