Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
абедзвюх педалей асабліва працягла на другім складзе слова «Лу-і-і-зхен», мела неапісальны, абсалютна нечуваны эфект! Tara быў абсалютна ашаламляльны выпад, жорсткае казытанне нерваў, ад якога мурашкі забегалі па спіне, гэта быў цуд, агаленне, у сваёй нечаканасці амаль жорстае зняцце ўсякага покрыва, заслона, якая рвецца...
I пры гэтым «фа»-акордзе адвакат Якобі спыніў свой танец. Ён стаяў моўчкі, ён стаяў пасярэдзіне сцэны як укапаны, усё яшчэ ўзняўшы ўгару ўказальныя пальцы — адзін крыху ніжэй, чым другі; гук «і» з «Луізхен» адняў у яго мову, ён знямеў, калі амаль адначасова рэзка абарвалася і музыка акампанементу, гэтая фантастычная і агідна смешная істота там наверсе глядзела, утаропіўшыся, па-звярынаму набычыўшы галаву, запаленымі вачыма проста перад сабою. Якобі ўзіраўся ў гэтую прыбраную, светлую і поўную людзей святочную залу, у якой, як выпарэнні ўсіх гэтых людзей, вісеў скандал, амаль што згусціўшыся ў атмасферу... Ён узіраўся ва ўсе гэтыя ўзнятыя, скрыўленыя і рэзка асветленыя твары, у гэтыя сотні вачэй, якія яны з увагаю звярнулі з аднолькавым выразам разумення на тую пару ўнізе перад ім і на яго самога... У той час калі на ўсіх насунулася цішыня, ён перавёў свае ўсё яшчэ пашыраныя вочы з публікі на гэтую пару... Здаецца, на яго твары раптам прамільгнула іскрынка разумення, кроў хваляй накацілася ў гэты твар, і ён, набухлы, зрабіўся чырвоным, як ягоная шоўкавая сукенка, а потым зноў зрабіўся васкова-жоўтым... I гэты тоўсты чалавек абрынуўся вобзем, так што пад ім затрашчалі дошкі.
...На працягу нейкай хвіліны захоўвалася цішыня; потым пачуліся гучныя крыкі, пачалася мітусня, некалькі смелых мужчын, у тым ліку малады лекар, паўскоквалі з аркестра на сцэну, заслона апусцілася...
Амра Якобі і Альфрэд Лёйтнэр сядзелі, адвярнуўшыся адно ад аднаго, не адыходзячы ад піяніна. Ён, схіліўшы галаву, здавалася, яшчэ прыслухоўваўся да адгалоскаў свайго «фа»; яна, яшчэ няздольная сваім вераб’іным розумам зразумець, што адбылося, азіралася з абсалютна пустым выразам твару...
Неўзабаве пасля гэтага ў зале зноў з’явіўся малады лекар, невысокага росту яўрэй з сур’ёзным тварам і востраю бародкай. Тым прысутным, што атачылі яго каля дзвярэй, ён адказаў, паціснуўшы плячыма:
«Усё».
АДЗЕЖНАЯ ШАФА
Было пахмурна, змрочна і холадна, калі хуткі цягнік Берлін—Рым заехаў пад дах невялікага перона. У адным з купэ першага класа з карункавымі накідкамі на шырокіх плюшавых крэслах, прачнуўшыся, падняўся на ногі самотны пасажыр — Альбрэхт ван дэр Квален. Ён адчуў у роце нядобры прысмак, і наогул ва ўсім ягоным целе панавала не вельмі прыемнае адчуванне, якое было выклікана прыпынкам пасля працяглага руху цягніка, заціханнем рытмічнага пастуквання колаў, цішынёю, сярод якой шумы знадворку, воклічы і сігналы неяк дзіўна рэзалі вуха... Гэтае адчуванне падобнае да працверажэння з ап’янеласці, ачуньвання пасля непрытомнасці. Нашы нервы знянацку пазбаўляюцца звыклай ужо апоры, рытму, і раптам яны адчуваюць сябе зусім разладжанымі і занядбанымі. I гэта даецца ў знакі яшчэ мацней, калі мы адначасова прачынаемся з тупога сну ў час язды ў вагоне.
