Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
— Я, можа быць, і апошняя,— пагадзілася Наташка,— але ты, сяброўка, пераплюнула ўсе мае дасягненні, можна сказаць, нявінныя, у параўнанні з тваімі.
Міхал не ўмешваўся, моўчкі курыў. Калі дакурыў, прамовіў:
— Я так разумею, хата ўжо абкружана. Табе чаго трэба? — Накіраваў свой позірк на Наташку.
— Адпусці Светку.
— Яе ніхто тут не трымае. Яна па добрай волі і па каханні.
— Па якім каханні? — засмяялася Наташка, але хутка спыніла сябе.— Карацей, я яе забіраю, і мы сыходзім.
Наташка падышла да Святланы, якая стаяла пад кніжнымі паліцамі, узяла за руку і пацягнула за сабой. Святлана вырвалася і кінулася да Міхала, устала за яго плячом.
— Светка, ты дура, ці што? — вырвалася ў Наташкі.
— Дура,— згодна кіўнула Святлана.— Толькі я кахаю яго і нікому не дазволю абгаварыць!
— А ён табе нічога не распавядаў? — здагадалася Наташка.— Ён жа ніякі не рэжысёр. I наогул, у вышуку! Ён злачынец, Светка! Яго злавілі па гарачых слядах на падобным штукарстве. Дзяўчына памерла, ён яе задушыў, замуміфікаваў у шоўк, цябе чакала тое ж самае!
— Ты хлусіш! — выпаліла Святлана.
— Ну, і пайшла ты! — выдыхнула Наташка і выскачыла ўгару па сходах.
Міхал апусціўся па сценцы на падлогу, зноў закурыў. Святлана прыладкавалася побач, нырнуўшы пад яго руку.
— Жарсць да шоўку,— прамовіў ён, памаўчаўшы, скіраваўшы позірк кудысьці ўдалячынь,— прышчапіла мне настаўніца французскай у апошнім класе школы. Яна працавала ў нас першы год, адразу пасля ўнівера. He ведаю, чаму яна выбрала мяне, але аднойчы запрасіла ў госці, назвала адрас і як даехаць. Я думаў нядоўга. Што мне губляць? Яна ж выглядала, як аднагодка. Усе хлопцы жадалі яе. Яна была ў блакітным шаўковым халаце, калі адчыніла дзверы, ды і ўся аднапакаёвая кватэра, у якой яна жыла, таксама. Я разгубіўся, а яна ўпусціла мяне і пхнула на ложак. Праз секунду я цяміў толькі целам. Потым яна пачала распавядаць гісторыю шоўку і ўсё такое, прычым пры кожнай сустрэчы, якія не замарудзілі паўтарацца, і з кожным разам усё даўжэй і часцей. Яна казала, што шоўк — адзіная тканіна, якая сама выбірае сабе ўладальніка. Абраны шоўкам чалавек — шчаслівы. Паняцці «шоўк» і «секс» для яе былі сінонімамі, паколькі ў абранае кола шоўку ўваходзяць арыстакраты і прастытуткі. Вось такая няпростая філасофія сядзела ў яе галаве. Калі мы сталі сустракацца і яшчэ доўга потым, я не ведаў, што ў яе ёсць, дакладней, быў, прыхільнік з вельмі моцных і ўплывовых людзей краіны. Я сышоў у войска, потым патрапіў па кантракце ў французскі легіён, яна да мяне прыязджала, я да яе ў адпачынак. Аднойчы я знайшоў яе мёртвай. Ёй заштурхалі ў рот шоўк. Яна задыхнулася. Адзінае, што любіла і чым захаплялася ў жыцці, яе і забіла. Я быў апошнім, каго бачылі выходзячым з яе кватэры, і тут жа абвешчаны ў вышук. Яе прыхільнік з уладных людзей забіў яе і падставіў мяне з помсты.
He мог прабачыць, што яна яго з усімі капіталамі і ўплывам у грош не ставіла. Яна была тонкай натурай, захопленай жарсцю да шоўку, пераняўшай ад шоўку, як яна лічыла, усё, чым валодала, ад характару да сэнсу існавання свайго. He многія маглі зразумець яе. Ды і не жадалі мозг ламаць. Забілі і вызначылі забойцу, падобнага на яе і памяшанага на кавалках анучы, ды яшчэ з баявым мінулым. Я стаў ідэальным злачынцам. Аднак своечасова вярнуўся ў легіён, служыў да заканчэння кантракта, у краіну прыехаў па падробленых дакументах. Вось такая гісторыя.
— А тут як апынуўся? — спытала Святлана. Яна нават думаць не адважвалася пра вінаватасць Міхала.
