Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Такія думкі валодалі ім, пакуль мацнеў, набліжаючыся, грукат трамвая на Унгерэрштрасэ, а ўваходзячы ў яго, ён вырашыў прысвяціць гэты вечар вывучэнню карты і даведніка руху паса-
жырскага транспарту. На платформе яму захацелася яшчэ раз глянуць, дзе той чалавек у саламяным капелюшы, хаўруснік у баўленні часу на прыпынку з багатымі, як потым выявілася, вынікамі. Але куды той падзеўся, Ашэнбах не здолеў высветліць, бо яго не было ні на тым ранейшым месцы, ні на прыпынку, ні ў вагоне.
II
Аўтар даходлівай і магутнай эпапеі пра жыццё Фрыдрыха Прускага, цярплівы мастак, які ва ўпартым старанні са шматлікіх вобразаў, чалавечых лёсаў, карыстаючыся ідэяй, стварыў раман, свайго кшталту шматколерны дыван, пад назвай «Майя»; творца такога моцнага апавядання пад назваю «Галетнік», які прадэманстраваў усяму маладому пакаленню магчымасць маральнай рашучасці нават пры адсутнасці самых глыбокіх ведаў; нарэшце, аўтар (толькі коратка называючы творы яго сталага перыяду) жарснага трактата пра «дух і мастацтва», упарадкавальная сіла і супярэчлівае красамоўства якога далі магчымасць сур’ёзным крытыкам паставіць яго непасрэдна побач з роздумам Шылера пра наіўную і сентыментальную паэзію, — Густаў Ашэнбах нарадзіўся ў Л., акруговым горадзе ў Сілезіі ў сям’і высокага чыноўніка-юрыста. Яго продкамі былі афіцэры, суддзі, службоўцы — людзі, якія вялі сваё нескладанае, прыстойна сціплае жыццё на службе каралю і дзяржаве. Больш глыбокая духоўнасць праявілася сярод іх аднойчы ў асобе прапаведніка; больш неспакойную, пачуццёвую кроў прынесла ў сям’ю мінулага пакалення маці паэта, дачка чэшскага капельмайстара. Ад яго ён успадкаваў прыкметы чужой расы ў знешнасці. Спалучэнне службова цвярозай сумленнасці з больш змрочнымі і гарачымі імпульсамі спарадзіла мастака, гэтага незвычайнага мастака.
3 той прычыны, што ўся яго сутнасць была падпарадкаваная дасягненню славы, ён калі і не рана выявіў сябе пасталелым, то дзякуючы рашучасці і асабістай дакладнасці інтанацый, гра-
мадскасць палічыла яго сталым і ўвішным. Ці не гімназістам ён ужо зрабіў сабе імя. Праз дзесяць гадоў ён навучыўся дэманстраваць сябе, не адыходзячы ад пісьмовага стала, кіраваць сваёю славаю адным толькі сказам у лісце, які мусіў быць кароткім (бо на паспяховага прыстойнага чалавека навальваецца вельмі шмат зваротаў), зычлівым і значным. Саракагадовы, змораны цяжкасцямі і разнастайнымі падзеямі ўласнай працы, ён мусіў кожны дзень разбіраць пошту з маркамі ўсяго свету.
Яго таленту былі гэтаксама чужымі банальнасці, як і эксцэнтрычнасць; яму было наканавана адначасова прыцягваць на свой бок як веру шырокай публікі, так і ўхвальную, патрабавальную зычлівасць абраных. Бо яшчэ юнаком нацэлены з усіх бакоў абавязкова мець поспех — і нават надзвычайны, — ён ніколі не ведаў вольных забаў, ніколі не выказваў юначай нядбайнасці. Калі ва ўзросце трыццаці пяці гадоў ён у Вене захварэў, то адзін вытанчаны аглядальнік выказаўся на людзях пра яго: «Бачыце, Ашэнбах ужо здавён жыў толькі так, — і прамоўца шчыльна сціснуў пальцы левай рукі ў кулак, — ніколі так», і ён вольна звесіў раскрытую далонь з падлакотніка крэсла. Гэта трапіла ў яблычак, бо яго адважная маральнасць палягала ў тым, што яго натура, якая менш за ўсё адрознівалася грубай устойлівасцю, але знаходзілася ў заўсёднай напрузе, па-сапраўднаму яшчэ не сфарміравалася.
