Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
Яна журботна зазначыла:
— Ты робішся падобны да ўсіх астатніх гульцоў.
— У якім сэнсе?
— Ты ўвесь час думаеш пра лічбы, яны табе сняцца. Ты прачнуўся сярод ночы і ўскрыкнуў: «Zero deux»1. Ты ўсё нешта занатоўваеш на кавалачках паперы за абедам.
— Ты называеш гэта абедам?
— У маёй сумцы засталося чатыры тысячы франкаў. Трэба, каб нам хапіла іх да прыходу «Чайкі». Мы не будзем болей хадзіць у казіно. Я не веру ў тваю сістэму. Тыдзень таму ты казаў, што пабіць банк немагчыма.
— Я яшчэ тады не вынайшаў...
— Зараз ты паўтараеш словы д’ябала. Неўзабаве ты будзеш прадаваць сваю сістэму за келіх віскі.
Яна паднялася і пайшла ў гатэль, але я не крануўся з месца. Я падумаў: жонка павінна верыць у свайго мужа да апошняга, а з нашай жаніцьбы не прайшло яшчэ і тыдня. Аднак неўзабаве, пасля кароткага роздуму, я пачаў разумець яе. Апошнія некалькі дзён я быў ёй не надта добрым спадарожнікам. Дый што гэта было за жыццё — мы баяліся сустрэцца вачыма з швейцарам! Акурат яго я і напаткаў, калі ўваходзіў у гатэль.
1 «Двайны нуль» (фр.).
Ен спыніў мяне і сказаў:
— Прывітанне ад дырэктара, сэр. Ці можаце вы ўдзяліць яму колькі хвілін? Ен чакае вас у кабінеце.
Я падумаў: ва ўсім вінаваты Гом — гэты эгаістычны вылюдак.
Я падумаў: яны ж не пасадзяць у турму яе, а толькі мяне.
I яшчэ я падумаў: гэты Гом, гэты себялюбны сукін сын з восьмага паверха, які асудзіў нас на пакуты. Ен, бачыце, лічыць сябе надта вялікім, каб памятаць пра свае абяцанні. Ен стварыў свет, а на сёмы дзень пайшоў адпачываць, і пляваць ён хацеў на стварэнні, асуджаныя на пагібель. Трапіў бы ён мне сёння пад гарачую руку!
Хоць бы на якое імгненне меў бы я над ім уладу — калі б мой успамін пра яго, мой праклён, меў якую рэальную сілу! Аднак здарылася так, што якраз мне наканавана быць плёнам яго думкі — ён жа ніколі не будзе залежаць ад маіх думак пра яго.
— Сядайце, містэр Бертрам,— прапанаваў мне гаспадар гатэля. Ен пасунуў да мяне пачак цыгарэт.— Курыце?
У яго была далікатнасць чалавека, на сумленні ў якога шмат загубленых жыццяў.
— Дзякуй,— сказаў я.
— Надвор’е не такое добрае, як можна было чакаць у гэту пару года.
— He кажыце. Напэўна ж, лепей, чым у Англіі.
— Спадзяюся, вам падабаецца наш гатэль.
Гэта, на мой погляд, была звычайная руцінная фраза — каб толькі паказаць, што асабіста ён не мае да мяне ніякіх благіх пачуццяў — ведаеце, непрыемны абавязак... Хутчэй ужо пераходзіў бы ён да справы...
— Вельмі падабаецца, дзякуй.
— I вашай жонцы гэтаксама?
— О, так, так.
Ен зрабіў паўзу, і я падумаў: вось зараз ён пачне... Ен сказаў:
— Дарэчы, містэр Бертрам, вы, па-мойму, тут упершыню?
— Мы даволі высокай думкі пра нашу кухню. Лічу, што вы наўрад ці знойдзеце што-небудзь лепшае ва ўсёй Еўропе.
— Безумоўна, вы маеце рацыю.
— He хачу быць надакучлівым, містэр Бертрам, даруйце мне, калі ласка, калі скажу што не так, але мы заўважылі, што вам не зусім даспадобы наш рэстаран, а мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб вы і ваша жонка былі тут шчаслівыя. Што вас тут не здавальняе: сервіс, страва, віно?
— О, у мяне няма скаргаў. Аніякіх скаргаў я не маю.
— He думаю, каб яны ў вас былі, містэр Бертрам, я ўпэўнены ў нашым сервісе. Я прыйшоў да высновы — вы даруйце мне, калі ласка, маю нетактоўнасць...
— He турбуйцеся. Я слухаю.
