Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
— Я нічога не разумею, палкоўнік. Што-небудзь вывела вас з сябе?
— А вазьміце віно. Хіба, па-вашаму, я павінен цягнуць з сябе жылы, каб ён піў гэтае віно за мой кошт?
— Вы паводзіце сябе непрыстойна.
Хтосьці паставіў шклянку на стол так моцна, што яна разбілася. Ненавісны голас сказаў:
— Cherie, гэта добрая прыкмета. Бачыш — я выліў крыху віна табе за вушы і на макаўку... Ты думаеш, твой муж пераспіць з той прыгожай лэдзі ў Канах?
— Адно толькі спаць — гэта ўсё, на што ён здатны.
Я ўскочыў на ногі і закрычаў на яе:
— Я не магу болей стрываць усё гэта. Як ты можаш гаварыць такое?
— Філіп,— сказала Кэры,— пойдзем.
Яна пакінула на стале некалькі банкнотаў і павяла яго за сабой. Ен быў надта здзіўлены, каб супраціўляцца.
Птушынае Гняздо сказала:
— Яны сапраўды зайшлі надта далёка, праўда? Такое гаварыць на людзях. Мне падабаюцца вашы старамодныя рыцарскія паводзіны, палкоўнік. Хай будзе навука маладым.
Амаль гадзіна спатрэбілася ёй, каб з’есці сунічнае марожанае і langouste thermidor. За гэты час яна расказала ўсю гісторыю свайго жыцця.
Нарэшце я ад яе пазбавіўся і пайшоў дамоў. Я баяўся, што не знайду там Кэры, але яна сядзела на ложку і чытала адзін з тых дасціпных самавучыцеляў французскай мовы, што чытаюцца як захапляльныя раманы. Калі я адчыніў дзверы, яна глянула паверх кнігі і сказала:
— Entrez, mon colonel1.
— Навошта ты гэта чытаеш? — спытаў я.
— J’essaye de faire mon francais un peu meilleur2.
— Навошта?
— Магчыма, неўзабаве я буду жыць у Францыі.
— Ага! 3 кім жа? Няўжо з тым галодным студэнтам?
— Філіп зрабіў мне прапанову.
— Пасля такой раскошнай вячэры, якой ты яго пачаставала сёння, ён, па-мойму, проста быў абавязаны паводзіць сябе належным чынам.
— Я папярэдзіла яго, што існуе часовая перашкода.
— Ты мела на ўвазе сваю благую французскую мову? — He, я мела на ўвазе цябе.
Раптоўна яна заплакала, схаваўшы галаву пад самавучыцелем, каб я не мог бачыць яе твару. Я сеў на ложак і паклаў руку ёй на сцягно. Я адчуваў сябе стомленым, я адчуваў, што мы надта аддаліліся ад таго невялічкага бара за рагом, я адчуваў, што нібыта мы даўно ўжо жанатыя. Аднак у мяне не было ніякай надзеі ўладкаваць усё гэта — мне заўсёды перашкаджалі рукі.
Я прапанаваў:
— Паехалі дадому.
— He дачакаўшыся містэра Друтэра?
— А чаму мы павінны яго чакаць? Фактычна містэр Друтэр пад маёй уладай.
Я не збіраўся нічога ёй расказваць, але ўсё неяк здарылася само сабой. Яна падняла галаву ад падручніка і перастала плакаць. Я расказаў ёй, што, калі я ўволю нацешуся роляй боса Друтэра, я прадам свой пакет акцый Бліксану з выгодай для сябе — і такім чынам знішчу Друтэра.
— I тады ўжо мы зажывём цудоўна,— сказаў я.
— Толькі без мяне.
— Што ты маеш на ўвазе?
1 Уваходзьце, мой палкоўнік (фр.).
2 Я імкнуся трохі ўдасканаліць сваю французскую мову (фр.).
— Любы, я ўжо зусім супакоілася і не злуюся. Я кажу сапраўды сур’ёзна. Я не выходзіла замуж за багатага чалавека. Я выйшла замуж за чалавека, з якім сустракалася ў бары «Валанцёр», за таго, хто любіў халодныя сасіскі і ездзіў аўтобусам, бо таксі яму было надта дарагое. Цяпер я раптам прачынаюся ў ложку з чалавекам, які можа купіць сабе ўсе асалоды, якія толькі пажадае, і які марыць давесці да галечы старога чалавека, што зрабіў табе дабро. Што, калі Друтэр проста забыўся пра тое, што запрасіў цябе? Гэта ўласціва чалавечай натуры. Яна не падначалена ніякім дурацкім сістэмам, як твая рулетка.
