Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Ён не быў падрыхтаваны да дарагога яму відовішча: яно з’явілася нечакана, у яго не ставала часу надаць свайму твару спакойны і годны выраз. Нечаканая радасць, захапленне, пэўна, адбіліся ў яго позірку, якім ён сустрэў зніклага, — і ў гэтай хвілі Тадзя раптоўна заўсміхаўся: заўсміхаўся яму, размаўляючы, даверліва, прыязна і адкрыта, фарміруючы словы вуснамі, якія спачатку павольна разыходзілся ва ўсмешцы. Гэта была
ўсмешка Нарцыса, які схіляецца да воднага люстэрка, — тая глыбокая, зачараваная, працяглая ўсмешка, з якой ён цягнецца рукамі да ўласнай прыгажосці, — крыху скажоная ўсмешка, скажоная бесперспектыўнасцю яго намеру пацалаваць прывабныя вусны свайго ценю, гуллівая, цікаўная і ціха пакутная, падманутая і падманная.
Той, хто атрымаў гэтую ўсмешку, уцякаў з ёю, як з наканаваным падарункам. Ён быў так моцна агаломшаны ёю, што мусіў уцякаць ад святла тэрасы, палісадніка і подбегам накіравацца ў змрок парку ў адваротным кірунку. Прадчуванні абурэння і пяшчоты вырываліся з яго: «Ты не павінен так усміхацца! Слухай, так нельга нікому ўсміхацца!» Ён з размаху сеў на лаўку і, не валодаючы сабою, удыхаў начныя пахі раслін. I адкінуўшыся, з павіслымі рукамі, зняможаны і шматкратна скалануўшыся ад жаху, ён шаптаў устойлівую формулу неадольнага пачуцця — немагчымую тут, абсурдную, адрынутую, смешную, і ўсё ж свяшчэнную, годную гонару нават тут: «Я кахаю цябе!»
V
На чацвёртым тыдні свайго адпачынку на Ліда да Густава фон Ашэнбаха дайшло некалькі непрыемных меркаванняў наконт знешняга свету. Па-першае, яму здавалася, быццам з надыходам найлепшай пары года для адпачынку колькасць жыхароў гатэля хутчэй змяншаецца, чым павялічваецца, і, у прыватнасці, быццам нямецкая мова вакол яго ўсё радзее і замаўкае, так што за сталом і на пляжы яго вуха нарэшце ўлоўлівала толькі чужыя гукі. Аднойчы ён заўважыў падчас размовы ў цырульніка, якога ён цяпер наведваў часта, слова, якое прывяло яго да неўразумення. Гэты чалавек згадаў нямецкую сям’ю, якая таксама з’ехала, нядоўга пабыўшы тут,, і ён, нязмушана балбочучы, лісліва дадаў: «Вы застаяцеся, шаноўны; у Вас няма страху, што будзе бяда». Ашэнбах зірнуў на яго. «Бяда?» — паўтарыў ён. Аматар пабалбатаць прымоўк, зрабіў выгляд, што заняты, прапусціў пытанне міма вушэй, і калі яно прагучала яшчэ раз,
больш настойліва, ён заявіў, што нічога не ведае, і паспрабаваў сарамліва скіраваць размову на іншую тэму.
Гэта было ў сярэдзіне дня. Папаўдні Ашэнбах пры бязветраным надвор’і і пякельным сонцапёку накіраваўся ў Венецыю; яго гнала манія паспяшацца за польскімі дзецьмі, якіх ён бачыў, калі яны рухаліся разам са сваёй суправаджальніцаю па дарозе да прыстані. Ён не ўбачыў улюбёнца на плошчы Святога Марка. Але калі піў гарбату за металічным круглым столікам на ценевым баку, ён раптам адчуў у паветры своеасаблівы пах, і яму цяпер здалося, што гэты пах ужо цягам некалькіх дзён, не прабіраючыся ў яго свядомасць, трывожыў яго нюх — саладжава-аптэчны пах, які нагадваў пра беднасць і раны ды падазроную ахайнасць. Ён прынюхаўся і ў задуменні пазнаў яго, закончыў свой перакус і пайшоў з плошчы зваротным бокам ад храма. У цеснаце вуліц гэты пах узмацніўся. Pari вуліц былі заклееныя друкаванымі аб’явамі, пры дапамозе якіх насельніцтва ад імя кіраўніцтва горада папярэджвалася з прычыны пэўных захворванняў гастрычнай сістэмы, якія пры гэтым надвор’і абвастрыліся, пазбягаць спажывання вустрыц і ракавін, а таксама піцця вады з каналаў. Прыхарошаны стыль указа кідаўся ў вочы. Людзі, збіўшыся ў групы, стаялі моўчкі на мастах і плошчах; а сярод іх, прынюхваючыся і ў роздуме, стаяў і ён, чужынец.
