Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Вы памятаеце, шаноўны пане, сад, той стары, зарослы сад за шэрым старасвецкім домам? Зялёны мох выбіваўся са шчылін абветраных муроў, якія атачалі яго летуценную запушчанасць? Вы памятаеце таксама фантан у яго цэнтры? Ліловыя ліліі схіляліся над яго прагнілым колам, а ягоны белы струмень таемна шаптаўся з раздрабнёным каменнем. Летні дзень хіліўся долу.
Сямёра цнатлівых дзяўчат сядзелі вакол фантана; у валасах жа сёмай — першай, адзінай — здавалася, што сонца, гатовае схавацца, таемна сплятае зіхоткі знак вяршэнства. Яе вочы, здаецца, хавалі ў сабе баязлівыя таемныя мары, і ўсё-такі яе светлыя вусны ўсміхаліся...
Яны спявалі. Яны ўздымалі ўгору свае вузкія тварыкі, звяртаючы іх на верх фантана — туды, дзе ён, зморана і вытанчана закругляючыся, пачынаў імкнуцца ўніз, і іх ціхія, звонкія галасы луналі вакол яго шляхетнага танца. Магчыма, у час спеваў яны трымалі свае зграбныя ручкі, сашчапіўшы на каленях.
Вы памятаеце тую карцінку, шаноўны пане? Вы бачылі яе? He, Вы яе не бачылі. Вашы вочы не былі створаныя дзеля таго, а Вашыя вушы таксама не былі прыдатныя, каб пачуць нявінную слодыч яе мелодыі. Калі Вы гэта бачылі — Вы павінны былі затрымаць дыханне, Вы павінны былі забараніць біцца Вашаму сэрцу. Вам трэба было вярнуцца ў быццё, Ваша быццё, і на ўсю рэштку свайго зямнога быцця зберагаць у сваёй душы ўбачанае, як недатыкальную і непарушную святыню. А Вы што зрабілі?
Гэтая карцінка была канцом, шаноўны пане; трэба было Вам з’явіцца і парушыць яе, ператварыць усё ў подласць і агідныя пакуты? Гэта быў кранальны і мірны апафеоз, захутаны ў вячэрняе прасвятленне распаду, растварэння ўпадку. Старажытны род, ужо занадта змораны і занадта шляхетны для дзеяння і для жыцця, стаіць пры канцы сваіх дзён, і яго апошнія выказванні — гэта гукі мастацтва, некалькі гукаў скрыпкі, на-
поўненых усёведным смуткам памірання, якое надыходзіць... Ці Вы бачылі вочы, на якіх ад гэтых гукаў праступалі слёзы? Магчыма, што душам шасці таварышак па гульні было наканавана жыць; але той іхняй сястры-валадарцы былі наканаваныя прыгажосць і смерць.
Вы бачылі яе, гэтую смяртэльную прыгажосць: вы глядзелі на яе дзеля пажадлівасці. Hi кроплі пашаны, ні кроплі страху не закранулі Ваша сэрца на тле яе кранальнай святасці. Вам мала было глядзець; Вам трэба было авалодаць, скарыстаць, спаганіць... Як вытанчана Вы зрабілі свой выбар! Вы ж гурман, шаноўны пане, гурман-плебей, селянін з пэўным густам.
Я прашу Вас заўважыць, што я ў ніякім разе не маю жадання пакрыўдзіць Вас. Тое, што я кажу, — не лаянка, а формула, звычайная псіхалагічная формула для Вашай простай, у літаратурным сэнсе зусім нецікавай, асобы, і я яе вымаўляю, бо мне карціць крышку выявіць Вам Вашыя дзеянні і сутнасць, таму што мая зямная неадступная прафесія палягае ў тым, каб называць рэчы сваімі імёнамі, вымушаць іх гаварыць і выяўляць несвядомае. Свет напоўнены тымі, каго я называю "несвядомымі тыпамі”, я іх трываць не магу, усіх гэтых несвядомых тыпаў! Я не магу трываць гэтыя тупыя, недасведчаныя і неадукаваныя жыцці і ўчынкі, гэты свет раздражняльнай наіўнасці вакол мяне! Мне карціць з пакутнай нястрыманасцю — наколькі хопіць маіх сіл — растлумачыць усё існае навокал, выказаць, давесці да свядомасці без клопату аб тым, што я атрымаю ў выніку — рух наперад ці тармажэнне, суцяшэнне ды палёгку ці боль.
