Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
сам задрыжалі і заплюшчыліся, а куточкі вуснаў з’едліва і адначасова жахліва коса апусціліся.
Дэтлеф стаяў, як здранцвелы. Ён намагаўся нешта зразумець... Выгляд задаволенасці ды камфорту, з якім ён, удзельнік свята, пакідаў вестыбюль, махаў рамізніку, даставаў са срэбнага партабака цыгарэту... «Вось што бачылі іншыя», — раптам дайшло да яго свядомасці. Міжволі ён узняў руку, збіраючыся ляпнуць сабе па галаве. Ён зрабіў адзін крок да чалавека, уздыхнуў, каб пачаць размову, растлумачыць... Але потым ён усё ж моўчкі сеў у пададзеную карэту, ледзь не забыўшыся сказаць рамізніку адрас, разгублены, сам не ў сабе ад немагчымасці разабрацца ў гэтым.
Якая памылка, о Божа... якое жахлівае непаразуменне! Гэты здыхляк і бяздомнік разглядаў яго з прагнасцю і горыччу, з агрэсіўнай пагардаю, з чаго і складаецца зайздрасць і маркота! Ці не выставіў ён сябе крыху напаказ, гэты галодны? Ці не выяўлялася ў яго дрыжыках ад холаду, у яго жахлівай і з’едлівазлоснай усмешцы жаданне стварыць уражанне і паднесці яму, бадзёраму шчасліўчыку, у падарунак імгненне прыцемку, разгубленага роздуму, раскайнага спачування? Ты памыляешся, сябра, ты не дасягнуў эфекту; твой жабрацкі вобраз — не папярэджанне для мяне з чужога жудаснага свету, якое ганьбіць і адпалохвае. Мы ж — браты!
Што, сябрук? Засела над грудзьмі і пячэ? Як добра мне гэта вядома! А чаго ж ты ўсё-такі прыходзіў? Чаму ты, упарты і ганарлівы, не застаўся ў цемры, а займаеш сваё месца пад асветленымі вокнамі, за якімі гучыць музыка і чуцён смех жыцця? Ці ж мне таксама невядома хваравітая патрэба, якая гнала цябе туды, сілкаваць сваю нікчэмнасць, якая ў такой самай ступені можа называцца як любоўю, так і нянавісцю?
Нішто з усяе тае нікчэмнасці, якая натхняе цябе, не ёсць чужым і для мяне, а ты хацеў засароміць мяне! Што такое дух? Удаванаянянавісць! Штотакоемастацтва? Выяўленчаяжарсць! Наш з табою агульны дом — краіна падманутых, галодных, тых, хто скардзіцца, і тых, хто не згаджаецца, ды і здрадныя гадзіны, поўныя самапагарды, — таксама нашы супольныя, бо
мы губляем сябе ў ганебнай любові да жыцця, да неразумнага шчасця. Але ты не прызнаў мяне за свайго.
Памылка! Памылка!.. I калі гэтае шкадаванне апанавалаяго ўсяго, недзе ў глыбіні заззяла балючая і адначасова салодкая здагадка... Няўжо і гэты памыляецца? Дзе канец той памылкі? Няўжо ўся жарсць на зямлі толькі памылка, у першую чаргу — мая, якая ўласціва кожнаму жывому, простаму і падпарадкаванаму інстынктам, маўкліваму жыццю, якое не ведае прасвятлення праз дух і мастацтва, вызвалення праз слова? Ах, мы ўсе браты і сёстры, мы — стварэнні трывожна-пакутнай волі; і мы не прызнаём адзін аднаго. Неабходна іншая любоў, іншая...
I ў той час, як ён сядзеў дома сярод кніг, карцін і відушчых бюстаў, яго хвалявала гэтае пяшчотнае слова: «Дзеткі, любіце адно аднаго...»
ТОНІА КРЭГЕР
і
Зімовае сонца выглядала толькі як слабае мігценне малочнага колеру, вялае, за пластамі воблакаў над цесным горадам. Было вільготна ў завулках, прадзіманых скразнякамі, і за дамамі пад высокімі дахамі, а час ад часу з неба падала штосьці накшталт граду, не лёд, не снег.