— Мне вядома, што нашы кліенты з Англіі часта маюць пэўныя цяжкасці з валютай. Невялікая няўдача за ігральным сталом у нашы дні каго заўгодна можа лёгка выбіць са звычайнай каляіны жыцця.
— Напэўна, так. Думаю, вы маеце рацыю.
— Таму я прыйшоў да высновы, місгор Бертрам, што, мабыць... як бы гэта сказаць... Вы, як гэта здараецца, трохі... вы даруйце мне, абмежаваныя ў грошах?
У мяне перасохла ў роце — нарэшце імгненне, якое я з жахам чакаў, наступіла. Я не мог падшукаць смелыя і шчырыя словы, патрэбныя з гэтай нагоды. Я сказаў:
— Ну? I што? — і ўтаропіўся на яго праз стол.
На сцяне вісеў партрэт прынца Манака, а на стале стаяў агромісты чарнільны прыбор. У напружанай цішыні я пачуў грукатанне цягніка, які прайшоў непадалёк у Італію. Гэта быў нібыта апошні зірк на волю.
Між тым гаспадар гатэля працягваў:
— Зразумейце, адміністрацыя як казіно, так і нашага гатэля вельмі зацікаўленая — сапраўды, вельмі зацікаўленая — зразумейце наша становішча, містэр Бертрам. Мы, прынамсі,— ён усміхнуўся, гледзячы на кончыкі сваіх пальцаў,— не зусім звычайныя гаспадары гатэляў. Мы прымаем
тут кліентаў, пра якіх клапоцімся і якіх мы любім... ну, скажам, на працягу трыццаці гадоў,— ён наўмысна павольна, дакладна рымавіў кожнае слова наступнага сказа: — Нам прыемна лічыць іх хутчэй за сяброў, чым звычайных кліентаў. Вы ведаеце, тут у нашым княстве існуе даўняя традыцыя... ну, як бы сказаць дакладней... далікатнасці, містэр Бертрам. Мы не выдаём прозвішчы нашых гасцей. Мы захоўваем плойму ўсялякіх канфідэнцыяльных сакрэтаў.
Я не мог болей вытрываць пустазвонства гэтага чалавека. Гэта было ўжо не проста пакаранне смерцю, а было падобна на кітайскую пакуту — катаванне вадою. Я сказаў:
— Мы зусім даведзены да галечы — вось вам наш канфідэнцыяльны сакрэт.
Ен ізноў усміхнуўся на свае пазногці:
— Якраз пра гэта я і здагадваўся, містэр Бертрам, і таму, спадзяюся, вы прымеце невялікую пазыку. Як сябар містэра Друтэра. Містэр Друтэр наш сталы кліент, і мы былі б вельмі засмучаныя, калі б яго сябар пачуваў сябе няўтульна ў нашым гатэлі.
Ен падняўся і з паклонам працягнуў мне канверт. Я адчуваў сябе хлапчуком, які за добрыя паводзіны атрымаў узнагароду з рук самога епіскапа. Потым ён праводзіў мяне да дзвярэй і на развітанне сказаў ціхім канфідэнцыяльным голасам:
— Паспытайце нашага шампанскага «Шато Груад Ляроз» 1934 года — не пашкадуеце.
У нумары я раскрыў канверт і пералічыў купюры. Я сказаў:
— Ен пазычыў нам 250 000 франкаў.
— Няўжо праўда?
— Вось што значыць быць сябрам Гома. Шкада, але мне пачынае падабацца гэты сукін сын.
— Як жа мы зможам аддаць яму такія грошы?
— Нічога. Гом дапаможа. Гэта ж ён затрымаў нас тут.
— Мы будзем траціць іх вельмі ашчадна, праўда, любы?
— Хопіць ужо з мяне кавы і булачак. Сёння ў нас будзе свята — мы справім наша вяселле.
Мне зусім не хацелася піць «Груад Ляроз» 1934 года. Я наняў аўтамабіль, і мы паехалі ў невялічкую горную вёсачку Пэй. Па дарозе наўкол усё выглядала цьмяным і жоўта-шэрым у промнях сонца, якое павольна садзілася паміж халоднымі плячамі ўзгоркаў, дзе хаваліся вечаровыя цені. На вулках стаялі мулы, а аўтамабіль аказаўся занадта вялікі, каб праехаць да гасцініцы, і ў гасцініцы стаяў адзіны велізарны стол амаль на пяцьдзесят персон. У адзіноце мы сядзелі за ім і назіралі, як спакваля надыходзіць цемра. Нам падалі мясцовае чырвонае віно — не надта добрае — і тлустых падсмажаных галубоў, і фрукты, і сыр. У суседнім пакоі весяліліся мясцовыя сяляне, пацягваючы сваё віно. Неўзабаве вечаровая імгла акрыла абрысы велізарнага горнага хрыбта за вокнамі гасцініцы.
