• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    Калі Тобіяс заўважыў іх з адлегласці дзесяці крокаў, ён спыніўся, некалькі разоў пагладзіў падбароддзе і задумліва спыніў свой позірк на прадаўцу і на бадзёрым сабачку, які весела віхляў хвастом. Пасля гэтага ён зноў рушыў наперад, абышоў, прыціснуўшы крук свайго кійка да рота, тры разы вакол дрэва, да якога прыхінуўся мужчына, потым падышоў да яго і сказаў,
    не спускаючы пільнага позірку з сабачкі, ціхім і паспешлівым голасам:
    «Колькі каштуе гэты сабака?»
    «Дзесяць марак», — адказаў мужчына.
    Тобіяс памаўчаў нейкі час і потым нерашуча паўтарыў:
    «Дзесяць марак?»
    «Але», — адказаў мужчына.
    Тады Тобіяс дастаў з кішэні свой чорны кашалёк, выцягнуў з яго купюру на пяць марак, потым яшчэ купюры па тры і дзве маркі, хуценька аддаў гэтыя грошы прадаўцу, забраў павадок і пацягнуў паспешліва, прыгнуўшыся і баязліва азіраючыся, — бо сёй-той назіраў за пакупкай і пасмейваўся — за сабою сабачку, які папіскваў і супраціўляўся. Ён супраціўляўся ўсю дарогу, упіраючыся пярэднімі лапамі ў зямлю, і пазіраў угару на свайго новага гаспадара з палахлівым запытаннем; а той цягнуў яго моўчкі, урэшце энергічна і ўдала трапіўшы цераз увесь горад на сваю вуліцу.
    Сярод вулічнай дзятвы Шэрага тракту ўтварыўся жахлівы шум, калі з сабакам з’явіўся Тобіяс; ён жа ўзяў яго на рукі, нахіліўся над ім і пад кпіны й тузанне за пінжак, праз здзеклівыя выкрыкі і рогат, дасягнуў сваёй лесвіцы і па ёй — свайго пакоя. Тут ён пасадзіў сабачку, які бесперапынна павіскваў, на падлогу, добразычліва пагладзіўяго і сказаў паблажліва:
    «Ну, ну, не трэба мяне баяцца, ты, істота, няма чаго...».
    Пасля гэтага ён дастаў з шуфляды камоды талерку з вараным мясам і бульбаю і кінуў частку гэтага харчу сабаку, пасля чаго той перастаў віскатаць і, чмякаючы ды віхляючы хвастом, праглынуў яду.
    «Між іншым, ты будзеш звацца Ісаў", — сказаў Тобіяс, — ты мяне разумееш? Ісаў. Табе будзе вельмі лёгка запомніць гучанне...» I паказваючы перад сабою на падлогу, ён загадным тонам крыкнуў:
    «Ісаў!»
    * Ісаў (іўр.:	— паводле Бібліі, першы сын Ісака і Рэбекі, брат-
    блізнюк Якава, родапачынальнік ідумеяў.
    Сабака, магчыма, чакаючы дабаўкі, сапраўды наблізіўся да Тобіяса, а той ухвальна паляпаў яго па боку, прамаўляючы:
    «Вось і правільна, мой сябра; можна і падхваліць».
    Потым ён крыху адступіўся назад, паказаў долу і зноў загадаў:
    «Ісаў!»
    I сабака, зусім ажывіўшыся, зноў падскочыў сюды і пачаў лізаць боты свайго гаспадара.
    Гэтае практыкаванне Тобіяс з нязменнай радасцю ад каманд ды іх выканання паўтарыў, магчыма, дванаццаць-чатырнаццаць разоў; нарэшце сабака, здаецца, змарыўся; відаць, яму захацелася адпачыць і ператравіць з’едзенае, ён лёг у прывабнай і разумнай позе, уласцівай паляўнічым сабакам, на падлогу, выцягнуў абедзве доўгія і прыгожыя пярэднія лапы, прыціснуўшы іх адна да адной.
    «Ну, яшчэ раз! — выгукнуў Тобіяс. — Ісаў!»
    Але Ісаў адвярнуў галаву ўбок і застаўся на месцы.
    «Ісаў! — крыкнуў Тобіяс уладна, павышаным голасам, — ты мусіш падысці, нават калі змарыўся!»
    Але Ісаў, паклаўшы галаву на лапы, так і не падышоў.
    «Вось што, — сказаў Тобіяс, і яго тон быў напоўнены ціхай і жудаснай пагрозаю. — Слухайся мяне або ты ўведаеш, што раздражняць мяне неразумна!»
    Але жывёліна нават слаба не павяла хвастом.
