Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Ашэнбаха, а з ім — і яго смурод, якім, здавалася, ніхто вакол асабліва не ўразіўся.
«Паслухай! — прыглушана і амаль механічна сказаў самотнік. — У Венецыі праводзіцца дэзынфекцыя. Чаму?» Блазен хрыплым голасам адказаў: «Праз паліцыю! Гэта прадпісанне, шаноўны, пры такой спёцы ды сірока. Сірока гняце. Для здароўя — невыносна...» Ён гаварыў, нібы дзівячыся з таго, што могуць з’яўляцца такія пытанні, і адкрытаю далонню дэманстраваў, як моцна яго прыгнятаў сірока. «Ды што — у Венецыі няма ніякай бяды?» — вельмі ціха спытаў Ашэнбах, прамаўляючы скрозь зубы. Мускулістыя рысы твару куплетыста ператварыліся ў смешную грымасу бездапаможнасці. «Бяды? Ды што за бяда такая? Няўжо сірока — бяда? А можа, наша паліцыя — бяда? Ну, вы — жартаўнік! Бяда! Адкуль! Прафілактычнае мерапрыемства, зразумейце ж Вы! Паліцэйскае прадпісанне супраць прыгнятальнага дзеяння надвор’я...» Ён падцвердзіў свае словы жэстыкуляцыяй. «Ну, добра» — зноў коратка і ціха прамовіў Ашэнбах і апусціў занадта дарагую дзеля такога выпадку манету ў капялюш. Потым ён вачыма падаў чалавеку знак, каб той ішоў. Куплетыст з крывою ўсмешкаю і кланяючыся падпарадкаваўся; але ён яшчэ не паспеў нават дайсці да сходаў, як два супрацоўнікі гатэля накінуліся на яго і, наблізіўшы да яго свае твары, шэптам учынілі яму допыт; ён паціскаў плячыма, ён запэўніваў, пераконваў, што нічога не выдаў, — гэта было відаць. Калі яго адпусцілі, ён вярнуўся ў сад і, коратка перамовіўшыся пад дугавою лямпай са сваімі, зноў выйшаў наперад, каб яшчэ раз праспяваць сваю песню ўдзячнасці і развітання.
Гэта была песня, пра якую самотны Ашэнбах не мог прыпомніць, каб чуў яе раней; грубы шлягер на незразумелым дыялекце з прыладжаным смехавым рэфрэнам, які ўся каманда рэгулярна падхоплівала на ўсё горла. Тут не былі чутны ані словы, ані інструментальнае суправаджэнне, не заставалася нічога, акрамя рытмічна сяк-так упарадкаванага, але вельмі натуральна выкананага смеху, вельмі таленавіта ператворанага салістам у саму падманную рэальнасць. У нанова ўсталяванай мастацкай дыстанцыі паміж сабою і публікай ён зноў вярнуў усю сваю
нахабнасць, а яго штучны смех, бессаромна скіраваны ўверх да тэрасы, быў цяпер здзеклівым рогатам. Пад ужо самы канец артыкуляванай часткі страфы здалося, што ён змагаецца з непераадольным казытаннем. Ён усхліпваў, яго голас дрыжаў, ён прыціскаў далонь да рота, ён курчыўся, і ў пэўны момант з яго вырываўся, галасіў і лопаўся нястрымны смех — гэтак праўдзіва, што ён дзейнічаў заразна і перакідваўся на слухачоў, што нават на тэрасе запанавала беспрычынная, спантанная весялосць. Але гэта, здавалася, яшчэ больш спрыяла разбэшчанасці спевака. Ён прыгнуў калені, заляпаў сябе па сцёгнах, схапіўся за бакі; ён хацеў вытрасці сябе ўсяго, ён ужо не смяяўся, ён крычаў; ён паказваў пальцам угору, быццам нічога не было больш смешнага, чым публіка, якая смяялася там наверсе; і нарэшце зарагаталі ўсе ў садзе і на верандзе, у тым ліку афіцыянты, ліфцёры і ўвесь дапаможны персанал, што стаяў каля дзвярэй.
