• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    «Рана ўстаю? Ах, вельмі па-рознаму, шаноўная пані. Я ўстаю рана таму, што люблю позна паспаць».
    «Гэта Вам давядзецца растлумачыць, пане Шпінэль!»
    Жонка радцы Шпаца таксама пажадала пачуць тлумачэнне.
    «Ну, калі ты любіш рана ўставаць, то, мне здаецца, няма неабходнасці ўставаць аж так рана. Сумленне, шаноўная пані... гэта дрэнная справа... наконт сумлення! Я і падобныя да мяне, мы на працягу ўсяго нашага жыцця б’ёмся з ім і занятыя ўвесь час па горла, каб то там, то тут падмануць і каб хоць крышку хітра задаволіць яго. Мы бескарысныя істоты, я і да мяне падобныя, і, з выняткам некалькіх добрых гадзін, мы цягнемся, абдзіраючыся ў кроў аб усведамленне нашай бескарыснасці. Мы ненавідзім карыснае, мы ведаем, што яно подлае і непрыгожае, і мы баронім гэтую праўду так, як толькі і бароняць ісціны, якія нам абавязкова неабходныя. I ўсё ж такі мы здратаваныя нячыстым сумленнем цалкам, да такой ступені, што на нас не засталося ніводнай святой плямы. Сюды дадаецца яшчэ і тое, што ўся сутнасць нашага ўнутранага існавання, наш светапогляд, наш працоўны стыль... робіць жудасна нездаровае, падрыўное, трывожнае ўздзеянне, і гэта таксама пагаршае справу. Тут маецца маленькі заспакаяльны сродак, без якога проста немаг-
    чыма было б вытрываць. Пэўная прыстойнасць і гігіенічная строгасць жыццёвага ладу, напрыклад, для некаторых з нас — патрэба. Рана ўставаць, жорстка рана, халодная ванна і шпацыр — на вуліцу ў снег... Гэта тое, што, магчыма, робіць нас на гадзінку задаволенымі самімі сабою. Калі б я дазваляў сабе быць такім, як ёсць, то я да паўдня ляжаў бы ў пасцелі, паверце мне. Калі я рана ўстаю, гэта, шчыра кажучы, крывадушнасць».
    «Не, чаму, пане Шпінэль! Я называю гэта самапераадоленнем... Ці не праўда, пані Шпац?»
    Жонка радцы назвала гэта таксама самапераадоленнем.
    «Крывадушнасць ці самапераадоленне, шаноўныя пані! Якому слову аддаць перавагу? Я настолькі тужліва сумленны ад нараджэння, штоя...»
    «У тым і рэч. Напэўна, Вы тужыце зашмат».
    «Сапраўды, шаноўная пані, я тужу шмат».
    ...Стаяла пагода. Белая, трывалая і чыстая, бязветраная, ярка марозная... У асляпляльным святле і сіняватых ценяхляжала мясцовасць, ляжалі горы, дом і сад; пяшчотна-блакітнае неба, у якім, здавалася, танчылі мірыяды бліскучых светлячкоў, мігатлівых крышталяў, бездакорным скляпеннем апускалася над усім гэтым. Становішча жонкі пана Клётэр’яна ў гэты час было здавальняючым; тэмпературы не было, яна амаль не кашляла і ела без вялікай агіды. Яна часцяком сядзела на тэрасе, як было прадпісана, цягам гадзін на сонечным марозе. Сядзела пад снегам, захутаная з галавою ў коўдры і футры, і ўдыхала, поўная надзеі, чыстае ледзяное паветра, каб саслужыць добрую службу сваёй трахеі. Яна часам заўважала пана Шпінэля — як ён, таксама цёпла апрануты і ў футравым абутку, які надаваў яго нагам фантастычны памер, прагульваўся ў садзе. Ён ішоў як бы навобмацак па снезе, і ў становішчы ягоных рук існавала нейкая насцярожанасць, нейкая застыглая грацыёзнасць; падыходзячы да тэрасы, ён з пашанай вітаўся з ёю і ўздымаўся па ніжніх прыступках, каб распачаць невялічкую размову.
    «Сёння падчас майго ранішняга шпацыру я ўбачыў прыгожую жанчыну... О Божа, якая яна была прыгожая!» — сказаў ён, схіліў галаву набок і расставіў рукі.
    «Праўда, пане Шпінэль? Апішыце ж мне яе!»
    «Не, гэта я не магу! Альбо я Вам падам скажоны яе партрэт. Я даму ўбачыў толькі мімаходзь, слізгануў толькі на нейкія паўвока позіркам, я ў сапраўднасці яе не бачыў. Але расплывістага ценю ад яе, які я ўспрыняў, хапіла, каб раздражніць маю фантазію і пакінуць у мяне вобраз, які — цудоўны... О Божа, ён цудоўны!»