Вы, шаноўны пане, як я сказаў, плебей-гурман, селянін з пэўным густам. Уласна кажучы, няўклюднай камплекцыі і на надзвычай нізкай ступені развіцця, Вы, дзякуючы багаццю і сядзячаму ладу жыцця, трапілі ў раптоўную, негістарычную і варварскую разбэшчанасць нервовай сістэмы, якая цягне за сабою пэўную пажадлівую вытанчанасць патрэбы ў асалодзе. Зусім магчыма, што мышцы Вашага горла-зева набылі чвякальны рух, як пры з’яўленні смачнага супу ці рэдкай стравы, калі Вы вырашылі зрабіць сваёй уласнасцю Габрыэле Экгаф.
Сапраўды, Вы скіроўваеце яе летуценную волю ў аблуду, Вы ведзяце яе з зарослага саду ў жыццё і ў агіднасць, Вы надаяце ёй сваё простае імя і робіце яе сваёй жонкаю, хатняю гаспадыняй, робіце з яе маці. Вы прыніжаеце зняможаную, баязлівую, высакародна непатрэбную прыгажосць смерці, якая цвіце, — ставіце яе на службу пошлай будзённасці і таго неразумнага, нязграбнага і пагарджанага ідала, якога называюць прыродаю, і ніводная здагадка пра глыбокую гнюснасць гэтага ўчынку не варухнулася ў вашым мужыцкім сумленні.
Яшчэ раз: што адбываецца? Яна, з вачыма, падобнымі да палахлівых мрояў, дорыць Вам дзіця; яна дае гэтай істоце, якое ёсць працягам нізкага існавання свайго вытворцы, усё, усю сваю кроў і жыццяздольнасць — і памірае. Яна памірае, шаноўны пане! I калі яна не гіне ў подласці, калі яна ўсё-такі ўрэшце паднялася з глыбінь яе прыніжэння і з гонарам свята адыходзіць са смяротным пацалункам прыгажосці, то гэта быў мой клопат. А Ваш тым часам быў сканцэнтраваны на тым, каб забаўляцца ў маўклівых калідорах з пакаёўкамі.
А яе дзіця, сын Габрыэле Экгаф, квітнее, жыве і радуецца. Магчыма, ён працягне жыццё свайго бацькі, зробіцца добрым гандляром, падаткаплацельшчыкам і абывацелем, які добра харчуецца; магчыма, вайскоўцам або чыноўнікам — стараннае, без сталых ведаў, апірышча дзяржавы; ва ўсякім разе, бескультурнае нармальна дзейнае стварэнне, дакладнае і надзейнае, дужае і дурное.
Прыміце маё прызнанне, шаноўны пане, што я ненавіджу Вас, Вас і Ваша дзіця, як я ненавіджу само жыццё, подлае, смешнае і ўсё ж трыумфальнае жыццё, прадстаўніком якога Вы з’яўляецеся — вечная супрацьлегласць і вечны смяротны вораг прыгажосці. Я не дазволю сабе сказаць, што я пагарджаю Вамі. He магу. Я сумленны, Вы — мацнейшы. У змаганні я магу Вам супрацьпаставіць толькі адно — узвышаную зброю і інструмент для помсты слабых: дух і слова. Сёння я скарыстаўся імі. Бо гэты ліст — і ў гэтым я сумленны, шаноўны пане — з’яўляецца нічым іншым, як актам помсты; і калі там ёсць хоць адно толькі вострае слова, дастаткова бліскучае і прыгожае, каб за-
чапіць Вас, даць Вам адчуць чужую сілу, пахіснуць на момант Вашу грубую абыякавасць, то я буду ўсцешаны.
Дэтлеф Шпінэль».
I вось гэты ліст пан Шпінэль паклаў у канвэрт і прыклеіў марку, потым прыгожым почыркам напісаў адрас і перадаў яго на пошту.
XI
Пан Клётэр’ян пагрукаў у дзверы пакоя пана Шпінэля; ён трымаў у руцэ вялікі, чыста спісаны аркуш і выглядаў як чалавек, які цвёрда намераны дзейнічаць энергічна. Пошта выканала свой абавязак, ліст прайшоў свой шлях, ён зрабіў цудоўную вандроўку з «Айнфрыда» ў «Айнфрыд» і дакладна трапіў у рукі адрасата. Было чатыры гадзіны папаўдні.
Калі пан Клётэр’ян увайшоў, пан Шпінэль сядзеў на канапе і чытаў свой уласны раман з заблытаным малюнкам на вокладцы. Ён устаў і глянуў на наведніка здзіўлена і запытальна, хоць заўважна зачырванеўся.
«Добры дзень, — сказаў пан Клётэр’ян. — Прабачце, што я адрываю Вас ад Вашых заняткаў. Але дазвольце мне спытаць, ці Вы гэта напісалі?» 3 гэтымі словамі ён леваю рукою ўзняў угару вялікі, чыста спісаны аркуш, а тыльным бокам правай стукнуў па ім так, што аркуш ажно гучна зашамацеў. Пасля гэтага ён сунуў правую руку ў кішэню сваіх мяккіх утульных штаноў, схіліў галаву набок і прыадкрыў рот, як маюць звычку рабіць некаторыя людзі слухаючы.
