• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    «Які цуд! — прамовіў пан Шпінэль і расправіў плечы. — Вы сядзелі і спявалі?»
    «Не, найчасцей вязалі».
    «I ўсё-такі... усё-такі...»
    «Так, мы вязалі і нязмушана размаўлялі, мае шэсць сябровак і я...»
    «Як цудоўна! Божа, паслухайце, як цудоўна!» — усклікнуў пан Шпінэль, а яго твар увесь перакрывіўся.
    «Што Вы знаходзіце ў гэтым такое цудоўнае, пане Шпінэль!»
    «О, тое, што, акрамя Вас, было яшчэ шэсць, што Вы не ўваходзілі ў гэты лік, а што Вы вылучаліся, як каралева... Вы адрозніваліся ад сваіх шасці сябровак... Маленькая залатая карона, зусім непрыкметная, але вельмі значная, была схаваная ў Вашых валасах і зіхцела...»
    «Не, глупства, ніякай кароны...»
    «Была, была... Яна зіхцела таемна. Я ўбачыў бы яе, выразна ўбачыў бы яе ў Вашых валасах, калі б я ў гэты час незаўважна стаяў, схаваўшыся ў кустах...»
    «Бог ведае, што б Вы ўбачылі. Але Вас там не было, затое аднойчы там быў мой цяперашні муж, які разам з маім бацькам выйшаў з кустоў. Баюся нават, што яны падслухалі нашу балбатню...»
    «Значыць, там Вы пазнаёміліся з Вашым шаноўным мужам, шаноўная пані?»
    «Так, я там пазнаёмілася з ім! — прамовіла яна гучна і радасна, і калі яна ўсміхнулася, пяшчотна-сіняя жылка напружана і дзіўна праступіла над яе брывом. — Ён зрабіў візіт майму бацьку на прыдпрыемстве, ведаеце. Назаўтра ён быў запрошаны на абед, а яшчэ праз тры дні ён папрасіў маёй рукі».
    «Сапраўды! Так незвычайна хутка ўсё здарылася?»
    «Так... Што праўда, потым усё пайшло крыху павольней... Таму што бацька не надта прыхільна ставіўся да справы, каб Вы ведалі, і патрабаваў для роздуму больш працяглага часу. Па-першае, яму хацелася як даўжэй утрымаць мяне пры сабе, акрамя таго ў яго меліся і іншыя сумненні. Але...»
    «Але?»
    «Але менавіта я жадала», — сказала яна з усмешкаю, і зноў узнікла блакітная жылка на яе твары, які цалкам выяўляў яе прыгнечанасць і хваравітасць.
    «А, Вы хацелі таго...»
    «Хацела, і я прадэманстравала самую цвёрдую і паважную волю, як Вы бачыце...»
    «Як я гэта бачу. Сапраўды».
    «... так што бацька ўрэшце мусіў паддацца».
    «I такім чынам Вы пакінулі яго з ягонай скрыпкаю, пакінулі стары дом, запушчаны сад, фантан ды сваіх шэсць сябровак і падаліся з панам Клётэр’янам».
    «I падалася з... у Вас манера выказвацца, пане Шпінэль!.. мала што не біблейная!.. Ну так, я пакінула ўсё гэта, бо прырода таго жадае».
    «I праўда, яна, відаць, гэтага хоча».
    «I потым, справа палягала ў маім шчасці».
    «Пэўна ж. I яно прыйшло, шчасце...»
    «Яно прыйшло ў тую гадзіну, пане Шпінэль, калі да мяне ўпершыню прынеслі маленькага Антона і калі ён так моцна закрычаў сваімі здаровымі лёгкімі, моцна і здарова, якім ён ёсць сам...»
    «Гэта ўжо не першы раз, калі я чую, як Вы кажаце пра здароўе Вашага маленькага Антона, шаноўная пані. Ён, мусіць, надзвычай здаровенькі?»
    «Так і ёсць. А яшчэ, ён такі да смешнага падобны да майго мужа!»
    «А-а!... Так, значыць, атрымалася. I цяпер ужо Ваша прозвішча не Экгаф, а інакшае, і ў Вас ёсць маленькі здаровы Антон, і ў Вас крышку хворая трахея».
    «Менавіта... А Вы — надзвычай загадкавы чалавек, пане Шпінэль, запэўніваю Вас у гэтым...»
    «Ага, пакарай мяне Бог, Вы — такі!» — сказала жонка радцы Шпаца, якая, між іншым, таксама была тут.
