Сталасць думкі, маладосць душы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 350с.
Мінск 2000
Малюся за розум, за здатныя рукі, За вашае шчасце.
Малюся за вас!
Як і ў кожнага паэта падобнага ўзросту, у С. Грахоўскага моцныя настальгічныя матывы. Але гэта не проста шкадаванне, што многае незваротна знікла. Калі такое шкадаванне ў творах С. Грахоўскага і прысутнічае, дык яно не асабістае, не прыватнае. Паэт далёкі ад таго, каб засяроджвацца на сваім. Вядома, не абыходзіцца без увязкі гаворкі з пэўнымі фактамі з уласнай біяграфіі, але не гэта дамінуе. На першым плане — матывы агульначалавечага кшталту. I гэта добра відаць з верша «Незваротнае». Лірычны герой твора адчувае і сваю асабістую віну, прыгадвае «бяссілле, што не многа значу». Але гэта віна нішто ў параўнанні з віной усіх нас. I не заўважылі, як адарваліся ад зямлі, ад вёскі. He адчулі своечасова, што ўсё менш трывалымі становяцца ніці, якія лучаць нас з вечным на зямлі:
Пяюць дзяўчаты... Так пяюць, што плачу Па змрочных і па ясных вечарах, Па ўсім, што страціў, і па ўсім, што трачу,— Па смольных хатах, студнях і дварах, Па песнях на зажынках і дажынках, Па звонкіх падгалосках у палёх, Па торных у трыпутніку сцяжынках, Якіх ніколі абмінуць не мог У некранутай чыстай прыгажосці, Забытай і скалечанай дарма...
Цяпер не ходзім, не завем у госці, Бо страчана паэзія сама.
Пяюць дзяўчаты...
Так пяюць, што плачу 3 бяссілля, што не многа значу, Што жытні дух, ружовы пыл дарог Я толькі ў сэрцы і ў душы збярог.
Можна згадваць яшчэ многія вершы С. Грахоўскага, кожным разам радуючыся, наколькі ён уважлівы да слова, як умее знешне някідкімі моўнымі сродкамі перадаць многае. Ды так хораша перадаць, што ўсё гэта лёгка запамінаецца, чаруе сваёй прыгажосцю.
...Пачатак творчага дэбюту лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Вярцінскага прыпадае на 50-я гады, калі ў газетах «Беларускі універсітэт», «Чырвоная змена», часопісе «Маладосць» былі апублікаваны яго першыя вершы. А нарадзіўся Анатоль Ільіч 18 лістапада 1931 года ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна. У 1956 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Да 1962 года працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). Пераехаўшы ў Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва *Беларусь», літаратурным кансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986—1990 гадах — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Выбіраўся народным дэпутатам БССР, з’яўляўся намеснікам старшыні пастаяянай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР. Цяпер — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Культура».
Анатоль Вярцінскі — аўтар паэтычных кніг «Песня пра хлеб», ♦ Тры цішыні», «Чалавечы знак», «З’яўленне», «Ветрана» і іншых.
Асобныя яго вершы пакладзены на музыку, а па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль. Хораша зарэкамендаваў сябе А. Вярцінскі і як драматург, напісаўшы п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!», «Скажы сваё імя, салдат», «Гефест— друг Праметэя». Усе яны набылі сцэнічнае жыццё. У яго выйшлі зборнік літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» і кніга публіцыстыкі «Нью-Йоркская сірэна», за якую ў 1988 годзе Анатоль Ільіч і быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Выступае і як перакладчык.
Паэзія А. Вярцінскага моцная сваёй зямной асновай і глыбокай філасофскай напоўненасцю. I ў вершах, і ў паэмах нязменна прысутнічае высокі грамадзянскі пафас, а гэта і ёсць сведчанне жыццёвай пазіцыі аўтара. Наколькі А. Вярцінскі неабыякавы да працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, як актыўна ўмешваецца ў іх, адстойваючы ўласны пункт гледжання, палемізуючы з апанентамі, засведчылі яго гады дэпутацтва.
