Смерць у Венецыі
Toмас Ман
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 392с.
Мінск 2018
Ідучы да сваіх за сталом, ён перасек шлях да выйсця таму, хто адыходзіў, сціпла апусціў вочы долу перад сівавалосым лысаватым чалавекам, а потым звыкла прыязна зноў узняў лагодны адкрыты позірк на яго і прайшоў міма. «Адзьё, Тадзя! — падумаў Ашэнбах. — Я ненадоўга пабачыў цябе». I насуперак сваёй звычцы, ён сапраўды артыкуляваў вуснамі і вымавіў тое, што думаў, ды яшчэ і дадаў: «Будзь блаславёны!» Потым ён ад’язджаў: раздаў дробныя грошы за абслугу, выслухаў развітальныя словы маленькага непрыкметнага менеджара ў французскім пінжаку і пехатою пакінуў гатэль, як і прыйшоў, у суправаджэнні работніка, які нёс яго ручны багаж, каб цераз прысады ў белай квецені ўпоперак вострава дабрацца да трапа на катэр. Ён
паспявае на яго, займае месца, а пасля... з’яўляецца тужлівае пачуццё, горкае, якое прабіваецца праз самыя патаемныя глыбіні раскайвання.
Была знаёмая паездка цераз лагуну, паўз Святога Марка, уверх па цячэнні вялікага канала. Ашэнбах сядзеў на лаўцы каля насавой часткі, упёршыся рукамі ў парэнчы, затульваючы вочы ад сонца далонню. Гарадскія сады засталіся ззаду, П’яцэта яшчэ раз прадэманстравала сваю княжацкую прывабнасць і знікла; з’явіўся вялікі шэраг палацаў, і калі водны шлях звярнуў убок, паказалася шыкоўна выгнутая мармуровая арка Рыяльта. Ён, хто цяпер развітваўся з усім гэтым, глядзеў, і яго душа разрывалася. Атмасфера горада з гэтым застаялым пахам мора і балота, ад якой яму так карцела ўцячы, — цяпер ён дыхаў гэтым паветрам на ўсе грудзі, адчуваючы пяшчотны боль. Няўжо ён не ведаў, няўжо не думаў пра тое, як дорага было ўсё гэта ягонаму сэрцу? Тое, што сёння раніцою ўспрымалася як часовае шкадаванне, ледзь адчувальныя сумневы ў слушнасці свайго ўчынку, цяпер ператварылася ў смутак, у сапраўдны боль, у сардэчнае перажыванне — гэткае горкае, што яно не аднойчы даводзіла яго да слёз, пра якое ён гаварыў сабе, што ніяк не мог дабраць розумам, што яно так будзе. Думка, што ён ніколі больш не ўбачыць Венецыю, што гэтае развітанне назаўсёды, цяжка перажывалася ім, часам здавалася проста невыноснаю... I зноў зразумеўшы, што горад прыносіць яму хваробу, што ён зноў вымушаны пакінуць яго, ён мусіў і надалей ставіцца да яго як да месца, дзе яму немагчыма, нават забаронена бавіцца: ён, здаецца, не заслугоўвае яго, і вяртацца сюды больш не мела б ніякага сэнсу. I праўда, ён адчуваў, што цяперашні ад’езд стане для яго сорамам і перашкодаю, каб убачыцца яшчэ раз з улюбёным горадам, у зносінах з якім ён два разы выявіў сваю фізічную слабасць; і гэты канфлікт паміж душэўнаю схільнасцю і фізічнаю здольнасцю здаўся яму, які старэе, раптам такім цяжкім і важным, фізічная параза — такою ганебнаю і ніякім чынам не апраўданаю, што ён ніяк не мог зразумець легкадумную слабасць, праз якую ён учора, без сур’ёзнай барацьбы, вырашыў прызнаць і трываць яе.
Між тым, катэружо набліжаеццада вакзала, ітутягоныя боль і бездапаможнасць пераходзяць амаль што ў збянтэжанасць. Ад’езд здаецца пакутніку немагчымым, тым больш — вяртанне. Так, у поўнай нерашучасці, ён заходзіць на станцыю. Ужо застаецца мала часу, ён не мае права траціць ні хвіліны, калі хоча паспець на цягнік. Ён хоча гэтага і не хоча. Ачас падціскае, падганяе яго наперад; ён спяшаецца набыць білет і ў мітусні залы позіркам шукае прадстаўніка гатэльнага агенцтва, які завіхаецца тут. Чалавек падыходзіць і дакладвае, што вялікая валіза ўжо здадзена ў багаж. Ужо здадзена? Але, усё ў парадку... Да Кома. Да Кома? I з паспешлівага дыялогу, са злосных роспытаў і сарамлівых адказаў выяўляецца, што валіза яшчэ ў бюро апрацоўкі багажу гатэля «Эксцэльсіёр» разам з рэчамі іншых пасажыраў адпраўлена ў абсалютна памылковым напрамку.
Ашэнбаху каштавала высілкаў, каб стрымаць той выраз твару, які быў адзіна зразумелым у гэтых варунках. Радасць прыгод, неверагодная весялосць амаль сутаргава скаланула глыбіню яго грудзей. Службовец кінуўся прэч, каб, магчыма, яшчэ затрымаць валізу, і вярнуўся, як і варта было чакаць, безвынікова. Вось тут Ашэнбах заявіў, што без багажу ён нікуды не паедзе, а вернецца і, поўны рашучасці, будзе чакаць яго ў гатэлі для курортнікаў. Ці ёсць пры вакзале катэр? Чалавек запэўніў, што ён тут, вельмі блізка. Сваёй італьянскаю скорагаворкаю ён даў распараджэнне работніку ў касе забраць назад пагашаны ўжо білет на цягнік, ён пакляўся, што яны для паведамлення выкарыстаюць тэлеграф, што зробяць усё магчымае, каб неўзабаве атрымаць валізу, і — што дзіўна: вандроўнік праз дваццаць хвілін пасля свайго прыезду на вакзал зноў вяртаўся па Вялікім канале ў Ліда.
Дзіўна неверагодная, вартая сораму, смешная, як у трызненні, прыгода: мясціны, з якімі ты толькі што ў самым глыбокім смутку назаўсёды развітаўся, па волі лёсу зноў апынуліся на тваім шляху, каб менш чым праз гадзіну пабачыцца яшчэ раз! Уздымаючы пену перад носам, жвава лавіруючы паміж гандоламі і катэрамі, маленькая, шпаркая пасудзінка імчала насустрач сваёй мэце, а пасажыр у гэты час пад маскаю неза-
даволенасці і расчаравання хаваў палахліва-дзёрзкае хваляванне хлопчыка-ўцекача. Час ад часу яго грудзі ўсё яшчэ пачыналі ўздрыгваць ад смеху з гэтага непаразумення, лепшага за якое, як ён гаварыў сам сабе, не мог пажадаць сабе самы ўдалы шчасліўчык. Яшчэ яму давядзецца тлумачыць здарэнне, вытрываць здзіўленыя твары, а потым, так запэўніваў ён самога сябе, зноў усё наладзіцца, небяспека знікне, памылка будзе выпраўлена, і ўсё, з чым, як яму здавалася, ён развітаўся, зноў адкрыецца перад ім, надыдзе ў любы час... Ці, між іншым, яму здавалася, што яны плывуць вельмі хутка, ці сапраўды з мора падзьмуў надзвычай моцны вецер?
Хвалі біліся аб бетонныя сценкі вузкага канала, пракладзенага цераз востраў да гатэля «Эксцэльсіёр». Блуднага вандроўніка там чакаў аўтобус, які неўзабаве павёз яго міма пакрытай баранчыкамі паверхні мора напрасткі ў курортны гатэль. Маленькі вусаты менеджар ў пінжаку з доўгімі крысамі спусціўся адкрытымі сходамі, каб павітацца.
3 лёгкаю ліслівасцю ён выказаў шкадаванне з нагоды інцыдэнту, запэўніў, што гэта для яго і ягонай установы вельмі непрыемна, але з упэўненасцю ўхваліў рашэнне Ашэнбаха дачакацца свайго багажу тут. Хоць яго нумар ужо і заселены, аднак іншы, зусім не горшы за той, ён адразу атрымае ў сваё распараджэнне. «Pas de chance, monsieur»’, — сказаў з усмешкаю швейцар-ліфцёр, падымаючы яго на паверх. I ўцякач зноў атрымаў прытулак, у пакоі, які, паводле месцазнаходжання і абстаноўкі, быў амаль такі ж самы, як і ранейшы.
Змораны, агаломшаны мітуснёю гэтай дзіўнай паловы дня, распакаваўшы змесціва сумкі і расклаўшы ўсё на свае месцы, ён усеўся ў фатэль каля самага акна. Мора афарбавалася ў светла-зялёны колер, паветра здавалася цяпер больш празрыстым і чыстым, пляж з яго кабінкамі і лодкамі — больш маляўнічым, хоць неба ўсё яшчэ было шэрым. Ашэнбах зірнуў праз акно, склаўшы рукі на каленях, задаволены, што ён зноў тут, незадаволена пахітаўшы галавою з прычыны сваёй нерашучасці,
* Недарэчнасць, месьё (фр.).