Альбрэхт ван дэр Квален лёгка пацягнуўся, падышоў да акна і апусціў шыбу. Ён пачаў разглядаць, што робіцца абапал цягніка. Каля паштовага вагона мужчыны займаліся пагрузкай і разгрузкай пасылак. Лакаматыў свіснуў некалькі разоў, лёгка чыхнуў ды прашыпеў, потым супакоіўся і далей паводзіў сябе ціха; але ён быў падобны да каня, які стаіць, б’ючы яшчэ дрыготкімі капытамі, стрыжэ вушамі і нецярпліва чакае знаку, каб зноў таргануцца з месца. Рослая і тоўстая дама ў доўгім дажджавіку з надзвычай заклапочаным тварам увесь час з цяжкас-
цю перамяшчала ўздоўж вагонаў шматкілаграмовую дарожную сумку, штурхаючы яе каленам перад сабою; моўчкі, загнана, з вачыма, напоўненымі страхам. Яе верхняя губа, якую яна моцна выстаўляла наперад і на якой праступілі маленечкія кроплі поту, кранала неяк адмыслова.
«Ах ты, мілая, бедалажка! — падумаў сабе ван дэр Квален. — Каб жа я мог табе дапамагчы, даць прытулак, супакоіць, хоць бы толькі дзеля тваёй верхняй губы! Але кожны сам па сабе, так усё ўпарадкавана, і я, каму ў гэты момант зусім няма чаго баяцца, стаю тут і гляджу на цябе, як на таго жучка, які бездапаможна ляжыць на спіне».
Знадворку, на сціплым крытым пероне, панаваў змрок. Што цяпер было — вечар ці раніца? Яму гэта было невядома. Ён праспаў, і нельга было вызначыць, колькі ён спаў — дзве, пяць ці дванаццаць гадзін. Ці ж не здарылася так, што ён спаў суткі і даўжэй, не прачынаючыся, глыбокім сном, надзвычай глыбокім?.. Ван дэр Квален быў у цёмна-карычневым зімовым паўпаліто з аксамітным каўняром. Паводле яго рыс твару вельмі цяжка было вызначыць ягоны ўзрост: можна было толькі вагацца паміж 25 і 30 з гакам. У яго была жаўтаватая скура, а вочы былі палымяна-чорныя, як вуглі, і глыбока зацененыя. Гэтыя вочы не абяцалі нічога добрага. Розныя дактары падчас сур’ёзных і па-мужчынску адкрытых размоў прадказвалі яму не больш за некалькі месяцаў... Між іншым, яго цёмныя валасы былі ўкладзены на бакі ў косы прабор.
У Берліне — хоць Берлін і не быў пачатковым пунктам яго вандроўкі — ён, з чырвонай скураной дарожнай сумкай, падняўся ў хуткі цягнік, які адыходзіў, потым ён паспаў і цяпер, прачнуўшыся, адчуў сябе такім чалавекам па-за часам, што яго апанавала пачуццё радасці. У яго не было гадзінніка. Ён быў шчаслівы, што да тонкага залатога ланцужка, які ён насіў на шыі, цяпер — ён гэта добра ведаў — у кішэні яго камізэлькі быў толькі маленькі медальён. Ён не адчуў бы радасці, калі б ведаў, якая цяпер гадзіна ці які сёння дзень, бо календара ў яго таксама не было. 3 нейкага часу, даволі ўжо даўно, ён пазбавіўся звычкі даведвацца, якая на календары дата, які
месяц і нават які год. Усё павінна вісець у паветры, звычайна думаў ён, і ў гэтым ён меў на ўвазе шмат што, хоць гэта і быў даволі смутны выраз. Яму рэдка перашкаджала, ці ўвогуле ніколі не шкодзіла, гэтае няведанне, бо ён намагаўся заўсёды трымацца ад такіх перашкод як мага далей. Ці адчуваў ён, магчыма, незадавальненне з таго, што мог толькі здагадвацца, якая пара года на дварэ? Відаць, восень, падумаў ён, калі выглянуў на змрочны і сыры перон. Больш нічога не ведаю! А ці ведаю я ўвогуле, дзе я?..
I раптам, калі ён падумаў гэтак, задаволенасць, якую ён адчуваў, ператварылася ў радасны жах. He, ён не ведаў, дзе знаходзіўся. Усё яшчэ ў Германіі? Несумненна. У Паўночнай Германіі? He мае значэння! Вачыма, якія былі яшчэ затуманены сном, ён убачыў, што акно яго купэ праплывае міма нейкай асветленай шыльды, наякой, магчыма, была напісана назва станцыі... Яго мозг не ўспрыняў нават абрысаў ніводнай літары. Яшчэ сонны, ён два-тры разы чуў, як праваднікі выкрыквалі назву станцыі... Ён не змог адрозніць нават гукаў. Але там, там у змроку, які не даваў ніякай прыкметы, каб зразумець, раніца цяпер ці вечар, недзе знаходзіўся горад, незнаёмы горад... Альбрэхт ван дэр Квален забраў з сеткі свой фетравы капялюш, узяў чырвоную скураную дарожную сумку, дзе рэмень са спражкаю адначасова прыціскаў да яе шоўкава-ваўняны плед у чырвона-белую клетку, у які, у сваю чаргу, быў закручаны парасон са срэбным кійком; і хоць яго білет быў куплены да Фларэнцыі, ён пакінуў купэ, пайшоў цераз той сціплы перон, паклаў свой багаж у адпаведнае акенца, запаліў цыгару, засунуў рукі — у яго ж не было ні сумкі, ні кійка — у кішэні паліто і выйшаў з вакзала.
