Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
чыма, можна было б паставіць заслону, калі б ён крыху прыплюшчыў вочы і інакшым чынам паглядзеў вакол сябе. Але ў гэты час яму здалося, што ён плыве, і з ірацыянальным жахам узняўшы вочы, ён заўважыў, што цяжкі і змрочны корпус карабля павольна адыходзіў ад бетоннага берага. Сантыметрамі, пры рухах машыны наперад-назад, пашыралася паласа брудна-блішчастай вады паміж набярэжнаю і караблём, і пасля няўклюдных манёўраў параход павярнуў бушпрыт у напрамку да адкрытага мора. Ашэнбах перайшоў на борт, з боку якога знаходзіўся штурвал, туды, дзе гарбун падрыхтаваў яму ляжак, а сцюард ў заплямленым фраку спытаў пра ягоныя пажаданні.
Неба было шэрае, вецер — вільготны; порт і астравы засталіся ззаду, і з поля зроку хутка знікла ўся суша. Шматкі вугальнага пылу падалі, набрынялыя вільгаццю, на вымытую палубу, якая не паспявала высахнуць. Ужо праз гадзіну нацягнулі дах з парусіны, бо пайшоў дождж.
Захутаўшыся ў паліто, з кніжкай на каленях, вандроўнік адпачываў, і гадзіны міналі для яго незаўважна. Дождж сціх, часовы дах прыбралі. Далягляд быў чысты. Пад шырокім скляпеннем неба распасціралася вялізная гладзь пустэльнага мора; але ў пустой, непадзеленай прасторы нашым пачуццям не хапае меры часу, і мы цалкам забываемся ў невымерным. Фігуры, падобныя да ценяў, стары блазен, казліная барада з сярэдзіны карабля затуманілі няпэўнымі грымасамі, заблытанымі, летуценнымі словамі свядомасць Ашэнбаха на лежаку, і ён заснуў.
Апоўдні яго запрасілі ўніз спажыць замоўленую ежу ў сталоўцы, доўгай, як калідор, у якую выходзілі дзверы спальных кают; ён трапіў у галаву доўгага стала, на другім канцы, якога пачынаючы з дзесяці гадзін, балявалі прыказчыкі разам з бадзёрым капітанам, і ўтым ліку, вядома, стары блазен. Ежа была сціплаю, і ён з ёй неўзабаве справіўся. Яго пацягнула на свежае паветра, ён хацеў зірнуць на неба: ці не пасвятлела яно над Венецыяй.
Ашэнбах быў упэўнены, што так і будзе, бо раней заўсёды горад сустракаў яго сваім ззяннем. Але неба і мора заставаліся змрочнымі, алавянага колеру; час ад часу імжыў дождж, змяшаны з імглою, і ён змірыўся з тым, што водны шлях прывядзе
яго ў іншую Венецыю, чым тая, якую ён калісьці бачыў, набліжаючыся да яе па сушы. Ён стаяў каля фок-мачты, узіраючыся ўдалеч у чаканні зямлі. Ён прыгадаў тужліва-натхнёнага паэта, перад якім калісьці з гэтых водаў узышлі вежы і званіцы яго мрояў; Ашэнбах паўтарыў сам сабе тое-сёе з таго, што — пачцівасць, шчасце і жалоба — у той час ператваралася ў прыязны спеў, і пад нязмушаным уздзеяннем адчування, якое набыло ўжо дакладную форму, ён учыніў праверку свайму сур’ёзнаму і зморанаму сэрцу наконт таго, ці ёсць яшчэ магчымасць у неспакойнага вандроўніка спадзявацца на новае захапленне і памылкі, на познія прыгоды пачуцця.
I тут з правага боку паказалася роўнае ўзбярэжжа; лодкі рыбакоў ажывілі мора; з’явіўся востраў-курорт; параход пакінуў яго з левага боку, запаволіў хаду і паплыў цераз цесны порт, які атрымаў назву паводле вострава; у лагуне на тле страката беднага жытла ён спыніўся зусім; тут трэба было чакаць шлюпку санітарнай службы.
