• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    Абыякавасць, я ўпэўнены, была б свайго кшталту шчасцем... Але я не ў змозе быць абыякавым у дачыненні да сябе, я не ў стане глядзець на сябе іншымі вачыма, чым вачыма «людзей», і я загіну ад нячыстага сумлення... цалкам нявінны... Няўжо нячыстае сумленне ніколі не можа быць нічым іншым, як толькі гнілым самалюбствам?..
    Існуе толькі адно няшчасце: усведамленне таго, што ты сам сабе не падабаешся. He падабацца самому сабе — гэта няшчасце... а-а, а я заўсёды адчуваў гэта вельмі выразна! Усё астатняе — гульня і ўзбагачэнне жыцця, ва ўсякіх іншых пакутах можна быць так надзвычайна задаволеным сабою, так выдатна адчуваць сябе выняткам! Толькі разлад з самім сабою, нячы-
    стае сумленне ў пакутах, агрэсія самалюбства ў першую чаргу надаюць табе выгляд, варты жалю і агіды...
    Раптам аднекуль з’явіўся стары знаёмы, пан Шылінг, з якім я калісьці служыў на карысць грамадству на вялікім прадпрыемстве пана Шліфогта. Ён па сваіх гандлёвых справах прыехаў у горад і вырашыў наведаць мяне — «скептычны індывід», рукі ў кішэнях штаноў, у пенснэ з чорнымі кантамі і рэалістычна цярплівым пацісканнем плячыма. Ён з’явіўся вечарам і сказаў:
    «Я прабуду тут некалькі дзён».
    Мы пайшлі ў шынок.
    Ён павёў сябе са мною, як быццам я ўсё яшчэ той шчаслівы сябелюб, якім ён ведаў мяне, і ў добрай надзеі, што гэта супадае з маім вясёлым меркаваннем, ён сказаў:
    «Божа мой, ты як след наладзіў сваё жыццё, малады чалавек! Самастойны, так? Вольны! У прынцыпе, твая праўда, д’ябал цябе забяры! Жывём толькі адзін раз, ці не так? А якая ўвогуле нам справа да ўсяго астатняга? Ты разумнейшы, чым я, тут я павінен прызнацца. Між іншым, ты заўсёды быў геніем...» I, як і калісьці, ён працягваў з ахвотай выказваць мне словы прызнання, быць прыемным мне, не здагадваючыся, што я, у сваю чаргу, быў перапоўнены страхам, што не спадабаюся яму.
    3 адчайнымі намаганнямі я імкнуўся зацвердзіць за сабою месца, якое я заняў у яго ўяўленні, што я ўсё яшчэ на вышыні, што я шчаслівы і самазадаволены — дарма! У мяне не было ані цвёрдасці характару, ані бадзёрага настрою, ані вытрымкі; я адказваў яму слабай засаромленасцю, змрочнай няўпэўненасцю — і ён зразумеў гэта з неверагоднай хуткасцю! Жахліва было бачыць, як ён, які быў цалкам гатовы прызнаць, што я шчаслівы і вышэйшы за яго чалавек, пачаў разумець маю сутнасць, пазіраць на мяне са здзіўленнем, рабіцца адчужаным, набываць пачуццё перавагі, рабіцца нецярплівым і незычлівым і, нарэшце, кожнаю грымасай выяўляць сваю пагарду да мяне. Ён рана пайшоў, а назаўтра некалькі беглых радкоў паведамілі мне, што ён усё-такі вымушаны ад’ехаць.
    Гэта факт, што людзі, занадта ўжо энергічна занятыя самімі сабою, не могуць сур’ёзным чынам сфарміраваць сваё мерка-
    ванне пра іншага; яны з інертнай гатоўнасцю ставяцца да цябе з той ступенню павагі, з якой ты ўпэўнена ставішся да сябе. Будзь якім хочаш, жыві як хочаш, але дэманструй дзёрзкую ўпэўненасць, а не нячыстае сумленне, і ні ў кога не хопіць станоўчых маральных якасцей, каб пагарджаць табою. 3 другога боку, паспытай на сабе страту адзінства з самім сабою, адсутнасць самалюбства, пакажы, што ты пагарджаеш сабою, і табе слепа павераць... Што да мяне, то я зусім прапаў...
    Я пакідаю сваю пісаніну, я адкідваю пяро — поўны агіды, поўны агіды!.. Канчаць — але для такога «паяца» ці не было б гэта амаль што гераічным учынкам? Баюся, потым выявіцца, што я зноў буду есці, спаць і крышку нечым займацца і паступова тупа звыкнуся з тым, што я «няшчасны і смешны» тыпус.
    Божа мой, хто б падумаў, хто б мог падумаць, што надараецца такі лёс і няшчасце нарадзіцца «паяцам»!