Уласніка крамы, які, прыхінуўшыся да дзвярэй, стаяў паміж ланцужкоў караляў і штучных аметыставых упрыгожанняў, ён папрасіў сказаць, што гэта за такі пах. Мужчына змераў яго цяжкім позіркам і хутка ўзбадзёрыўся: «Прафілактычнае мерапрыемства, шаноўны! — адказаў ён з пераменным выразам твару. — Прадпісанне паліцыі, якое трэба выконваць. Гэта надвор’е прыгнятае, сірока не спрыяе здароўю. Карацей кажучы, Вы разумееце: магчыма, перабольшанаяасцярожнасць...» Ашэнбах падзякаваў яму і пайшоў. I на караблі, які вяртаў яго ў Ліда, ён усё яшчэ адчуваў пах сродка для дэзынфекцыі.
Вярнуўшыся ў гатэль, ён адразу накіраваўся ў залу да стала з газетамі і пацікавіўся аглядамі, змешчанымі ў іх. У замежнамоўных ён не знайшоў нічога. Нямецкія, аднак, змяшчалі чуткі,
прыводзілі няпэўныя лічбы, перадавалі афіцыйныя абвяржэнні і сумняваліся ў іх праўдзівасці. Вось чым тлумачыўся ад’езд нямецкіх і аўстрыйскіх курортнікаў. Прадстаўнікі іншых народаў, мусіць, нічога не ведалі, ні аб чым не здагадваліся; яшчэ не былі занепакоеныя. «Трэба маўчаць! — усхвалявана думаў Ашэнбах, зноў кідаючы на стол прэсу. — He варта пра гэта гаварыць!» Але адначасова яго сэрца напаўнялася задавальненнем з прычыны авантуры, у якую імкнуўся трапіць знешні свет. Бо жарсці — як і злачынству — стабільны парадак і дабрачыннасць штодзённасці не пасуюць, і кожнае паслабленне абывацельскай структуры, кожная заблытанасць і неўпарадкаванасць свету вітаюцца ёю, бо там ёй часткова можна спадзявацца на атрыманне сваёй карысці. Такім чынам, Ашэнбах адчуваў прыхаванае задавальненне наконт працэсаў у брудных завулках Венецыі, якія ідуць пад начальніцкаю пратэкцыяй, — гэтай нядобрай таямніцы горада, якая злівалася з яго самаю запаветнаю ўласнаю таямніцаю і ў зберажэнні якой так быў зацікаўлены ён. Закаханага нічога больш так не трывожыла, як думка, што Тадзя можа з’ехаць, і ён не без жаху ўсведамляў, што не ведае, як ён будзе жыць, калі такое здарыцца.
Апошнім часам ён ужо не задавальняўся суседствам і назіраннем за прыгажуном дзякуючы распарадку дня ці шчасліваму выпадку; ён яго пераследаваў, ён падпільноўваўяго. У нядзелю, напрыклад, палякі на пляжы звычайна ніколі не з’яўляліся; ён здагадаўся, што яны наведвалі абедню ў саборы Святога Марка; ён спяшаўся туды і, заходзячы з пякельнай спёкі плошчы ў залацісты паўзмрок святога месца, знаходзіў таго, каго шукаў, — схіленага падчас набажэнства над лаўкаю з пюпітрам. А сам ён заставаўся стаяць на заднім плане, на патрэсканай мазаічнай падлозе, сярод тых, што ўкленчылі, мармыталі, хрысціліся, і шыкоўная раскоша ўсходніх дываноў вялізным цяжарам заціскала яго пачуцці. Наперадзе сюды-туды хадзіў, маніпуляваў і спяваў убраны ў цяжкую сутану святар, ладан курыўся, ахутваючы слабыя язычкі полымя свечак на алтары, і да яго задушлівай саладжавасці, здавалася, слаба дамешвалася яшчэ штосьці: пах хворага горада. Але скрозь смугу і мігценне
Ашэнбах бачыў, як прыгажун наперадзе паварочваў галаву, шукаў і заўважаў яго.
