Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Тут быў пакой для снядання. Звычайна ўранні снедалі тут, а не наверсе ў вялікай сталоўцы, дзе з сіняй шпалеры праступалі белыя статуі багоў... А той пакой служыў спальняю. Маці ягонага бацькі памерла менавіта там, ужо зусім старая, у цяжкім змаганні, бо яна была прагная да забаў свецкая дама
і ўпарта трымалася за жыццё. А пазней таксама зрабіў тут свой апошні ўздых яго бацька — высокі, карэктны, крышку засмучаны і раздумлівы пан з палявою кветачкай у пятліцы... Тоніа сядзеў ля ўзножжа яго смяротнага ложка, шчыра і цалкам заглыблены ў маўклівае і моцнае пачуццё любові й болю. I яго маці, прыгожая жарсная маці, кленчыла каля ложка, заліваючыся гарачымі слязьмі; пасля чаго яна падалася з паўднёвым мастаком у блакітную далеч... А там у глыбіні трэці, меншы пакой — цяпер таксама закладзены кнігамі, якія вартаваў лядашчы чалавек, які даўней шмат гадоў запар быў яго ўласным пакоем. Туды ён вяртаўся пасля школы, пашпацыраваўшы, як і толькі што; каля тае сцяны стаяў яго стол, у шуфлядзе якога ён захоўваў свае першыя, шчырыя і бездапаможныя вершы... Арэхавае дрэва... Востры смутак працяў яго. Ён выглянуў цераз акно крышку наўскос. Сад быў пустэльны, але старое арэхавае дрэва стаяла на сваім месцы, крэкчучы і шапоцячы на ветры. I Тоніа Крэгер зноў слізгануў позіркам па кнізе, якую трымаў у руках: выдатны літаратурны твор, яму добра знаёмы. Ён зірнуў на гэтыя чорныя радкі і абзацы, у нейкім урыўку прасачыў за высокамастацкаю плынню аповед — як ён у выяўленчым запале ўздымаўся да найвышэйшага пункта і сілы ўздзеяння, а потым эфектна адпускаў...
«Так, гэта добра зроблена!» — сказаў ён, паставіў кнігу назад і адвярнуўся. Тут ён заўважыў, што службовец усё яшчэ стаяў выпрастаны і са змяшаным выразам паслужлівасці і задумлівага недаверу міргаў вачыма.
«Выдатны збор, як я бачу, — сказаў Тоніа Крэгер. — Я ўжо маю агульнае ўражанне. Вельмі Вам абавязаны. Адзьё». 3 гэтымі словамі ён пайшоў у дзверы; але гэта быў сумнеўны адыход, і ён выразна адчуваў, як службовец, вельмі занепакоены гэтым візітам, усё яшчэ стаіць і напружана міргае.
Ён не адчуваў жадання заходзіць яшчэ далей у дом. Ён пабыў дома. Наверсе, у вялікіх пакоях за калоннаю залаю, жылі незнаёмыя людзі: ён гэта бачыў, бо канец сходаў са шклянымі дзярыма, якіх у яго часы не было, быў зачынены на замок, а на дзвярах была нейкая шыльдачка з прозвішчам. Ен пайшоў схо-
дамі ўніз праз гулкі пярэдні пакой і неўзабаве пакінуў свой бацькоўскі дом. У куточку нейкага рэстарана ён, заглыблены ў самога сябе, падмацаваўся цяжкаю і тлустаю страваю і вярнуўся ў гатэль.
«Я ўсё закончыў, — сказаў ён акуратнаму пану ў чорным. — Сёння апоўдні я ад’язджаю». I ён папрасіў разлік, а таксама замовіў карэту, каб даехаць да порта на параход у Капенгаген. Потым ён пайшоў у свой пакой і сеў за стол; сядзеў ціха і выпрастана, падпёршы шчаку рукою і ўтаропіўшы невідушчы позірк у стальніцу. Потым ён разлічыўся і сабраў свае рэчы. У вызначаны час карэту падалі, і Тоніа Крэгер, упакаваўшы ўсё для вандроўкі, спусціўся па сходах.
Унізе каля пачатку сходаў яго чакаў акуратны пан у чорным.
«Прашу прабачыць! — сказаў ён і папхнуў маленькімі пальцамі манжэты назад у рукавы. — Прабачце, шаноўны пане, што мы мусім затрымаць Вас яшчэ на хвіліну. Пан Зэегазэ — уласнік гатэля — просіць Вас для размовы на пару слоў. Фармальнасць... Ён знаходзіцца там, у тым канцы... Ці не зробіце Вы ласку пайсці са мною?.. Гэта толькі пан Зэегазэ, уласнік атэля».