— Табе хораша?
— Так. Вельмі.
Праз некаторы час яна сказала:
— Мне б не хацелася вяртацца ў Монтэ-Карла. Ці нельга адаслаць аўтамабіль назад і самім застацца тут? Сёння ўвечары мы абыдземся без зубных шчотак, а заўтра пойдзем па магазінах.
Яна вымавіла апошняе слова з асаблівай інтанацыяй, нібыта мы былі ў гатэлі «Рыц» і вуліца Ру дэ ля Пэ была якраз за рагом.
— Зубную шчотку мы купім у Карцье,— сказаў я.
— Наведаем «Ланвін» і купім там дзве піжамы вышэйшага гатунку,— яна падхапіла прапанаваную мной гульню.
— Мыла ў магазіне Герлена.
— Тузін танных насовак на Ру дэ Рывалі.
Яна дадала:
— Мне болей у голаў не прыходзіць, што ж нам яшчэ спатрэбіцца, а табе? Ты калі-небудзь бываў там з сваёй Мурзай?
Мурзай Кэры называла маю першую жонку, якая была
смуглявая, поўная і сексуальная, з вачамі пекінскага мопсіка.
— Ніколі.
— Мне падабаецца бываць там, дзе няма чужых слядоў.
Я зірнуў на гадзіннік. Было каля дзесяці, а яшчэ паўгадзіны язды назад. Я сказаў:
— Бадай што, нам лепей вяртацца ўжо назад.
— Яшчэ зусім не позна.
— Разумееш, сёння ўвечары я хачу даць сваёй сістэме сапраўдны шанц. Калі я буду ставіць двухсотфранкавыя фішкі, я выйграю даволі значны капітал.
— Ты сёння збіраешся пайсці ў казіно?
— Вядома, пайду.
— Але ж гэта будзе крадзеж.
— Hi ў якім разе. Ен пазычыў нам грошы, каб мы мелі з іх асалоду.
— У такім разе, палова належыць мне. Ты не маеш права рызыкаваць маёй паловай.
— Дарагая, будзь разумная. Мне патрэбны ўсе грошы. Сістэма патрабуе вялікага капіталу. Калі я выйграю, ты атрымаеш назад сваю палову і яшчэ з працэнтамі. Мы аплацім усе рахункі. I калі ты хочаш, вернемся сюды і правядзём тут рэшту нашага адпачынку.
— Ты ніколі не выйграеш. Паглядзі на іншых.
— Яны ж не матэматыкі.
Стары з барадой правёў нас цёмнымі скляпеннямі вузкіх вулак да аўтамабіля. Яна ішла моўчкі і нават не дазволіла мне ўзяць яе пад ручку. Я сказаў:
— Гэта наша святочная ноч, любая. Чаго ты злуешся?
— Хіба я сказала што-небудзь злое?
Як яны абяззбройваюць нас сваім маўчаннем: маўчанне нельга паўтарыць ці адказаць на яго, як гэта можна зрабіць са словам. У такім самым маўчанні мы ехалі дадому. Калі праязджалі паўз Манака, горад увесь зіхацеў агеньчыкамі: музей, казіно, кафедральны сабор, палац, а са скалы пускалі
ў неба феерверк. Гэта быў апошні вечар ілюмінацый. Я згадаў першы дзень, нашу сварку і тыя тры балконы.
Я сказаў:
— Мы ніколі не былі ў Salle Privee. Пойдзем туды сёння ўвечары.
— А чаму абавязкова сёння? — спытала яна.
— «Le mari doit protection a sa femme.
La femme obeissance a son mari»1.
— Што гэта ты там балбочаш?
— Ты ж сама сказала мэру, што згодная з гэтым. Есць яшчэ адзін пункт, на які ты афіцыйна пагадзілася: «Жонка абавязана жыць з мужам і ісці за ім паўсюль, куды б ён ні пайшоў». Ну, дык вось, сёння мы абавязкова, чорт пабяры, пойдзем у Salle Privee.
— Я не магла зразумець сэнсу яго прамоў: ён гаварыў па-французску.
Горшае заўсёды застаецца ззаду, калі яна робіць ласку і пачынае спрачацца.
— Пойдзем са мной, калі ласка, дарагая, і ты будзеш сведка, як мая сістэма выйграе.
— Я ўбачу толькі тое, што яна прайграе,— сказала яна, і кожнае слова яна наўмысна вымавіла дакладна і выразна. Прынамсі, яна мела рацыю.