    Але і ў час гэтай размовы жонка пана Клётэр’яна не адзін раз звяртала ўвагу на свой унутраны стан. Хоць ён ні пра што і не сведчыў, ды ўсё-такі штосьці хаваў у сабе на дне, што давала сілкаванне яе думкам пра сябе. Няўжо гэта быў той шкодны ўплыў, які ўздзейнічаў на яе? Яе немач узмацнялася, і ў ёй часцяком адбываўся перапад тэмпературы, ціхая гарачка, падчас якой яна супакойвалася з адчуваннем лагоднай узнёсласці,
    што ўспрымалася ёю з задуменным, напышлівым, самазадаволеным і крышку пакрыўджаным настроем. Калі яна была не ў пасцелі і пан Шпінэль на дыбачках сваіх вялікіх ног з вялікай асцярожнасцю падыходзіў да яе, спыняўся на адлегласці двух крокаў і, адставіўшы адну нагу і нахіліўшыся корпусам, паважліва прыглушаным голасам звяртаўся да яе, як быццам ён падымае яе ў баязлівай пачцівасці лагодна і высока і ўкладвае на воблачныя пярыны, дзе яе не можа дасягнуць ніводзін прарэзлівы гук і ніводзін дотык, — тады ёй прыгадвалася тое, што меў звычку казаць пан Клётэр’ян: «Асцярожна, Габрыэле, take care, мой анёлак, і не адкрывай рота!» — яго манера, якая дзейнічала, як быццам ён ляпае цябе моцна і паблажліва па плячы. Але потым яна хуценька адварочвалася ад гэтага ўспаміну, каб у немачы і ўзвышанасці адпачыць на воблачных пярынах, якія паслужліва падрыхтаваў ёй пан Шпінэль.
    Аднаго разу яна нечакана ўзгадала маленькую размову, якую яна вяла з ім пра яе паходжанне і маладосць.
    «Ці праўда, пане Шпінэль, — спытала яна, — што Вы нібыта бачылі карону?»
    I хоць пасля той нязмушанай размовы прайшлі ўжо два тыдні, ён адразу прыпомніў, пра што ішла гаворка, і ўсхвалявана запэўніў яе, што тады каля фантана, калі яна сядзела сярод сваіх шасці сябровак, ён бачыў, як ззяла маленькая карона, ... бачыў, як яна зіхцела ў яе валасах.
    Праз некалькі дзён адзін кліент санаторыя дзеля прыліку спытаў у яе пра дамашняе самаадчуванне яе маленькага Антона. Яна хуценька зірнула ў бок пана Шпінэля, які стаяў поруч, і нуднаватым голасам адказала:
    «Дзякуй... Як ён можа адчуваць сябе?.. У яго і ў майго мужа ўсё добра».
    VIII
    Пры канцы лютага, у адзін з марозных дзён, больш чысты і яркі з усіх мінулых, у «Айнфрыдзе» панавала бадзёрасць. Паны
    з парокамі сэрца, расчырванеўшыся, размаўлялі паміж сабою, генерал-дыябетык шчабятаў, як юнак, а паны з неўтаймоўнымі нагамі зусім выйшлі з сябе. Што здарылася? Нічога асаблівага, акрамя таго, што павінна была адбыцца агульная экскурсія: выезд у горы на некалькіх санях са звонам шаргункоў і шчоўканнем пуг; доктар Леандэр прыняў гэтае рашэнне дзеля забавы пацыентаў.
    Вядома, «цяжкія» мусілі застацца дома. Бедныя «цяжкія»! Моўчкі дамовіліся не паведамляць ім нічога; увогуле, было прыемна, што можаш крышку паспачуваць... Але і з тых, хто напэўна мог бы ўзяць удзел у забаве, сёй-той адмовіўся. Што да фройляйн фон Остэрла, то яе без усялякіх тлумачэнняў зразумелі. Той, хто быў гэтак перагружаны абавязкамі, не меў права сур’ёзна думаць пра санныя выезды. Гаспадарка настойліва патрабавала яе прысутнасці; адным словам — яна заставалася ў «Айнфрыдзе». Але заява жонкі пана Клётэр’яна пра тое, што яна хоча застацца дома, прывяла ўсіх у разгубленасць. Дарэмна доктар Леандэр угаворваў яе выкарыстаць для свайго здароўя свежае паветра; яна сцвярджала, што яна не пакутуе на мігрэнь і не адчувае ў сабе слабасці, так што давялося пагадзіцца. А цынік і жартаўнік выкарыстаў нагоду зрабіць заўвагу:
    «Звярніце ўвагу, а гнілы груднічок таксама не едзе».
    I ён меў рацыю, бо пан Шпінэль паведаміў, што ён сёння папаўдні хоча папрацаваць — ён вельмі любіў ужываць у дачыненні да сваёй сумнеўнай дзейнасці слова «працаваць». Між іншым, аніводная душа не шкадавала, што ён заставаўся, і гэтак жа лёгка паставіліся і да таго, што жонка радцы Шпаца вырашыла далучыцца да сваёй малодшай сяброўкі, бо паездка, маўляў, выклікае ўяе «марскую хваробу».