Пан Шпінэль неяк дзіўна ўсміхнуўся; ён усміхаўся паслужліва, крыху разгублена і быццам просячы прабачэння, паднёс руку да галавы, быццам прыпамінаючы, і сказаў:
«А-а, і праўда... так... я дазволіўсабе...»
Справа палягала ў тым, што ён сёння дазволіў сабе быць самім сабою і праспаў амаль да паўдня. У выніку ён пакутаваў ад нячыстага сумлення і дурной галавы, адчуваў сябе нервова і не вельмі здольным супраціўляцца. Апроч таго, вясновае
надвор’е, якое ўсталявалася, рабіла яго слабым і схільным да адчаю. Гэта ўсё неабходна згадаць, каб зразумець, чаму ён так надзвычай неразумна паводзіў сябе падчас гэтай сцэны.
«Во як! Ага! Цудоўна!» — сказаўпан Клётэр’ян, прыціскаючы падбароддзе да грудзей, уздымаючы бровы, выцягваючы рукі і выконваючы яшчэ процьму падобных рухаў, каб пасля заканчэння гэтага фармальнага пытання бязлітасна перайсці да сутнасці. Цешачыся дасканаласцю сваёй асобы, ён у гэтых падрыхтоўчых дзеяннях зайшоў крышку далекавата: тое, што ўрэшце атрымалася, не цалкам адпавядала пагражальнай грунтоўнасці мімічнай падрыхтоўкі. Але пан Шпінэль амаль што спалатнеў.
«Вельмі цудоўна! — паўтарыў пан Клётэр’ян. — Тады дазвольце мне даць Вам адказ вусна, даражэнькі, а менавіта ўлічваючы акалічнасці, што я лічу дурасцю пісаць лісты на некалькіх старонках таму, з кім можна гадзінамі размаўляць...»
«Ну... дурасць...», — сказаў пан Шпінэль, усміхаючыся, выбачаючыся, амаль прыніжана...
«Дурасць! — паўтарыў пан Клётэр’ян і рэзка патрос галавою, каб паказаць, як недатыкальна ўпэўнены ён у сваёй справе. — I я гэтую пісаніну палічыў бы нявартай нават аднаго слова: мне, шчыра кажучы, было б усё адно, калі б мяне не прасвяцілі пра пэўныя рэчы, якіх я да таго часу не разумеў, пэўныя змены... Між іншым, гэта Вас ніяк не датычыць і не закранае справы. Я — дзейны чалавек, мне ёсць пра што падумаць, больш важнае за Вашыя невыказныя ўяўленні...»
«Я пісаў "непазбыўнае відовішча”, — сказаў пан Шпінэль і выпрастаўся. Гэта быў адзіны момант сцэны, дзе ён выявіў крышку гонару.
«Непазбыўнае... невыказнае... — адказаў пан Клётэр’ян і зазірнуў у рукапіс. — У Вас сам почырк нікуды не варты, даражэнькі; я б Вас не ўзяў працаваць у сваю кантору. На першы позірк здаецца ўсё вельмі чыста, але, калі добра прыгледзецца, адразу відаць, што тут процьма прабелаў, скрыўленняў. Але гэта Ваша праблема, і мяне гэта ніяк не датычыцца. Я прыйшоў, каб сказаць Вам, што Вы, па-першае, — дурань, але гэта Вам, пэўна, і так вядома. Але, акрамя таго, Вы — вялікі баязлівец,
і ’гут, пэўна, у мяне няма патрэбы даводзіць Вам гэта падрабязна. Мая жонка аднойчы пісала мне, што Вы жанчынам, якіх сустракаеце, не глядзіце вочы ў вочы, а толькі падглядаеце скоса, каб толькі панесці з сабою прыгожую здагадку, баючыся рэчаіснасці. На жаль, пазней яна перастала распавядаць у сваіх лістах пра Вас; у іншым выпадку я ведаў бы больш гісторый наконт Вас. Але Вы такі. "Прыгажосць” Вы паўтараеце за кожным другім словам, але ў прынцыпе ў ім нічога няма, акрамя баязлівасці і няшчырасці ды зайздрасці, і з гэтай прычыны, магчыма, і Ваша бессаромная заўвага пра "маўклівыя калідоры”, якая павінна была, пэўна, так моцна мяне зачапіць, а папраўдзе адно рассмяшыла мяне! Але ці ведаеце Вы? Я асвятліў Вам крышку Вашы "справы і сутнасць”, Вы, небарака? Хоць гэта і не мая "нязменная прафесія”, ха-ха!»