Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Аднак не было недахопу і ў момантах стрыманасці і амаль што разважлівасці. «Якімі шляхамі! — думаў ён у такіх выпад-
ках з абурэннем. — Якімі шляхамі!» Як любы мужчына, якому атрыманыя ў спадчыну заслугі ўнушаюць арыстакратычную цікавасць да свайго паходжання, ён быў звыклы пры сваіх жыццёвых дасягненнях і поспехах узгадваць аб прашчурах, быць упэўненым ў іх ухваленні, іх задаволенасці ім, іх абавязковай душэўнай павазе да яго. Ён узгадаў пра іх і ў гэтай хвілі тут, заблытаўшыся ў такой непрыстойнай авантуры, знаходзячыся ў такой экзатычнай разбэрсанасці пачуццяў; ён падумаў пра трывалую строгасць, прыстойную мужчынскасць яе сутнасці і з сумам усміхнуўся. Што б яны сказалі? Але ж, што б яны сказалі пра ўсё ягонае жыццё, якое адрознівалася ад іхняга аж да выродства; што б сказалі наконт гэтага жыцця ў палоне мастацтва, пра якое ён сам аднойчы выказаўся ў абывацельскім духу бацькоў так па-юнацку з’едліва і якое ў прынцыпе было такім падобным да іхняга! Ён гэтаксама служыў, гэтаксама трываў дысцыпліну; ён быў таксама салдатам і ваяром, гэтаксама, як і яны, бо мастацтва — гэта вайна, якая знясільвае; вайна, якую сёння доўга вытрываць было немагчыма. Жыццё ў самапераадоленні і насуперак варункам, грубае, упірыстае і поўнае ўстрымання жыццё, якое ён зрабіў для сябе ўзорам лагоднага і адпаведнага часу гераізму, — магчыма, ён назваў бы яго мужчынскім, назваў бы адважным, і яму здавалася, што толькі Эрас можа стаць такім, толькі ён нейкім чынам адпавядае такому жыццю і схільны да яго. Ці не найперш яго паважалі самыя адважныя народы, ці не гаварылася нават, што ён квітнеў у іх гарадах дзякуючы сваёй адвазе? Шматлікія героі-ваяры старажытнасці добраахвотна насілі на сабе ягонае ярмо, бо ніводнае прыніжэнне ад бога не мела сілы, а дзеянні, пра якія вымаўляліся нядобрыя словы як пра прыкметы баязлівасці, калі яны здараліся дзеля іншых мэт: зямныя паклоны, клятвы, палкія просьбы і рабская існасць — усё гэта не лічылася ганьбаю для закаханага; наадварот, за гэта яго яшчэ і ўсхвалялі.
Такім чынам думаў Ашэнбах, заблытаны ў пачуццях, такім чынам ён спрабаваў знайсці апірышча дзеля захавання свайго гонару. Але адначасова ён звяртаў пільную і своеасаблівую ўвагу на нячыстыя працэсы ўнутры Венецыі, на тую авантуру
знешняга свету, якая незаўважна спляталася з прыгодамі яго сэрца і сілкавала яго жарснае пачуццё няпэўнымі, неналежнымі надзеямі. Апантаны ідэяй даведацца штосьці новае і дакладнае пра стан ці ўзрастанне бяды, ён, седзячы ў кавярнях горада, корпаўся ў мясцовых газетах, бо яны ўжо некалькі дзён як зніклі са стала з прэсаю ў фае гатэля. У іх паведамленні чаргаваліся з абвяржэннямі. Пісалася, што выпадкаўзахворванняў і смерцяў было ўжо дваццаць, сорак, нават сто і больш, і адразу ж пасля гэтага кожнае сцверджанне пра з’яўленне эпідэміі калі і некатэгарычна абвяргалася, то, аднак, зводзілася толькі да асобных, занесеных аднекуль выпадкаў. Сям-там з’яўляліся папераджальныя заявы, пратэсты супраць небяспечнай гульні замежных службаў. Дамагчыся пэўнасці не было як.
Аднак ён, самотны, усведамляў сваё асаблівае права быць сузахавальнікам таямніцы і адначасова лічыў немагчымым адчуваць своеасаблівае задавальненне ад таго, каб задаваць знаўцам заблытаныя пытанні, а тых, хто абавязаны быў маўчаць, вымушаць наўпрост хлусіць. Аднойчы за снеданнем у вялікай сталоўцы ён гэткім чынам змусіў адказваць адміністратара, Taro невялічкага, ціхмянага чалавека ў французскім сурдуце, які, вітаючыся і прыглядаючы за парадкам, рухаўся паміж сталамі і спыніўся на некалькі нязмушаных слоў каля століка Ашэнбаха.
«Чаму, што здарылася, — спытаў спакойна, быццам між іншым, госць, — чаму з нейкага часу ні з таго ні з сяго дэзынфікуюць Венецыю?»
«Справа палягае, — адказаў прыглядчык, — у мерапрыемстве паліцыі, несумненна, нейкія несумяшчальнасці ці парушэнні грамадскага здароўя, магчыма, выкліканыя задушлівым і выключна цёплым надвор’ем, на што паліцыя павінна рэагаваць паводле сваіх абавязкаў своечасова».
«Паліцыя заслугоўвае добрых слоў», — адказаў Ашэнбах, і пасля абмену параю метэаралагічных заўваг адміністратар развітаўся.
У той самы дзень пасля падвячорка здарылася так, што з гатэльнага палісадніка пачуліся галасы невялічкай групы вулічных спевакоў, якія завіталі з горада. Яны стаялі, два мужчыны
і дзве жанчыны, каля жалезнага слупа дугавога ліхтара, звярнуўшы свае белыя ад асвятлення твары ўверх да вялікай тэрасы, дзе курортнікі, бавячыся за каваю і ахаладжальнымі напоямі, прыязна слухалі народны канцэрт. Гатэльны персанал, ліфцёры, афіцыянты і службоўцы канторы сталі, каб паслухаць, абапал дзвярэй залы. Расійская сям’я, актыўна і відавочна выказваючы захапленне, выкаціла крэслы на колцах у сад, каб быць бліжэй да выканаўцаў, і ўселася там паўколам. За гасподамі, у хустцы падобнай да турбана, стаяла іхняя старая служанка.
Мандаліна, гітара, гармонік і спеўная скрыпка добра падпарадкоўваліся спрытным рукам бадзяг-віртуозаў. Інструментальныя нумары змяняліся песнямі, калі маладзейшая жанчына рэзкім і падобным да крахтання голасам далучалася, утвараючы любоўны дуэт, да саладжава фальцэтнага тэнара. Але сапраўдным талентам і кіраўніком гэтай суполкі несумненна выявіў сябе мужчына, гітарыст, а паводле характару выканання — свайго кшалту барытон-буф, амаль безгалосы, але здольны мім і надзелены адмысловаю энергіяй комік. He аднойчы ён адрываўся, са сваім вялікім інструментам у руках, ад астатняй групы і артыстычна выскокваў перад рампаю, дзе ягоныя выбрыкі ўзнагароджваліся смехам, які падбадзёрваў. Асабліва рускія са сваіх месцаў унізе захапляліся яго рухавасцю і падбадзёрвалі яго воплескамі ды ўхвальнымі воклічамі штукарыць яшчэ больш задзірыста і ўпэўнена.
Ашэнбах сядзеў каля балюстрады і часам асвяжаў сабе вусны мяшаным гранатава-яблычным сокам з содаю, які рубінава-чырвоным колерам іскрыўся перад ім у шклянцы. Яго нервы прагна ўбіралі ў сябе адрывістыя гукі, вульгарныя і млявыя мелодыі, бо палкае жаданне паралізуе здольнасць выбіраць пачуццё і з усёю сур’ёзнасцю прымае раздражняльнікі, якія адносяцца да цвярозасці з гумарам ці незадаволена адкідаюць яе. Яго рысы ад скокаў блазна скамянелі і ўжо скрывіліся ў пакутнай усмешцы. Ён сядзеў бяздзейна, у той час як у ягонай душы панавала напружаная насцярожанасць, бо на адлегласці шасці крокаў ад яго, абапёршыся на каменны парапет, стаяў Тадзя.
Ён стаяў там у белым касцюме з паяском, які ён часам апранаў на абед, у неад’емнай і з маленства набытай грацыёзнай паставе — паклаўшы правую руку на парапет, скрыжаваўшы ногі, правую руку ўпёршы ў сцягно — і пазіраў зверху ўніз на вулічных спевакоў з ледзь прыкметнаю ўсмешкай, больш — з аддаленаю цікаўнасцю, каб паказаць, што ён проста звярнуў на іх увагу. Час ад часу ён выпростваўся і, напружыўшы грудзі, прыгожым рухам абедзвюх рук падцягваў уніз пад скураным паяском белы пінжак. Але часам і Ашэнбах, чалавек, які няўхільна старэў, з радасцю, з завіхрэннем у мазгах і нават з жахам заўважаў гэта — ён нерашуча і асцярожліва або хутка і нечакана, як ад нападу, паварочваў галаву цераз левае плячо туды, дзе сядзеў яго кумір. Ён не сустракаўся з яго вачыма, бо ганебная асцярожнасць прымушала яго, заблытанага, баязліва ўціхамірваць свае позіркі. У глыбіні тэрасы сядзелі жанчыны, якія прыглядвалі за Тадзем, і так атрымалася, што закаханы павінны быў асцерагацца прыцягнуць да сябе іх увагу і быць западозраным у нядобрым. Гэтак, ён, амаль змярцвелы, не аднойчы ўжо заўважаў на пляжы, у гатэльнай зале і на плошчы, што Тадзю адклікалі з намерам трымаць таго на аддаленні ад яго, калі ён трапляў занадта блізка; гэта нараджала ў ім жудасную крыўду, а яго гонар перацякаў у неведомыя раней пакуты, дэманстраваць якія яму не дазваляла сумленне.