    Яна засмяялася. «Гэта такая Ваша манера назіраць за прыгожымі жанчынамі, пане Шпінэль?»
    «Але, шаноўная пані; і гэта лепш, чым я, нетактоўна і з прагай рэалістычнасці, утароплюся ў твар і атрымаю ўражанне бездакорнай фактычнасці...»
    «Прага рэалістычнасці... Гэта дзіўнае словазлучэнне! Сапраўднае пісьменніцкае слова, пане Шпінэль! Але яно робіць на мяне ўражанне, хачу Вам сказаць. У ім ёсць сёе-тое, што я мала разумею, штосьці незалежнае і вольнае, што нават вызваляе ад павагі да рэчаіснасці, хоць яна самае паважанае з таго, што існуе, нават і ёсць сама павага... I тады я разумею, што ёсць нешта, акрамя рэальнага, штосьці больш тонкае...»
    «Я ведаю толькі адзін твар, — раптам сказаў ён з дзіўна радаснай зменаю ў голасе, узняў сціснутыя ў кулакі далоні да плячэй і ў экзальтаванай усмешцы вышчарыў свае карыёзныя зубы. — Я ведаю толькі адзін твар, жаданне палепшыць чыю ўпрыгожаную шляхетнасцю рэчаіснасць маім уяўленнем было б грахом; гэты твар я хацеў бы разглядаць, на ім я хацеў бы засяродзіцца не на хвіліны, не на гадзіны, а на ўсё сваё жыццё, згубіцца цалкам у ім і дзеля яго забыцца на ўсё зямное...»
    «Праўда, праўда, пане Шпінэль! Толькі адно — у фройляйн фон Остэрла даволі моцна вытыркаюцца вушы».
    Ён прымоўк і нізка пакланіўся. Калі ён зноў выпрастаўся, яго вочы спыніліся з выразам разгубленасці і болю на маленькай дзіўнай жылцы, якая бледна-блакітна і хваравіта адгаліноўвалася на чысціні яе празрыстага лоба.
    VII
    Дзівак, які незвычайны тып! Жонка пана Клётэр’яна часам думала пра яго, у яе ж было вельмі шмат часу на роздумы. Ці справа палягала ў тым, што змена паветра пачала не апраўдваць надзеі, звязаныя з ёю, ці нейкае шкоднае ўражанне падзейнічала на яе: яе самаадчуванне пагоршала, стан трахеі, здавалася, мог бы быць і лепшым, яна адчувала сябе слабаю, зморанай, апетыт адсутнічаў, часта павышалася тэмпература; і доктар Леандэр самым настойлівым чынам рэкамендаваў ёй спакой, адсутнасць хваляванняў і асцярожнасць. Такім чынам, яна сядзела, калі не вымушана была ляжаць, у кампаніі жонкі радцы Шпаца, паводзіла сябе спакойна, трымаючы на падоле ручную работу, з якой яна нічога не рабіла, і заглыблялася ў свае розныя думкі.
    Напраўду, ён займаў яе думкі, гэты незвычайны пан Шпінэль, і — што было дзіўным не толькі адносна яго, але і самой сябе — нейкім чынам ён абуджаў у ёй незвычайную цікаўнасць, невядомую ёй раней цікавасць да свайго ўласнага існавання. У адной размове ён выказаўся:
    «Не, гэта ўсё ж такі штосьці загадкавае — жанчыны... здаецца, нічога новага — а ты ніяк не можаш адарвацца ад факта і не дзівіцца з яго. Гэта дзіўнае стварэнне, незямная істота, паветранае ўтварэнне, казачная мара. Што яна робіць? Яна ідзе і аддаецца кірмашоваму асілку ці кулачнаму байцу. Яна ідзе поруч з ім, магчыма, нават схіляе сваю галаву на яго плячо і пры гэтым, хітра ўсміхаючыся, азіраецца, быццам хоча сказаць: "Ну, што ж, ламайце сабе галовы наконт гэтай з’явы!” I мы ламаем іх...»
    Гэтыя словы яшчэ раз змусілі задумацца жонку пана Клётэр’яна.
    А аднаго разу ўвечары на здзіўленне жонкі радцы Шпаца паміж імі адбыўся наступны дыялог.
    «Можна ў Вас, шаноўная пані (але гэта ўжо, мусіць, нясціпла) спытаць, як Вас завуць, як Ваша сапраўднае прозвішча?»
    «Маё прозвішча Клётэр’ян, пане Шпінэль!»
    «Гм... Гэта я ведаю. Ці лепей: я адмаўляю гэта. Я маю на ўвазе Ваша сапраўднае ўласнае прозвішча, з дому. Вы будзеце мець рацыю і заўважыце, шаноўная пані, што той, хто захацеў бы назваць Вас пані Клётэр’ян, заслугоўвае бізуна».
