Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
ў абдымкі бязвусага маладзёна і верыць, што праз гэтую ганебнасць мае права на непрыстойнасці? Важкасць слова, з якой адкідаецца адкінутае, абвясціла пра адмову ад любога маральна сумнеўнага сэнсу, ад усялякай сімпатыі да бездані, нязгода з беспрынцыповасцю прынцыпу спачування, што азначала б усё разумець і ўсё дараваць, а тое, што тут рыхтавалася, нават ужо адбылося, — той «цуд адроджанай нязмушанасці», пра які крыху пазней выразна і не без таемнага націску зайшла размова ў адным з дыялогаў аўтара. Дзіўныя ўзаемасувязі! Ці то быў духоўны вынік гэтага «адраджэння», гэтага новага гонару і суровасці, што ў той самы час можна было назіраць надзвычайнае ўзмацненне пачуцця прыгожага, тую шляхетную чысціню, прастату і раўнамернасць формабудовы, якая потым пачала надаваць яго творам выразную, нават жаданую прыкмету ўмеласці і класічнасці? Але маральная рашучасць па той бок ведаў, па той бок пазнання, якое ратуе і перашкаджае — ці не азначала яна зноў-такі спрашчэння, маральнай абмежаванасці свету і душы, а такім чынам, умацавання зла, недазволенага, маральна недапушчальнага? А ў формы ці не дваякае аблічча? Ці не з’яўляецца яна маральнаю і немаральнаю адначасова: маральнай як вынік і выява дысцыпліны, а немаральнай, і нават амаральнай — калі яна ад прыроды нясе ў сабе маральную абыякавасць, ды яшчэ імкнецца падбіць маральнае пад свой горды і неабмежаваны скіпетр?
Як бы там ні было! Развіццё — гэта лёс; і як яно магло б адбывацца інакш, калі яно суправаджаецца спагадаю, усеагульным даверам шырокай грамадскасці, у адрозненне ад таго, якое ажыццяўляецца без бляску і непазбежнасці славы? Толькі непахісная багема лічыць гэта сумным і выяўляе схільнасць пакпіць, калі вялікі талент вырастае з неўтаймоўнага стану кокана, прызвычайваецца выразна спасцігаць годнасць духу і прымае шляхетныя норавы адзіноцтва і барацьбы, напоўненыя жорстка самотнымі пакутамі, без мажлівасці параіцца, што прывяло ўрэшце да ўладнай годнасці ў вачах людзей. Колькі гульні, упартасці, задавальнення месціцца, між іншым, у самастанаўленні таленту! Штосьці афіцыйна выхаваўчае з’явілася
з часам у выступах Густава Ашэнбаха; яго стыль у наступныя гады мог ужо абыходзіцца без непасрэдных грубасцей, субтыльных і новых адценняў, ён перайшоў да ўзорна-стабільнага, адшліфавана-традыцыйнага, захаванага, фармальнага, нават формулападобнага, і як сцвярджае паданне пра Людовіка XIV: з набліжэннем старасці гэты чалавек выдаляў са свайго лексіконулюбое пошлае слова. I вось ведамства народнай асветы ўключыла выбраныя старонкі з твораў Ашэнбаха ў афіцыйныя чытанкі для школьнікаў. Для яго гэта было адпаведным ягонаму ўнутранаму адчуванню, і ён не пратэставаў, калі адзін нямецкі герцаг, толькі ўзышоўшы на трон, надаў аўтару «Фрыдрыха» да яго пяцідзесяцігоддзя асабістае дваранства.
Пасля некалькіх неспакойных гадоў, некалькіх спроб спыніцца то тут, то там ён рана выбраў Мюнхен для сталага месца жыхарства і жыў там як ганаровы грамадзянін, што на долю інтэлектуала выпадае толькі ў асобных выпадках. Шлюб, які ён узяў зусім маладым з дзяўчынаю з адукаванай сям’і, пасля нядоўгага шчасця страціў сілу з прычыны жончынай смерці. У яго засталася дачка, якая цяпер ужо замужам. Сына ў яго не было.
Густаў фон Ашэнбах меў рост ніжэйшы за сярэдні, ён быў брунет, галіўся. Ягоная галава здавалася крыху завялікай адносна квалаватай постаці. Зачасаныя назад валасы, з праплешынай на віхры, вельмі моцна пасівелыя на скронях, аблямоўвалі высокі, спаласаваны зморшчынамі і адначасова рубцаваты лоб. Дужка залатых акуляраў без аправы ўразалася ў пераноссе; сам жа нос быў тоўсты і шляхетна выгнуты. Рот быў вялікі, то нейкі вялы, то раптам выцягнуты ў даўжыню і напружаны; шчокі — хударлявыя, у зморшчынах; добра скроенае падбароддзе было мякка раздвоена. Здавалася, што гэтая звычайна пакутна схіленая набок галава нямала зведала зменлівасці лёсу, і ўсё-такі мастацтва адыграла галоўную ролю ў яго фізіягнамічным фарміраванні, што звычайна адбываецца пад уплывам цяжкога, неспакойнага жыцця. За гэтым ілбом нарадзіліся бліскучыя рэплікі размовы паміж Вальтэрам і каралём пра вайну; гэтыя вочы, якія зморана і з глыбокім пачуццём пазіраюць праз шкельцы, пабачылі крывавыя жахі лазарэтаў Сямігадовай вайны. I нават у асабістым
плане мастацтва — гэта ўзвышанае жыццё. Яно ашчасліўлівае глыбей і раз’ядае душу хутчэй. Яно пакідае на твары свайго слугі сляды ўяўных і духоўных прыгод, і яно надоўга стварае, нават у кляштарнай цішыні знешняга існавання, распешчанасць, залішнюю вытанчанасць, змору і цікаўнасць нерваў, чаго не можа спарадзіць нават жыццё, напоўненае распустаю, жарсцямі і задавальненнямі.
III
Яшчэ ці не на два тыдні пасля таго шпацыру розныя справы свецкага і літаратурнага характару затрымалі аматара вандровак у Мюнхене. Нарэшце ён даў даручэнне на працягу чатырох тыдняў прывесці ў парадак пад ключ свой загарадны дом і аднойчы, у сярэдзіне ці ў канцы траўня, начным цягніком накіраваўся ў Трыест, дзе ён прабыў толькі дваццаць чатыры гадзіны і наступнай раніцаю сеў на карабель, які адпраўляўся ў Полу.
Ён выправіўся на пошукі чагосьці незвычайнага і невызначальнага, але каб мець магчымасць туды хутка дабірацца, і спыніўся на адным востраве ў Адрыятыцы, які нядаўна стаў славутым, — востраве, размешчаным непадалёк ад істрыйскага ўзбярэжжа, з насельніцтвам, якое носіць рознакаляровыя лахманы і размаўляе на абсалютна незразумелай мове, дзе, аднак, ёсць прыгожая, рваная лінія групы стромых скал каля адкрытага мора. Але дождж і цяжкое паветра, дробнабуржуазная, чыста аўстрыйская бальшыня гасцей гатэля і немагчымасць спакойных шчырых адносін з морам, якое дазваляе толькі мяккі пясчаны пляж, псавалі яму гумор, не нараджалі ў ім упэўненасці, што ён слушна выбраў тое, чаго менавіта хацеў; цяга ўдушы — куды, яшчэ самому дакладна невядома — трывожыла яго; ён вывучаў расклад караблёў, ён разглядаўся вакол сябе, нечага шукаючы, і аднойчы, адначасова і нечакана, і ўпэўнена, яскрава ўбачыў сваю мэту. Калі вы пажадалі за адну ноч дасягнуць нечага непараўнальнага, казачна незвычайнага, дык тады — куды? Гэта ж было зразумела. Што ён тут згубіў? Ён зрабіў
памылку. Ён жа адразу хацеў паехаць туды. I ён не затрымаўся на гэтым месцы. Праз паўтара тыдня пасля яго з’яўлення на востраве задушлівым ранкам хуткая маторная лодка даставіла яго разам з багажом назад у ваенны порт, і ён ступіў там на зямлю толькі дзеля таго, каб адразу ж па дашчаным трапе падняцца на мокрую палубу карабля, які стаяў ужо гатовы адплыць у Венецыю.