I ён павёў Тоніа Крэгера пад запрашальныя жэсты ў глыбіню вестыбюля. Там сапраўды стаяў пан Зэегазэ. Тоніа ведаўяго з выгляду яшчэ з былых часоў. Ён быў невысокі, тлусты і крываногі. Яго пастрыжаныя бакенбарды пабялелі; але ён усё яшчэ насіў вольна пакроены сурдут і, у дадатак, вышытую зялёнаю ніткаю плюшавую шапачку. Між іншым, ён быў не адзін. 3 ім каля маленькай, прымацаванай да сцяны канторкі стаяў, з каскаю на галаве, паліцыянт, які трымаў правую руку ў пальчатцы на маляўніча спісанай паперы, што ляжала перад ім на канторцы; паліцыянт так узіраўся сваім сумленным салдацкім тварам на Тоні Крэгера, быццам чакаў, што той, убачыўшы яго, праваліцца скрозь зямлю.
Тоніа Крэгер кінуў позірк на аднаго і другога і вырашыў чакаць.
«Вы прыехалі з Мюнхена?» — нарэшце спытаў паліцыянт добразычлівым і марудлівым голасам.
Тоніа Крэгер пацвердзіў гэта.
«Вы накіроўваецеся ў Капенгаген?»
«То праўда, я накіроўваюся на дацкі марскі курорт».
«Марскі курорт?.. Тады Вы павінны прад’явіць дакументы», — сказаў паліцыянт, вымаўляючы апошняе слова з асаблівым задавальненнем.
«Дакументы...» У яго не было дакументаў. Ён дастаў свой партманет і зазірнуў у яго; але там нічога не было, акрамя некалькіх грашовых купюраў ды карэктуры навелы, якую ён думаў закончыць пасля прыезду да мэты. Ён неахвотна меў стасункі з паліцыяй і ніколі не рабіў сабе пашпарта.
«Шкада, — сказаў ён, — але я не нашу з сабою аніякіх дакументаў».
«Праўда? — спытаў паліцыянт. — Ніякіх-ніякіх?.. Як Ваша прозвішча?»
Тоніа Крэгер назваў.
«I гэта праўда?!» — спытаў паліцыянт, выцягнуўся і раптам надзьмуў ноздры так шырока, як мог...
«Абсалютная праўда», — адказаў Тоніа Крэгер.
«А якая ж у Вас прафесія?»
Тоніа Крэгер зглынуў сліну і цвёрдым голасам назваў свой занятак... Пан Зэегазэ ўзняў галаву і з цікаўнасцю зірнуў яму ўтвар.
«Гм! — сказаў паліцыянт. — I Вы заяўляеце, што Вы не той індывідуум з прозвішчам...» Ён прамовіў «індывідуум» і па літарах прачытаў са спісанай паперкі вельмі заблытанае прозвішча, якое здавалася авантурна змешаным з гукаў розных моў і якое Тоніа Крэгер у наступны момант зноў забыў. «...які, — працягваў ён, — невядомага паходжання і няпэўных заняткаў, расшукваецца мюнхенскай паліцыяй за розныя падманныя дзеянні ды іншыя злачынствы і, верагодна, знаходзіцца ва ўцёках па дарозе ў Данію?»
«Я не толькі заяўляю гэта», — сказаў Тоніа Крэгер і нервова паціснуў плячыма. Гэта выклікала пэўную рэакцыю.
«Што? А, ну пэўна ж! — сказаў паліцыянт. — А тое, што вы не можаце нічога прад’явіць?»
Пан Зэегазэ таксама ўмяшаўся прымірэнча.
«Усё гэта — адно фармальнасць, — сказаў ён, — і нічога болей! Вам варта ўлічыць, што пан паліцыянт толькі выконвае свой абавязак. Каб Вы толькі як-небудзь маглі легітымізавацца... Дакумент...»
Усе маўчалі. Можа, варта было закончыць усё, назваўшы сябе, прызнаўшыся пану Зэегазэ, што ён не авантурыст няпэўнага занятку, паводле паходжання — не цыган у зялёнай кібітцы, а сын консула Крэгера, з роду Крэгераў? He, такога жадання ў яго не было. А ці не мелі, у прынцыпе, гэтыя ахоўнікі грамадскага парадку ў нечым рацыю? У пэўнай ступені ён быў з імі абсалютна згодны... Ён паціснуў плячыма і працягваў маўчаць.
«А што ў Вас там? — спытаў паліцыянт. — Там, у партманэ?» «Тут? Нічога. Гэта карэктура», — адказаўТоніа Крэгер.
«Карэктура? А што гэта такое? Дазвольце зірнуць».
I Тоніа Крэгер падаў яму сваю працу. Паліцыянт разгарнуў яе на канторцы і пачаў чытаць. I пан Зэегазэ падышоў бліжэй і спрычыніўся да чытання. Тоніа Крэгер глядзеў ім цераз плячо і сачыў, на якім яны месцы. Гэта быў добры момант, кульмінацыя і эфект, які ён распрацаваў выдатна. Ён быў задаволены сабою.
