Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Вось да гэтага маладога чалавека Анэта Якобі загарэлася прыхільнасцю, вартай ганьбы, ды і ў яго не выявілася дастаткова маральных падпорак, каб супрацьстаяць яе спакусам. Пачалі сустракацца то тут, то там, і не бязвінныя стасункі даволі даўно звязвалі гэтых дваіх: стасункі, пра якія ведаў увесь горад і наконт якіх увесь горад пляткарыў за спінай адваката. А што ж ён сам? У Амры не хапала розуму, каб пакутаваць праз нячыстае сумленне і каб з гэтай прычыны выдаць сябе. Можна з упэўненасцю сказаць, што адвакат, які б цяжар трывогі і страху ні ляжаў у яго на сэрцы, не меў ніякіх пэўных падазрэнняў у дачыненні да сваёй жонкі.
III
I вось прыйшла вясна, поўнячы грудзі людзей радасцю, і Анэце прыйшла ў галаву самая шчаслівая ідэя.
«Крысціян, — сказала яна (так звалі адваката), — давай зладзім прыём, вялікі прыём у гонар свежага вясенняга піва... зусім проста, вядома, толькі з халоднай цяляцінай, але з вялікай колькасцю гасцей».
«Натуральна, — адказаў ён. — Але ці нельга было б гэта крышку адкласці?»
На гэта Амра не адказала, а адразу перайшла да дэталей.
«Ведаеш, будзе так шмат людзей, што нашага памяшкання тут не хопіць; нам трэба будзе арандаваць нейкую ўстанову, сад, залу непадалёку, каб мець дастаткова месца і паветра. Ты гэта павінен зразумець. У першую чаргу я думаю пра вялікую залу пана Вэндэліна, каля падножжа Жаваранкавай гары. Гэтая зала — пустая і звязана з самім дваром і браварняй толькі пераходам. Яе можна святочна ўпрыгожыць, там можна паставіць доўгія сталы і піць вясенняе піва; там можна танчыць і выконваць музыку, магчыма зладзіць і невялічкія тэтральныя імпрэзы, бо я ведаю, што там ёсць невялічкая сцэна, а гэтаму я надаю адмысловае значэнне. Карацей кажучы: прыём мусіць быць вельмі арыгінальным, і мы наладзім сабе цудоўную забаву».
Падчас гэтай размовы твар адваката крыху пажаўцеў, а куточкі яго вуснаў пачалі торгацца ў бакі. Ён сказаў:
«Я ўжо загадзя шчыра-шчыра рады, мая шаноўная Анэта. Я ведаю, што магу гэта ўсё даверыць твайму спрыту. Прашу цябе: пачынай ужо рыхтавацца...»
IV
I Амра ўзялася за падрыхтоўку. Яна пачала перамовы з рознымі дамамі і панамі, яна асабіста арандавала вялікую залу пана Вэндэліна, яна нават стварыла штосьці накшталт камітэта з людзей, якія былі запрошаны ці прапанавалі сябе да ўдзелу ў вясёлых паказах, што меліся ўпрыгожваць свята... Гэты камітэт складаўся толькі з мужчын, з выняткам спявачкі, жонкі прыдворнага акцёра Гільдэбранта. А яшчэ ў яго ўваходзілі сам пан Гільдэбрант, асэсар Віцнагель, малады мастак, а яшчэ пан Альфрэд Лёйтнэр ды некалькі студэнтаў, якія былі ўключаны асэсарам і меліся выконваць негрыцянскія танцы.
Ужо праз восем дзён пасля таго, як Амра прыняла рашэнне, гэты камітэт сабраўся на сваю нараду на Кайзэрштрасэ, у салоне Анэты — маленькім, цёплым і запоўненым памяшканні, абсталяваным тоўстым дываном, атаманкай з мноствам падушак, пальмай-пальмірай, англійскімі абабітымі скурай крэс-
ламі, сталом чырвонага дрэва з выгнутымі ножкамі, на якім ляжалі плюшавая сурвэта і шмат шыкоўных мастацкіх рэчаў. Камін тут таксама быў — яшчэ зусім цёплы; на чорнай каменнай пліце стаялі некалькі талерак з бутэрбродамі, шклянкі і два графіны з херэсам... Анэта ляжала, лёгка закінуўшы ногі адна на адну, у падушках атаманкі, што стаяла ў цені пальмы і была цудоўнай, як цёплая ноч. Блузка са светлага і лёгкага шоўку ахінала яе грудзі; а яе спадніца была з цяжкай, цёмнай, вышытай вялікімі кветкамі тканіны; час ад часу яна рукою адкідала з вузкага лба каштанавую хвалю валасоў... Фрау Гільдэбрант, спявачка, таксама сядзела побач з ёй на атаманцы; яна была рудавалосая і апранутая ва ўбор вершніцы. Насупраць жа гэтых дзвюх цесным паўколам паселі мужчыны, а ў самым цэнтры сярод іх — адвакат, для якога знайшлося толькі вельмі нізкае скураное крэсла, і ён, у адрозненне ад іншых, выглядаў жахліва няшчасным; час ад часу ён глыбока ўздыхаў і каўтаў, як быццам змагаўся з ванітаваннем, якое падступае... Пан Альфрэд Лёйтнэр, апрануты ў касцюм для лаўн-тэніса\ адмовіўся ад крэсла і стаяў, прыхіліўшыся — прыгожы і вясёлы — да каміна; ён запэўніваў, што не можа доўга спакойна сядзець на адным месцы.