    ТОБІЯС МІНДЭРНІКЕЛЬ
    і
    Адна з вуліц, якія даволі стромка вялі ад набярэжнай у цэнтр горада, называлася Шэры тракт. Амаль што пасярэдзіне гэтай вуліцы з правага боку, калі ісці ад ракі, стаіць дом № 47, вузкі змрочны будынак, які нічым не адрозніваецца ад суседніх. На яго першым паверсе знаходзіцца крама дробных тавараў, у якой можна набыць гумовы абутак і рыцыну. Калі ісці, зазіраючы ў двор, у якім гойсаюць каты, цераз яго калідор, то цесная і выцертая нагамі драўляная лесвіца, на якой увесь час адчуваюцца невыносна цяжкія і кепскія пахі, выведзе вас на верхнія паверхі. На другім паверсе злева жыве сталяр, справа — акушэрка. На трэцім паверсе злева жыве шавец, справа — дама, якая, як толькі на лесвіцы пачуюцца крокі, пачынае гучна спяваць. На чацвёртым паверсе злева кватэра пустуе, справа жыве мужчына з прозвішчам Міндэрнікель, які, акрамя таго, мае імя Тобіяс. Пра гэтага чалавека маецца гісторыя, якую варта распавесці, бо яна загадкавая і надзвычай ганебная.
    Знешнасць Міндэрнікеля адмысловая, дзіўная і смешная. Калі, напрыклад, назіраць за ім на шпацыры — як яго хударлявая фігура, абапіраючыся на кіёк, рухаецца ўгару па вуліцы — то можна ўбачыць, што ён апрануты ў чорнае з галавы да ног. На ім старамодны, пагнуты і лінялы цыліндр, цесны і выцерты
    пінжак і такія ж зношаныя штаны, унізе растрапаныя і такія кароткія, што відаць гумкі паўбоцікаў. Але трэба адзначыць, што гэтае адзенне вельмі дбайна вычышчана. Яго хударлявая шыя здаецца яшчэ даўжэйшай, бо яна вытыркаецца з нізкага адкладнога каўняра. Пасівелыя валасы зачасаныя роўна і нізка на скроні, а шырокае поле капелюша зацямняе выгалены бледны твар з упалымі шчокамі і запаленымі вачыма, позірк якіх рэдка адрываецца ад долу, і дзве глыбокія зморшчыны, якія жудасна цягнуцца ад носа да апушчаных уніз куточкаў рота.
    Міндэрнікель рэдка выходзіць з дому, і на гэта ёсць прычына. Бо як толькі ён з’яўляецца на вуліцы, збягаецца гурма дзяцей, якія даволі ладны кавалак шляху бягуць за ім, смяюцца, здзекуюцца, спяваюць: «Го, го, Тобіяс!» і тузаюць яго за пінжак, а людзі выходзяць за парог і забаўляюцца відовішчам. А ён ідзе, ніяк не баронячыся, а толькі спалохана азіраючыся, з высока паднятымі плячыма і выцягнутай галавою, як чалавек, які без парасона спяшаецца праз лівень; і хоць яму смяюцца ў твар, ён сям-там вітаецца з пакорлівай ветлівасцю з тымі людзьмі, якія стаяць перад дзвярыма. Потым, калі дзеці адстаюць, калі яго ўжо ніхто не ведае і толькі сёй-той азіраецца на яго, яго паводзіны істотна не мяняюцца. Ён раз за разам баязліва азіраецца і прыгорблена рухаецца, як быццам адчувае на сабе тысячы здзеклівых позіркаў, і калі ён нерашуча і баязліва ўздымае вочы ўгару, то можна заўважыць асаблівасць: ён не ў змозе ўпэўнена і спакойна затрымаць свой позірк на чалавеку, нават на нейкай рэчы. Здаецца, хоць гэта можа гучаць і дзіўна, яму не хапае натуральнай, пачуццёва ўспрымальнай перавагі, з якой асобны індывід глядзіць на свет з’яў, здаецца, што ён адчувае сябе залежным ад любой з’явы, і яго вочы, якія не маюць апірышча, вымушаны спаўзаць з чалавека і рэчы долу...
    Што здарылася з чалавекам, які заўсёды адзін і які, здаецца, надзвычай няшчасны? Яго падкрэслена абывацельскае адзенне і пэўнае стараннае пагладжванне рукою па падбароддзі быццам бы выдае намёк, што ён ні ў якім разе не хоча, каб яго залічвалі да той катэгорыі насельніцтва, у атачэнні якой ён жыве. Бог ведае, наколькі яму падыгрываюць. Яго твар мае такі вы-
    гляд, як быццам жыццё, пагардліва смеючыся, ударыла па ім з усёй сілы кулаком... Між іншым, цалкам магчыма, што ён, не зведаўшы ўдараў лёсу, проста сам не спраўляецца з рэальнасцю, і пакутная падпарадкаванасць ды сарамлівасць яго паводзін ствараюць цяжкае ўражанне, што прырода абдзяліла яго той мерай раўнавагі, моцы і ўстойлівасці, якой было б дастаткова, каб існаваць з узнятаю галавою.