Гэта была даволі старая пасудзіна італьянскай вытворчасці, зношаная, пабітая ржою і змрочная. У каюце, падобнай да нары са штучным асвятленнем, куды адразу ж пасля з’яўлення на караблі яго зацягнуў гарбаты і брудны матрос з крывою ўсмешкаю ветлівасці, за столікам сядзеў, насунуўшы капялюш на вочы, з цыгарэтным недапалкам у куточку рота казлінабароды чалавек з фізіяноміяй старамоднага дырэктара цырка, які, лёгка грымаснічаючы, спраўна браў дакументы вандроўнікаў і выпісваў ім білеты. «Да Венецыі... — паўтарыў ён словы Ашэнбаха, выцягнуўшы руку і тыркаючы пяром ў рэшткі нечага, падобнага да кашы, у схіленай набок чарніліцы. — Да Венецыі, першы клас. Гатова, пане!» I ён надрапаў вялікія крамзолі, пасыпаў напісанае блакітным пяском з маленькай бляшанкі, абтрос яго ў гліняны кубачак, склаў жоўтымі і кашчавымі пальцамі паперчыну ў дзве столкі і пачаў зноў пісаць. «Удала выбраная мэта вандроўкі! — між тым балбатаў ён. — Ах, Венецыя! Цудоўны горад! Горад непераадольнай сілы прыцягнення для адукаваных асоб з прычыны ягонай гісторыі і сучаснай прывабнасці!» Неймаверная хуткасць яго рухаў і пустая балбатня, якой ён суправаджаў усё гэта, змяшчалі ў сабе нешта, што атупляла, што адцягвала ўвагу, нібыта ён быў заклапочаны, каб вандроўнік не завагаўся ў сваім рашэнні адправіцца ў Венецыю. Ён паспешліва браў грошы і з хуткасцю круп’е кідаў рэшту на заплямлены абрус стала. «Шчасліва адпачыць, пане! — прамовіў ён з артыстычным паклонам. — Для мяне гонар абслугоўваць Вас... панове!» — усклікнуў ён адразу ж з узнятаю рукою, зрабіўшы выгляд, што продаж білетаў ідзе поўнаю хадою, хоць больш нікога з тых, каго неабходна было б абслугоўваць, не было. Ашэнбах вярнуўся на палубу.
Абапёршыся рукою на парэнчу, ён разглядаў разявак, якія, чакаючы адыходу карабля, тырчалі на набярэжнай, а таксама пасажыраў на палубе. Пасажыры другога класа, мужчыны і жанчыны, туліліся на пярэдняй палубе, седзячы на падушках і вандзэлках. Частка падарожнікаў — відаць, маладыя гандлёвыя прыказчыкі з Полы — утварыла на верхняй палубе групку; яны, пэўна, радасна хваляваліся перад супольнаю вандроўкаю ў Італію. Гэтыя людзі досыць шумна звярталі ўвагу на сябе і свой намер, голасна размаўлялі, смяяліся, былі вельмі задаволеныя самі сабою, сваімі грымасамі і выкрыквалі кпліва-дасціпныя фразы, перагнуўшыся цераз парэнчы, услед сябрукам, якія з тэчкамі пад пахамі ішлі на службу, пагражаючы гулякам сваімі кійкамі. Адзін з іх, у светла-жоўтым, самага моднага крою летнім гарнітуры, з чырвоным гальштукам і ў зухавата загнутай панаме, сваёю ўзбуджанасцю і голасам, які каркаў, вылучаўся сярод усіх астатніх. Але як толькі Ашэнбах добра прыгледзеўся да яго, то з нейкім жахам зразумеў, што гэта быў зусім не юнак, а, без ніякага сумнення, пажылы чалавек. Вакол яго вачэй і рота залеглі зморшчыны. Бледны кармазін на шчоках быў грымам, рудыя валасы пад каляровым капелюшом вакол галавы — парыком; яго шыя была запалая і жылістая, яго прыклееныя вусікі і бародка — фарбаваныя; яго поўная жоўтых зубоў сківіца, якую ён выстаўляў напаказ, смеючыся, была адно танным пратэзам, а рукі, з пячаткамі на абодвух указальных пальцах, належалі зусім немаладому чалавеку. 3 пачуццём жаху Ашэнбах пазіраў на яго і грамаду ягоных сяброў. Няўжо яны не ведалі, не заўважалі, што ён быў стары, што ён фалыпыва насіў гэтае франтаватае і стракатае адзенне, фальшыва іграў ролю аднаго з іх? Яны, здавалася, трывалі яго ў сваім асяроддзі нібыта нешта, што разумеецца само сабою і з’яўляецца звыклым; абыходзілся з ім як з роўным, успрымалі без агіды яго задзірлівыя штурханні пад бок. Як гэта магло быць? Ашэнбах паклаў руку сабе на лоб і заплюшчыў вочы, якія ладна запаліліся, бо ён мала спаў. У яго з’явілася адчуванне, што ўсё ідзе не звыклым ладам: быццам бы адбываецца летуценнае адчужэнне; свет пачынае перараджацца ў штосьці дзіўнае, чаму, Mar-