Ашэнбаха ўжо не цікавіў адпачынак у крэсле: ён выпрастаўся, быццам падрыхтаваўся да ўцёкаў ці да абароны. Але рогат, прынесены ветрам пах лякарні і суседства прыгажуна спляліся ў адзінае п’янкое пачуццё, якое неразрыўна і неадольна запаланіла яго розум ды пачуцці. Ва ўсеагульнай узбуджанасці і разгубленасці ён наважыўся скіраваць свой позірк на Тадзю і акурат у гэты час, мусіць, заўважыў, што прыгажун, адказваючы на яго ўвагу, таксама меў сур’ёзны выгляд — абсалютна такі, быццам ён арыентуецца на паводзіны і выраз твару іншага і быццам агульны настрой на яго, як і на Ашэнбаха, ніяк не ўздзейнічае. Гэтае дзіцячае і ўзаемнае перайманне мела штосьці такое, што абяззбройвала, штосьці такое магутнае, што чалавек, у якога ўжо галава пасівела, з цяжкасцю ўстрымліваўся, каб не затуліць свой твар далонямі. Яму таксама падалося, што, устаючы, Тадзя глыбока ўздыхаў, што яму ціснула ў грудзях. «Ён выглядае хваравітым — мусіць, не дажыве да старасці», — зноў падумаў ён з той дзелавітасцю, у якую да гэтага часу дзіўным чынам выліваліся затлумленасць і палкае пачуццё, а яго душу напаўняў шчыры клопат разам з разбэшчаным задавальненнем.
Тым часам венецыянцы скончылі свой выступ і пайшлі. Іх праводзілі воплескамі, а іхні кіраўнік не забыўся аздобіць ады-
ход жартамі. Людзі смяяліся з яго паклонаў ды з паветраных пацалункаў, і з гэтай прычыны ён падвоіў іх колькасць. Калі гэтая кампанія ўжо выйшла з саду, ён яшчэ зрабіў выгляд, быццам, бегучы задам наперад, балюча наляцеў на ліхтарны слуп і, скурчыўшыся ад болю, паплёўся да брамы. Там ён нарэшце скінуў з сябе маску смешнага блазна, выпрастаўся, эластычна падскокнуў, нахабна высунуў у бок публікі на тэрасе язык і знік у змроку. Група купальшчыкаў рассыпалася; Тадзя ўжо даўно не стаяў каля балюстрады. Але самотны Ашэнбах яшчэ доўга сядзеў за столікам, выклікаючы незадавальненне афіцыянтаў, і пацягваў рэшткі гранатава-яблычнага соку. Ноч набліжалася, адчуванне часу знікла. У бацькоўскім доме, шмат гадоў таму, меўся пясочны гадзіннік — ён раптам зноў убачыў перад сабою гэтую кволую, але значную прыладу. Бясшумна, тоненькім струменьчыкам пясок іржавага колеру сцякаў праз шкляную адтулінку і ў варонцы, крышку скрыўленай уверсе, утвараў невялічкі, але бурлівы вір.
Ужо назаўтра папаўдні ўпарты Ашэнбах зрабіў новы крок да пазнавання знешняга свету, і гэтым разам надзвычай паспяхова. Ён зайшоў з плошчы Святога Марка ў англійскае турыстычнае бюро, якое месцілася там, і, памяняўшы на касе такія-сякія грошы і нацягнуўшы на твар міну недаверлівага турыста, задаў сваё фатальнае пытанне клерку, які абслугоўваў яго. Гэта быў англічанін, апрануты ў шарсцяны касцюм, яшчэ малады, з прамым праборам, з блізка пасаджанымі вачыма і тою саліднаю прыстойнасцю, якая на свавольным поўдні выклікае нязвыклае, дзіўнае ўражанне. Ён пачаў: «Няма прычыны быць заклапочаным, сэр. Нязначнае мерапрыемства. Такія прадпісанні часта выдаюцца, каб папярэдзіць шкодныя для здароўя ўздзеянні спякоты і сірока...» Але, уздымаючы позірк сваіх блакітных вачэй, ён сустрэўся са змораным, з налётам смутку, паглядам, які быў скіраваны на яго вусны з лёгкаю пагардаю. Англічанін зачырванеўся. «Гэта, — напаўголаса працягваў ён, крышку захваляваўшыся, — афіцыйнае тлумачэнне, пацвярджаць якое тут лічыцца правільным. Я ж Вам скажу, што за гэтым хаваецца і штосьці іншае». I потым ён прамовіў, у сваёй правільнай і зручнай манеры, праўду.
