Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
82.37 МБ
Стары хіхікнуў і папрасіў:
— Раскажы мне гэтую гісторыю як-небудзь яшчэ.
Я кінуў позірк на Кэры, спадзеючыся, што яна нічога не пачула, але яна пачула ўсё.
— Любая,— сказаў я,— не будзь прымхліваю хоць бы сёння.
— У прымхах ёсць шмат сэнсу. Хто ведае, можа, лёс пасылае нам свае папярэджанні, каб мы маглі іх улічыць. Нібыта нейкі таемны код. Я заўсёды прыдумваю новыя прыкметы. Вось, напрыклад,— яна на хвіліну задумалася,— калі на шляху мы першай напаткаем кандытарскую, а не кіёск з кветкамі, то нам пашчасціць.
Я пачаў назіраць, і, прынамсі, кіёск з кветкамі сустрэўся раней.
Я спадзяваўся, што яна гэтага не заўважыць, але яна сказала журботна:
— Лёс не ашукаеш.
Экіпаж ехаў усё цішэй і цішэй: мы хутчэй дабраліся б пехатой.
Я зірнуў на гадзіннік: засталося ўсяго дзесяць мінут. Я сказаў:
— Табе трэба было сёння прынесці ў ахвяру кураня і паглядзець, якія беды хаваюцца ў яго вантробах.
— Табе добра насміхацда,— сказала яна.— Магчыма, што ў нас гараскопы не супадаюць.
— Ты ж не збіраешся адмяніць нашу жаніцьбу? Хто ведае? Можа, нам зараз сустрэнецца касавокі чалавек.
— А хіба гэта блага?
— Проста жахліва,— адказаў я і папрасіў вазака: — Калі ласка, хутчэй.
— Ох,— вымавіла яна.
— Што здарылася?
— Хіба ты яго не бачыў, калі ён азірнуўся? Ен жа касавокі!
— Але ж, Кэры, я пажартаваў!
— Гэта не мае ніякага значэння. Гэта якраз тое, пра што я казала: ты выдумваеш код, а лёс ім карыстаецца.
Я сказаў злосна:
— Якая розніца! Мы ўсё адно спазняемся.
— Спазняемся?! — Яна схапіла мяне за запясце і зірнула на мой гадзіннік.— Любы, нам нельга спазняцца. Стойце. Arretez. Давай разлічымся з ім.
— Мы ж не можам узбегчы на гару,— сказаў я, але яна ўжо выскачыла з экіпажа і пачала сігналіць кожнаму аўтамабілю, які праязджаў міма. Ніхто на яе не звяртаў ніякай увагі. Бацькі сямействаў самазадаволена праязджалі міма. Дзеці прыціскалі насы да вокнаў аўтамабіляў і строілі ёй грымасы.
Яна сказала:
— Гэта марная трата часу. Нам трэба бегчы.
— Навошта ўся гэтая мітусня? Наш шлюб па ўсіх прыкметах будзе нешчаслівы — ты ж разгадала ўсе злавесныя прымхі, ці не так?
— Мне ўсё адно,— сказала яна.— Па мне дык лепей быць нешчаслівай з табою, чым шчаслівай з кім-небудзь іншым.
Вось такая яна і была — адной фразай магла знянацку суцішыць сварку, зняць дрэнны настрой. Я ўзяў яе за руку, і мы пабеглі. Але б мы ніколі не паспелі ў мэрыю, калі б мэблевы фургон не спыніўся і не падвёз нас туды. Хіба каму-небудзь яшчэ даводзілася прыязджаць на сваё вяселле, седзячы на старамодным бронзавым ложку?
— 3 гэтага часу будзем лічыць, што нам прыносяць удачу толькі бронзавыя ложкі,— зазначыў я.
— Якраз бронзавы ложак і стаіць у маленькім пакоі нашага нумара ў гатэлі,— сказала Кэры.
У нас яшчэ заставалася дзве мінуты, калі вадзіцель фургона дапамог нам вылезці на невялікім пляцы, які, здавалася, знаходзіўся на вяршыні свету. На поўдзень нічога не было вышэйшага, па-мойму, ажно да Атласных гор. Высачэзныя гмахі ўтыкаліся ў глыбокае цёмна-сіняе неба, як калючкі ад кактусаў, а вузкая тэракотавая вуліца раптам абрывалася на краі вялізнай скалы Манака. 3 царквы насупраць на нас пазірала дзева Марыя ў бледнавата-блакітным адзенні, ахутаная, нібыта шалем, анёламі, якія луналі вакол яе. Стаяла цяплынь, дзьмуў мяккі ветрык, і было вельмі ціха — здавалася, усе нашы — мае і Кэры — пуцявіны сышліся на гэтым пляцы.