Калі ж натоўп паплыў цераз адчыненыя дзверы на залітую сонцам плошчу, запоўненую рухавымі купкамі галубоў, Ашэнбах, захмелены сваім пачуццём, схаваўся ў прыдзвернай прасторы сабора; ён прыхаваўся, сеў у засаду. Ён бачыў, як палякі выходзяць з храма, бачыў, як дзеці з адпаведным цырыманіялам развітваліся з маці і як яна, вяртаючыся дадому, павярнула на плошчу; ён пераканаўся, што прыгажун, манашкі-сёстры і гувернантка пайшлі направа, цераз браму вежы з гадзіннікам, у краму «Галантарэя», і, пачакаўшы крыху, ён рушыў следам за імі, прытоена пайшоў, суправаджаючы іх у шпацыры па Венецыі. Ён мусіў прыпыняцца, калі яны бавіліся дзе-небудзь, мусіў забягаць у шынкі і двары, каб незаўважна прапусціць іх, калі яны паварочвалі назад; ён губляў іх, разгарачаны і зняможаны, шукаў іх на мастах і ў брудных завулках ды перажываў хвіліны смяротнага жаху, калі раптам заўважаў, што яны ідуць яму насустрач цераз вузкі пасаж, дзе схавацца не было як. Аднак нельга сказаць, што ён пакутаваў. Розум і душа ў яго захмялелі, а хада кіравалася ўказаннямі дэмана, які адчувае задавальненне, калі яму ўдаецца растаптаць кінутыя яму пад ногі розум і годнасць чалавека.
Потым у нейкім месцы Тадзя і ўсе астатнія ўзялі гандолу, а Ашэнбах, пакуль яны ўладкоўваліся, хаваўся за нейкаю прыбудоваю, фантанам, а як толькі яны адплылі ад берага, накіраваўся такім самым чынам за імі. Ён размаўляў паспешліва-прыцішана, калі, паабяцаўшы добрую плату, загадваў весляру кіравацца незаўважна на пэўнай адлегласці за тою гандолаю, якая толькі што павярнула; і яго кінула ў пот, калі вясляр з жульніцкай пакораю звадыяша такім самым тонам запэўніў, што ён абслужыць яго, абслужыць як мае быць.
Гэтак ён плыў і гайдаўся, адкінуўшыся на чорныя падушкі, кіруючыся за іншаю чорнаю вастраносаю баркай, да следу якой яго прывязвала жарснае захапленне. Часам ён губляў той след, тады ён адчуваў трывогу і занепакоенасць. Але яго спакуснік, быццам спрактыкаваны ў такіх справах, заўсёды ўмеў роз-
нымі хітрыкамі, рэзкімі паваротамі і збліжэннямі з’явіцца перад яго вачыма. Паветра было ціхае, пахла прыемна, сонца пякло скрозь смугу, якая надавала небу сланцава-бліскучы колер. Вада з усхліпамі білася аб дрэва і цэглу. Вокліч гандальера — ці то папярэджанне, ці то прывітанне — вяртаўся дзіўным такім самым адказам здалёку, з цішыні лабірынта. 3 маленькіх палісаднікаў наверсе, з замшэлых муроў звісалі суквецці, белыя і пурпуровыя, з пахамі міндаля. У паўзмроку рамы вокнаў, здавалася, былі ўпрыгожаныя арабскаю вяззю. Мармуровыя прыступкі царкоўных сходаў збягалі ў ваду; жабрак, які прысеў на іх, дэманструючы сваю беднасць, трымаў напагатове капялюш і паказваў бялкі вачэй, прыкідваючыся сляпым; гандляр старызнаю, уладкаваўшыся перад сваёю будкаю, запрашаў мінака падлізніцкімі грымасамі затрымацца, спадзеючыся падмануць яго. Гэта была Венецыя, ліслівая і падазроная прыгажуня; гэты горад, напалову казка, напалову пастка для старонніх, у пратухлым паветры якога калісьці буяла мастацтва і які натхняў музыкаў на гукі, што спакусліва закалыхвалі. Аматару прыгод здавалася, што яго зрок усмоктвае гэтую раскошу, што яго слых ахутваюць гэтыя мелодыі; ён узгадаў таксама, што горад хворы і што ён утойвае гэта з прагі нажывы, і Ашэнбах пачаў усё больш уважліва сачыць за гандолаю, якая нібы лунала, імкнучыся наперад.
Так ён, заблытаны ў сваіх пачуццях, не ведаў больш нічога і нічога не хацеў, як толькі неадольна імкнуцца за тым, хто яго распаліў; марыць пра яго, калі таго не было; і як гэта і бывае з закаханымі, прысвячаць ягонаму ўяўнаму вобразу пяшчотныя словы. Адзіноцтва, чужына і шчасце позняга і глыбокага пачуццёвага хмелю падбадзёрвалі яго і намаўлялі яго адважыцца без страху і сораму на самае незвычайнае; што і здарылася, калі ён аднаго разу позна вечарам, вяртаючыся дадому з Венецыі, спыніўся на другім паверсе каля пакоя прыгажуна, у абсалютным ап’яненні прыхіліўся лбом да дзвярэй і доўга не мог адысці, паддаючы сябе небяспецы быць заспетым у такім вар’яцкім становішчы.