Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
выразна ўяўлялася, быццам ён трапіў у райскі куток, на край зямлі, дзе людзям наканавана салодкае жыццё, дзе няма ні снегу, ні вады, ні навальніцы, ні залеў, а ёсць толькі лагодны свежы подых акіяна, пры гэтым дні праходзяць у мірна-бестурботным спакоі, без намаганняў, барацьбы, прысвечаныя толькі сонцу і яго святкаванням.
Часта, амаль заўсёды, Ашэнбах бачыў падлетка Тадзю; абмежаваная прастора, зададзены для ўсіх агульны распарадак дня абумовілі, што хлопчык-прыгажун увесь дзень, з кароткімі перапынкамі, бавіўся паблізу каля яго. Ён бачыў, ён сустракаў яго ўсюды: у памяшканнях ніжняга паверха гатэля, падчас асвяжальных водных прагулак у горад і назад, на багата аздобленай п’яцэце; акрамя таго, просты выпадак часцяком зводзіў іх разам. Але галоўным чынам і са шчасліваю рэгулярнасцю адпачынак на пляжы да полудня даваў яму магчымасць працяглы час прысвяціць пяшчотнаму ды ўважліваму назіранню і больш блізкаму знаёмству з хлопчыкам. Напраўду, гэтая непазбежнасць шчасця, гэтае спрыянне абставін, якое штодзённа-раўнамерна прыходзіла нанова, былі якраз тым, што напаўняла яго задавальненнем і радасцю ад жыцця, што рабіла яго час знаходжання тут дарагім сэрцу і гэтак прыемна, гожым шэрагам выстройвала адзін за адным сонечныя дні.
Ён уставаў з пасцелі рана — як звычайна, з няўтомнаю прагаю штосьці рабіць; першым за іншых з’яўляўся на пляжы — пакуль сонца яшчэ не пякло, а мора, асляпляльна белае, ляжала спакойна, заглыбіўшыся ў ранішнія мары. Ён прыязна здароўкаўся з вартаўніком загародкі, таксама даверліва вітаў босага старога з белаю барадою, які рыхтаваў яму месца для адпачынку, нацягнуўшы карычневы тэнт, і які выносіў з кабінкі мэблю на пляцоўку. Ашэнбах сядаў у крэсла. Праходзілі трычатыры гадзіны, за якія сонца падымалася высока і набывала жудасную сілу; тым часам мора таксама сінела ўсё больш і больш, і цяпер ён мог пабачыць Тадзю.
Ён бачыў, як той падыходзіць злева, па краёчку мора, бачыў, як ён з’яўляўся з-за кабінак, ці, пужаючыся, што ён прапусціў яго прыход, раптам радасна выяўляў, што той ужо тут, у пляж-
ным уборы ў сіне-белую палоску, які цяпер быў ягонаю адзінаю апраткаю; бачыў, што ён паводзіць сябе, як звычайна, пад сонцам і на пяску: прыязна нікчэмны, бяздзейны і нясталы занятак, гульня і адпачынак, шпацыр, плясканне па вадзе, корпанне ў пяску, бег, ляжанне і плаванне, — пад наглядам і воклічамі жанчын на пляцоўцы, якія фальцэтам выкрыквалі яго імя: «Тадзю! Тадзю!» і да якіх ён падбягаў, старанна грымаснічаючы, каб распавесці, штб з ім было, што ён бачыў; каб паказаць ім, штб ён знайшоў, злавіў: ракавінкі, марскіх конікаў, медуз і ракаў, якія ходзяць задам наперад. Ашэнбах ні слова не разумеў з таго, што той казаў, — нават калі гэта было штосьці самае будзённае, у яго вушах яно чулася расцягненаю мілагучнасцю, Гэткім чынам чужаземная мова хлопчыка набывала палёт музыкі, шчодрае сонца залішне абсыпала яго ззяннем, а велічна празрыстая глыбіня мора заўсёды была фонам для яго вобраза.
Неўзабаве назіральнік ведаў кожную лінію і паставу гэтага цела — такога ўзвышанага, якое так вольна дэманстравала сябе; ён штораз нанова захапляўся ўжо знаёмаю яму прыгажосцю, і яго захапленню, пяшчотнай пачуццёвасці не было канца. Хлопчыка клікалі, каб ён павітаў якога-небудзь госця, які заявіўся да жанчын каля кабінкі; ён прыбягаў туды, магчыма, яшчэ мокры пасля купання; ён закідваў свае кудзеры назад, падаваў руку, стоячы на адной назе і ледзь дакранаючыся да яе пальцамі другой, прывабна варочаў і круціў целам, у прыгожай усхваляванасці, сарамлівы з неабходнасці выказваць прыязнасць, фарсісты з абавязку выяўляць сваю шляхетнасць. Ён ляжаў выпрастаўшыся, абкруціўшы ручніком грудзі, уткнуўшы ў пясок вытанчана сфармаваную руку, абхапіўшы падбароддзе далонню; той, каго клікалі «Яшу», сядзеў каля яго прыгорбіўшыся і ўсяляк дагаджаў яму, і нічога не магло быць больш цудоўным за ўсмешку ў вачах і на вуснах, з якой болып славутая асоба пазірала на ніжэйшую, прыслужлівую. Ён стаяў каля самага ўскрайку мора — адзін, убаку ад сваіх, зусім блізка ад Ашэнбаха — стройны, закінуўшы рукі за патыліцу, павольна гайдаючыся на пятках, і летуценна ўзіраўся ў блакіт, а дробныя хвалі, якія накочваліся, аблізвалі яго пальцы на нагах. Ягоныя
мядовага колеру валасы кучаравіліся на скронях і патыліцы, сонца асвятляла пушок верхняга пазванка; тонкі малюнак скобаў, правільнасць будовы грудзей вызначалі смутныя абрысы цела; яго падпахі былі яшчэ голыя, як у статуі; яго падкаленныя ямкі блішчэлі, а сіняватыя пражылкі стваралі ягонаму целу ўражанне, быццам яно ўтворана з больш празрыстага матэрыялу. Якая парода, якая дакладнасць ідэі былі закладзеныя ў гэтым выпрастаным і па-юнацку дасканалым целе! Але ж суровая і чыстая воля, невідавочнае дзеянне якой змагло паказаць усяму свету гэты боскі мастацкі твор, — ці ж не знаёмая і ўласцівая яна яму самому, мастаку? Ці не дзейнічала яна і ў ім, калі ён, поўны раздумліва-тужлівай жарсці, з мармуровай моўнай глыбы вызваляў вытанчаную форму, якую ён, натхнёны, уявіў сабе і якую ён вынес напаказ людзям як узор і люстэрка духоўнай прыгажосці?
Узор і люстэрка! Ягоны позірк ахапіў шляхетную фігуру там, на ўскрайку блакіту, і ў летуценнай замілаванасці яму падалося, што гэтым позіркам ён зразумеў самую сутнасць прыгажосці, форму як боскую задуму, адзіную і чыстую дасканаласць, якая жыве ў духу і зыходзячы з якой тут, лёгка і пяшчотна для пакланення, было створана чалавечае аблічча з яго дакладным падабенствам. Гэта было ап’яненне; і без сумневу, нават з прагнасцю мастак, які ўжо старэў, вітаў яго. Яго розум закруціўся, яго веды захісталіся, ягоная памяць выкінула на паверхню застарэлыя, юнацкія, якія яшчэ ніколі не ажывалі ад уласнага агню, думкі. Ці ж не было напісана, што сонца пераключае нашую ўвагу ад разумовых на пачуццёвыя справы? Яно ашаламляла і зачароўвала, як сказана там, розум і памяць такім чынам, што душа, задаволеная ўласным станам, зусім забываецца і з дзіўным захапленнем спыняецца на самым прыгожым з асветленых сонцам прадмеце: нават толькі пры дапамозе якога-небудзь цела яна здольная потым яшчэ ўзняцца дзеля болын высокага сузірання. Сапраўды, Амур дзейнічаў гэткім самым чынам — як матэматыкі, якія няздольным дзецям паказваюць рэальныя карцінкі чыстых форм, таксама і Бог, каб зрабіць нам духоўнае відавочным, любіў карыстацца вобразамі і коле-
рамі чалавечай маладосці, якую ён, каб зрабіць інструментам успамінаў, аздабляў усім бляскам прыгажосці, пры поглядзе на якую мы потым успыхвалі ў балючай надзеі.