    Тут Міндэрнікеля ахапіла невымерная, нястрымная і шалёная злосць. Ён схапіў свой чорны кій, падняў Ісава за шкірку ўверх і ўдарыў па сабачку, які гучна зароў, у той час як гаспадар у раз’юшаным шаленстве і жахліва шыпячым голасам раз за разам паўтараў:
    «Што, ты не слухаешся? Ты наважыўся не слухацца мяне?»
    Нарэшце ён адкінуў кій ад сябе, пасадзіў сабаку, які віскатаў, на падлогу і, цяжка дыхаючы, завёўшы рукі за спіну, вялікімі крокамі захадзіў перад ім сюды-туды, час ад часу кідаючы на Ісава ганарыстыя і злосныя позіркі. Пахадзіўшы так нейкі час, ён спыніўся каля жывёліны, якая ляжала на спіне і ўмольна махала пярэднімі лапамі, скрыжаваў рукі на грудзях і прамовіў з жудас-
    на халодным ды жорсткім позіркам і тонам, якім Напалеон прамаўляў перад ротаю, што ў бітве страціла свой штандар:
    «Як ты паводзіў сябе, дазволь мне спытаць у цябе?»
    I сабака, шчаслівы ўжо ад гэтага набліжэння, падпоўз яшчэ бліжэй, прыціснуўся да нагі гаспадара і паглядзеў на яго знізу ўгору сваімі яснымі вачыма, у якіх чыталася просьба.
    На працягу ладнага адрэзка часу Тобіяс разглядаў прыніжаную істоту моўчкі і зверху ўніз; аднак потым, адчуўшы кранальную цеплыню цела каля сваёй нагі, ён падняў Ісава да сябе.
    «Добра, я злітуюся над табою», — сказаў ён; але калі бедная істота пачала лізаць яму твар, яго настрой раптам цалкам перайшоў у хваляванне і смутак. Ён з пакутнаю любоўю прыціснуў сабаку да сябе, яго вочы напоўніліся слязьмі, і, не дагаварыўшы, ён некалькі разоў прыціхлым голасам паўтарыў:
    «Бачыш, ты ж мой адзіны... мой адзіны...» Потым ён пяшчотна паклаў Ісава на канапу, сеў побач з ім, падпёр падбароддзе далонню і пачаў глядзець на яго пяшчотнымі і ціхімі вачыма.
    III
    Цяпер Тобіяс Міндэрнікель выходзіўздомуяшчэ радзей, чым раней, бо ў яго не было ахвоты паказвацца з Ісавам на людзях. Усю ж сваю ўвагу ён аддаваў сабаку — зранку да вечара не займаўся нічым іншым, як толькі тым, што карміў яго, прамываў яму вочы, даваў яму загады, бэсціў яго і размаўляў з ім самым гуманным чынам. Заставалася толькі праблема, што Ісаў не заўсёды паводзіў сябе так, як бы яму хацелася. Калі сабака ляжаў побач з ім на канапе і сонна глядзеў на яго меланхалічным позіркам, бо яму не хапала паветра і волі, тады задавальненне Тобіяса было поўным: ён сядзеў у спакойнай і самазадаволенай позе і спачувальна гладзіў спінку Ісаву гаворачы:
    «Ты пазіраеш на мяне пакутліва, бедалажка? Але, але, свет варты жалю, гэта адчуваеш і ты, хоць і маладзенькі яшчэ...»
    Але калі сабака, аслеплены і ашалелы ад гульні й інстынкту палявання, ганяўся па пакоі, забаўляўся з чаравікам, ускокваў
    на крэслы і з незвычайным спрытам куляўся праз галаву, Тобіяс на адлегласці назіраў за яго рухамі разгубленым, няўхвальным і няўпэўненым поглядам і ўсмешкаю, агіднай і незадаволенай, аж пакуль не падзываўяго да сябе і не акрыкваў грубым тонам:
    «Кінь гэта свавольства! Няма прычыны наладжваць скокі!»
    Аднойчы нават здарылася, што Ісаў выбег з пакоя і выскачыў па сходах на волю, дзе ён адразу пачаў ганяцца за катамі, жэрці конскія яблыкі і ў найвялікшым шчасці бегаць разам з дзецьмі. Але калі пад воплескі і рогат на дварэ з балюча перакрыўленым тварам з’явіўся Тобіяс, здарылася сумнае: сабака з усіх сіл паляцеў прэч ад свайго гаспадара.
    У гэты дзень Тобіяс лупцаваў яго доўга і з азвярэннем.