    Адразу па абедзе, які сёння адбыўся ўжо каля дванаццатай гадзіны, перад «Айнфрыдам» спыніліся сані, і ажыўленымі групамі, цёпла захутаўшыся, пацыенты, зацікаўленыя і расхваляваныя, падаліся цераз сад. Жонка пана Клётэр’яна стаяла з пані Шпац каля шкляных дзвярэй, якія вялі на тэрасу, а пан Шпінэль — каля акна свайго пакоя, каб паназіраць за ад’ездам. Яны
    бачылі, як з жартамі і са смехам праходзілі маленькія бойкі за лепшыя месцы, як фройляйн фон Остэрла, з футравым баа вакол шыі, бегала ад адной запрэжкі да другой, каб падсунуць пад сядзенні кошыкі з ежаю; як доктар Леандэр, насунуўшы футравую шапку на лоб, праз бліскучыя шкельцы акуляраў яшчэ раз сачыў за ўсім, што рабілася; потым сам заняў месца і даў знак рушыць... Коні напяліся, нейкія дамы завішчалі і паваліліся назад, шаргункі зазвінелі, пугі на кароткіх ручках шчоўкнулі і доўгімі шнурамі ўдарылі па снезе каля палазоў; фройляйн фон Остэрла стаяла каля садовых варотаў і махала насоўкай, пакуль BasKi, слізгаючы, не зніклі за паваротам гасцінца і не змоўк вясёлы гармідар. Потым яна вярнулася цераз сад назад да выканання сваіх абавязкаў, дзве дамы адышлі ад шкляных дзвярэй, і амаль адначасова свой назіральны пункт пакінуў і пан Шпінэль.
    У «Айнфрыдзе» ўсталявалася цішыня. Экспедыцыю да вечара чакаць не было чаго. «Цяжкія» ляжалі ў сваіх пакоях і пакутавалі. Жонка пана Клётэр’яна і яе старэйшая сяброўка зрабілі невялічкі шпацыр, пасля чаго вярнуліся ў свае палаты. Пан Шпінэль таксама знаходзіўся ў сваім пакоі і займаўся справаю. Каля чацвёртай гадзіны дамам прынеслі па паўлітра малака, а пан Шпінэль атрымаў нямоцную гарбату. Праз нейкі час пасля гэтага жонка пана Клётэр’яна пастукала ў сцяну, якая аддзяляла яе пакой ад пакоя жонкі радцы магістрата Шпаца, і сказала:
    «Ці не спусціцца нам у пакой для адпачынку, пані Шпац? Я ўжо не ведаю, чым мне тут заняцца».
    «Зараз жа, мая мілая! — адказала тая. — Я толькі надзену боты, калі Вы дазволіце. Я ж ляжала на ложку, каб Вы ведалі».
    Як і варта было чакаць, у пакоі для адпачынку не было нікога. Дамы падселі да каміна. Жонка радцы Шпаца вышывала на кавалку страміна кветкі, і жонка пана Клётэр’яна зрабіла пару аперацый іголкаю, пасля чаго яна апусціла ручную работу на падол і задумалася, нахіліўшыся над падлакотнікам крэсла, гледзячы ў пустату. Нарэшце яна зрабіла заўвагу, дзеля якой не варта было і размыкаць зубы; але раз жонка радцы Шпаца спытала: «Што?», то яна пазінна была зняважыць сябе, каб ізноў паўтарыць увесь сказ. Пані Шпац спытала яшчэ раз: «Што?»
    Але ў гэты момант у фае пачуліся крокі, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў пан Шпінэль.
    «Я не перашкаджаю?» — спытаўся ён яшчэ на парозе сваім лагодным голасам, гледзячы толькі й выключна на жонку пана Клётэр’яна і нахіляючыся сваім целам наперад, пяшчотна, нібы ў лунанні.
    «Ай, якім гэта чынам? Па-першае, гэты пакой задуманы як вольная гавань, пане Шпінэль, а потым: у чым Вы можаце перашкодзіць нам? У мяне пэўнае адчуванне, што я наводжу сум на пані Шпац...»
    На гэта ён не знайшоў адказу, а толькі з усмешкай паказаў свае пабітыя карыесам зубы і пад позіркамі дам даволі змушанымі крокамі прайшоў да шкляных дзвярэй, дзе запыніўся і выглянуў праз іх на двор, павярнуўшыся не надта прыстойна спінаю да жанчын. Потым ён зрабіў паўпавароту назад, працягваючы пазіраць у сад і гаворачы: