• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    Дзеці хуценька ўсталі. Яны нахіліліся, каб пацалаваць руку маці, якая са стрыманай усмешкаю на крыху змораным вастраносым твары зірнула паўзверх іх галоў і прамовіла некалькі слоў на французскай мове ў адрас выхавацелькі. Потым яна пайшла да шкляных дзвярэй. Дзеці пайшлі ўслед за ёю: дзяўчаткі ва ўзроставай паслядоўнасці, за імі — гувернантка, нарэшце — хлопчык. Перш чым пераступіць парог, ён, невядома чаму, азірнуўся, і яго незвычайна цёмна-шэрыя вочы сустрэліся з позіркам Ашэнбаха — а болей у памяшканні нікога не было, — які з газетаю на каленях задумліва глядзеўуслед радзіне, што аддалялася.
    Тое, што ён бачыў, не звяртала на сябе ўвагі нейкаю асаблівасцю. Дзеці не сядалі за стол раней за маці: яны чакалі, потым пачціва віталі яе і, заходзячы ў залу, трымаліся звыклых фармальнасцей. Толькі ўсё гэта рабілася так выразна, з такою падкрэсленай дысцыплінаю, абавязкам і самапавагаю, што Ашэнбах адчуў надзвычайнае захапленне. Ён яшчэ нейкую хвілю пачакаў, потым таксама пайшоў у сталоўку, і яму вызначылі столік, які, як ён з жалем канстатаваў, знаходзіўся вельмі далёка ад століка польскай сям’і.
    Змораны, аднакжываўзрушаны, ён падчас працяглай вячэры размаўляў з абстрактнымі, нават трансцэндэнтнымі, рэчамі, раздумваў пра таемную сувязь, якую заканамернае павінна падтрымліваць з індывідуальным дзеля нараджэння чалавечай прыгажосці; зыходзячы з гэтага, ён перайшоў да ўсеагульных
    праблем формы і мастацтва, аж нарэшце прыйшоў да высновы, што яго думкі і знаходкі былі падобныя да пэўных быццам шчаслівых нашэптванняў трызнення, якія пры цвярозым розуме выяўляюцца абсалютна пустымі і нягоднымі. Пасля вячэры ён пасядзеў, пакурыў, потым пахадзіў, пашпацыраваў па парку, напоўненым вечаровымі пахамі; рана пайшоў спаць і правёў ноч у стабільна глыбокім, але ажыўленым рознымі трызненнямі сне.
    Надвор’е назаўтра не палепшылася. Дзьмуў берагавы вецер. Пад бляклым, зацягнутым хмарамі небам мора ляжала нерухома, быццам скурчыўшыся, з сумна блізкім даляглядам; яно так далёка адступіла ад берага, што пясчаныя водмелі агаліліся. Калі Ашэнбах адчыніў акно, яму падалося, што ён адчуў застаялы пах лагуны.
    Настрой сапсаваўся. Ён адразу ж падумаў пра ад’езд. Аднойчы, шмат гадоў таму, пасля двух сонечных веснавых тыдняў яго заспела тут такое самае надвор’е і так сапсавала самаадчуванне, што ён мусіў падацца з Венецыі наўцёкі. Ці не апаноўвала яго зноў, як тады, ліхаманкавае раздражненне, ціск у скронях, цяжар у павеках? Мяняць яшчэ раз месца — ці не занадта? Але калі вецер не зменіцца, то заставацца тут будзе няможна. На ўсялякі выпадак, ён да канца не распакоўваўся. А дзявятай гадзіне ён паснедаў у буфеце паміж вестыбюлем і сталоўкаю.
    У памяшканні панавала ўрачыстая цішыня — амбіцыйны складнік любога вялікага гатэля. Абслуга хадзіла ціха, амаль нячутна. Лёгкае бразганне прыбора для гарбаты; слова, вымаўленае паўшэптам, — гэта ўсё, што можна было пачуць. У адным кутку, наўскасяк ад дзвярэй і праз два сталы ад ягонага, Ашэнбах заўважыў юных полек з выхавацелькаю. 3 абсалютна выпрастанымі спінамі, з нанава прычасанымі русымі валасамі, у моцна накрухмаленых сініх ільняных сукенках з маленькімі белымі адкіднымі каўнерыкамі і манжэтамі, яны сядзелі і перадавалі адна адной слоік з варэннем. Яны ўжо амаль далі рады са сняданкам. Хлопчыка з імі не было.
    Ашэнбах усміхнуўся. «Ну, малы сібарыт! — падумаў ён. — У цябе, здаецца, ёсць перавага перад імі: ты можаш спаць, колькі захочаш». I, раптам павесялелы, ён сам сабе працытаваў радок:
    «Змена ўпрыгожанняў, цёплая ванна і ціша...»