Ужо прамінула некалькі гадоў, як выявілася, што распаўсюджваецца і перамяшчаецца з усё большай сілаю індыйская халера. Беручы свой пачатак з цёплых балот дэльты Ганга, узняўшыся разам з задушлівымі павевамі дапатопнай і астраўной дзікасці, якая буяе без патрэбы і якой чалавек пазбягае, у бамбукавым зарасніку якой прытаіўся тыгр, — эпідэмія доўгі час і надзвычай злосна лютавала ва ўсім Індастане, перакінулася на ўсходзе на Кітай, на захадзе — на Афганістан і Персію і, прытрымліваючыся галоўных караванных шляхоў, данесла свае жахі да Астрахані, нават да самой Масквы. Але пакуль Еўропа дрыжала са страху, што гэта зараза адтуль і па сушы працягне свой паход, здарылася, што яна, занесеная сірыйскімі марскімі гандлярамі, амаль адначасова з’явілася ў некалькіх міжземнаморскіх партах, узняла сваю галаву ў Тулоне і Малазе, не аднойчы прадэманстравала сваю маску ў Палерма і Неапалі і, здавалася, нават не думала адыходзіць з Калабрыі і Апуліі. Поўнач паўвострава засталася, здаецца, некранутаю. Аднак у сярэдзіне траўня гэтага года ў Венецыі ў адзін і той самы дзень выявілі жудасныя вібрыёны ў схуднелых, пачарнелых трупах партовага работніка і гандляркі зелянінаю. Тыя выпадкі не разгалошвалі. Але ўжо праз тыдзень іх было дзесяць, потым дваццаць, трыццаць, і прытым у розных месцах. Мужчына з аўстрыйскай правінцыі, які дзеля сваіх забаў на некалькі дзён затрымаўся ў Венецыі, памёр пасля вяртання ў родны гарадок з недвухсэнсоўнымі прыкметамі, і так здарылася, што першыя чуткі пра бяду горада на лагунах трапілі ў нямецкія газеты. Гарадское кіраўніцтва Венецыі адрэагавала адказам, што здароўе ў горадзе наогул ніколі лепшым не было, і прыняло неабходныя меры для барацьбы. Але, магчыма, прадукты харчавання былі ўжо інфіцыраваныя. Напрыклад, гародніна, мяса ці малако, і калі гэта адкідалася ці затушоўвалася, паморак выкошваў у цесных завулках усё без разбору: датэрміновая спякота, якая падагравала ваду ў каналах, асабліва спрыяла распаўсюду заразы. Вось жа, здавалася, быццам пошасць набыла свежыя сілы, быццам устойлівасць і плоднасць яе ўзбуджальнікаў падвоіліся. Выпадкі выздараўлення былі вельмі рэдкімі: 80 адсоткаў захварэлых
паміралі, ды яшчэ самым жудасным чынам. Бо хвароба працякала надзвычай люта і часта выяўляла тую небяспечную форму, якая называеццца «сухою». У такіх выпадках цела не магло выдаляць ваду, якая ў вельмі вялікай колькасці выдзялялася з крывяносных сасудаў. За некалькі гадзін хворы засыхаў і гінуў, курчачыся ў сутаргах і хрыпенні, праз сваю кроў, што рабілася цягучай, як смала. Дзякаваць Богу, калі — што часам здаралася — выдаленне пасля лёгкага ванітавання адбывалася ў форме страты свядомасці, з якой ён ніколі ці амаль ніколі не прыходзіў у сябе. У пачатку чэрвеня бясшумна запоўніліся каранцінныя баракі шпіталя, у двух дамах для сірот пачаў адчувацца недахоп месцаў, а паміж абноўленым узбярэжжам і Сан-Мікеле, выспаю могілак, панаваў ажыўлены рух. Але страх усеагульнага заражэння, абачлівасць наведваць нядаўна адкрытую мастацкую выставу ў грамадскіх садах, боязь вялізных страт, якія пагражалі ў выпадку панікі і дрэнных чутак пра гатэль усёй разнастайнай турыстычнай галіне, у горадзе праяўляліся мацней, чым любоў да праўды і павага да міжнародных пагадненняў; гэтыя страх і асцярожнасць дапамагалі ўладам упарта трымацца сваёй палітыкі замоўчвання і адмаўлення. Галоўны медыцынскі чыноўнік Венецыі, чалавек заслужаны, у разгубленасці адмовіўся ад сваёй пасады і ціхенька быў заменены на больш пакладзістую асобу. Народ ведаў гэта, і карупцыя кіраўніцтва, у сукупнасці з усеагульнай няўпэўненасцю, надзвычайным становішчам, уякое горад быўзагнаны імклівымі выпадкамі смерці, выклікала пэўную амаральнасць ніжніх слаёў, актывізацыю цёмных і асацыяльных інстынктаў, якія неўзабаве пачалі выяўляць сябе ў няўстрыманасці, бессаромнасці і павышанай крымінальнасці. На вуліцах можна было бачыць нязвыкла шмат п’яных; злосны збой, як казалі, рабіў начныя вуліцы небяспечнымі; бандыцкія напады і нават забойствы не былі адзінкавымі, і ўжо два разы выявілася, што людзі, якія нібыта сталі ахвярамі эпідэміі, у сапраўднасці былі пазбаўленыя жыцця іхнімі блізкімі пры дапамозе атруты; прафесійная ж нядбайнасць набывала ўсё больш агрэсіўныя і разбэшчаныя формы, якіх раней тут не ведалі: яны панавалі толькі на Поўдні і на Усходзе.