    Калі ён, абапіраючыся на чорны кіёк, даходзіць да канца вуліцы, то зноў вяртаецца назад у сваё жыллё, і на Шэрым тракце яго сустракае дзіцячы вэрхал; ён накіроўваецца па смуроднай лесвіцы ў свой бедны, нічым не ўпрыгожаны пакой. Каштоўная і прыгожая тут толькі камода, салідная рэч у стылі ампір з металёвымі ручкамі. Перад акном, від з якога безнадзейна загароджаны шэрым мурам суседняга дома, стаіць вазон, напоўнены зямлёю, у якім, аднак, нічога не расце; што праўда, Тобіяс Міндэрнікель часам падыходзіць туды: паглядзіць на вазон ды панюхае пустую зямлю... Побач з гэтым пакоем знаходзіцца маленькая цёмная спальня... Дома Тобіяс кладзе цыліндр і кій на стол, сядае на абцягнутую зялёным канапу, якая пахне пылам, падпірае падбароддзе рукамі і з узнятымі бровамі ўтаропліваецца перад сабою ў падлогу. Здаецца, што іншага занятку для яго на зямлі няма.
    Што да характару Міндэрнікеля, то меркаваць пра яго вельмі цяжка; на яго карысць, магчыма, можа сведчыць наступны выпадак. Калі гэты дзіўны чалавек аднойчы выйшаў з дому і, як звычайна, тут жа зляцелася чарада дзяцей, якія суправаджалі яго насмешлівымі выкрыкамі і рогатам, адзін хлопчык гадоў дзесяці спатыкнуўся аб нагу іншага ды так моцна ўдарыўся аб брук, што ў яго з носа і з ілба пайшла кроў; ён заплакаў і застаўся ляжаць на брукаванцы. Тобіяс адразу ж павярнуўся, заспяшаўся да хлопчыка, нахіліўся над ім і пачаў лагодным і дрыготкім голасам суцяшаць яго. «Ах ты, беднае дзіцятка, — гаварыў ён, — табе баліць? У цябе ідзе кроў! Паглядзіце, у яго з ілба цячэ кроў! Але, але, як няёмка ты тут ляжыш! Напэўна ж, яму так баліць, ён плача, бедны дзіцёнак! Як я спачуваю табе! Сам вінаваты, і ўсё ж я забінтую табе га-
    лаву сваёй насоўкай... Вось, вось! Ну, збяры сілы ў кулачок, ну, падыміся...» I з гэтымі словамі, сапраўды абвязаўшы сваёй насоўкаю хлопчыку галаву, ён асцярожна паставіў яго на ногі і сам пайшоў.
    Ягоныя пастава і твар набылі ў гэты момант абсалютна іншы выраз, чым звычайна. Ён крочыў упэўнена, роўна, а грудзі пад цесным пінжаком дыхалі глыбока; яго вочы павялічыліся, яны набылі бляск і з упэўненасцю ўспрымалі людзей і рэчы, а вакол яго рота з’явілася рыса балючага шчасця...
    Вынікам гэтага выпадку было тое, што колькасць дзяцей з Шэрага тракту, якія жадалі паздзекавацца з яго, спачатку крыху зменшылася. Але праз пэўны час яго нечаканыя паводзіны забыліся, і процьма здаровых, бадзёрых і жорсткіх горлаў зноў спявала ўслед прыгорбленаму і бездапаможнаму чалавеку: «Го, го, Тобіяс!»
    II
    Аднойчы сонечнай раніцай аб адзінаццатай гадзіне Міндэрнікель выйшаў з дому і накіраваўся цераз увесь горад наверх да Жаваранкавай гары — таго прадаўгаватага ўзгорка, які ў гадзіны папаўдні ўяўляе сабою найлепшае месца для шпацыру, але пры цяперашнім выдатным вясновым надвор’і яго і ў гэты час не абміналі некаторыя пешаходы і каляскі. Пад дрэвам вялікай галоўнай алеі стаяў мужчына з маладым паляўнічым сабакам на павадку, якога ён дэманстраваў мінакам з відавочным намерам прадаць яго; гэта была маленькая жоўтая мускулістая, прыкладна чатырохмесячная, істота з чорнымі колцамі вакол вачэй і чорным вухам.