• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старонкі мураванай кнігі Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму Алег Трусаў

    Старонкі мураванай кнігі

    Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму
    Алег Трусаў

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 191с.
    Мінск 1990
    63.13 МБ
    Пашыраюцца тыпы і формы культавых збудаванняў, запазычаныя ў суседніх краінах: трохнефавыя зальныя храмы з пяціграннай апсідай, аднавежавыя касцёлы.
    Царква Барыса і Глеба ў Навагрудку. Фота В. Дубінкі
    Першы тып прадстаўлены царквой Барыса і Глеба ў Навагрудку. Яна была ўзведзена на месцы храма XII ст., які амаль цалкам перабудаваны ў XVI— пачатку XVII ст. у стылі позняй готыкі з зорчатымі скляпеннямі і цікавым вырашэннем фасадаў: яны падзелены шматлікімі радамі тонкіх вертыкальных лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўзмоцнены шасціграннымі контрфорсамі. У першай палове XVII ст. царква мела падлогу з тоўстых паліваных фігурных плітак і была пакрыта паліванай зялёнай і светла-карычневай пляскатай дахоўкай.
    Да другога тыпу гатычных культавых пабудоў адносіцца касцёл у вёсцы Гнезна Ваўкавыскага раёна. Пластыка яго фасадаў заснавана на шырокім выкарыстанні фігурнай цэглы, складаных гранёных контрфорсаў, завершаных ступеньчатымі кансолямі. Гэта адзін з самых позніх помнікаў гатычнага стылю, і таму адчуваецца нават нейкая штучнасць у яго дасканалай кампазіцыі і аб’ёме. Асаблівую ўвагу дойліды звярнулі на муроўку.. Яна вельмі дакладная, выканана з добра абпаленай цэглы, кожнае шво старанна апрацавана. Ужыта шмат відаў профільнай цэглы для розных архітэктурных дэталяў і формаў (плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, спічастыя аркі парталаў і аконных праёмаў, прафіляваныя гзымсы). Касцёл меў плоскую драўляную столь, якая мацавалася на бэльках, што перакрывалі асноўны аб’ём храма. Здалёк відаць яго двух’ярусная вежа і стромкі двухсхільны дах, які ў XVI—XVII стст. быў накрыты чырвонай пляскатай дахоўкай. У сцяну галоўнага фасада ўмуравана некалькі каменных гарматных ядраў.
    СВЕДКІ ТРЫВОЖНЫХ ЧАСОЎ
    XVI ст., асабліва ў першай яго палове, у Беларусі зноў назіраецца росквіт замкавай архітэктуры. Гэта было выклікана частымі набегамі крымскіх татар, войнамі з суседнімі дзяржавамі, магнацкімі звадамі і спрэчкамі,
    сялянскімі паўстаннямі.
    Адно з наймацнейшых абарончых збудаванняў гэтага часу — замак у мястэчку Мір, пабудаваны на пачатку XVI ст. па тыпе распаўсюджаных раней замкаў-кастэляў. Гэта квадратнае ў плане збудаванне з выступнымі па вуглах вежамі. Пятая вежа-брама мела пад’ёмны мост і каваную рашотку-герсу, якая хутка магла спыніць раптоўны напад ворага. Замак быў вельмі добра прыстасаваны да агнястрэльнай абароны. Яго муры мелі два рады байніц, а вежы былі разлічаны на стральбу з цяжкіх гармат. Цяжкія гарматы стаялі на трэцім паверсе, а з астатніх байніц абаронцы маглі страляць з маленькіх гармат — гакаўніц. У некаторых байніцах захаваліся папярочныя драўляныя брусы, да якіх спецыяльным крукам прымацоўвалі гакаўніцу, каб зменшыць аддачу пры стрэле. На паўночнай і заходняй сценах
    замка пад самым дахам былі зроблены байніцы верхняга бою, а на версе паўднёвых вежаў і на заходняй сцяне размешчаны машыкулі — адтуліны, праз якія на ворага лілі гарачую смалу, вар, кідалі камяні. Вежы і баявыя галерэі на замкавых мурах злучаліся вузкімі крутымі лесвіцамі.
    Вежы і баявыя галерэі былі накрыты тоўстай пляскатай дахоўкай, што прыйшла на змену паўцыркульнай.
    Мірскі замак. Фота В. Дубінкі
    Вільчакі стромкіх гатычных замкавых дахаў аздабляла спецыяльная дахоўка, пакрытая зялёнай палівай.