Тым часам гітарыст пад уласны акампанемент пачаў спяваць нейкія папулярныя ва ўсёй Італіі бясконцыя прыпеўкі; да іх канцовак падключалася ўся кампанія, падпяваючы ды падыгрываючы на ўсіх наяўных інструментах, а ён вельмі пластычна і драматычна дырыжыраваў імі. Сам ён, даволі хударлявы і з такім жа ўсохлым тварам, стаяў на жвіры, адасоблены ад астатніх, з пакамечаным капелюшом на патыліцы, з-пад краёў якога выбівалася пасма рудых валасоў; у паставе нахабнай адвагі і пад гукі струн пранізлівым рэчытатывам прамаўляў свае куплеты ў бок тэрасы; ад напругі пры выкананні ў яго на лбе набухалі жылы. Ён не быў падобны да венецыянца, а больш выглядаў на неапалітанскага коміка кшталту сутэнёра ці блазна, грубага і распуснага, небяспечнага і пацяшальнага. Яго спе-
вы, проста пошлыя паводле зместу, у яго выкананні, дзякуючы міміцы твару, рухам цела, манеры падміргваць з намёкам і непрыстойна гуляць языком у роце, набывалі штосьці двухсэнсоўнае, заўважна разбэшчанае. Па-над мяккім каўняром спартыўнай кашулі, якая была на ім у спалучэнні са звычайнаю будзённаю вопраткай, вытыркалася хударлявая шыя з заўважна вялікім, быццам аголеным, кадыком. Яго бледны кірпаносы твар, па якім — безраслінным — цяжка было вызначыць яго ўзрост, здавалася, увесь час набываў звыродлівыя рысы ад грымас і заганных схільнасцей, а да звыродлівасці рухавых вуснаў вельмі пасавалі дзве зморшчыны, якія ўпарта, уладна, амаль дзіка ўладкаваліся паміж яго рудаватымі бровамі. Але што прыцягнула самую пільную ўвагу самотнага Ашэнбаха да гэтага чалавека, дык гэта тое, што гэты падазроны тыпус, здавалася, усюды цягаў за сабою і сваю ўласную падазроную атмасферу. Кожны раз, калі зноў пачынаў гучаць рэфрэн, спявак, строячы грымасы і прывітальна памахваючы рукою, рабіў гратэскную кругавую праходку, якая набліжала яго непасрэдна да Ашэнбаха, і кожны раз, калі гэта адбывалася, ад яго адзення, ад яго цела зыходзіў, дасягаючы тэрасы, жахлівы смурод карболкі.
Скончыўшы спяваць свае прыпеўкі, ён узяўся збіраць грошы. Ён пачаў з рускіх, якія, як было відаць, ахвотна ўзнагародзілі яго, а потым падняўся па прыступках. Наколькі нахабна ён паводзіў сябе пры выкананні свайго нумара, настолькі пакорліва ён паводзіў сябе тут, наверсе. Лісліва, як шкадлівы кот, расшаркваючыся, ён паволі рухаўся паміж сталамі, і крывая ўсмешка падступнай пакоры агаляла яго моцныя зубы, у той час як паміж рудымі бровамі анізвання не знікалі тыя дзве пагрозлівыя зморшчыны. Публіка ўзіралася ў гэтую чужародную істоту, якая збірала грошы сабе на ўтрыманне, з цікаўнасцю і прыхаванаю агідаю: манеты бралі, каб кінуць у ягоны капялюш, двума пальчыкамі ды асцерагаліся, каб не дакрануцца да яго. Парушэнне фізічнай дыстанцыі паміж камедыянтам і прыстойнымі людзьмі выклікае, якое б вялікае задавальненне яны ні атрымалі, заўсёды пэўную засаромленасць. Ён яе адчуваў і імкнуўся выбачыцца сваёй ліслівасцю. Ён наблізіўся да