няведання сваіх уласных жаданняў. Так ён пасядзеў, магчыма, з гадзіну, адпачываючы і ў бяздумных марах. У полудзень ён заўважыў Тадзю, які ў ільняным касцюме ў палоску з чырвоным бантам вяртаўся з мора ў гатэль цераз пляжную загародку і па дашчаным мастку. Ашэнбах пазнаў яго са свайго паверха адразу, перш чым той заўважыў яго, і ў яго мільгнула думка кшталту: «Эй, Тадзя, і ты таксама зноў тут!» Але ў той самай хвілі ён адчуў, наколькі ягонае абыякавае вітанне было б далёка ад праўды сэрца, і ён прамаўчаў — толькі адчуў хваляванне ў крыві, радасць, боль душы і зразумеў, што развітанне сталася яму такім цяжкім праз Тадзю.
Ён сядзеў зусім сцішана, амаль нябачны на ягоным высокім месцы, заглыбіўшыся ўнутраным позіркам у самога сябе. Яго рысы ажывіліся, бровы ўзняліся, на вуснах блукала ўважлівая, зацікаўлена-дасціпная ўсмешка. Потым ён узняў галаву і вяла звешанымі цераз бакавую спінку крэсла рукамі павольна зрабіў рух, выяўляючы кола і пад’ём, павярнуўшы далоні наперад, быццам паказваючы, як ён шырока раскрывае абдымкі. Гэта быў шчыра запрашальны рух, які дэманстраваў, як спакойна ён усё ўспрымае.
IV
I вось дзень пры дні Бог з полымнымі шчокамі, аголены, кіраваў сваёю калясніцаю, якая дыхала жарам, гонячы яе па нябесных далях, і яго жоўтыя кучаравыя валасы матляліся пад раптоўнымі парывамі ўсходняга ветру. Белавата-шаўкавістае ззянне накрывала прасторы мора, па якім павольна каціліся хвалі. Пясок распаліўся. Пад серабрыста мігатлівай сінню эфіру перад пляжнымі кабінкамі ржавага колеру была разасланая парусіна, а на дакладна абмежаванай пляме ценю, які яны адкідвалі, людзі праводзілі свае перадабедзенныя гадзіны. Але шыкоўным бываў таксама і вечар, калі расліны ў парку пахлі бальзамам, зоры ўверсе ўтваралі свой карагод, а мармытанне начнога мора, амаль нячутна далятаючы на бераг, кранала
душу. Такі вечар прыносіў з сабою радаснае абяцанне новага сонечнага дня, злёгку ўпарадкаванай бестурботнасці і ўпрыгожанага шматлікімі, блізкімі, амаль неабмежаванымі магчымасцямі шчаслівага выпадку.
Госць, якога тут затрымала шчаслівае непаразуменне, быў далёка ад таго, каб атрыманне сваёй маёмасці палічыць прычынаю новага ад’езду. На працягу двух дзён ён мусіў трываць пэўныя нязручнасці і з’яўляцца ў вялікай сталоўцы ў паходным адзенні. Потым, калі нарэшце бадзяжны багаж зноў прызямліўся ў яго пакоі, ён грунтоўна распакаваў яго і напоўніў шафу ды шуфляды сваім скарбам, прыняўшы цвёрдае рашэнне застацца тут на няпэўны час, задаволены, што можа праводзіць гадзіны, адведзеныя для пляжа, у шоўкавым касцюме, а каб пад’есці за сваім столікам, зноў паказвацца пераапранутым у шыкоўнае вечаровае адзенне.
Прыемная размеранасць такога існавання ўжо ўзяла яго ў свой палон; лагодная і бліскучая прыемнасць такога жыцця хутка зачаравала яго. Сапраўды, як жа цудоўна можна прабавіць той час, што спалучае ў сабе прывабнасці цудоўна арганізаванага куротнага жыцця на паўднёвым узбярэжжы з прыемнаю блізкасцю чароўна-дзіўнага горада! Ашэнбах не любіў уцех. Калі б і дзе б яму ні даводзілася святкаваць, адпачываць, праводзіць дні ў прыемнасці, неўзабаве ён адчуваў патрэбу — і менавіта ў маладыя гады гэта мела месца — з трывогаю і незадавальненнем вярнуцца назад у цяжкія намаганні, да свяшчэнна-цвярозай працы на карысць штодзённасці. Але гэтае месца зачаравала яго, палагодзіла памкненні, ашчаслівіла. Часам зранку, заглыбіўшыся пад брызентавым дахам сваёй кабінкі ў мары пра блакіт паўднёвага мора, ці нават у цёмную ноч, абапёршыся на падушкі гандолы, якая везла яго дадому з плошчы Святога Марка, дзе ён звычайна бавіць шмат часу, а шматколерныя ліхтары, расплывістыя гукі серэнады засталіся недзе ззаду, — ён часта згадваў пра свой дамок у гарах, месца яго летніх змаганняў, дзе воблакі праплывалі нізка над самым садам, вечарамі жудасныя навальніцы зацьмявалі святло дома, а вароны, якіх ён карміў, пакалыхваліся ў вершалінах хвой. Тады яму