— У інтэрнэце даведаўся, што патрабуецца рэжысёр, прачытаў некалькі кніжак, набыць дыплом нічога не каштавала, і прыехаў.
— А Наташка як змагла ўведаць?
— Можа быць, наткнулася на старыя газеты. Можа быць, твой былы муж раскапаў. Зразумела адно: паўторыцца ўсё спачатку.
У гэты момант загучаў голас у гучнагаварыцелі:
— Грамадзянін Ален Чарот, ці Міхась Котаў, звяртаемся да цябе па добраму! Адпусці грамадзянку Хмель і выходзь сам з паднятымі рукамі, не вымушай ужываць зброю. У нас загад страляць на паражэнне. Паўтараю: загад страляць на паражэнне! Адпусці грамадзянку Хмель і выходзь сам! He пагаршай становішча! Даём табе на разважанне пяць хвілін. Адлік пайшоў!..
Цішыня аглушыла і кантузіла, як бомбавы выбух зблізку. Цішыня абвіла сваімі шчупальцамі Святлану з Міхалам, як спрут, уціскаючы іх у сябе, сціскаючы і выціскаючы, як сок з апельсінаў. Цішыня забівала сваім маўчаннем і сваёй прысутнасцю павольна, як газ.
— Так цябе Аленам клічуць? — атакавала Святлана цішыню, пераадольваючы кантузію, узіраючыся
ў вочы Міхала, як у разумную кнігу, нібы спрабавала знайсці там адзіную і бясспрэчную праўду.
— Мама захаплялася творчасцю Алена Дэлона,— сумна ўсміхнуўся Міхал.— Можна сказаць, была безнадзейна закаханая ў акцёра. Менавіта па яе патрабаванні я вывучаў французскую мову. Як бачыш, спатрэбілася.
— Што будзем рабіць? — устрывожана спытала Святлана.
— Табе трэба выйсці.
— А ты? Ты ж ні ў чым не вінаваты!
— Мы не дакажам. Мы нават не дакажам тое, што ты кахаеш мяне, а я цябе.
— Але чаму?
— Таму што супраць скарыстаны метад натоўпу. Натоўп не разбіраецца ў нюансах. Яму патрэбен відовішчны вынік, пажадана, з крывёй.
— Ты так думаеш?
Я ў гэтым упэўнены. Каб не загінуць дваім, ты павінна выйсці.
— Але я кахаю цябе.
— Падумай пра сына. Апранайся.
Міхал дастаў з сумкі, у якой прынёс касметыку, чорныя ласіны і блузку, тую, у якой была Святлана, калі яны пазнаёміліся. Тая паслухмяна апранулася.
— Выходзь,— падпіхнуў яе да сходаў Міхал.— Я — следам. Са мной нічога не здарыцца.
Святлана павольна ўзышла па сходах наверх. Прайшла па калідоры да адчыненых уваходных дзвярэй, выйшла за парог. Да яе тут жа падбеглі двое з «хуткай дапамогі», накрылі ручніком, схапілі пад рукі і адвялі з ганка ўбок. Азірнуўшыся назад і паглядзеўшы вакол, Святлана зразумела, што ў Міхала будуць страляць, што жывы ён ім не патрэбен, што ўсё даўно вырашана. Аўтаматчыкі і снайперы чакалі толькі яго з’яўлення. Яны баяліся Міхала, баяліся яго праўды, і баяліся паверыць у яе. Прасцей заплюшчыць вочы і знішчыць
гэту праўду. Каму яна патрэбна?.. А Міхал усё бліжэй да парога. Вось ён ужо спыніўся ў дзвярным праёме, трымаючы рукі за спінай. 3 гучнагаварыцеля загадваюць падняць яму рукі ўгару...
Святлана вырвалася з рук суправаджаючых яе і кінулася да Міхала. Прастрачыла, нібы зрабіла шво швейная машынка, аўтаматная чарга. Святлана якраз паспела павіснуць на шыі Міхала і пракрычаць: «Яны будуць страляць!», падмінаючы яго пад сябе. Імгненна Міхал зрэагаваў. Падаючы пад вагой параненай Святланы, ён развёў абедзве рукі ў бакі па пісталеце ў кожнай, дакладна і прыцэльна страляючы, ні разу не прамахнуўшыся. He ён аб’яўляў вайну. Яму вайну навязалі.