Але паэзія, як вядома, толькі тады становіцца з’явай літаратуры, мастацтва, калі нясе ў сабе і важкую эстэтычную каштоўнасць. I тут у А. Вярцінскага могуць павучыцца многія сабраты па пяру. Закранаючы балючыя моманты сучаснасці, ён паспяхова адмаўляецца ад гаворкі адкрыта-наступальнай. А плённае асэнсаванне рэчаіснасці, раскрыццё яе праблем адбываецца шляхам моўнага ўзбагачэння вершаванай структуры твора. Гэта тычыцца і паэм А. Вярцінскага, урыўкі з якіх змешчаны ў гэтай кнізе. Для прыкладу, крытыка высока ацаніла паэму А. Вярцінскага «Начны бераг», у якой лірычны герой вельмі цесна паяднаны з прыродай, усім навакольным асяроддзем. I ўвогуле паэта хвалюе, наколькі стасункі з прыродай уплываюць на паводзіны чалавека, як, калі можна так сказаць, адгукаюцца ў яго душы. Той, хто прывык глядзець на прыроду толькі як на аб’ект задавальнення пэўных сваіх патрэб, паўстае ў адносінах да яе звычайным спажыўцом, паступова ператвараецца ў індывідуума, пазбаўленага духоўнай напоўненасці. У творы сацыяльныя матывы перарастаюць у маральна-этычныя.
А як прыемна перачытаць раздзелы з паэмы «Песня пра хлеб»! Гэта і на самой справе песня. Найперш хлебу — як аднаму з самых дзівосных тварэнняў рук чалавечых. Але гэта і песня, у якой апяваецца людская праца ўвогуле, гучыць гімн роднай зямлі, паэтызуюцца першаасновы чалавечага быцця. А. Вярцінскі, закранаючы гэтыя важныя тэмы, ідзе і ад уласна перажытага, чэрпаючы з памяці тое, чаго не можа сцерці час. А гэта і згадкі маленства, памайстэрску перададзеныя ў паэме, якія «выліліся» ў раздзел «Маці пячэ хлеб». I памяць аб басаногім маленстве:
Я помню заўсёды дарогі і сцежкі, Вядуць што да роднае вёскі Дзямешкава, Да поля з лашчынкамі ды бугаркамі, Дзе ведаю кожны кусцік і камень.
Маленства ж (асабліва ў памяці дзяцей, якія перажылі вайну) — гэта і той незабыўны момант, калі ў хаце пяклі хлеб. He забыўся ён з гадамі, а пад пяром А. Вярцінскага паўстаў як сюжэтна завершаны малюнак, асобныя дэталі ў якім выпісаны здзіўляюча пераканаўча. Яны настолькі выразныя, зрокава асязальныя, што, чытаючы, перажываеш уражанне сваёй асабістай прысутнасці, калі адбываецца гэтае... Чарадзейства, думаецца, найболып прыдатнае слова ў дадзеным выпадку. Маці не проста робіць сваю звыклую работу, калі пячэ хлеб. Яна, нібы тая чараўніца, выконвае адной ёй вядомы абрад. Для дзяцей жа ён заўсёды чаканы:
Хіба забудзеш калі гэты момант!.. Ураз заціхае дзіцячы наш гоман. Стаіць цішыня незвычайная ў хаце. Збіраемся дружна мы ўсе каля маці. Мы бачым адны толькі матчыны рукі, адны яе рукі, адны іх рухі.
А маці з сваёй урачыстай усмеіпкай нізка схіляецца над дзежкай (над той, на якое сядзела нявестай). Яна рашчыняе хлебнае цеста. Цеста мясіла яна кулакамі, сценкі дзяжы абірала рукамі, вады падлівала, мукі падсыпала. I нам было клопатаў тут нямала. Былі мы ў мінуту гэтую рады выканаць матчыны ўсе загады. Мы ёй памагалі рукаў закасваць, муку падсыпаць па яе заказу, хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна ці лоб выціралі матчын потны. Было урачыста і ціха ў хаце — хлеб з новага жыта ўчыняла маці.
У паэзіі А. Вярцінскага частыя асацыяцыі, якія пабудаваны на спалучэнні супрацьлегласцей. Характэрны верш «***Косім траву — яна не крычыць...». Паэт напачатку нічога новага як быццам не гаворыць, ён толькі канстатуе тое, што добра вядома кожнаму:
Косім траву — яна не крычыць.