— Мая сістэма не прынесла табе аніякай шкоды.
— О не, яна прынесла мне шмат шкоды. Яна знішчыла мяне. Я жыла дзеля цябе, а цяпер я цябе страчваю.
— Няпраўда. Вось ён — я, тут, перад табою.
— Калі я вярнуся дадому і пайду ў бар «Валанцёр»,— цябе ўжо там не будзе. Калі я буду чакаць на прыпынку дзевятнаццатага аўтобуса, цябе таксама там не будзе. Цябе не будзе нідзе, дзе б я змагла цябе знайсці. Ты будзеш ездзіць на аўтамабілі ў свой раскошны дом у Хэмпшыры, як сэр Уолтэр Бліксан. Любы, табе вельмі пашанцавала, ты выйграў шмат грошай, але я цябе болей не кахаю.
— Па-мойму, ты любіш адных толькі бедных.
— А хіба гэта не лепей, чым любіць толькі багатых? Любы, я лягу спаць на кушэтцы ў гасцёўні.
Цяпер ізноў у нас была гасцёўня і асобны пакой для мяне, такі самы, як і напачатку. Я сказаў:
— He турбуйся. У мяне ёсць свой ложак.
Я выйшаў на балкон. Была такая самая ноч, як тая, калі мы ўпершыню пасварыліся, але на гэты раз яна не выйшла на балкон, і мы з ёю не сварыліся. Я хацеў пастукаць да яе ў дзверы і сказаць ёй нешта, але не знайшоў патрэбных слоў. Усе мае словы, здавалася, бразгалі, як фішкі ў сумачцы Птушынага Гнязда.
4
Я не бачыў яе ні за снеданнем, ні за ленчам. Пасля ленчу я пайшоў у казіно, і ўпершыню мне зусім не хацелася выйграваць. Але д’ябал усё-такі, пэўна, быў ублытаны ў маю сістэму, і я выйграў. У мяне цяпер ужо хапала грошай, каб расплаціцца з Боўлзам. Я зрабіўся ўладальнікам яго акцый, але мне дужа было шкада, што я не прайграў тыя апошнія дзвесце франкаў на «кухні». Потым я прайшоўся ўздоўж тэрасы — здараецца, прыходзяць у галаву неблагія думкі пад час прагулкі, але да мяне яны не завіталі. I раптам, глянуўшы на гавань, я убачыў белую яхту, якой там раней не было. На ёй развяваўся брытанскі сцяг. I я адразу пазнаў яе па здымках у газетах. Гэта была «Чайка». Гом нарэшце прыехаў — ён спазніўся толькі на тыдзень. Я падумаў: ну, добра, вылюдак, калі б толькі ты патурбаваўся выканаць сваё абяцанне, я б не страціў Кэры. Для цябе я не быў такой важнай фігурай, каб мяне запомніць, але ж затое зараз я зрабіўся надта важным для Кэры, каб яна магла мяне кахаць. Ну, добра, калі я страціў яе, ты згубіш усё — а Бліксан, пэўна ж, купіць тваю яхту.
Я пайшоў у бар, і Гом ужо быў там. Ен толькі што заказаў сабе порцыю «перно» і як стары знаёмы размаўляў з бармэнам па-французску. Ен свабодна валодаў любой мовай, на якой бы ні гаварыў яго субяседнік,— з кожным ён здольны быў знайсці агульную мову. Аднак зараз ён зусім не паходзіў на таго Друтэра, якога я сустрэў упершыню. Ен пакутліва ўглядаўся ў мяне, імкнучыся ўспомніць, дзе ён мяне бачыў. Я зразумеў, што ён не толькі забыўся пра сваё запрашэнне, ён забыўся пра маё існаванне.
— Містэр Друтэр...— сказаў я.
Ен наўмысна павольна павярнуўся да мяне: відаць было, што ён рабіў намаганні нешта ўспомніць.
— Вы мяне пазнаяце? — спытаў я.
— Што вы, дарагі мой сябра, я адразу пазнаў вас. Дай бог памяці, апошні раз мы сустракаліся...
— Мяне завуць Бертрам.
Я зразумеў, што маё прозвішча не азначае для яго абсалютна нічога.
— Ну, так. Вядома,— сказаў ён.— Даўно прыехалі?
— Мы ўжо тут дзевяць дзён. Мы спадзяваліся, што вы паспееце на наша вяселле.
— Вяселле?