    Аднойчы — сабака належаў яму ўжо некалькі тыдняў — Тобіяс, каб пакарміць Ісава, узяў бохан хлеба з шуфляды камоды і пачаў, прыгнуўшыся, адразаць вялікім нажом з касцяной ручкаю, якім ён звычайна карыстаўся, маленькія скібкі, і яны бесперашкодна падалі на падлогу. Жывёліна ж безразважна і ў сваёй прастаце, адчуўшы апетыт, слепа падскочыла, наляцела на нож, які назграбна трымаў гаспадар і які ў гэтае імгненне трапіў ёй пад правую лапатку; сабака ўвесь у крыві пачаў курчыцца на падлозе.
    Напалоханы Тобіяс адкінуў усё ўбок і схіліўся над параненым; ды раптам выраз яго твару змяніўся, і, сапраўды, на ім з’явіўся ледзь заўважны налёт палёгкі і шчасця. Ён асцярожна перанёс сабаку, які віскатаў, на канапу, і ніхто не можа сабе ўявіць, з якою пяшчотай Тобіяс пачаў абыходзіцца з хворым. Ён увесь дзень не адыходзіў ад яго, на ноч браў яго спаць да сябе ў пасцель, ён мыў і перабінтоўваў яго, гладзіў, шкадаваў яго непадробна і ад шчырага сэрца.
    «Табе вельмі баліць? — пытаўся ён. — Ага, ага, ты цяжка пакутуеш, мая бедная жывёлінка! Але спакойна, мы павінны гэта вытрываць...»
    Пры гэтых словах яго твар заставаўся лагодным, маркотным і шчаслівым.
    Але па меры таго як Ісаў набіраў сілы, весялеў і папраўляўся, паводзіны Тобіяса рабіліся ўсё болып неспакойнымі і не-
    задаволенымі. Ён ужо не лічыў патрэбным пільна прыглядаць за ранаю, а толькі словамі і пагладжваннем дэманстраваў сабаку сваю дабрыню. Сабака ж пачаў хутка папраўляцца, у Ісава быў добры нораў, ён зноў пачаў перамяшчацца па пакоі, а аднойчы, калі ён выхлебтаў талерку малака з белым хлебам, то, абсалютна здаровы, саскочыў з канапы, каб з радасным цяўканнем і былой неўтаймаванасцю прабегчы па абодвух пакоях, пацягнуць за сурвэту, пагнаць перад сабою бульбіну і шчасліва перакуліцца праз галаву.
    Тобіяс стаяў каля акна, побач з вазонам; адна яго рука, доўгая і хударлявая, выглядвала з выцертага рукава, механічна церабіла ў валасах, зачасаных далёка за скроні, а яго постаць чорным дзіўным адбіткам вылучалася на шэрай сцяне суседняга дома. Тобіясаў твар быў бледны і скажоны ад злосці, а яго косы, збянтэжаны, зайздрослівы і злосны позірк сачыў нерухома за выбрыкамі Ісава. Раптам ён схамянуўся, падышоў да яго, затрымаў і няспешна ўзяў на рукі.
    «Мая бедная жывёлінка...» — пачаў ён гаварыць жалобным голасам, але Ісаў, адчуўшы волю, зусім не схільны, каб з ім і надалей абыходзіліся такім чынам, бадзёра хапнуў за руку, што хацела пагладзіць яго, вырваўся, скочыў на падлогу, нібы дразнячыся, кінуўся ўбок, цяўкнуў і радасна пабег прэч.
    Што адбылося далей, было нечым настолькі незразумелым і ганебным, што я адмаўляюся распавядаць пра гэта падрабязна. Тобіяс Міндэрнікель стаяў з абвіслымі рукамі, крышку прыгорблены, яго вусны былі шчыльна сціснутыя, а яго вочныя яблыкі страшэнна дрыжалі ў вачніцах. А потым раптам, неяк шалёна падскочыўшы, ён схапіў жывёліну, у яго руцэ бліснуў вялікі ззяючы прадмет, і з нажавою ранай, якая спаласавала сабаку ад правага пляча глыбока ў грудзі, Ісаў зваліўся на падлогу... і не выдаў ніводнага гуку — ён проста зваліўся на бок, трасучыся, у крыві...
    У наступнай хвілі ён ужо ляжаў на канапе, а Тобіяс стаяў перад ім укленчыўшы, прыціскаў тканіну да раны і мармытаў:
    «Мая бедная істота! Мая бедная істота! Як гэта ўсё журботна! Якія няшчасныя мы абодва! Ты пакутуеш? Ну, ну, я ведаю,
    ты пакутуеш... Як маркотна ты тут ляжыш перада мною! Але я, я з табою! Я суцешу цябе! Я сваю найлепшую насоўку...»
    Але Ісаў ляжаў і смяртэльна хрыпеў. Яго патухлыя вочы з застылым пытаннем ў іх былі поўныя неўразумення, нявіннасці і жальбы, яны былі скіраваныя на свайго гаспадара... Потым ён яшчэ крыху выцягнуў ногі і сканаў.