Яна маўчыць адчайна. Мы пачынаем камень крышыць — зацятае тое ж маўчанне.
Toe ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром і б’ём галавой аб днішча. Рыба набрала ў рот вады...
Але такое стаўленне да верша (як і да іншых твораў А. Вярцінскага) падманлівае. Як падманлівая і звычайная прастата таго, што паведамляе ён. Галоўная думка твора ў заключных радках, у якіх і адбываецца сутыкненне супрацьлегласцей, узнікае той нябачны ланцуг, што павязвае ўсё жывое на зямлі. I чалавек толькі частка яго, хоць і найбольш значная. Яму многае дадзена, аднак з яго і шмат бярэцца, у яго вялікая адказнасць за ўсё, што знаходзіцца на больш нізкай ступені развіцця:
Затое, калі самім нам бывае балюча, і тады крычым мы крыкам нястрымным, крычым мы не толькі ад болю свайго — яго было б нямнога,— крычым мы ад болю усяго свету ўсяго зямнога.
Па-свойму сугучны гэтаму твору верш «Дзівак чалавек». Канечне, напісаны ён у іншы час і з іншай яагоды, але ўжо такая паэзія А. Вярцінскага, што асобныя творы як бы ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Часам і больш — думку, закладзеную першапачаткова, развіваюць далей, А пра гэта можна гаварыць і ставячы поруч вершы «***Косім траву — яна не крычыць...» і «Дзівак чалавек». У першым выпадку чалавек паўстае, па сутнасці, у дзвюх іпастасях. 3 аднаго боку, ён знішчальнік прыроды, а з другога — яму балюча за гэтую прыроду. Пра свайго роду раздваенне асобы гаворыцца і ў вершы «Дзівак чалавек». Але тут сэнс куды больш глыбокі, чым у першым выпадку. Чалавек бачыцца паэтам у душы:
Дзівак чалавек...
Глядзіць на расінку макавую і цэлае сонца бачыць перад сабой, Дзівак чалавек...
Вярэ звычайную ракавіну і чуе ў ёй акіянскі прыбой.
Аднак дзівацтва чалавека раскрываецца і ў іншым, больш глыбокім аспекце. Акурат гэтае дзівацтва і дапамагае выжыць. I не асобнаму чалавеку, а ўсяму чалавецтву:
Дзівак чалавек...
Яму — Хірасіму, Асвенцім, яму, замест імя,— асвенцімекае таўро.
А ён паўтарае,
што ёсць дабро на свеце, што будзе дабро
і што пераможа дабро.
А калі разабрацца, дык і не дзівацтва гэта, бо яно для чалавека вельмі важнае: «I гэта яго дзівацтва — ратунак яго, яго чалавечы знак». Таму мы і выжываем на нашай старой і грэшнай зямлі, што не проста існуём, а жывём. Пераадольваючы цяжкасці і перашкоды. У нечым памыляючыся, штосьці губляючы, але і набываючы вельмі многае. I А. Вярцінскі ў сваіх творах ніколі не забывае, што «чалавечы знак» і ёсць тое, што вылучае чалавека з усяго жывога на зямлі.
...А выбраныя старонкі паэзіі Змітрака Марозава адкрывае такі верш:
3 баразны пачынаецца поле,
3 жаўруковай запеўкі — вясна... У мяне найшчаслівая доля X Радзіма навекі адна.
Уяўлю сябе спелым насеннем, Што калоссем імкне ў сіняву, I, адчуўшы зямлі прыцягненне, Прашапчу трапяткое: «Жыву!»
Баразна, поле, насенне — гэтыя паняцці з’явіліся ў творы не толькі як паэтычныя атрыбуты. Яны пастаянна жывуць і ў душы 3. Марозава, бо асноўная прафесія ў яго — аграном. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў пасёлку Язбы Крупскага раёна, дзе нарадзіўся 2 студзеня 1954 года, паступіў на агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1975 годзе, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, пачаў працаваць старшым аграномам калгаса «Рэвалюцыя» Быхаўскага раёна. Пасля быў старшым аграномам Упраўлення сельскай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкома, галоўным аграномам калгаса імя Энгельса Бялыніцкага раёна, другім сакратаром Бялыніцкага райкома камсамола, лектарам ЦК ЛКСМ Беларусі. Працуе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.