Пан Гільдэбрант мілагучным голасам разважаў пра англійскія песні. Гэта быў вельмі салідны, ладна апрануты ў чорнае мужчына з галавою Цэзара і ўпэўненымі паводзінамі — адукаваны прыдворны акцёр, з выдатнымі ведамі і тонкім густам. Ён любіў ганіць у сур’ёзных размовах Ібсэна, Заля і Талстога, у якіх, маўляў, былі аднолькавыя непрыстойныя мэты; але сёння ён з зычлівай паблажлівасцю займаўся малазначнаю справай.
«Магчыма, шаноўныя ведаюць выдатную песню “That’s Maria”?! — прамовіў ён. — Яна крышку пікантная, але незвычайнай сілы ўздзеяння. Ды, магчыма, яшчэ адна — знакамітая...» I ён прапанаваў яшчэ некалькі песень, наконт якіх усе ўрэшце прыйшлі да агульнай думкі, а фрау Гільдэбрант выказала згоду выканаць іх... Малады мастак, чалавек з абвіслымі плячыма і бялявай вострай бародкаю, павінен быў спарадзіра-
* Лаўн-тэніс — гульня ў тэніс дзвюма партыямі.
ваць фокусніка, а пан Гільдэбрант меў намер паказваць славутасцей... Адным словам, усё ішло найлепшым чынам, і калі праграма, здавалася, была ўжо гатовая, пан асэсар Віцнагель, які валодаў элегантнымі рухамі і меў шмат дуэльных шрамаў, раптам узяў слова:
«Цудоўна, шаноўныя, усё абяцае сапраўды выдатныя забавы. Толькі я не магу не сказаць штосьці яшчэ. Мне здаецца, што нам яшчэ чагосьці не хапае, а менавіта — галоўнага нумара, бліскучага нумара, цвіка, кульмінацыі... чагосьці неверагоднага, сапраўды ашаламляльнага, жарта, які ўздыме вясёлы настрой на самую вяршыню... карацей кажучы, не бяру на сябе, у мяне няма нейкай асаблівай ідэі, але паводде маіх адчуванняў...»
«У прынцыпе так яно і ёсць! — адгукнуўся ад каміна сваім тэнарам пан Лёйтнэр. — Віцнагель кажа слушна. Вельмі хацелася б мець галоўны і заключны нумар... Давайце падумаем...» I некалькімі шпаркімі рухамі папраўляючы свой чырвоны пояс, ён запытальна паглядзеў вакол сябе. Выраз яго твару быў сапраўды зычлівым.
«Што ж, — прамовіў пан Гільдэбрант, — калі з’яўленне славутых асоб не лічаць кульмінацыяй...»
Усе падтрымалі асэсара. Палічылі, што добры жартоўны нумар заўсёды жаданы. Нават адвакат згодна кіўнуў і ціха сказаў: «Сапраўды... штосьці надзвычай вясёлае...» Усе заглыбіліся ў роздум.
I ў канцы гэтай паўзы ў размове, якая доўжылася амаль хвіліну і перапынялася толькі кароткімі воклічамі-развагамі, адбылося дзіўнае. Амра сядзела, абапіраючыся на падушкі атаманкі, і шпарка, як мышка, грызла востры пазногаць свайго мезенца, а яе твар у гэты час вызначаўся адмысловым выразам. Яе вусны былі складзены ў лёгкуто ўсмешку, амаль адсутную і ненармальную ўсмешку, якая сведчыла пра балючую і адначасова жорсткую пажадлівасць, а яе вочы, шырока адкрытыя і з нездаровым бляскам, паволі павярнуліся да каміна, дзе яны на імгненне сустрэліся з позіркам маладога музыкі. Але потым рэзкім рухам яна падалася ўсім тулавам у бок да свайго мужа, да адваката, і, сплёўшы далоні на каленях і ўтаропіўшыся не-
адрыўным і пранізлівым позіркам яму ў твар, сама заўважна спалатнеўшы, загаварыла гучным і павольным голасам:
«Крысціян, я прапаную, каб ты на заканчэнне выступіў як спявачка ў чырвонай шоўкавай дзіцячай сукенцы і станчыў нам што-небудзь...»