На нейкі момант, памятаю, мы абое сумеліся і збаяліся адразу ўваходзіць у будынак мэрыі. Усярэдзіне яго нам не было б так хораша, як тут, на пляцы. Так яно і здарылася. Мы ўладкаваліся на драўлянай лаве, і неўзабаве яшчэ адна пара прысела побач з намі — дзяўчына ў белым плацці і мужчына ў строгім чорным гарнітуры. Мне зрабілася няёмка, бо я раптам усвядоміў, што апрануты не так, як трэба. Потым чалавек з высокім крухмальным каўняром нарабіў шмат гвалту наконт нашых папер, і на імгненне нам падалося, што наш шлюб ніколі не будзе аформлены. Потым усчалася мітусня, бо высветлілася, што ў нас няма сведак. Нарэшце былі запрошаны два пахмурныя клеркі. Нас увялі ў вялікую залу, дзе не было нічога, апроч люстры і стала. Шыльда, якая вісела над дзвярыма, абвяшчала: Salle des Mariages1. Мэр — надта стары чалавек, які на выгляд быў выліты Клемансо, апрануты ў мантыю з блакітна-чырвонай стужкаю цераз плячо,— цярпліва стаяў і чакаў, пакуль мужчына з каўняром прачытае нашы прозвішчы і даты нараджэння. Потым мэр хуценька адбарабаніў па-французску нешта накшталт цэлага кодэксу законаў, якіх мы павінны былі прытрымлівацца,— пэўна, гэта былі артыкулы з Code Napoleon2.
Пасля гэтага мэр сказаў невялікую прамову на вельмі дрэннай англійскай мове пра наш абавязак перад грамадствам і пра нашу адказнасць перад дзяржавай. Нарэшце ён паціснуў мне руку, пацалаваў Кэры ў шчаку, і мы зноў выйшлі да пары, што чакала нас на невялікім ветраным пляцы.
Урачыстай цырымоніі не атрымалася: не было ні аргана, як у царкве Святога Лукі, ні гасцей.
— Я зусім не адчуваю, што выйшла замуж,— сказала Кэры, але тут жа дадала: — Але мне дужа прыемна не адчуваць сябе замужняй.
1 Зала для шлюбаў (фр.).
Напалеонаў кодэкс (фр.).
8
На вуліцах, i ў барах, і ў аўтобусах, і ў магазінах сустракаецца шмат людзей, твары якіх нагадваюць пра Першародны Грэх, і так рэдка дзе ўбачыш твар, што нясе ў сабе нязменную адзнаку Першароднай Цноты... Твар Кэры быў такі — яна ўсё жыццё, ажно да глыбокай старасці, будзе глядзець на свет вачыма дзіцяці. Ей ніколі не бывае сумна: кожны дзень у яе новы: нават смутак быў адвечны, тым болей кожная радасць і пагатоў існавала спрадвеку і назаўсёды. «Жахлівы» — было яе ўлюбёным азначэннем, і ў яе вуснах гэта не было звычайнае клішэ — папраўдзе быў жах у яе асалодах, яе страхах, яе трывогах, яе смеху — жахлівае здзіўленне, жах першай сустрэчы з незнаёмымі з’явамі. Большасць з нас вышуквае ва ўсіх з’явах толькі падабенства, кожная новая жыццёвая сітуацыя нагадвае нам якую-небудзь колішнюю, з якой мы сутыкаліся раней, але Кэры ва ўсім знаходзіла толькі адметнае, нібы дэгустатар вінаў, што здатны адчуць самы няўлоўны букет.
Мы вярнуліся ў гатэль, але «Чайка» ўсё яшчэ не прыйшла, і Кэры сустрэла гэтую непрыемнасць як нешта нечаканае, нібыта даведалася пра гэта ўпершыню. Потым мы пайшлі ў бар і трошкі выпілі — бадай, гэта была наша першая выпіўка разам. Яна з асалодай піла джын і кактэйль «Дубанэ», якія мне зусім не падабаліся. Я сказаў:
— Ен, мусіць, прыедзе ўжо толькі заўтра.
— Любы, у нас хопіць грошай аплаціць рахунак?
— Ат, не хвалюйся, сёння мы яшчэ як-небудзь пераб’ёмся.
— Мы маглі б паспрабаваць выйграць патрэбныя нам грошы ў казіно.
— Мы ходзім у танны пакой. Мы не можам дазволіць сабе вялікай рызыкі.
Па-мойму, мы прайгралі ў той вечар каля дзвюх тысяч франкаў, а назаўтра раніцай і апоўдні мы глядзелі на гавань, але «Чайкі» там не было.