Так ён раздумваў, натхнёны; так ён быў здольны адчуваць. I пад уздзеяннем марскога шуму і сонечнага бляску перад ім з’яўляўся вобраз, які яго хваляваў. Гэта было старое платанавае дрэва непадалёк ад муроў Афінаў, тое свяшчэнна-цяністае, усё ў квецені каштанаў месца, якое ўпрыгожвалі свяшчэнныя выявы і дары ў гонар німфаў ды Ахілеса. Ручай празрыста імкнуў да падножжа шырока разгалінаванага дрэва над гладка адшліфаваным жвірам; усюды стракаталі конікі. А на лугавіне, якая лагодна спускалася долу, так што лежачы можна было трымаць галаву высока, уладкаваліся двое, прыхаваныя тут ад спякоты дня: стараваты і юнак, брыдкі і прыгожы. Мудры побач з прыязным. Прытрымліваючыся прыстойнасці і дасціпна ўхвальных жартаў, Сакрат павучаў Федра наконт жарсных памкненняў і дабрачыннасці. Ён казаў яму пра гарачыя хвалі жудасці, на якія пакутуе здольны да пачуццяў чалавек, калі яго позірк сустрэне штосьці падобнае да вечнай прыгажосці; казаў яму пра пажадлівасці неасвечанага і дрэннага, які не можа ўявіць сабе прыгажосць, калі глядзіць у яе адлюстраванне і не здольны на пачцівасць; казаў пра свяшчэнны страх, які апаноўвае шляхетную асобу, калі перад ёю з’яўляецца боскае аблічча, дакладнае цела; ён тады ўвесь калоціцца і выходзіць з сябе ды не наважваецца глянуць туды, і пакланяецца перад тым, хто валодае прыгажосцю, нават гатовы ахвяраваць яму, як выяве святых, — калі б ён толькі не баяўся, што людзі палічаць яго за вар’ята. Бо прыгажосць, шаноўны Федр, толькі яна, адначасова і пачцівая, і адкрытая: яна, — заўваж! — адзіная форма духоўнасці, якую мы ўспрымаем пачуццёва і пачуццёва можам трываць. Ці што з нас сталася б, калі б і боскае, калі б розум і добрапрыстойнасць ды праўда выяўляліся пачуццёва? Ці не загінулі б мы ды не згарэлі ад любові, як некалі Семела ад Зеўса? Такім чынам, прыгажосць — гэта шлях пачуццёвага да духу, — толькі шлях, толькі
* Федр — сын Пітаклеса, малады афінец, вучань Сакрата.
сродак, мой юны Федр... А потым ён выказаў самае далікатнае, хітрамудры кавалер: пра тое, што закаханы больш боскі, чым той, каго кахаюць, бо ў тым ёсць бог, а не ў іншым; ён выказаў самую пяшчотную, самую, магчыма, з’едлівую думку, якая калі-небудзь нараджалася і з якой вынікае ўся дзёрзкасць і самая патаемная пажадлівасць жарсных памкненняў.
Шчасце пісьменніка палягае ў думцы, якая цалкам можа зрабіцца пачуццём, і ў пачуцці, якое цалкам можа ператварыцца ў думку. Такая неспакойная думка, такое дакладнае пачуццё належала і падпарадкоўвалася самотнаму чалавеку тады: менавіта — што прырода скаланаецца ад асалоды, калі дух у замілаванні схіляецца перад прыгажосцю. Яму раптам захацелася пісаць. Хоць, як кажуць, эрас любіць бяздзеянне і створаны толькі для гультаёў. Але ў гэты момант крызісу ўзбуджэнне апантанага было накіравана на дзейнасць. Нагода амаль не мела значэння. Пытанне, штуршок шчыра выказацца наконт пэўнай вялікай і пякучай праблемы культуры і густу перайшло ў духоўны свет і закранула душу таго, хто ўцякаў. Аб’ект, яму добра вядомы, падзея з яго досведу, яго жарснае жаданне паказаць ягоны бляск у святле свайго слова раптам выявіліся неадольнымі. Менавіта яго жаданне выявілася ў тым, каб працаваць у прысутнасці Тадзі, пішучы, браць рост хлопчыка за ўзор, кіравацца ў сваім стылі лініямі хлапечага цела, якое здавалася яму боскім, а яго прыгажосць узнесці да духоўнага, як калісьці арол узнёс пастуха з Троі ў эфір. Ён яшчэ ніколі так моцна не адчуваў асалоды слова, ніколі яшчэ так добра не ведаў, што Эрас заключаецца ў слове, як падчас небяспечна прыемных гадзін, калі ён, седзячы за сваім грубым сталом пад шатамі, назіраючы за сваім ідалам і з гукамі музыкі ягонага голасу ў вушах, складаў свой маленькі твор паводле прыгажосці Тадзі — тыя паўтары старонкі выдатнай прозы, шчырасць, высакароднасць і дрыготкае пачуццёвае напружанне якой неўзабаве меліся выклікаць захапленне шматлікіх чытачоў. Напэўна ж добра, што свет ведае толькі цудоўны твор, а не працэс яго паўставання, не ўмовы яго з’яўлення на свет; бо веды пра крыніцы, з якіх да мастака прылятала нечаканае духоўнае натхненне, адразу б