Святлана не загінула, ратуючы каханага чалавека. Але часам ёй хацелася, каб тады яе забілі. Яна доўга ляжала ў лякарні і доўга да яе хадзілі з пракуратуры горада, вобласці, а потым і сталіцы. Аднак прыйшлі да высновы, што Святлана псіхічна нездаровая, што розум яе пакаламуціўся ад перажытых катаванняў і катаванняў, якія ў трызненні яна прымала за задавальненні, выкліканыя каханнем і ласкамі абвінавачанага. Прызначаная псіхіятрычная камісія падчас назіранняў за хворай сваім эпікрызам пацвердзіла неадэкватны стан Святланы, які нясе пагрозу, як для сябе, так і для людзей. Таму будзе лепш для ўсіх, калі яе змесцяць у псіхіятрычную клініку, што і неадкладна было зроблена.
Міхала Котава, ён жа Ален Чарот, пасля перастрэлкі не знайшлі.
Цішыня задаволена замерла, абняўшыся з вечарам на лавачцы каля дома, з якога выносілі і спальвалі шоўк. Ёй ніколі не падабаўся фетышызм, ва ўсіх яго праявах.
АНТЫГЕРОЙ
Аповесць
Я — баязлівец. Напэўна. I няўдачнік.
Праяўленне баязлівасці і слабасці для мужчыны, верагодна, не самае прыемнае, асабліва ў прысутнасці каханай дзяўчыны ці проста сяброўкі. Адчуванне поўнай бездапаможнасці ўціскае вочы ў падлогу, а галаву — у плечы. I справа не ў тым, што ты баішся біцца. Магчыма, «махач» — твой адзіны талент. Усведамленне таго, што будзе балюча, ператварае цябе ў мыш ці, хутчэй, у пацука. I хоць табе не ўсё адно, што падумае пра цябе твая спадарожніца, масты ўжо спалены. Яна бачыла, што ты спалохаўся. Ёй напляваць, адкажаш ты ці не на абразу словамі альбо кулаком. Яна заўважыла твае разгубленыя вочы, што адчайна шукаюць выйсця з сітуацыі, але не могуць знайсці. Яна чула тваё маўчанне ў адказ на пагрозы ў твой жа адрас. Ты мог бы не кідацца на злом галавы на крыўдзіцеля. каб памерці ад нажа якога-небудзь дэгенерата, які толькі што адкінуўся з «зоны» і які ненавідзіць цябе толькі за тое, што ты доўгавалосы «акулярык». Ты мог бы, не спыняючыся, паказаць суперніку «фак» і абпаліць словамі не горш за агонь, а потым схапіць спадарожніцу за руку і зматвацца дварамі, замятаючы сляды, каб вас не дагналі, апынуўшыся ж у бяспецы, упіцца ў яе вусны, абменьваючыся адрэналінам. Ты мог проста спыніцца і памерці, як мужчына, абараняючы, засланяючы сабой сваю дзяўчыну. Але ты нічога не зрабіў, а яна бачыла
твае вочы. I гэта яна засланяла цябе сабой. А ты стаяў за яе спінай, жаваў губы і маліў Бога, каб толькі не білі. Hi цябе, ні яе. Ты забыўся, што яна нічога не баялася, таму што ніколі не трапляў у такія абставіны. Паўтара гады вашых сустрэч праплылі, як беласнежныя аблокі, не азмрочаныя ніводнай, нават самай маленькай, хмаркай. I вось — такое нешанцаванне. Што яна пра цябе падумае? Як будзе ставіцца пасля?..
Канфлікту не здарылася. Яго і быць не магло.
Вераніка інсцэніравала сітуацыю, вырашыўшы праверыць, на што я здольны не толькі ў пасцелі і на словах, але і на справе, праверыць, такім чынам, годны я чалавек, каб за мяне выйсці замуж ці не.
Ніякіх разборак і высвятлення адносін не адбылося пасля. Вераніка паводзіла сябе так, нібыта нічога дрэннага не здарылася. Усё гэтак жа любіла дзікі секс і шоўк, Дастаеўскага і Майкла Джэксана, амерыканскае кіно і рускі тэатр, бэз і клубнічны пудынг з апельсінавым сокам. Верагодна, гэтак жа яна кахала і мяне, толькі я ўжо баяўся заставацца з ёй сам-насам. Мы сталі радзей сустракацца. Пад любой падставай я адмаўляўся прыязджаць да яе і знаходзіў безліч прычын, каб яна не надумалася з’явіцца ў мяне. А потым мяне размеркавалі са сталіцы на перыферыю. Вераніка, як дзекабрыстка, пачала збірацца разам са мной на новае месца. Я прапанаваў ёй не рабіць гэтага, не ламаць сабе ні жыццё, ні кар’еру, якая якраз узляцела ўгару. He задумваючыся, Вераніка пагадзілася са мной. Пажадала шчаслівай дарогі і пырхнула на новым «Бэнтлі», падораным бацькам на дзень нараджэння, пакінуўшы мяне аднаго на пыльным і смярдзючым аўтавакзале з двума чамаданамі ў руках.