Уздзеянне гэтых некалькіх слоў было незвычайным. Малады мастак паспрабаваў дабрадушна засмяяцца, у той час як пан Гільдэбрант з застылым, як камень, тварам пачаў здымаць пушынкі з рукава, студэнты закашлялі і пачалі непрыстойна гучна высморквацца ў свае насоўкі, фрау Гільдэбрант моцна зачырванелася, што здаралася нячаста, а асэсар Віцнагель проста падаўся прэч, каб узяць сабе бутэрброд. Адвакат застыў у пакутлівай позе на сваім нізкім крэсле і з пажаўцелым тварам ды палахлівай усмешкаю азіраўся ляпечучы:
«О Божа... я... мусіць няздольны... быццам я... не...прабачце мне...»
Твар Альфрэда Лёйтнэра страціў сваю бестурботнасць. Ён як быццам крышку пачырванеў, і, выцягнуўшы галаву наперад, глядзеў у вочы Амры разгублена, не разумеючы, запытальна...
А яна, Амра, не змяняючы сваёй упартай позы, з той жа настойлівай інтанацыяй працягвала гаварыць:
«А канкрэтна ты, Крысціян, павінен выканаць песню, якую напіша пан Лёйтнэр, і пры гэтым ён будзе табе акампанаваць на фартэпіяна; і гэта будзе найлепшай і самай дзейснай кульмінацыяй нашага свята».
Утварылася паўза, гнятлівая паўза. Аднак потым, зусім нечакана, здарылася дзіўнае: пан Лёйтнэр, быццам заражаны, захоплены ідэяй і ўсхваляваны, зрабіў крок наперад і, адчуваючы дрыжыкі ад своеасаблівага зачаравання, пачаўхутка гаварыць:
«Далібог, пан адвакат, я гатовы, я заяўляю, што я гатовы напісаць Вам што-небудзь... Вы павінны праспяваць гэта, Вы павінны станчыць... Гэта, толькі гэта — магчымая кульмінацыя свята... Вы пабачыце, Вы пабачыце... Гэта будзе самым лепшым з таго, што я калі-небудзь рабіў і што яшчэ зраблю... У чырвонай шоўкавай дзіцячай сукенцы! Ах, Ваша фрау жонка — мастачка, мастачка, кажу я Вам! Інакш яна не змагла б
дадумацца да такога! Дайце згоду, я малю Вас, пагаджайцеся! Я нешта сатвару, я нешта зраблю... Пабачыце...»
Тут усе разняволіліся, пачаўся агульны рух. Ці то са злосці, ці то з ветлівасці — усе рынуліся да адваката з просьбамі, а фрау Гільдэбрант нават не ўтрымалася, каб сваім голасам Брунгільды вельмі гучна не прамовіць: «Пан адвакат, Вы ж увогуле вясёлы і цікавы чалавек!» Але і ён сам, адвакат, яшчэ крыху пажаўцелы ў твары, знайшоў словы, каб даволі рашуча вымавіць:
«Паслухайце мяне, шаноўныя... Што мне Вам сказаць? Я не здольны, паверце мне. У мяне не хапае камічнага таленту і, акрамя таго... адным словам, не, гэта, на жаль, немагчыма...»
Ён упарта стаяў на сваёй нязгодзе, а з той прычыны, што Амра больш у размову не ўмешвалася, а сядзела, адкінуўшыся назад, з даволі абыякавым выразам твару, ды і пан Лёйтнэр не вымавіў больш ні слова, а нерухомым позіркам утаропіўся ў разглядванне арабескі на дыване, то пану Гільдэбранту ўдалося надаць размове іншы напрамак, і неўзабаве пасля гэтага ўсе разышліся без прынятага рашэння ў гэтай справе...
Аднак вечарам таго самага дня, калі Амра пайшла спаць і ляжала з расплюшчанымі вачыма, увайшоў, цяжка ступаючы, муж, падцягнуў да яе ложка крэсла, апусціўся на яго і прамовіў ціха і нерашуча: