• Газеты, часопісы і г.д.
  • Смерць у Венецыі  Toмас Ман

    Смерць у Венецыі

    Toмас Ман

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 392с.
    Мінск 2018
    103.53 МБ
    прынеслі разгубленасць, страх і адразу знішчылі б уздзеянне незвычайнасці. Дзіўныя гадзіны! Дзіўная нервовая праца! Надзіва плённыя зносіны духу з целам! Калі Ашэнбах скончыў сваю працу і пайшоў з пляжа, ён адчуў сябе знясіленым, нават разбітым, і ў яго было адчуванне, быццам яго сумленне скардзіцца на распусны ўчынак.
    Назаўтра ўранні здарылася так, што ён, ужо збіраючыся пакінуць гатэль, з вонкавай лесвіцы заўважыў, як Тадзя, накіроўваючыся да мора, — адзін — якраз набліжаўся да пляжнай загароды. Жаданне, простая думка скарыстацца выпадкам, каб лёгка і весела пазнаёміцца з тым, хто міжволі прыносіць яму так шмат узнёсласці і хвалявання, загаварыць з ім, парадавацца з яго адказу, яго позірку, усё больш настойліва выяўляла сябе. Прыгажун ішоў без спеху, як на шпацыры, яго лёгка было дагнаць, і Ашэнбах пайшоў шпарчэйшымі крокамі. I вось ён даганяе хлопца на дашчанай кладцы за хацінамі, ён хоча пакласці яму руку на галаву, на плечы, і ў яго на языку ўжо фарміруецца слова, прыязная французская фраза — ды тут ён раптам адчувае, што ягонае сэрца, магчыма, і ад шпаркай хады, грукае, як молат, што ён, задыхаючыся, зможа прамаўляць толькі праз зубы, дрыготкім голасам; ён марудзіць, спрабуе авалодаць сабою, ён раптам баіцца, што ўжо занадта доўга ідзе за прыгажуном, баіцца, што той зверне ўвагу, што запытальна азірнецца; ён яшчэ раз адважваецца, але не можа, адмаўляецца і з пануранаю галавою праходзіць міма.
    «Запозна! — думае ён у гэты момант. — Запозна!» Але... няўжо было запозна? Гэты крок, які ён не зрабіў, магчыма, прывёў бы да нечага добрага, лёгкага і радаснага, да гаючага працверажэння. Але рэч, мусіць, палягала ў тым, што чалавек, які старэў, не хацеў працверажэння, што ап’яненне было яму занадта дарагім. Хто разгадае сутнасць і ўласцівасці мастакоўскасці? Хто разумее глыбокую інстынктыўную злітнасць выхаванасці і неўтаймаванасці, на чым яна грунтуецца! Бо заставацца не здольным хацець гаючага працверажэння — гэта неўтаймаванасць. Ашэнбах больш не гатовы быў да самакрытычнасці; густ, духоўная канстытуцыя яго гадоў, самапавага, даросласць
    і позняя прастадушнасць рабілі яго не схільным раскладаць на палічкі стымулы і вырашаць, чаму ён не здзейсніў сваіх намераў: кіруючыся сумленнем або з нікчэмнасці і слабасці. Ён заблытаўся, ён баяўся, што нехта, няхай сабе нават толькі вартаўнік пляжа, магчыма, назіраў, як ён ішоў, і зразумеў ягоную паразу; ён вельмі моцна баяўся, што выглядаў смешна. А ўвогуле, ён сам сабе жартаваў адносна свайго камічна-свяшчэннага страху. «Разгублены, —думаў ён, — разгублены, як той певень, які ў бойцы баязліва звесіў крылы. Сапраўды, Бог, гледзячы на штосьці вартае любові, такім чынам пазбаўляе нас мужнасці і моцна прыгнятае да зямлі розум...» Ён гуляў, марыў і быў занадта ганарлівым, каб баяцца пачуцця.
    Ён больш не кантраляваў хаду свайго адпачынку, які сам сабе дазволіў; думка пра вяртанне дадому больш не хвалявала яго. Ён перавёў сабе дастаткова грошай. Яго трывожыла толькі магчымасць ад’езду польскай сям’і; аднак нейкім чынам ад гатэльнага цырульніка ён даведаўся, што гэтае панства з’явілася тут незадоўга да яго прыезду. Ад сонца яго твар і рукі парудзелі, узбуджальны салёны вецер узмацніў пачуцці, і гэтаксама, як ён paHeft быў звыклы любую асалоду ад сну, яды ці прыроды адразу ж ахвяраваць на карысць працы, так і цяпер усё, што кожны дзень яму даравалі сонца, вольны час і марское паветра, ён велікадушна і безгаспадарча ператвараў у ап’яненне і пачуццёвасць.
    Яго сон быў нетрывалы; цудоўна аднастайныя дні размяжоўваліся кароткімі начамі шчаслівай трывогі. Што праўда, ён вяртаўся ў свой пакой рана, бо а дзявятай гадзіне, калі Тадзя ўжо знікаў з ягонага поля зроку, дзень для яго здаваўся закончаным. Але ўжо на раннім досвітку яго будзіў пяшчотна пранізлівы страх, яго сэрца ўзгадвала прыгоду, яму ўжо не ляжалася на пярынах, ён уставаў і, захутаўшыся ў што-небудзь лёгкае, ратуючыся ад ранішніх дрыжыкаў, сядаў да акна, чакаючы ўсходу сонца. Чароўная падзея напаўняла яго сонную душу свяшчэнным спакоем. Неба, зямля і мора яшчэ адпачывалі ў прывідным глянцава-бледным паўзмроку; яшчэ ў бяздонні плавала зорка, якая павольна згасала. Але з’яўляўся подых, акрыленая вестка з непрыступнага жытла пра тое, што Эас устае з абдымкаў му-
    жа, і адбылося тое першае, салодкае пачырваненне самых аддаленых краёў неба і мора, праз якое выяўляецца пачатковая пачуццёвасць тварэння. Багіня набліжалася, спакусніца нявінных юнакоў, якая ўкрала Кліта, Кефала і, насуперак зайздрасці ўсіх алімпійцаў, мела ўцеху ад кахання маладога Арыёна. Там, на краі свету, пачалося рассыпанне руж, невыказнае свячэнне і цвіценне; дзіцячыя воблакі, праясненыя, прасвечаныя наскрозь, луналі, падобныя да Амураў-прыслужнікаў, у ружовых, у блакітных духмяных павевах; пурпур ніспадаў на мора, якое, здавалася, хвалюючыся, несла яго наперад; залатыя пікі імкнуліся знізу ў неба; бляск ператвараўся ў пажар; бязгучна, з боскаю звышсілаю жар, агонь і гарачыя языкі полымя хвалямі ўздымаліся ўгору, і братавы коні каванымі падковамі ўзнялі свяшчэнных коннікаў над зямлёю. У святле боскай раскошы ён, самотны, сядзеў без сну; заплюшчыўшы вочы, ён падстаўляў свае павекі славе для пацалункаў. Колішнія пачуцці, раннія, салодкія пакуты сэрца, якія былі загінулі ўжо ў суровай службе яго жыцця і цяпер, дзіўна змененыя, зноў вярталіся, — ён пазнаваў іх з разгубленаю, здзіўленаю ўсмешкаю. Ён быў у глыбокім роздуме, ён мроіў, яго вусны паволі складваліся для вымаўлення імя; усё яшчэ з усмешкаю, з паднятым угару тварам, счапіўшы рукі на каленях, ён яшчэ раз задрамаў у сваім крэсле.
    Але дзень, які пачаўся так палымяна-ўрачыста, увесь быў дзіўна прыўзнятым і міфічным чынам пераўтвораным. Адкуль з’явіўся і што нарадзіла гэты подых, які раптам так пяшчотна і значна, падобна да нашэптвання зверху, гулліва ахінаў яго скроні і вушы? Белыя пёрыстыя воблачкі раскіданымі купкамі замёрлі на небе, быццам статкі багоў на пашы. Вецер узмацніўся, і коні Пасейдона’ пабеглі, становячыся на дыбкі, а магчыма, і быкі, якія, падпарадкоўваючыся блакітнавалосаму і равучы, беглі з апушчанымі для бою рагамі. Паміж накатаў падводных камянёў аддаленага ўзбярэжжа хвалі падскоквалі, як бадзёрыя
    Кефал — цар Факіды, выдатны паляўнічы, украдзены Эас, багіняю ранішняй зары.
    ** Хвалі.
    козачкі. Свет, зменены свяшчэннаю рукою, напоўнены панічным жыццём, узяў заварожанага ў свой палон, і яго сэрцу трызніліся пяшчотныя байкі. Часам, калі за Венецыяй заходзіла сонца, ён сядзеў на лаўцы ў парку, каб назіраць за Тадзем, які, у белым адзенні з каляровым паяском, бавіўся гульнёю з мячыкам на галечнай пляцоўцы, і Ашэнбаху здавалася, што ён бачыць Гіяцынта, а той павінен быў памерці, бо яго любілі два багі. Напраўду, ён адчуваў балючую зайздрасць Зефіра да суперніка, які забыўся пра аракула, пра лук і пра цытру, каб гуляць толькі з прыгажуном; ён бачыў дыск, кінуты з жудаснаю рэўнасцю і накіраваны ва ўлюбёную галаву; ён адчуваў, а сам палатнеў, цела, якое падала; а кветка, што прарасла з салодкай крыві, несла на сабе надпіс з ягонымі бясконцымі нараканнямі...
    Няма нічога больш дзіўнага, далікатнага, чым стасункі людзей, якія знаёмыя толькі позіркамі, — якія штодня, нават штогадзіны, сустракаюцца, назіраюць адзін за адным і пры гэтым, не вітаючыся і не прамаўляючы аніводнага слова, робяць выгляд абыякавай адчужанасці, бо гэтага патрабуюць маральныя правілы ці ўласныя «замарокі». Паміж імі ўсталёўваецца трывога і назойлівая цікаўнасць, істэрыя незадаволенай, ненатуральна прыгнечанай патрэбы пазнавання і кантакту, і яшчэ — што важна — сваеасаблівая напружаная павага. Бо чалавек любіць і паважае чалавека датуль, пакуль не здольны даць яму ацэнку, а тужлівае пачуццё — прадукт недастатковага пазнання.
    Нейкія стасункі і знаёмства абавязкова павінны былі ўсталявацца паміж Ашэнбахам і юным Тадзем, і з пранізліваю радасцю старэйшы здолеў выявіць, што прыязнасць і ўвага не засталіся цалкам без узаемнасці. Што, напрыклад, падштурхнула прыгажуна больш ніколі не карыстацца, з’яўляючыся раніцою на пляжы, дашчанаю кладкаю за хацінамі, а паволі праходзіць толькі франтальнаю сцежкаю, па пяску, паўз жытло Ашэнбаха і часам без патрэбы вельмі блізка ад яго, каля яго стала, амаль кранаючы яго крэсла, каб накіравацца да жытла сваіх сямейнікаў? Няўжо гэтак на яго пяшчотны і бяздумны аб’ект уздзейнічала прыцягненне, прывабнасць пераважнага пачуцця? Ашэнбах кожны дзень чакаў з’яўлення Тадзі, часам ён рабіў выгляд,
    што заняты, калі гэта здзяйснялася, і, быццам не заўважаючы, спакойна даваў яму прайсці міма. Але часам ён ускідваў вочы на Тадзю, і іх позіркі сустракаліся. У такіх выпадках абодва былі вельмі сур’ёзнымі. У дасведчаным і пачцівым выразе твару старэйшага нічога не выдавала ўнутранага хвалявання; у вачах жа Тадзі выяўлялася цікаўнасць, задумлівае пытанне; яго хада запавольвалася; ён апускаў вочы долу, потым пяшчотна зноў пазіраў угару; а калі ён ужо мінаў Ашэнбаха, то, здавалася, што яго пастава нешта гаворыць, што толькі выхаванне перашкаджае яму азірнуцца.
    Але ж аднаго вечара ўсё пайшло не так. Польскіх дзяцей разам з іх гувернанткаю падчас абеду ў вялікай зале не было відаць — Ашэнбах заўважыў гэта з трывогаю. Папалуднаваўшы, ён, вельмі занепакоены іх адсутнасцю, у вячэрнім касцюме і саламяным капелюшы накіраваўся да тэрасы гатэля і раптам убачыў з’яўленне сясцёр, падобных да манашак, і іх выхавацельку, а на адлегласці чатырох крокаў за імі — Тадзю ў святле дугавых ліхтароў. Відавочна, яны ішлі ад трапа з парахода, пад’еўшы з невядомай прычыны ў горадзе. На вадзе, мусіць, было даволі холадна; Тадзя меў на сабе цёмна-сіні марскі бушлат з залацістымі гузікамі, а на галаве была адпаведная фуражка. Сонца і марское паветра не пакінулі на ім загару, колер яго скуры застаўся мармурова-жаўтаватым, як і спачатку; але сёння ён здаваўся болып бледным, чым звычайна, ці то ад прахалоды, ці то ад бледна-месячнага святла ліхтароў. Яго дакладна аднолькавыя бровы вылучаліся больш рэзка, вочы глядзелі з глыбокай цемры. Ён выглядаў невыказна прыгожым, і Ашэнбах адчуў, як ужо не адзін раз, з болем, што словам пачуццёвую прыгажосць можна толькі ўславіць, але не перадаць.