    Асновай абароны замка былі вежы, пабудаваныя з такім разлікам, каб весці прыцэльны флангавы агонь уздоўж замкавых муроў. Калі вораг усё ж прарываўся ў замак, вежы заставаліся апошнімі асяродкамі абароны. 3 усіх бакоў у іх былі байніцы для кругавога абстрэлу.
    У двары замка ўздоўж паўднёвай і ўсходняй сцен меркавалася пабудаваць двухпавярховы палац, а ля паўночнай — арсенал. Але будаўніцтва іх і верхняй часткі паўднёва-заходняй вежы на пачатку XVI ст. так і не
    было скончана. Справа ў тым, што Мірскі замак у адрозненне ад гарадскіх, дзяржаўных замкаў быў увесь час уласнай маёмасцю і належаў заможным магнатам.
    У першага гаспадара замка князя Ілініча не хапіла грошай, і будаўніцтва было спынена. 3 1568 г. Мірскі замак пераходзіць у рукі князёў Радзівілаў, і тыя ў канцы XVI—пачатку XVII ст. дабудоўваюць замак, пры гэтым дабудаваныя часткі адлюстроўваюць рысы ўжо новага архітэктурнага стылю — рэнесансу.
    Аснову аб’ёмнай кампазіцыі замка першай паловы XVI ст. складаюць высокія вежы, якія выступаюць за лінію сцен. Усе яны маюць аднолькавыя абрысы, характэрныя для беларускіх замкавых вежаў XVI ст.,— чатырохгранную асноўную частку з васьмігранным верхам, але аздабленне кожнай вырашана па-свойму, і гэта надае замку непаўторнае дэкаратыўнае багацце і хараство.
    Архітэктурная апрацоўка фасадаў кожнай вежы грунтуецца на розных паводле формы і велічыні дэкаратыўных нішах і арнаментальных паясах. Аздоблены і замкавыя муры. Па іх перыметры праходзіць дэкаратыўны пояс з цэглы. Верхні і ніжні рады яго складаюцца з цаглін, пакладзеных на вугол. Паміж імі паласа заглыбленай муроўкі. Пабелены вапнай пояс выразна чытаўся на чырвоным фоне сцен, пераклікаючыся з каляровымі плямамі камянёў, умураваных у іх ніжнія часткі.
    Абтынкаваныя ў бела-ружовы колер нішы, цягі * і паясы вежаў і сцен і цёмна-чырвоная фактура цаглянай паверхні сцен звязваліся ў цэласную архітэктурную кампазіцыю, адсоўваючы на другі план магутнасць замкавых муроў.
    У пластычным афармленні Мірскага замка выкарыстаны самыя простыя, але характэрныя для беларускай готыкі выяўленчыя сродкі: гатычная муроўка (чаргаванне тычка і лажка) з умураванымі камянямі, падзел сцен разнастайнымі па форме абтынкаванымі нішамі, арнаментальныя цагляныя паясы.
    Прынцыпы цаглянай готыкі выкарыстоўваліся ў будаўніцтве ці перабудове і іншых замкаў, напрыклад у Навагародку, але яны не набылі такой выразнасці і дасканаласці, як у Міры.
    Для культавай архітэктуры Беларусі канца XV— першай паловы XVI ст. характэрны новы тып пабудоў — інкастэляваныя (прыстасаваныя да абароны) храмы,
    якія ўваходзілі ў сістэму гарадскіх умацаванняў ці былі асобнымі кропкамі абароны ў вясковых ваколіцах.
    Якраз у гэты час пашыраюцца міжусобныя сутычкі паміж магнатамі, ад якіх больш за ўсё цярпеў просты сялянскі люд. Сховішчам для яго звычайна станавілася бажніца, нярэдка адзінае ў наваколлі мураванае збудаванне. У ёй можна было схавацца і адбіцца ад невялікага атрада рабаўнікоў, што спусташалі безабаронныя вёскі і мястэчкі.
    Пісьмовыя крыніцы паведамляюць пра шматлікія інкастэляваныя храмы ў розных мясцінах Беларусі. Чатырохабо двухвежавыя мураваныя цэрквы існавалі ў сталіцы Вялікага княства Літоўскага — Вільні, а таксама ў Бярэсці, Полацку і іншых гарадах. Атрымала ў гэты час нарожныя абарончыя вежы і славутая Полацкая Сафія. Але частыя войны і няўмольны час зрабілі сваю справу, і зараз існуюць лічаныя помнікі абарончай культавай архітэктуры ў стылі беларускай готыкі.