— Ен забыўся,— сказала Кэры.— Іначай ён прыслаў бы тэлеграму.
Я ведаў, што яна мае рацыю, але я не разумеў, што нам рабіць, а калі настаў яшчэ адзін дзень, я разумеў яшчэ меней.
— Любы,— сказала Кэры,— нам лепей пайсці ў казіно, пакуль яшчэ ёсць грошы.
Але я ўпотай ад яе папрасіў рахунак (з той нагоды, што мы, маўляў, не можам дазволіць сабе прайграваць па-за межамі нашых магчымасцей), і я ведаў, што мы ўжо жывём у доўг. Нічога не заставалася рабіць, адно толькі чакаць. Я даў тэлеграму міс Булэн, і тая адказала, што містэр Друтэр у моры і звязацца з ім няма ніякай магчымасці. Я чытаў гэтую тэлеграму Кэры, калі стары з слыхавым апаратам заняў крэсла на верхняй пляцоўцы прыступак, назіраючы за людзьмі, што шпацыравалі пад промнямі паўдзённага сонца.
Ен раптам спытаў:
— Вы знаёмы з Друтэрам?
Я сказаў:
— Так, містэр Друтэр мой шэф.
— Гэта па-вашаму, ён ваш шэф,— сказаў той рэзка.— Вы працуеце ў фірме «Сітра», ці не так?
— Так.
— У такім разе, я ваш шэф, малады чалавек. Вы верыце Друтэру?
— Вы — містэр Боўлз?
— Канечне, я містэр Боўлз. Ідзіце і прывядзіце маю сядзелку. Ужо час ісці да ігральных сталоў.
Калі мы зноў засталіся адны, Кэры спыталася:
— Хто гэта быў той жахлівы стары? Ен сапраўды твой гаспадар?
— Пэўным чынам, так. У фірме мы называем яго A. Н. Другі. Яму належыць невялікая частка акцый «Сітры» — вельмі нязначная частка, але яна дазваляе яму падтрымліваць баланс паміж Друтэрам і Бліксанам. Пакуль ён
трымае бок Друтэра, Бліксан нічога не можа зрабіць, але калі Бліксану пашчасціць выкупіць гэтыя акцыі, Гому можна толькі будзе паспачуваць. Гэта так, між іншым,— дадаў я.— Нішто не прымусіць мяне спачуваць яму цяпер.
— У яго проста кароткая памяць, любы.
— Такая забыўлівасць бывае толькі тады, калі табе зусім да лямпачкі іншыя людзі. Ніхто з нас не мае права забываць ні пра каго. Апроч самога сябе. Гом ніколі пра сябе не забудзе. Ат, халера з ім, хадзем у казіно.
— Мы не можам сабе дазволіць гэтага.
— Зараз мы з табой у такіх даўгах, што нам ужо ўсё адно.
У той вечар мы не рабілі вялікіх ставак: мы проста стаялі і назіралі за сталымі наведнікамі. Малады чалавек быў ізноў у cuisine. Я бачыў, як ён абмяняў тысячу франкаў на стофранкавыя фішкі і неўзабаве, прайграўшы іх, выйшаў — ніякай кавы і булачак ён не дазволіў сабе ў той вечар. Кэры сказала:
— Як ты думаеш, ён сёння ляжа спаць галодны?
— Тое самае чакае і нас з табою,— сказаў я,— калі не прыйдзе «Чайка».
Я назіраў, як яны гуляюць па сваіх сістэмах, крышачку прайграючы, крышачку выйграючы, і падумаў: дзіўна, як жа яны падтрымліваюць у сабе веру, што некалі ім удасца зняць банк. Яны былі падобныя на тэолагаў, якія цярпліва імкнуцца спасцігнуць розумам рэлігійную тайнасць. Па-мойму, у жыцці кожнага з нас настае момант, калі мы задумваемся: уяві сабе, зрэшты, што існуе бог, што тэолагі маюць рацыю. Паскаль быў заўзяты карцёжнік, які паставіў усе свае грошы на рэлігійную сістэму. Я лічыў сябе найлепшым матэматыкам з усіх наведнікаў казіно, таму не верыў у тайнасць, але калі ўсё-такі гэтая тайнасць існуе, я здольны разгадаць яе хутчэй за іх усіх. У думках я паўтараў, як малітву: гэта не дзеля грошай — мне не трэба багацця — толькі некалькі дзён з Кэры, без аніякіх турбот.
3 усіх сістэм, якімі карысталіся ў гэтым казіно, была толькі адна, якая давала плён, і яна не залежала ад так