Урокі закончыліся. Цераз брукаваны двор і вароты-краты памкнулася маса; вучні, якія трапілі на волю, збіваліся ў групы і разбіваліся ў купкі, разыходзячыся налева ці направа. Старэйшыя вучні з гонарам прыціскалі ўверсе да левага пляча свае пакункі з кнігамі, махаючы праваю рукою, шыбавалі насупор ветру, каб трапіць на абед; малеча весела пускалася подбегам, так што ледзяная каша толькі пырскала ў бакі, і ў заплечніках з цюленевай скуры бразгаталі вучэбныя прылады. Але то тут, то там раптам з нявіннымі позіркамі зрываліся з галоў шапкі перад шыракаполым капелюшом і юпітэрскай барадой настаўніка старэйшых класаў, які ішоў мернымі крокамі.
«Ну, ці ідзеш ты, Ганс?» — спытаў Тоніа Крэгер, які доўга чакаў на праезнай частцы вуліцы; ён з усмешкай пайшоў насустрач сябру, які, размаўляючы з іншымі таварышамі па вучобе, выйшаў з варотаў і ўжо меў намер пайсці з імі разам далей.
«А што? — спытаўся ён і паглядзеў на Тоніа. — А і праўда! Давай пройдзем разам яшчэ трохі».
Тоніа замаўчаў, і яго позірк нахмарыўся. Няўжо Ганс забыўся і толькі цяпер яму прыпомнілася, што яны сёння апоўдні хацелі крыху пашпацыраваць разам? А сам ён пасля таго, як было дамоўлена, амаль бесперапынна радаваўся гэтаму!
«Ну, вы, адзьё! — сказаў Ганс Ганзэн таварышам. — Я яшчэ прайдуся крыху з Крэгерам». I яны павярнулі налева, у той час як астатнія паціху падаліся направа.
У Ганса і Тоніа быўяшчэ час пашпацыраваць пасля заняткаў, бо яны абодва паходзілі з дамоў, дзе палуднавалі ажно а чацвёртай. Іх бацькі былі буйнымі гандлёвымі прадпрымальнікамі, якія займалі дзяржаўныя пасады і мелі вялікі ўплыў у горадзе. Ганзэнам ужо некалькі пакаленняў належалі вялізныя склады дроў, размешчаныя ўнізе каля ракі, дзе магутныя распіловачныя станкі, пыхкаючы і сапучы, пілавалі бярвенні. А Тоніа быў сынам консула Крэгера, чые мяхі з зернем з выбітай на іх вялікай фірмовай маркаю кожны дзень перавозіліся навідавоку па гарадскіх вуліцах; вялікі ж стары дом яго продкаў быў самы раскошны ва ўсім горадзе... Сябры ўвесь час павінны былі здымаць шапкі дзеля шматлікіх знаёмых, але некаторыя мінакі віталі чатырнаццацігадовых юнакоў першымі.
Абодва яны неслі школьныя ранцы перакінутымі цераз плячо і абодва былі добра і цёпла апранутыя. На Гансе быў кароткі марскі бушлат, паўзверх якога на плячах і спіне ляжаў шырокі сіні каўнер марскога касцюма, а Тоніа быў у шэрым паліто з поясам. На галаве ў Ганса была дацкая бесказырка з кароткімі стужкамі, з-пад якой выбіваўся пук светлых валасоў. Ён быў надзвычай сімпатычны і добра скроены, шыракаплечы, з вузкімі сцёгнамі, меў вольна размешчаныя сталёвага колеру вочы з вострым позіркам. А з-пад крутлай футравай шапкі Тоніа летуценна і крышку няўпэўнена пазіралі са смуглаватага і па-паўднёваму рэзка акрэсленага твару цёмныя і пяшчотна зацененыя вочы з занадта цяжкімі павекамі... Рот і падбароддзе ў яго атрымаліся незвычайна мяккімі. Ён ішоў нязмушана і нераўнамерна, у той час як зграбныя ногі Ган-
зэна ў чорных панчохах крочылі вельмі эластычна і дакладна ў такт.
Тоніа не размаўляў. Яму было балюча. Ён нахмурыў свае крышку коса размешчаныя бровы, а вусны скругліў для свісту і, схіліўшы галаву крыху набок, глядзеў некуды ўдалеч. Гэтыя поза і выраз твару былі яму ўласцівыя.
Раптам Ганс узяў Тоніа пад руку і пры гэтым пазіраў на яго збоку, бо ён вельмі добра разумеў, у чым была справа. I хоць Тоніа і надалей шыбаваў моўчкі, настрой у яго ўсё ж раптам палепшыўся.
«Я, шчыра кажучы, не забыў, Тоніа, — сказаў Ганс і апусціў позірк долу на тратуар, — а толькі сабе падумаў, што сёння нічога не атрымаецца, бо так мокра і ветрана. Але для мяне гэта няважна, і, на маю думку, цудоўна, што ты ўсё-такі чакаў мяне. Я ўжо падумаў, што ты пайшоўдамоў, раззлаваўшыся...»