«Бачыце! — сказаў ён. — Тут напісана маё прозвішча. Я напісаў гэта, а цяпер яно будзе апублікавана, разумееце?»
«Добра, гэтага дастаткова!» — рашуча сказаў пан Зэегазэ, сабраў аркушы, упарадкаваў іх, як былі, і вярнуў яму. «Гэтага павінна хапіць, Петэрзэн, — коратка паўтарыў ён, незаўважна прыжмурыўшыся, і адмоўна пахітаў галавою. — Мы не маем права больш затрымліваць пана. Карэта чакае. Я вельмі прашу прабачыць нам маленькую затрымку, шаноўны госць. Пан паліцыянт толькі выконваў свой абавязак, але я адразу яму сказаў, што ён памыляецца...»
«Няўжо?» — падумаў Тоніа Крэгер.
Здаецца, паліцыянт быў не зусім згодны; ён штосьці прамовіў яшчэ пра «індывідуум» і «прад’явіць». Але пан Зэегазэ павёў госця, увесь час паўтараючы словы свайго жалю, праз вестыбюль, праводзіў яго паміж двума львамі да карэты і сам, запэўніваючы ў павазе, зачыніў дзверы за ім. I потым высокія
і шырокія дрожкі смешна пакаціліся, падскокваючы ды шумна бразгочучы па крутых завулках уніз да порта.
Такім дзіўным быў побыт Тоніа Крэгера ў родным горадзе.
VII
Надышла ноч, і ў срэбным ззянні ўжо ўсплыў месяц, калі карабель Тоніа Крэгера быў далёка ў адкрытым моры. Ён стаяў каля бушпрыта, захутаўшыся ў паліто ад ветру, які ўсё больш мацнеў, і глядзеў уніз на змрочнае хваляванне дужых, гладкіх валоў, якія гайдаліся адна вакол адной, наляталі з плёскатам адна на адну, разбягаліся ў нечаканых кірунках і раптам успыхвалі пенаю.
Ягоны настрой напоўніся гэтай ціхаю радасцю, якая закалыхвала. Да гэтага ён быў крыху прыгнечаны ад таго, што дома яго хацелі арыштаваць як авантурыста, так, хоць ён палічыў гэта ў нейкай ступені нармальным. Але потым, пасля таго як уладкаваўся на караблі, ён, як часам раней разам з бацькам, назіраў за пагрузкаю тавараў, якімі пад крыкі на мяшанцы дацкай мовы з мясцовым дыялектам запаўняўся вялізны трыбух парахода; як, акрамя цюкаў і скрынак, туды спускалі белага мядзведзя і каралеўскага тыгра ў закратаваных клетках, якіх, мусіць, дастаўлялі з Гамбурга і якія былі прызначаны для дацкага звярынца; і гэта развеяла яго. Потым, калі карабель лёгка плыў паміж роўнымі берагамі ракі, ён зусім забыўся пра допыт паліцэйскага Петэрзэна, а ўсё, што было да гэтага, — яго салодкія, жалобныя і раскайныя трызненні ночы, шпацыр, вобраз арэхавага дрэва — з новай сілаю прачнулася ў ягонай душы. I вось, калі вачам адкрылася мора, ён убачыў далёкі пляж, на якім ён яшчэ хлопчыкам мог падслухоўваць летнія мары мора; ён убачыў яркае святло маяка і агні курорта, дома, дзе ён жыў разам з бацькамі... Балтыйскае мора! Ён нахіліў галаву насустрач моцнаму прасоленаму ветру, які налятаў вольна, без перашкод, ахутваў вушы і выклікаў лёгкае галавакружэнне, сцішанае здранцвенне, у якім памалу і спакойна знікалі ўспаміны
пра ўсё благое, пра пакуты і аблуды, пра жаданні і намаганні. I ў посвісце, плёскаце, пене і рыпенні вакол яго яму чуліся шум і рыпенне старога арэхавага дрэва, скрыгат садовых варотаў... Хутка цямнела.
«Зогкі, Божа, толькі паглядзіце на гэтыя зогкі», — раптам прамовіў з павольна пявучым націскам голас, які, здавалася, даносіўся з бочкі. Яму ўжо быў знаёмы гэты голас. Ён належаў рудаватаму і проста апранутаму чалавеку з пачырванелымі павекамі і вільготна-халодным выглядам, як быццам ён толькі што купаўся. За вячэраю ў каюце ён быў суседам Тоніа Крэгера і няўклюднымі і сціплымі рухамі запіхваў у сябе дзіўную масу амлетаў з амарамі. А цяпер ён стаяў побач з ім каля парэнчаў палубы і пазіраў уверх на неба, заціснуўшы падбароддзе паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Несумненна, у яго быў той надзвычайны і святочна-сузіральны настрой, калі бар’еры паміж людзьмі знікаюць, калі сэрца і язык разнявольваюцца нават перад незнаёмцамі, перад якімі звычайна ён сам бы трымаўся сарамліва-стрымана...