    Ён снедаў без спеху; парцье, які ўвайшоў у залу ў фуражцы з галунамі, перадаў яму пошту, і ён, палячы цыгарэту, распячатаў некалькі лістоў. Так і атрымалася, што ён быў тут, калі з’явіўся юны аматар паспаць, якога яшчэ чакалі.
    Ён зайшоў цераз шкляныя дзверы і накіраваўся, перасякаючы памяшканне ўпоперак, проста да стала сясцёр. Яго хада, як праз паставу цела, так і праз згінанне ног у каленках, дотык падэшваў белага абутку да зямлі, была надзвычай прывабнаю, вельмі лёгкаю, але адначасова пяшчотна-ганарліваю ды яшчэ ўпрыгожанай дзіцячаю сарамлівасцю, з выразам якой ён, ідучы, двойчы павярнуў галаву да залы, шырока расплюшчыў вочы і апусціў іх долу. 3 усмешкаю ён паўшэптам штосьці прамовіў са сваім лагодна-расплывістым вымаўленнем і заняў сваё месца за сталом; і толькі цяпер, калі ён павярнуўся да гледача сваім дасканалым профілем, Ашэнбах яшчэ раз здзівіўся, нават спалохаўся, сапраўды боскай прыгажосці дзіцяці чалавечага. Хлопчык меў сёння на сабе лёгкую блузу ў сінюю і белую палоскі з чырвоным шоўкавым бантам на грудзях, а шыю захінаў просты белы стаячы каўнер. Але над гэтым каўняром, які не вельмі пасаваў паводле элегантнасці да касцюма, узвышаўся бутон галавы непараўнальнай чароўнасці — галава Эраса, жаўтавата ззяючая, як парнаскі мармур, з тонкімі і сур’ёзнымі бровамі; яго скроні і вуха былі лёгка акрытыя кудзерамі, што вертыкальна спадалі.
    «Добра, добра», — падумаў Ашэнбах з тым прафесійна халодным ухваленнем, якім мастакі часам выказваюць сваё захапленне, сваю зачараванасць адносна нейчага майстэрства. А яшчэ ён падумаў: сапраўды, калі б яго не чакалі мора і пляж, ён бы застаўся тут, колькі можна прабыць! А цяпер ён пайшоў, пайшоў цераз залу пад уважлівымі позіркамі прыслугі, уніз на тэрасу і па дашчаным трапе на агароджаны пляж курортнікаў. Басаногі стары, які з’явіўся ў ільняных нагавіцах, матроскай блузе і саламяным капелюшы, — дзяжурны на пляжы — паказаў яму ягоную кабіну, вынес стол і крэсла на мошчаную пляцоўку, дзе Ашэнбах утульна ўладкаваўся ў шэзлонгу, які
    ён прымайстраваў як мага далей ад мора, умацаваўшы стаякі ў васкова-жоўтым пяску.
    Выгляд пляжа, гэты абразок культуры, што бестурботна паводзіць сябе на краі стыхіі, забаўляў і цешыў яго, як ніколі paHeft. Шэрае і роўнае мора ўжо ажывілася дзецьмі, якія плёскаліся на мелізне, а яшчэ плыўцамі, рознакаляровымі фігурамі, якія, скрыжаваўшы рукі пад галавою, ляжалі на пясчаных дзюнах. Нехта катаўся на маленькіх бяскілевых чоўнах, пафарбаваных у чырвоны і сіні колер, і са смехам перакульваўся. Перад доўгім шэрагам кабінак, на пляцоўках перад якімі можна было сядзець, як на маленькіх верандах, праходзілі гульні побач з суцэльным спакоем, сустрэчамі і балбатнёю, рупны ранішні бляск спакойна існаваў раўналежна з аголенасцю, якая з дзёрзкай утульнасцю радасна карысталася вольнасцямі гэтага месца. Бліжэй да мора на вільготным і мулкім пяску адпачывальнікі з асалодаю хадзілі сюды-туды ў белых купальных халатах, у шырокіх яркіх кашулях. Праваруч мудрагелістая цвярдыня з пяску, збудававаная дзецьмі, была паабтыканая маленькімі сцяжкамі ў колерах розных краін. Прадаўцы ракавінак, печыва і садавіны раскладалі свае тавары ўкленчыўшы. Леваруч, перад адною з кабінак, што стаялі наўскасяк да шэрагу астатніх і да мора, а на гэтым баку ўтваралі край пляжа, атайбавалася расійская сям’я: мужчыны з бародамі і вялікімі зубамі; пульхныя і вялыя жанчыны; прыбалтыйская дзяўчына, якая, седзячы каля мальберта і выдаючы гукі адчаю, малявала мора; двое дабрадушна-агідных дзяцей, старая служанка ў хустцы і з ветліва ліслівымі рабскімі манерамі. Яны жылі там, удзячна задаволеныя; увесь час выкрыквалі імёны непаслухмяных дзяцей, што падоўгу жартавалі, ужываючы вобмаль італьянскіх слоў, са старым-гумарыстам, у якога яны куплялі салодкія ласункі, цалаваліся ў шчокі і не зважалі на тых, хто назіраў за іх чалавечай супольнасцю.
    «Усё-такі я застаюся, — падумаў Ашэнбах. — А дзе можа быць лепей?» I склаўшы рукі на каленях, ён зазірнуў у далячыні мора, і яго позірк слізгануў прэч, расплыўся, пачаў ламацца ў аднастайнай імжы прасторавай пустэльні. Ён любіў мора
    ўсёю глыбінёю душы: гэтая любоў вынікала з жадання спакою, уласцівага працавітаму мастаку, які прагна імкнецца схавацца ад патрабавальнага шматаблічча з’яў на заспакаяльным улонні простага, стыхійнага; яна вынікала з забароненай, менавіта супрацьлеглай у дачыненні да ягонай, задачы і праз гэта — са спакушальнай цягі да непадзельнага, да бязмернага, вечнага, іншымі словамі, да няіснага. Спачыць на дасканалым — тужлівае жаданне таго, хто намагаецца дасягнуць выдатнага; а ці не ёсць няіснасць формай дасканалага? Але якраз калі ён у сваіх марах заглыбіўся ў пустэльню, гарызантальную лінію берага раптам перасекла чалавечая постаць, і як толькі ён вярнуў свой позірк з бязмежжа і сканцэнтраваўся, то выявілася, што гэта прыгожы хлопчык, які, з’явіўшыся з левага боку, ішоў па пяску паўз яго. Ён быў босы, гатовы ісці па вадзе, агаліўшы стройныя ногі аж вышэй за каленкі, і крочыў так лёгка і з гонарам, быццам для яго ісці басанож — звыклая справа; ён павярнуў галаву і ўважліва паглядзеў на кабінкі, якія стаялі наўскасяк. Але як толькі ён заўважыў расійскую сям’ю, якая там у радасным настроі жыла сваім жыццём, яго твар азмрочыўся злоснаю пагардаю. Лоб хлопца спахмурнеў, вусны выцягнуліся ўверх, а ўбок ад іх працягнулася, нібы ўрэзаўшыся ў шчаку, балючая зморшчына; пры гэтым бровы насупіліся так моцна, што здавалася, пад іх ціскам вочы глыбока запалі ўсярэдзіну і выяўлялі адтуль са змрочнай злосцю нянавісць. Ён апусціў вочы долу, яшчэ раз пагрозліва азірнуўся, потым зрабіў рэзкі рух плечуком і аддаліўся ад сваіх ворагаў.
    Няпэўнае пачуццё пяшчоты або спалоханасці, штосьці падобнае да павагі і сораму, вымусіла Ашэнбаха адвярнуцца, быццам ён нічога не заўважыў; бо сур’ёзнаму выпадковаму сведку моцных эмоцый бывае непрыемна паказваць сваё веданне нават перад самім сабою. А ён быў адначасова і падбадзёраны і ўзрушаны, гэта значыць — ашчасліўлены. Гэты дзіцячы фанатызм, скіраваны на самы міралюбны кавалак жыцця, уносіў боска-невымоўнае ў чалавечыя стасункі; ён бачыў у тварэнні прыроды, якое было прыдатнае толькі для захаплення, вартасць больш глыбокага спачування; і ён надаў вобразу падлет-
    ка, які і так вылучаўся сваёю прыгажосцю, палітычна-гістарычную афарбоўку, што дазваляла, нягледзячы на ўзрост хлопчыка, успрымаць яго сур’ёзна.
    He паварочваючыся, Ашэнбах прыслухаўся да голасу хлопчыка, да яго звонкага, але слабаватага голасу, якім ён імкнуўся здалёк падаць вітальны знак пра сябе дзецям, якія завіхаліся вакол пясчанай крэпасці. Яму адказалі, некалькі разоў выкрыкнуўшы яму яго поўнае ці змяншальнае імя, а Ашэнбах слухаў з пэўнай цікаўнасцю, добра ўсяго не разабраўшы, акрамя двух меладычных складоў у словах «Адзя» або — часцей — «Адзю» з расцягнутым гукам «ю-у» на канцы. Яго радавала мілагучнасць воклічаў, якая здавалася яму адпаведнай аб’екту, ён паўтарыў гэтае імя сам сабе і, задаволены, зноў вярнуўся да сваіх лістоў і дакументаў.