Пры гэтых словах усё ў сярэдзіне Тоніа прыйшло ва ўзбуджанае і радаснае хваляванне.
«Ну так, мы ўсё ж пройдзем цераз валы, — сказаў ён усхваляваным голасам. — Цераз Млынавы і Гальштынскі, і такім чынам я праводжу цябе дадому, Ганс... Далібог, няма нічога дрэннага ў тым, што мне потым давядзецца вяртацца дадому аднаму; наступным разам ты праводзіш мяне».
У прынцыпе, ён не вельмі верыў таму, што сказаў Ганс, і выдатна адчуваў, што той надае гэтаму шпацыру ўдвая меншае значэнне, чым ён. Але ж ён бачыў, што Ганс перажываў наконт сваёй забыўлівасці і намагаўся замірыцца з ім. I ў яго не было ніякага намеру зацягваць замірэнне.
Прычына палягала ў тым, што Тоніа любіў Ганса Ганзэна і ўжо вытрываў шмат пакут за яго. Той, хто наймацней любіць, той падпарадкаваны і павінен пакутаваць, — гэты просты і жорсткі ўрок ужо атрымала ад жыцця яго чатырнаццацігадовая душа; і ён быў ужо народжаны такім, што добра прыкмячаў падобныя з’явы, адразу адкладваў іх у душы і ў пэўнай ступені радаваўся — што праўда, не кіруючыся імі ў сваім прыватным жыцці, каб атрымаць з іх нейкую практычную карысць для сябе. У яго складвалася ўсё такім чынам, што ён такія ўрокі ўва-
жаў куды важнейшымі і цікавейшымі, чым веды, якія яму навязвалі ў школе, настолькі, што ён падчас вучэбных заняткаў у школе ў гатычных сутарэннях класаў найчасцей імкнуўся спазнаць падобныя рэчы да самай глыбіні і канчаткова абдумаць іх. Такія заняткі прыносілі яму дакладна гэткае ж самае задавальненне, як і хаджэнне са скрыпкаю (бо ён іграў на скрыпцы) у пакоі і такое лагоднае, як толькі магчыма, уплятанне гукаў, якія ён толькі мог здабыць з інструмента, у плёскат струменя фантана, які, унізе ў садзе пад галінамі старога арэшніку, прытанцоўваючы, імкнуўся ўгору.
Фантан, стары арэшнік, скрыпка і мора ўдалечы. Балтыйскае мора, летнія мары якога ён мог падслухоўваць падчас канікулаў; гэтыя рэчы ён любіў, дзякуючы ім ён адразу перанастройваўся, і сярод іх праходзіла яго духоўнае жыццё; назвы гэтых рэчаў добра ўплывалі на кшталт вершаў, якія Тоніа Крэгер часам ствараў; яны заўсёды набывалі адмысловае гучанне.
Тое, што ў яго быў сшытак з уласнымі вершамі, стала вядома толькі праз ягоны промах і прынесла яму вялікую шкоду — у вачах як таварышаў, так і настаўнікаў. Сыну консула Крэгера здавалася, з аднаго боку, неразумным і подлым, што яны знаходзілі пісанне вершаў непрыстойным, і з гэтай прычыны ён пагарджаў як таварышамі, так і настаўнікамі, дрэнныя манеры якіх і так выклікалі непрыманне ў яго і асабістыя слабасці якіх ён бачыў асабліва яскрава. 3 іншага боку, ён сам, аднак, лічыў такі занятак ненармальнасцю і недарэчнасцю і ў нейкай ступені мусіў пагаджацца з тымі, хто лічыў гэта сумнеўнай справай. Аднак гэта не магло змусіць яго адмовіцца ад вершаў...
Марнуючы час дома, на занятках ён сядзеў, марудна думаючы і няўважліва слухаючы, а ў настаўнікаў карыстаўся не самай лепшай рэпутацыяй і ў выніку прыносіў дадому самыя мізэрныя адзнакі, наконт чаго яго бацька, высокі, акуратна апрануты пан з задумлівымі сінімі вачыма, у пятліцы якога заўсёды тырчала палявая кветачка, вельмі хваляваўся і выказваў заклапочанасць. А маці Тоніа — яго прыгожая, чорнавалосая маці, імя якой было Кансуэла і якая ўвогуле была не такой, як астатнія дамы горада, таму што бацька прывёз яе калісьці з самай