    Агульныя рысы кампазіцыі гэтых храмаў — кампактнасць аб’ёму, высокі шчыпцовы дах, абарончыя вежы з байніцамі і выразны падзел унутранай прасторы на фартыфікацыйную і культавую часткі.
    Амаль без усялякіх змен дайшла да нас абарончая царква ў вёсцы Сынковічы (Зэльвенскі р-н), пабудаваная на пачатку XVI ст. У плане гэта крыху выцягнуты і перакошаны прамавугольнік, падзелены шасцю гранёнымі слупамі на тры нефы амаль аднолькавай шырыні.
    Шчыт франтона ўпрыгожаны неглыбокімі, разнастайнымі па форме і памерах абтынкаванымі і пабеленымі нішамі, што вельмі нагадвае дэкор Мірскага замка. Яны здымаюць уражанне важкасці і масіўнасці будынка і надаюць яму пэўную ўзнёсласць і велічнасць.
    Інтэр’ер царквы мае выгляд залы, перакрытай крыжовымі скляпеннямі. Адна з трох паўкруглых апсід аздоблена складаным зорчатым скляпеннем.
    Сынковіцкая царква мае дасканалую, добра распрацаваную сістэму абароны, што адбілася ў аб’ёмнай пабудове і пластычным вырашэнні фасадаў будынка. Гэта чатыры нарожныя вежы з лесвіцамі і байніцамі па ўсёй іх вышыні і сістэма байніц блізкага і далёкага бою над скляпеннямі. Элементы абарончай архітэктуры ўдала спалучаюцца з формамі цаглянай готыкі: фігурнымі абтынкаванымі нішамі, аркатурнымі паясамі *, гатычнай
    муроўкай і спічастымі праёмамі вокнаў. На галоўным фасадзе можна ўбачыць некалькі крыжоў, выкладзеных з абпаленай цэглы. Найбольш блізкая па планіроўцы і цагляным дэкоры да Сынковіцкай царквы віленская царква св. Тройцы, узведзеная ў 1514 г.
    У пачатку XVI ст. пасярод глухой Блудаўскай пушчы на рацэ Супраслі (цяпер тэрыторыя Польшчы) быў збудаваны абарончы храм. План будынка нагадвае план
    Царква ў в. Сынковічы Зэльвенскага р-на. Фота В. Дубінкі
    Сынковіцкай царквы. Гэта выцягнуты, крыху перакошаны чатырохвугольнік з чатырма нарожнымі вежамі і трыма гранёнымі апсідамі. Царква мела толькі адзіны ўваход, які, як і ў Мірскім замку, абараняўся герсай, што спускалася на ланцугах праз спецыяльны праём.
    Цікава вырашана верхняя частка Супрасльскай царквы. Яна крыху нагадвала завяршэнні старадаўніх помнікаў полацкага дойлідства, у прыватнасці канструкцыю верху Спаса-Праабражэнскай царквы Ефрасіннеўскага манастыра. Узнёслы барабан і купал, які ў полацкай бажніцы абапіраўся на масіўны пастамент, увасобіўся
    тут у 28-метровую вежу-купал, што служыла, відаць, назіральным пунктам.
    Кілепадобныя дэкаратыўныя какошнікі — спадчына знакамітага дойліда Іаана — знайшлі сваё ўвасабленне ў чатырох шчытах-франтонах, размешчаных паміж вежамі. У першую чаргу яны выконвалі дэкаратыўную функцыю, надавалі будынку кампактнасць і ўзнёсласць. Прамежак часу паміж пабудовай названых помнікаў даволі вялікі — 350—400 гадоў, але, нягледзячы на розгыя архітэктурныя стылі, адчуваецца, як старыя архітэктурныя традыцыі творча перапрацоўваліся новымі пакаленнямі беларускіх майстроў — стваральнікаў непаўторных шэдэўраў нацыянальнай архітэктуры.
    Царква ў в. Сынковічы Зэльвенскага р-на. Фрагмент. Фота В. Дубінкі
    Сцены і вежы будынка выкананы ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Як і ў Ішкалдскім касцёле, з чорнай перапаленай цэглы-жалезняку быў выкладзены сеткавы арнамент з пераплеценых ромбаў. Ен упрыгожваў цокаль бажніцы. Па перыметры асноўных сцен і па версе апсіды ішоў пояс байніц-машыкуляў і зубчасты арнамент.
    Найбольш выразна элементы беларускай готыкі праявіліся ў спічастых арках уваходаў і аконных праёмаа.