Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
крывёй і лямантаваць пра спыненне катавання. Але спыніцца Святлана не магла. Яе раздражняла невядомасць, а здагадкі, дзе б мог быць Міхал і з кім, зводзілі з розуму. Галава расколвалася ад багацця думак, якім бракавала месца, і яны спрабавалі выбрацца вонкі, як з лабірынту, кідаючыся і тыкаючыся ва ўсе куты, як матылькі, якія разбіваюцца аб шкло акна, убачыўшы яркае святло.
Святлана гатовая была кінуцца да вокнаў, расчыніць іх усе насцеж і клікаць, клікаць Міхала ва ўсю моц лёгкіх. Ёй так дрэнна без яго, яна задыхалася, таму што дыхала ім, як паветрам. Яго няма, і жыцця для яе няма таксама. Чаму ён знік? Што яна зрабіла такога, з-за чаго ён сышоў ад яе? Чым пакрыўдзіла? Усё ж было так добра. Ён адкрываў ёй новыя гарызонты, дарыў неабсяжнае, але толькі з ім і можна было неабсяжнае асягнуць. Яна ўдзячна ўсяляла ў сябе кожную яго думку, глытала кожнае яго слова, давярала саму сябе, як самае патаемнае жаданне, ператвараючыся ў яго ж верш. Ну, дзе ён мог быць?.. Навошта?.. Чаму?..
Святлану ламала і курчыла ў курчах, як наркаманку са стажам. Яна знепрытомнела, паваліўшыся на падлогу ў зале побач з канапай, але ў адключцы знаходзілася нядоўга. Трывога і хваляванне за Міхала прымушалі працаваць мозг і кроў. Няўжо гэта каханне? Тое самае, пра якое пішуць у раманах, паказваюць у кіно і на сцэне? Ці ўсё ж залежнасць? Боязь страціць сродак асалоды? Ніхто з мужчын за ўсё яе жыццё не дастаўляў гэтулькі асалоды ў пасцелі, колькі Міхал за некалькі дзён, і ніхто не выклікаў у душы Святланы гэтулькі эмоцый і перажыванняў.
Зазваніў тэлефон.
Як якая сука, што сарвалася з ланцуга, Святлана рванулася да апарата.
Расчаравалася хутка.
Гэта быў не Міхал.
Тэлефанавала Наташка.
— He аб’яўляўся? — пацікавілася сяброўка.
— He,— спакутавана праенчыла Святлана.
— Я тут сёе-тое даведалася,— няўпэўнена прамовіла Наташка, разважаючы, мабыць, казаць ці не варта.
— Штосьці з Мішам?..— занепакоена прыслухалася Святлана, стаіўшы дыханне, гатовая да самага горшага.
— Увогуле, брацік мой раскалоўся,— працягвала Наташка.— Мішка твой паехаў па нейкіх справах, не ведаю, па якіх, але заўтра павінен прыехаць.
— А куды? — машынальна спытала Святлана.
— У сталіцу. Ведаю толькі яшчэ, што паездка гэтая патрэбна для завяршэння нейкага грандыёзнага плана,— скончыла Наташка.— Так што не кісні, сяброўка. Убачышся заўтра з ненаглядным. Здаецца мне, што яго паездка вельмі звязана з табой.
— Але мог жа ён патэлефанаваць, папярэдзіць... — ачуньвала Святлана, як пасля наркозу.
— Ты мужыкоў не ведаеш? У іх заўсёды нейкія ваенныя таямніцы, мяркуючы па ўсім, яшчэ з дзяцінства, калі дзяўчынак гуляць у «вайнушку» не бралі. Пачуццё ўласнай значнасці перапаўняе іх і разліваецца важнічаннем, калі яны могуць чым-небудзь здзівіць нас. Вось паглядзіш, Мішка твой таксама важнічаць будзе. Добра, гаварыць больш не магу, дамагаюцца тут некаторыя...
Святлана пачула ўзбуджанае і задаволенае хіхіканне, а потым кароткія гудкі.
Яна супакоілася. Але куткі вуснаў яе дрыжалі. Ох, і ўладкуе Святлана заўтра гэтаму «маляку» «ваенную таямніцу»!.. Як ён наогул асмеліўся ўварвацца
ў яе жыццё і гаспадарыць у ім, як у сваёй хаце! Ну паглядзіць ён заўтра, хто гаспадыня, а хто госць!..
Мноства варыянтаў «помсты» перабрала Святлана перад тым, як, стаміўшыся, заснула, але калі прачнулася — ніводнага не ўспомніла. Трэба было запісваць. Раніцай бы прачытала і аднавіла ў памяці. Аднак асабліва Святлана не нервавалася. Часу хапала прыдумаць новыя варыянты. «Жывым» ад яе не сыдзе. Жаночая «вайнушка» будзе круцейшай за мужчынскую.
Пасля ўрокаў яна пайшла ў Дом культуры. На вахце паведамілі, што Міхась Мікалаевіч (трэба ж, Міхась Мікалаевіч, пафасна як!) на сцэне рэпеціруе. Святлана паціху праслізнула ў дзверы канцэртнай залы, разлічанай на чатырыста пяцьдзясят месцаў, села ў крэсла тут жа, ля дзвярэй, імкнучыся не адцягваць увагу сваім з'яўленнем ні артыстаў, ні рэжысёра. Міхал тлумачыў штосьці, паказваў хлопчыку і дзяўчынцы гадоў васьмі, так смешна ў яго атрымлівалася, што дзеці не стрымліваючыся смяяліся. Казаў, што і яны павінны гэтак жа, як ён, паўтарыць усе яго рухі.
Ён заўважыў Святлану адразу прафесійным вокам і вельмі хутка адпусціў дзяцей, папрасіўшы іх парэпеціраваць дома і заўтра абавязкова прыйсці як звычайна. Праводзіўшы іх да дзвярэй, падышоў да Святланы.
— Прывітанне,— сказаў.
Яна сядзела, не варушачыся, і не зводзіла з яго вачэй, як быццам упершыню ўбачыла, разглядаючы яго і захапляючыся ім. Усе думкі пра «помсту» зніклі з першым вымаўленым ім словам, нібы слова гэта паглынула іх, як зыбкі пясок.
— Рады цябе бачыць,— працягваў ён, усеўшыся на спінку крэсла насупраць Святланы адным бокам, але тварам да яе.— Шыкоўна выглядаеш.
— Ты таксама,— прамовіла яна, як зачараваная.— Пойдзем да мяне.
— He сёння,— раптам адмовіўся Міхал.
— Чаму? — не зразумела Святлана. Яна нават знервавацца не паспела, нібы загіпнатызаваная позіркам Міхала.
— Таму што мы ідзём да мяне,— проста адказаў Міхал.
— Да цябе? — гэтак жа зачаравана вымавіла Святлана.— Пойдзем да цябе,— устала з месца і ўзяла Міхала за руку. Ён прыцягнуў яе бліжэй, абняў, правёў далонню па шчацэ.— Я кахаю цябе! — раптам прашаптала яна. Прамаўляючы гэтыя словы, Святлана сапраўды ведала, што кажа праўду і не памыляецца.— Я кахаю цябе! — паўтарыла яна, зазіраючы ў яго вочы.
Міхал нічога не адказаў словамі, але пацалаваў па чарзе вочы Святланы, нос, шчокі, пакуль не спыніўся на вуснах.
— Гэта выдатна,— сказаў потым.
— Ведаю,— прамовіла Святлана, абдымаючы Міхала за плечы.— Ты не ўяўляеш, што для мяне значыш,— дадала.
— Здагадваюся,— пагладзіў па валасах яе Міхал.
— Беражы мяне, калі ласка,— прашаптала.— Без цябе я знікну, звяну, як кветка без вады.
— He знікнеш,— абяцаў Міхал.
— Ты насамрэч ведаеш? — занепакоена спытала Святлана.
— Насамрэч,— упэўнена адказаў ён.
Святлана бачыла дом, у якім жыў, а дакладней сказаць, здымаў кватэру Міхал, але бываць у ім не даводзілася. Барачнага выгляду будынак з чатырма
асобнымі ўваходамі размяшчаўся ў рысе горада на вуглавой вуліцы па суседстве з пякарняй, якая спецыялізавалася на кандытарскіх вырабах. Насельніцтва складалася з непаўнавартасных сем’яў і аматараў выпіць. Адзін з аматараў так запусціў сваё жытло, што яно больш было падобным на адрыну, не аднойчы гарэла, калі той засынаў з непагашанай цыгарэтай, але заўсёды ратаваўся нейкім цудам. Магчыма, не без дапамогі сабакі па мянушцы Шарык. Шарыкам звалі і гэтага аматара выпіць у сувязі з тым, што шчанюком ён браў кабялька, а кабялёк аказаўся сукай, ды мянушка прыліпла як да сабакі, так і да чалавека. Менавіта яго першага, бруднага, няголенага і п’янага, Святлана і ўбачыла, падыходзячы да барака. Той валяўся пад уласным згнілым плотам разам з сабакам. Ад такога відовішча Святлана на імгненне спынілася, задумаўшыся, а ці трэба ёй туды, куды клікаў яе Міхал? Яе падванітоўвала ад сузірання «тутэйшага пейзажу» і карцела бегчы назад, пакуль не позна, каб не засмактала, як у балота. I наогул, можа, яна прыдумала проста сабе каханне, пераблытаўшы яго з сексам, ад доўгага ўстрымання. Вось мазгі і пакаламуціліся. Трэба абстрагавацца і паглядзець збоку на сябе і на свайго спадарожніка. Ну, нонсэнс жа — патрапаная, у гадах, хоць і не старая жанчына, і малады прыгожы мужчына, нават хлопчык,— нырнулі ў адносіны. як у вір, забыўшыся пра прыстойнасць, пагрэбавалі грамадскай думкай, паддаўшыся свайму ўласнаму ўнутранаму голасу, які нашэптваў салодкія казанні, як змей-спакуснік, падпарадкоўваючыся фізіялогіі. He, гэта няправільна. Хтосьці павінен спыніцца першым. I ёю павінна стаць яна, паколькі старэйшая, a таму мудрэйшая, пакуль нічога непапраўнага не здарылася.
Святлана замарудзілася каля ўвахода, разгублена аглядаючыся ў пошуках дапамогі правільнасці яе рашэння, але нікога і нічога не ўбачыла.
— Штосьці не так? — занепакоена зірнуў на яе Міхал. Гэтулькі кахання, гэтулькі пяшчоты, увагі і клопату ўбачыла ў ім Святлана, што несвядома растварылася, заблудзілася і прапала ў лясным гушчары вачэй Міхала. Яна ж ішла навідавоку ва ўсіх праз усё мястэчка побач з ім, не хаваючы радасці і гонару за яго і свой выбар, на зайздрасць шматлікім местачкоўцам, якія закаснелі ў невуцтве і кансерватызме. Яна мела права на свой кавалачак маленькага жаночага шчасця. Hi ў каго нічога не прасіла і, урэшце, поўні ні ў каго не ўкрала. Ён сам прыйшоў, яна толькі пагадзілася быць яго. Так цяжка заставацца адной і так соладка шаптаць яму «я — твая», не задумваючыся пра наступствы, давяраючы ўсё вырашаць мужчыну за дваіх. Яна не магла падвесці ў першую чаргу саму сябе, ізноў ператварыцца ў звычайную жанчыну з прэсным мяшчанскім укладам жыцця і з тэлевізарам... А для Міхала Святлана была асаблівай і вырастала ад гэтага ва ўласных вачах. Хацелася стаць яшчэ лепш, падняцца яшчэ вышэй і не расчароўваць ні сябе, ні яго. Гэта так проста — кахаць, усяго толькі.
— Усё ў парадку. 3 чаго ты ўзяў? — усміхнулася Святлана Міхалу.
— Думаў, Шарык на цябе зрабіў панурае ўражанне,— выказаў здагадку Міхал.— Але ты не зважай. Там,— ён паказаў на дзверы, якія адчыняў ключом,— усё па-іншаму.
— Я веру,— пагадзілася Святлана.
Ён прапусціў яе ўпярод сябе, расчыніўшы дзверы. Павольна Святлана ўвайшла ў жыллё яе мужчыны. Доўгі калідор з драўлянай падлогай канчаўся даволі
прасторным пакоем. Злева па ходу — яшчэ два: кухня і спальня, але яны былі зачынены.
У адчыненым пакоі з двума вокнамі, зашторанымі жоўтым выгаралым на сонцы шоўкам стаялі шафасервант, канапа-ложак, стол, крэсла, тэлевізар на тумбачцы, паміж канапай-ложкам і тэлевізарам на падлозе ляжаў палавік. У калідоры — насупраць дзвярэй у спальню — грувасцілася кніжная шафа. Карціна цьмяная і нецікавая, мякка кажучы. Лёгкая прыкрасць мурашкамі прабегла па спіне Святланы. Такога ўбогага прыёму яна не чакала. Хоць магла здагадацца, ведаючы тую, хто здаваў Міхалу кватэру. Ленка Суднік папрадавала ўсё, што мела кошт, дзеля гарэлкі. Добра, што з працы не выгналі, з мясцовага краязнаўчага музея, хоць каму там працаваць без Ленкі?.. Ды мужык новы да сябе забраў. Яна разоў восем выходзіла замуж і заўсёды мяняла прозвішча на прозвішча новага мужа, і заўсёды па каханні. А разуменне і ўяўленне пра каханне ў кожнага сваё.