Знадворку, на досыць змрочнай, мокрай і даволі пустой плошчы пяць-шэсць рамізнікаў заляскаталі сваімі пугамі, і нейкі чалавек у абшытай галунамі шапцы і доўгім паліто, у якое ён хутаўся мерзнучы, падкрэслена запытальна сказаў: «Гатэль добраму чалавеку?» Ван дэр Квален ветліва падзякаваў яму і проста пайшоў наперад. Людзі, якія сустракаліся яму, ішлі з узнятымі каўнярамі; ён зрабіў тое самае: утуліў падбароддзе ў аксаміт, закурыў і не хутка, але і не надта павольна рушыў.
Ён прайшоў міма прыземістага мура, каля старых варотаў з дзвюма масіўнымі вежамі, прайшоў цераз мост, уздоўж парэнчаў якога стаялі скульптуры, а вада пад якім кацілася мутна і сонна. Побач праплыў доўгі трухлявы човен, якім, седзячы на карме, кіраваў мужчына пры дапамозе доўгага шаста. Ван дэр Квален на хвілінку спыніўся і нахіліўся цераз парэнчу. «Глядзі, — падумаў ён сабе, — рака; сапраўдная рака. Прыемна, што я не ведаю яе банальнай назвы...» Потым ён пайшоўдалей.
Яшчэ нейкі час ён ішоў, не зварочваючы, па тратуары вуліцы, якая была ані вельмі шырокай, ані вельмі вузкай, а потым недзе павярнула налева; надышоў вечар. Замігцелі электрычныя дугавыя лямпы, паміргалі, распаліліся, зашыпелі і потым засвяціліся ў тумане. Крамы зачыняліся. «Значыць, як бы там ні было, ужо восень», — падумаў ван дэр Квален і патупаў далей па чорным мокрым тратуары. На ім галёшаў не было, але яго боты былі свабодныя, моцныя, носкія і пры ўсім тым выглядалі даволі элегантна.
Ён ішоў і ўвесь час забіраў улева. Людзі крочылі ды спяшаліся паўз яго, турбаваліся сваімі справамі ці ішлі з працы. «А я іду сярод іх, — думаў ён, — і я такі адзінокі і чужы, як, здаецца, не быў ніколі ніводзін чалавек. У мяне няма занятку і няма мэты. У мяне няма нават кійка, каб абаперціся на яго. He можа быць нікога болын бездапаможнага, вольнага, старонняга. Ніхто мне нічым не абавязаны, а я — нікому. Бог ніколі не прасціраў руку нада мною, ён мяне зусім не ведае. Няшчасце без міласціны — добрая справа; можна сказаць сабе: я Богу нічога не вінен».
Горад неўзабаве закончыўся. Магчыма, ён з цэнтра пайшоў крыху наўскасяк. Трапіўшы на шырокую прыгарадную вуліцу з прысадамі і віламі, ён павярнуў направа, мінуў тры-чатыры амаль вясковыя, асветленыя толькі газавымі ліхтарамі, завулкі і нарэшце спыніўся перад драўлянымі варотамі, якія знаходзіліся справа каля звычайнага, пафарбаванага ў змрочна-жоўты колер дома, які, у сваю чаргу, вылучаўся абсалютна непразрыстымі і надзвычай скляпеністымі люстэркавымі шыбамі вокнаў. Аднак каля варотаў была прымацаваная шыльда з надпісам: «У гэтым доме на чацвёртым паверсе здаюцца ў арэнду
пакоі». «Во як?» — сказаў ён сабе, адкінуў недакурак сваёй цыгары, прайшоў у вароты ўздоўж дашчанага плота, які адгароджваў участак ад суседняга, злева цераз дзверы дома двума крокамі перасек ганак, у якім ляжала вартая жалю дарожка — стары, шэры ходнік, а потым ён пачаў падымацца па сціплай драўлянай лесвіцы.