Я мог назіраць, як паступова ён пачынае прыгадваць, і праз імгненне ён выкручваўся, падбіраючы тлумачэнні:
— Мой дарагі сябра, спадзяюся, што ўсё абышлося. У нас раптоўна зламаўся рухавік. Ведаеце, як гэта здараецца ў адкрытым моры. I звязацца нельга было ні з кім. Сёння ўвечары запрашаю вас да мяне на яхту. Падрыхтуйце свае чамаданы. Мы адплываем апоўначы. Монтэ-Карла занадта вялікая спакуса для мяне. Ну, а як вы? Шмат грошай прайгралі?
— He, наадварот, я крыху выйграў.
— На гэтым трэба спыніцца. Адзінае выйсце.
Ен хуценька заплаціў за сваё «перно» — ён імкнуўся як мага хутчэй выправіць сваю памылку.
— Прыходзьце да мяне на яхту. Сёння мы там павячэраем. Утраіх. Нікога болей не будзе на яхце ажно да Партафіна. Скажыце парцье, што ваш рахунак у гатэлі аплачу я.
— He трэба. У мяне ёсць грошы.
— Я не хачу, каб вы трацілі свае грошы, бо гэта мая віна, што я спазніўся.
Ен схапіў сваю кепачку яхтсмена і хуценька выйшаў, перавальваючыся, як сапраўдны марак. Ен не пакінуў мне часу на тое, каб мая нянавісць знайшла выйсце, ці нават на тое, каб сказаць яму, што мне не вядома, дзе зараз мая жонка. Я паклаў грошы для Боўлза ў канверт і папрасіў парцье, каб той аддаў іх яму ў бары казіно ў дзевяць гадзін вечара. Потым я падняўся па лесвіцы ў свой нумар і пачаў складваць рэчы ў чамаданы. У мяне з’явілася невялікая надзея, што, калі мне ўдасца ўзяць Кэры з сабой у мора, усе нашы турботы застануцца тут, на беразе, у раскошным гатэлі, у багата
аздобленай Salle Privee, y казіно. Мне хацелася паставіць усе нашы нягоды en ріеіп і адразу іх прайграць. Аднак калі я скончыў укладваць чамаданы і зайшоў у яе пакой, я зразумеў — надзеі болей няма. Пакой выглядаў болей чым проста пусты — ён быў пакінуты. Туалетны столік чакаў наступнага кліента — адзіная рэч засталася на ім ад Кэры. Гэта было развітальнае пісьмо: «Любы, болей я не вярнуся. Мне не хапіла духу сказаць табе пра гэта ў вочы, дый якая ў тым карысць? Мы болей падыходзім адно аднаму». Я прыгадаў усе папярэднія дзевяць дзён і як мы прыспешвалі той старадаўні драндулет па дарозе ў мэрыю. Каля канторкі парцье мне пацвердзілі: «Так, мадам вызваліла нумар гадзіну таму».
Я папрасіў, каб прыгледзелі за маімі чамаданамі: Друтэр, пэўна, не захоча трымаць мяне на борце сваёй яхты, калі пачуе тое, што я збіраюся яму расказаць.
5
Друтэр пагаліўся, апрануўся ў новую кашулю і чытаў кнігу ў невялікім пакоі для адпачынку на сваёй яхце. У яго зноў была велічная постаць чалавека з восьмага паверха. Але ўсё гэта не зрабіла на мяне ніякага ўражання. Я на сваёй скуры зведаў яго дабрыню, яна — дабрыня,можа толькі пагубіць чалавека. Дабрыня павінна ісці ад сэрца. Я трымаў нож за пазухай — вядома, у думках — і чакаў моманту, каб пусціць яго ў ход.
— Але я не бачу вашай жонкі?
— Яна хутка прыйдзе,— адказаў я.
— А вашы чамаданы?
— Хутка будуць тут. Можна мне выпіць?
У мяне не было пакут сумлення, як у дацкага прынца, каб набрацца смеласці на вераломнае забойства. Я хутка каўтнуў два келіхі віскі. Ен наліў і сабе, паклаў лёду, прыслугоўваючы мне, як роўні. Яму нават у галаву не прыходзіла, што цяпер я вышэй за яго.
— Вы выглядаеце стомленым,— сказаў ён.— Адпачынак не пайшоў вам на карысць.
— У мяне хапіла турбот.
— Вы не забыліся ўзяць з сабой Расіна?
— He, не забыўся.
На момант мяне кранула, што ён памятае такія дробязі.
— Можа, пасля вячэры вы пачыталі б трошкі з Расіна. Некалі і я захапляўся ім. Шмат было ў жыцці такога, што цяпер забылася. Старасць — не радасць: не тая ўжо ў мяне памяць.