Знаходзячыся пад лекарскім назіраннем, хлопчык быў выключаны са школьнага асяроддзя і вымушаны вучыцца дома. Ён вырас самотны, без таварышаў і, тым не менш, рана ўсвядоміў, што ён належыць да роду, у якім не талент быў рэдкасцю, а фізічная аснова, патрэбная дзеля рэалізацыі гэтага таленту, — гэта быў род, які мае звычку змоладу выяўляць свае найлепшыя якасці, але рэдка зберагае свае здольнасці да самай старасці. А яго ўлюбёным словам было «вытрымаць»: у сваім рамане, прысвечаным Фрыдрыху, ён бачыў толькі апафеоз гэтага загаднага слова, якое здавалася яму пакутна-актыўнаю рысаю цноты. Ён моцна жадаў таксама дажыць да старасці, бо здаўна лічыў, што назваць сапраўды вялікім, ўсёабдымным, нават напраўду вартым гонару, можна толькі такі занятак мастацтвам,
якому было наканавана быць у сваёй сутнасці плённым на ўсіх ступенях чалавечнасці.
Але з той прычыны, што абавязкі, якімі нагрузіў яго талент, ён мусіў несці на сабе, рухаючыся з імі наперад, яму патрэбна была суровая дысцыпліна, а яна, на шчасце, была ўзятая ім у спадчыну ад бацькі. Ва ўзросце сарака-пяцідзесяці гадоў, калі іншыя ўжо б’юць бібікі, мараць, спакойна адкладаюць на потым ажыццяўленне высокіх планаў, ён пачынаў свой дзень, абліваючы сабе халоднаю вадою грудзі і плечы, а потым, у святле некалькіх высокіх васковых свечак у срэбных падсвечніках абапал рукапісаў, цягам дзвюх-трох ранішніх гадзін шчыра аддаваў сілы, назапашаныя ў сне, у ахвяру мастацтву. I гэта было даравальна... Ды не, гэта было, шчыра кажучы, перамогаю яго маральнасці — калі недасведчаныя лічылі свет «майя» ці эпічныя пасажы, у якіх разгортвалася гераічнае жыццё Фрыдрыха, прадуктам вымучанай энергіі і напружанай працы, у той час калі ў сапраўднасці яны складаліся штодня з соцень асобных натхнёных момантаў у адно вялікае цэлае; яны толькі такім чынам і стваралі цалкам і ў кожным пункце выдатнае ўражанне, бо іх творца, дзякуючы сіле волі і ўпартасці, падобнай да той, з якою была засвоена родная яму мясцовасць, рабіў на працягу гадоў напружаную працу над адным і тым самым творам — працу, выключна на вынік якой ён скарыстаў свае самыя моцныя і самыя каштоўныя гадзіны.
Дзеля таго каб значны мастацкі твор адразу мог зрабіць уплыў, павінна існаваць глыбокая роднаснасць, нават суладнасць паміж асабістым лёсам яго аўтара і агульным лёсам сучаснага яму пакалення. Людзі не ведаюць, чаму яны ўслаўляюць мастацкі твор. Зусім не спецыялісты, яны спадзяюцца знайсці ў ім сотні пераваг, каб такім чынам апраўдаць такую вялікую спагаду; але папраўдзе гэтая падтрымка — штосьці невымяральнае, гэта сімпатыя. Ашэнбах аднойчы непасрэдна выказаў гэта ў не вельмі прыкметным месцы, адзначыўшы, што амаль усё вялікае, што існуе, існуе як «насуперак» і з’явілася насуперак бядзе і пакутам, беднасці, занядбанасці, фізічнай слабасці, заганам, жарсцям і тысячам перашкод. I гэта было
больш, чым проста заўвага, гэта быў досвед — а менавіта, формула яго жыцця і славы, ключ да ягонай творчасці; таму няма ніякага дзіва ў тым, калі гэта было таксама маральнаю асноваю, вонкавым выяўленнем яго самых своеасаблівых вобразаў.