Прайшла гадзіна, пакуль яна з’явілася. Як быццам прыехалі і як быццам — не; хоць спяшацца не было куды, але ўсё ж муляла нецярпенне. Маладыя пасажыры з Полы, мажліва, патрыятычна натхнёныя вайсковымі сігналамі ражкоў, што даляталі па вадзе з мясцовасці публічных садоў адпачынку, выйшлі на палубу і пад уздзеяннем віна «Асці» абвясцілі славу берсальерам на пляцы для практыкаванняў. Але пры гэтым агідна было бачыць, у які стан прывяла напышлівага старога яго штучны хаўрус з моладдзю. Ягоныя старыя мазгі пасля выпітага віна не змаглі ўтрымацца ў тым належным стане, як у моладзі: ён быў зусім п’яны. 3 асалавелым позіркам, цыгарэтаю паміж дрыготкіх пальцаў ён, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу на месцы, толькі хмельна хістаўся сюды-туды. Пры першым жа кроку ён паваліўся бы, таму ён не наважваўся скрануцца з месца; пры гэтым стары выяўляў жудасную непрыстойнасць, хапаў кожнага, хто набліжаўся, за гузік, мармытаў, падміргваў, хіхікаў, узды-
* Высокамабільныя стралкі пяхотных падраздзяленняў даўніх італьянскіх войскаў.
маў свой зморшчаны ўказальны палец з пярсцёнкам, неразумна дражніў і агідным двухсэнсоўным чынам аблізваў сабе канцом языка куточкі рота. Ашэнбах глядзеў на яго, нахмарыўшы бровы, і зноў яго апанавала пачуццё разгубленасці, быццам свет выяўляе лёгкую, нястрымную схільнасць вырадзіцца ў штосьці дзіўнае і карыкатурнае; што праўда, задумацца над гэтым яму перашкодзілі абставіны: зноў пачалася напружаная праца машыны, і карабель узнавіў цераз канал Сан-Марка свой рух, што быў перапынены зусім недалёка ад мэты.
I вось ён убачыў яго зноў, самы дзіўны прычал, асляпляльную кампазіцыю фантастычнай пабудовы, якую рэспубліка дэманстравала пачцівым позіркам марскіх пасажыраў, калі тыя набліжаліся: ажурную прыгажосць палаца і Мост Уздыхаў, калоны са львом і Святым Маркам на беразе, пыхлівы выступ крыла казачнага храма, від на арку ды вялізны гадзіннік; і гледзячы на ўсё гэта, Ашэнбах разважаў, што прыязджаць у Венецыю сухапутным шляхам праз вакзал, азначала б тое самае, што ўваходзіць у палац цераз заднія дзверы, і што ў гэты самы неверагодны горад нельга прыбываць іначай, як на караблі, як праз адкрытае мора.
Машына заглухла, з’явілася процьма гандол, на бераг быў спушчаны трап, на борт падняліся мытнікі і заняліся сваёю справаю. Можна было пакідаць карабель. Ашэнбах даў зразумець, што яму патрэбна гандола, каб з багажом дабрацца да станцыі маленькіх параходаў-вапарэта, якія курсіруюць паміж горадам і Ліда; ён планаваў знайсці жытло каля мора. Яго намер ухвальваюць, яго жаданне выкрыкваюць уніз, каб чутно было на вадзе, дзе гандальеры спрачаюцца між сабою на дыялекце. Ён яшчэ не можа сысці ўніз, яго затрымлівае валіза, якую з цяжкасцю цягнуць па вяровачнай лесвіцы. Так на некалькі хвілін ён робіцца няздольным унікнуць напору жудаснага старога, якога змрочны хмель штурхае пачціва развітацца з незнаёмцам. «Мы жадаем шчасліва правесці час, — мармыча стары, шоргаючы нагамі. — Прыемных успамінаў! Au revoir, excusez et bon jour ', Ваша міласць!»
* Да пабачэння, прабачце і добрага вам дня (фр.).
Яго вусны робяцца вільготнымі, ён заводзіць вочы, ён аблізвае куточкі рота, і падфарбаваныя вусікі на старэчай губе падскокваюць угару. «Было вельмі прыемна! — мармыча ён, падносячы два пальцы да вуснаў, — нашы кампліменты ўлюбёнцу, самаму ўлюбёнаму, прыгажунчыку...» I раптам яго ўстаўленыя верхнія зубы выпадаюць на ніжнюю губу. Ашэнбах змог прайсці міма. «Улюбёнцу, цудоўнаму ўлюбёнцу», — чуў ён за спінаю буркатлівыя, гартанныя і заіклівыя гукі, пакуль, трымаючыся за вяровачныя парэнчы, спускаўся ўніз па нетрывалым трапе.