    Яна засмяялася так сардэчна, што сіняя жылка над яе брывом праступіла на страх выразна і надала яе пяшчотнаму міленькаму твару выраз напружання і трывогі, які вельмі занепакоіў.
    «Не! Бог барані, пане Шпінэль! Бізун? Няўжо "Клётэр’ян” выклікае ў Вас такі жах?»
    «Сапраўды, шаноўная пані, я ўсёю душою ненавіджу гэтае прозвішча з таго часу, як пачуў яго ўпершыню. Яно смешнае, да жаху непрыгожае, і гэта варварства і подласць, калі традыцыя дапускае магчымасць пераносіць прозвішча Вашага пана мужа на Вас».
    «Ну, а Экгаф? Хіба Экгаф гучыць прыгажэй? У майго бацькі прозвішча Экгаф».
    «О, вось бачыце! Экгаф штосьці зусім іншае. Нават адзін вялікі акцёр меў прозвішча Экгаф. Экгаф — гэта прымальна. Вы згадалі толькі Вашага бацьку. А Ваша пані маці...»
    «Ну так, мая маці памерла, калі я была яшчэ маленькая».
    «Ах... Але распавядзіце мне крышку болып пра сябе, калі можна? Калі гэта Вас натамляе, тады не трэба. Тады адпачывайце, а я будудалей распавядаць Вам пра Парыж, як і надоечы. Але Вы б маглі гаварыць зусім ціха, нават шаптаць, ад гэтага ўсё будзе гучаць яшчэ прыгажэй... Вы ж нарадзіліся ў Брэмене?»
    I гэтае пытанне ён прамовіў амаль бязгучна, пачцівым і шматзначным тонам, як быццам Брэмен — непараўнальны горад, горад невыказных прыгод і няведамых вабнот, нарадзіцца ў якім — таямнічая веліч.
    «Але, уявіце сабе! — сказала яна міжволі. — Я паходжу з Брэмена».
    «Я там быў аднойчы», — заўважыў ён задуменна.
    «О Божа, Вы таксама былі там? He, паслухайце, пане Шпінэль, мне здаецца, што Вы бачылі ўсё ад Туніса да Шпіцбергена!»
    «I праўда, я аднойчы быў там, — паўтарыў ён. — Колькі кароткіх вячэрніх гадзін. Я згадваю старую вузкую вуліцу, над
    франтонамі якой коса і незвычайна стаяў месяц. Потым я быў у склепе, у якім стаяў пах віна і гнілізны. Гэта такі пранізлівы ўспамін...»
    «Праўда? Дзе ж гэта магло быць?.. Так і ёсць, я нарадзілася ў гэткім самым шэрым будынку з высокім дахам, у старым купецкім доме з гулкім калідорам і лакіраванай белаю галерэяй».
    «Значыць, Ваш бацька — купец?» — спытаўся ён з пэўнай нерашучасцю.
    «Купец. Але акрамя таго і, мусіць, у першую чаргу ён — мастак».
    «А! A! I ў якой сферы?»
    «Ён іграе на скрыпцы... Але гэта не галоўнае. Як ён іграе, пане Шпінэль, у гэтым справа! Некаторыя пасажы я ніколі не магла слухаць без надзвычай гарачых слёз у вачах, нішто так не ўздзейнічала на мяне. Вы не паверыце...»
    «Я веру! Ах,якя гэтаму веру!.. Скажыце мне, шаноўная пані: Ваш род, пэўна, вельмі старадаўні? Мусіць, ужо шмат пакаленняў жыло, працавала і благаслаўляла ўсё, што мінае, у гэтым шэрым доме з высокім франтонам?»
    «Тое праўда... А чаму Вы пытаецеся?»
    «Бо нярэдка здараецца, што нейкі род з практычнымі, буржуазнымі і сухімі традыцыямі пры канцы сваіх дзён асвятляецца промнямі мастацтва».
    «Няўжо так бывае?.. Так, што да майго бацькі, то ён, напэўна, большы мастак, чым той, хто называе сябе мастаком і жыве ў славе. Я толькі трошкі граю на піяніна. Цяпер мне гэта забаранілі, але тады, дома, я яшчэ грала. Мы з бацькам ігралі разам... Так, усе гэтыя гады жывуць у мілых успамінах... Асабліва сад, наш сад за домам. Ён быў жудасна здзічэлы і зарослы, абнесены разваленым мурам, парослым мохам; але якраз гэта і надавала яму прыцягальнасць. У сярэдзіне быў фантан з цяжкім вянком касачоў. Летам я там бавіла доўгія гадзіны з маімі сяброўкамі. Мы ўсе сядзелі на маленькіх складных крэселках вакол фантана...»