Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Вядома, яны былі таксама тут — абое, якія прайшлі сёння раніцаю ў сонечным святле міма Тоніа Крэгера; ён зноў убачыў іх і спужаўся ад радасці, калі заўважыў іх амаль адначасова. Вось стаяў Ганс Ганзэн, зусім блізка ад яго, каля самых дзвярэй; шырока расставіўшы ногі, крыху нахіліўшыся наперад, ён няспешна паядаў вялікі кавалак пясочнага торта, трымаючы пустую далонь пад падбароддзем, каб лавіць крошкі. А далей, каля сцяны, сядзела Інгеборг Гольм, бялявая Інга, і гэты распарадчык якраз падтанцоўваў у напрамку да яе, каб вытанчаным паклонам запрасіць яе на танец, прычым ён паклаў адну руку на спіну, а другую грацыёзна паднёс да грудзей; але яна адмоўна пахітала галавою і паказала, што ў яе ўжо не хапае дыху і што ёй неабходна крышку адпачыць, пасля чаго чыноўнік прысеў каля яе.
Тоніа Крэгер глядзеў на іх абаіх, з любові да якіх ён калісьці пакутаваў, — на Ганса і Інгеборг. Яны не столькі вылучаліся адмысловымі прыкметамі ці падабенствам адзення, як аднолькавасцю расы і тыпу, гэтай светласцю, сталёвай блакітнавокасцю і бялявасцю, якая выклікала ўяўленне пра чысціню, незамутнёнасць, весялосць і адначасова гордую і сціплую недакранальную халоднасць... Ён глядзеў на іх, бачыў, як Ганс Ганзэн, такі дзёрзкі, як і некалі, добра скроены, шырокі ў плячах і вузкі ў сцёгнах, стаяў у сваёй бесказырцы; бачыў, як Інгеборг, паблажліва смеючыся, адкідвала набок галаву, як адмыслова адводзіла сваю не вельмі вузкую, зусім не вытанчаную руку маленькай дзяўчынкі да патыліцы, прычым лёгкі рукаў саслізгваў з яе локця, — і раптам смутак па доме скалануў яго душу такім болем, што ён міжволі адступіў глыбей у змрок, каб ніхто не бачыў, як уздрыгваў яго твар.
«Няўжо здарылася так, што я іх забыў? — спытаўся ён. — He, анізвання! Ані цябе, Ганс, ані цябе, бялявая Інга! Вы ж былі тымі, дзеля каго я працаваў, і калі я чуў воплескі, то незаўважна азіраўся, ці пляскаеце вы таксама... Дык ці прачытаў ты, Ганс Ганзэн, “Дон Карласа”, як ты мне абяцаў каля вашае брамы? He трэба! Я больш не патрабую гэтага ад цябе. Што табе да таго караля, які плача, бо ён самотны? He варта табе замутняць свае
ясныя вочы і тлуміць іх, утаропіўшыся ў вершы і меланхолію... Хачу быць, як ты! Яшчэ раз пачаць, вырасці, якім вырас ты — праведным, вясёлым і сціплым, справядлівым, прыстойным, у паразуменні з Богам і светам, каб мяне любілі бяскрыўдныя і шчаслівыя; ажаніцца з табою, Інгеборг Гольм, і сына мець такога, як ты, Ганс Ганзэн; жыць, любіць і славіць вольна ад закляцця пазнання і творчых пакут у святой звычайнасці!.. Яшчэ раз пачаць спачатку? Але гэта не дапамагло б. Усё было б так, як ёсць, усё адбылося б так, як адбылося, бо сёй-той трапляе ў аблуду па неабходнасці, бо для яго не бывае праведнага шляху».
I вось музыка заціхла; настаў перапынак, паднеслі асвяжальныя напоі. Распарадчык асабіста заспяшаўся з падносам, застаўленым салатаю з селядцом, абслугоўваючы дам: перад Інгаю Гольм ён нават стаў на адно калена, падаючы ёй сподачак, і яна ад радасці зачырванелася.
Але цяпер у зале пачалі звяртаць увагу на чалавека каля шкляных дзвярэй, і з сімпатычных разгарачаных твараў на яго скіроўваліся незнаёмыя запытальныя позіркі; але ён, нягледзячы на гэта, заставаўся на сваім месцы. Інгеборг і Ганс таксама амаль адначасова закранулі яго позіркамі з той абсалютнай абыякавасцю, у якой бачыцца амаль што пагарда. Але раптам ён усвядоміў, што аднекуль на яго быў накіраваны позірк, які ўважліва спыніўся на ім... Ён павярнуў галаву, і адразу яго вочы сустрэліся з тымі, уздзеянне якіх ён адчуў. Недалёка ад яго стаяла дзяўчына з бледным, вузкім і вытанчаным тварам, якую ён заўважаў яшчэ раней. Яна танчыла мала, кавалеры не надта завіхаліся каля яе, і ён бачыў, як яна з брутальна сціснутымі вуснамі самотна сядзела каля сцяны. I цяпер яна стаяла адна. На ёй, як і на іншых, была светлая лёгкая сукенка, але пад празрыстаю тканінаю паблісквалі голыя плечы, вострыя і хударлявыя, а тонкая шыя тырчала так нізка паміж гэтымі вартымі жалю плечыкамі, што бедная дзяўчынка здавалася крыху гарбатаю. Свае рукі ў тонкіх паўпальчатках яна трымала перад плоскімі грудзьмі такім чынам, што кончыкі пальцаў мякка судакранался. 3 нахіленаю галавою яна знізу ўверх пазірала на Тоніа Крэгера чорнымі вільготнымі вачыма. Ён адвярнуўся...
Тут, зусім блізка ад яго, сядзелі Ганс і Інгеборг. Той падсеў да яе, як быццам яна была яго сястра, і ў атачэнні іншых сабратаў і сясцёр яны елі і пілі, нязмушана размаўлялі і забаўляліся, выкрыквалі звонкімі галасамі адно аднаму жартаўлівыя кпіны і гучна смяяліся. Ці не варта і яму крышку наблізіцца да іх? Ці не варта звярнуцца да яго ці да яе з жартаўлівым словам, якое прыйдзе яму ў галаву, на што яны мусілі б адказаць хоць бы ўсмешкаю? Гэта б ашчаслівіла яго, ён вельмі жадаў гэтага; ён бы вярнуўся ў свой пакой больш задаволеным, з усведамленнем, што ўзнавіў з імі крышку чагосьці агульнага. Ён прыдумаў, што мог бы ім сказаць. Гэта было б як заўсёды: яны б яго не зразумелі, слухалі б адчужана тое, што ён хацеў бы ім выказаць. Бо іх мова была не ягонаю моваю.
Танцы, здавалася, павінны былі ўзнавіцца. Распарадчык разгарнуў актыўную дзейнасць. Ён бегаў па зале і запрашаў усіх на свяце ўзяць удзел у забавах; забіраў пры дапамозе кельнера крэслы і посуд, каб не перашкаджалі, даваў музыкам загады, а некаторых неабчасаных, якія не знаходзілі сабе месца, штурхаў у плечы перад сабою. Што планавалася? Па чатыры на чатыры пары ўтваралі карэ. Жудасны ўспамін прымусіў Тоніа Крэгера зачырванецца. Падрыхтаваліся танчыць кадрылю.
Зайграла музыка, і пары пачалі крочыць, нахіляючыся і змешваючыся. Распарадчык кіраваў; ён даваў каманды — а як жа? — па-французску і прамаўляў насавыя гукі непараўнальна вытанчана. Інгеборг Гольм танчыла перад самым Тоніа Крэгерам у карэ, якое знаходзілася непасрэдна каля шкляных дзвярэй. Яна рухалася сюды-туды перад ім, наперад і назад, крокамі і з перакруткаю; водар, які ішоў ад яе валасоў ці далікатнай тканіны сукенкі, час ад часу дасягаў яго, і ён заплюшчваў вочы з пачуццём, добра знаёмым яму з мінулых часоў; гэтыя водар і даўкая спакуслівасць зноў цалкам запаўнялі яго сваім салодкім смуткам. Што ж гэта такое было? Туга? Пяшчота? Зайздрасць? Самапагарда?.. Moulinet des dames! Ты смяялася, бялявая Інга, ты смяялася з мяне, калі я танчыў moulinet і так жудасна зганьбіўся? А сёння ты таксама смяялася б, цяпер, калі я стаў нечым накшталт славутага чалавека? To праўда, ты б
смяялася і рабіла б гэта тройчы справядліва! А калі б я адзін выканаў дзевяць сімфоній, «Свет як воля і ўяўленне» і «Страшны суд» — то ты мела б вечнае права смяяцца... Ён глядзеў на яе, і яму прыйшоў на памяць радок з верша, які ён доўгі час не згадваў, але які быўяму такім знаёмым і блізкім: «Я спаць хачу, а ты ўсё танчыш». Ён ведаў яе так дакладна, гэтую меланхалічна-скандынаўскую цяжкаважкасць адчування, якая гучала з верша. Спаць... Імкнуцца да таго, каб атрымаць магчымасць жыць проста і цалкам адпаведна пачуццю, якое без абавязку ператварацца ў дзеянне ці танец з асалодаю і па інерцыі спакойна існуе само ў сабе, — і ўсё-такі танчыць, быць абавязаным спрытна і не губляючы прысутнасць духу выконваць складаны і небяспечны «танец з кінжаламі» мастацтва, ніколі не забываючыся пра прыніжальную бессэнсоўнасць, якая палягала ў тым, што трэба танчыць, у той час як ты кахаеш.
Раптам усё шалёна і бязладна замітусілася. Карэ распаліся, і, скачучы і адначасова слізгаючы, усё перамяшалася; кадрыля закончылася галопам. Пары праляталі пад віхурны хуткі такт музыкі міма Тоніа Крэгера, выконваючы шасэ*, імкліва, пераганяючы адна адну, з кароткім смехам, стрымліваючы дых. З’явілася яшчэ адна пара, захопленая ўсеагульнай пагоняй, круцячыся ды ўтароплена імкнучыся наперад. У дзяўчыны быў бледны вытанчаны твар і худзенькія, аж занадта ўзнятыя ўгору плечы. I раптам, перад самым ім, штосьці загамавалася, паехала ўніз, упала... Бледная дзяўчына павалілася. Яна ўпала так брутальна і моцна, што гэта выглядала небяспечным. У такое самае становішча трапіў і кавалер. Ён, відаць, так балюча ўдарыўся, што зусім забыўся пра сваю партнёрку, бо, не паспеўшы ўстаць, пачаў, моршчачыся, рукамі церці свае калені; а дзяўчына, відавочна, зусім аглушаная падзеннем, усё яшчэ ляжала на падлозе. Тут выйшаў Тоніа Крэгер, мякка ўзяў яе пад пахі і падняў. 3 загнаным выглядам, разгубленая і няшчасная, яна пазірала на яго знізу ўверх, і раптам яе пяшчотны твар слаба пачырванеў.
* Адмысловая фігура ў танцах.
«Так! О, mange Tak!»* — сказала яна і паглядзела на яго знізу ўверх сваімі чорнымі вільготнымі вачыма.
«Вам не варта болей танчыць, фройляйн», — лагодна прамовіў ён. Потым Тоніа яшчэ раз позіркам вакол сябе пашукаў іх, Ганса і Інгеборг, і пайшоў, выйшаў з веранды, пакінуў баль і падняўся ў свой пакой.
Ён быў агаломшаны гэтым святам, у якім ён не ўдзельнічаў, і знясілены ад рэўнасці. Усё было, як калісьці, зусім як калісьці! 3 разгарачаным тварам ён і тады стаяў у цёмным месцы, з болем за вас, вы, бялявыя, ажыўленыя, шчаслівыя, і потым, самотны, пайшоў. Хтосьці ж мусіў прыйсці! Інгеборг павінна была б прыйсці, павінна была б заўважыць, што яго няма, павінна была б патаемна пайсці за ім, пакласці руку яму на плячо і сказаць: «Хадзі да нас! He засмучайся! Я кахаю цябе!..» Але яна — не! — не прыйшла. Нічога падобнага не здарылася. Дык вось і цяпер было гэтаксама, як тады; і ён быў шчаслівы, як і тады. Бо яго cappa жыло. Але што адбылося за той час, за які ён зрабіўся тым, чымёсць? Здранцвенне, пустэльня, лёд і — дух! I — мастацтва!..
Ён распрануўся, лёг у пасцель, патушыў святло. Ён прашаптаў у падушку два імені, гэтую пару цнатлівых нардычных складоў, якія для яго азначалі свайго кшталту каханне, пакуты і шчасце, жыццё, простае і шчырае пачуццё, радзіму. Ён азірнуўся назад на гады, якія мінулі з таго часу да сённяшняга дня. Ён узгадаў дзікія прыгоды пачуццяў, нерваўідумак, якія выпалі наяго долю, бачыў сябе раз’едзеным іроніяй і інтэлектам, спустошаным і спаралізаваным пазнаннем, амаль загубленым ліхаманкамі і халоднасцю творчасці; нястрымным і цалкам у пакутах сумлення паміж вострымі крайнасцямі, кіданым сюды-туды паміж святасцю і юрам, вытанчаным, збяднелым, знямоглым ад халодных і штучна вытанчаных хваляванняў, аблудным, спустошаным, катаваным, хворым... і заплакаў ад пакаяння ды тугі па радзіме.