Пра новы тып героя, які зноў і зноў з’яўляецца ў самых разнастайных індывідуальных вобразах, якому аддаваў перавагу пісьменнік, яшчэ нашмат раней пісаў адзін разумны аналітык: ён (пісьменнік) — канцэпцыя «інтэлектуальнай і юнацкай мужчынскасці», якая «ў ганарлівым сораме сашчамляе зубы і спакойна стаіць перад вамі, у той час калі мячы і дзіды працінаюць цела». Гэта гучала прыгожа, дасціпна і дакладна, нягледзячы на нейкае занадта пасіўнае вызначэнне. Бо паводзіны ў лёсе, прываблівасць у пакутах азначаюць не толькі трыванне; гэта — актыўны вынік, пазітыўны трыумф, а вобраз Себасцьяна — гэта самы прыгожы сімвал, магчыма, калі не ўсяго мастацтва ўвогуле, то, вядома, мастацтва, пра якое ідзе гаворка. Калі зазірнуць у сярэдзіну гэтага свету, пра які распавядаецца, то можна ўбачыць элегантнае самавалоданне, якое да апошняй хвілі хавае ў сабе ад вачэй свету ўнутраную спустошанасць, біялагічны распад; жоўтую, пачуццёва занядбаную гідлівасць, здольную раздзьмуць свой набрынялы жар у сапраўднае полымя, нават узняцца да панавання ў царстве прыгажосці; бледную немач, якая чэрпае сілу з полымных глыбінь духу, каб кінуць увесь задзірысты народ да падножжа крыжа, да сваіх ног; зычлівыя паводзіны ў пустой, але строгай службе на карысць формы; фальшывае, небяспечнае жыццё, хутка раздражняльнае тужлівае жаданне і мастацтва прыроджанага ашуканца — разглядаючы ўвесь гэты лёс і шмат якія падобныя, можна было ўсумніцца, а ці ёсць які інакшы гераізм, акрамя гераізму слабасці. Але якое геройства, ва ўсякім разе, больш адпавядала б часу, чым гэта? Густаў Ашэнбах быў песняром усіх тых, хто працуе ўжо амаль у поўнай знямозе; перагружаных, даведзеных ужо да адчаю, якія яшчэ трымаюцца на нагах; усіх гэтых маралістаў дзеяння, якія, невысокія ростам і абмежаваныя ў сродках, дзякуючы напружанню волі і разумнаму кіраванню, ва ўсякім выпадку, на кароткі час дамагаюцца велічы. Іх шмат, яны героі
эпохі. I яны ўсе пазналі сябе ў яго творах, яны ўбачылі пацверджанне саміх сябе: ён іх там прыўзняў і апеў; яны былі ўдзячнымі яму, яны зрабілі яму імя.
Ён быў малады і нявыхаваны, як і яго час, які даваў яму кепскія парады; ён публічна спатыкаўся, хібіў, кампраметаваў сябе, словам і справаю парушаў правілы такту і разважнасці. Але ён выхаваў у сабе пачуццё годнасці, натуральная цяга да якой і пэўны сверб, як ён сцвярджаў, уласцівыя ад нараджэння кожнаму вялікаму таленту — нават можна сказаць, што ўсё яго станаўленне было неадступным уздымам да заваявання павагі, які пераадольваў усе перашкоды сумнення і іроніі.
Жывая, духоўна нязначная даступнасць апісання выклікае захапленне бюргерскіх мас, але жарсная, не звязаная ўмоўнасцямі моладзь захапляецца толькі праблематычнасцю; Ашэнбах жа быў праблематычным, не быў звязаны ўмоўнасцямі, як любы юнак. Ён быў адданы толькі духу, займаўся драпежніцтвам, малоў зерне, пакінутае на сяўбу, выдаваў сакрэты, з падазронасцю ставіўся да таленту, здраджваў мастацтву — нават у той час, калі яго творы падтрымлівалі, узвялічвалі, ажыўлялі яго сапраўдных прыхільнікаў, ён, малады мастак, сваімі цынічнымі выказваннямі пра сумнеўную сутнасць мастацтва, самога занятку мастацтвам агаломшваў так, што дваццацігадовым займала дых.
Але, здаецца, шляхетны і рупны дух ні аб што не затупляецца хутчэй і грунтоўней, як аб вострую і горкую прывабнасць пазнання; і, безумоўна, цяжкадумна-сумленная грунтоўнасць юнака выяўляе сваю павярхоўнасць у параўнанні з глыбокім рашэннем сталага мужчыны-майстра адмаўляць веды, не прызнаваць іх, глядзець паўзверх іх з узнятаю галавою, калі гэтыя веды хоць бы ў самай малой ступені здольныя паралізаваць волю, дзеянне, пачуццё, расслабляць, пазбаўляць гонару. Як жа іначай можна было інтэрпрэтаваць славутае апавяданне пра «Галетнік», як не выбух агіды ў дачыненні да непрыстойнага псіхалагізму часу, увасобленага ў вобразе таго лагоднага і дурнаватага нягодніка, які хітрасцю фарміруе сабе лёс, заганяючы сваю жонку з бяссілля, заганнасці, этычнай няпэўнасці