Каму не даводзілася перамагаць імгненны жах, патаемны сполах і разгубленасць, калі трэба было ўпершыню або даўно адвыкшы садзіцца ў венецыянскую гандолу? Дзіўны транспартны сродак, які застаўся да нашых дзён нязменным з часоў старажытнасці, і такі незвычайна чорны, якімі не бываюць іншыя рэчы — хіба што труны. Такая паездка нагадвае пра бясшумныя злачынныя прыгоды бурлівай ноччу, і яшчэ больш яна нагадвае пра самую смерць, пра магільныя насілкі і змрочнае пахаванне ды пра апошнюю маўклівую паездку. I ці заўважылі вы, што сядзенне такой шлюпкі — гэтае лакіраванае, чорнае, як труна, у матава-чорнай абіўцы крэсла з падлакотнікамі — самае мяккае, самае пышнае, самае ўтульнае сядзенне ва ўсім свеце? Ашэнбаху гэта кінулася ў вочы, калі ён усеўся каля ног гандальера насупраць свайго багажу, які ляжаў, ахайна складзены, каля носа гандолы. Весляры ўсё яшчэ сварыліся, рэзка, незразумела, з пагрозлівымі мінамі на тварах. Але адмысловая цішыня горада на вадзе, здавалася, мякка паглынала іх галасы, пазбаўляла іх цялеснасці, распыляла іх над вадою. Тут, у порце, было цёпла. Пад лагодным подыхам сірока, усеўшыся паміж утульных падушак, падарожнік заплюшчыў вочы, адчуваючы задавальненне ад такога незвычайнага і салодкага расслаблення. «Паездка будзе кароткаю, — падумаў ён сабе, — няхай бы яна цягнулася бясконца!» Ад лёгкага пагойдвання ён адчуў, што паволі аддаляецца ад гармідару, бязладдзя галасоў.
Вакол яго рабілася ўсё цішэй! He было чуваць нічога, акрамя плёскату вёслаў, ледзь чутных удараў хваль аб нос шлюпкі, які вытыркаўся над вадою, — прамы, чорны і на кончыку заверша-
ны нечым накшталт алебарды; і яшчэ было трэцяе — размова, нягучнае бурчанне, шэпт гандальера, які праз зубы, адрывіста, гукамі, утворанымі з уздзеяннем працы рук, размаўляў сам з сабою. Ашэнбах узняў вочы і з лёгкім здзіўленнем заўважыў, што лагуна вакол яго пашырылася і што ён плыве ў адкрытае мора. Гэта, мусіць, азначала, што яму нельга занадта доўга адпачываць, а належыць сачыць за выкананнем сваёй волі.
«Мне трэба на прыстань!» — сказаў ён, злёгку павярнуўшы галаву назад. Шэпт замоўк. Адказу не было.
«Прашу на прыстань!» — паўтарыў ён, павярнуўшыся ўсім целам, і зірнуў у твар гандальеру, які стаяў у яго за спінаю на ўзвышэнні і постаць якога вылучалася на тле бляклага неба. Гэта быў чалавек з непрыемным, нават брутальным, тварам, апрануты ў сінюю марскую вопратку, падперазаную жоўтаю стужкаю, у бясформенным саламяным капелюшы, які, дзёрзка ссунуты набок, трымаўся на галаве, а пляценне якога ўжо пачало распускацца. Форма яго твару, яго бялявыя распушаныя вусы пад кароткім задзёртым носам наводзілі на думку, што ніякі ён не італьянец. Хоць паводле знешняга выгляду ён здаваўся даволі слабым, каб быць прыдатным выконваць такую працу, ён карыстаўся вяслом, высільваючыся пры кожным узмаху ўсім целам, вельмі спрытна. Некалькі разоў ад напругі ён аж ашчэрваў рот, агаляючы белыя зубы. Насупіўшы парыжэлыя бровы, ён пазіраў паўз пасажыра, як раптам прамовіў у адказ з упэўненаю, амаль грубаю інтанацыяй:
«Вам трэба ў Ліда?»
Ашэнбах адказаў:
«У Ліда. Але ж я ўзяў гандолу, каб трапіць толькі да плошчы Святога Марка. Я хачу скарыстацца маленькім параходзікамвапарэта».
«Вы не зможаце скарыстацца вапарэта, пане».
«А чаму?»
«Бо вапарэта не перавозіць багажу».
I гэта было так, Ашэнбах прыпомніў. Ён замоўк. Але рэзкая, фанабэрыстая, такая нязвыклая для гэтай краіны манера мужчыны ў дачыненні да іншаземца падалася яму невыноснаю. Ён сказаў: