Старонкі мураванай кнігі
Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму
Алег Трусаў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 191с.
Мінск 1990
План Полацкай Сафіі. Паводле В. Булкіна храма XVIII ст. На жаль, не знойдзена ніводнага малюнка Сафіі XI—XV стст. Першая вядомая замалёўка храма зроблена ў XVI ст., калі будынак быў ужо значна перароблены. Таму толькі пасля шматгадовай працы даследчыкаў (археолагаў, гісторыкаў архітэктуры, мастацтвазнаўцаў) вызначаны час узвядзення будынка, план першапачатковага аб’ёма, асноўныя памеры і будаўнічая тэхніка.
Прынцыпы і прыёмы будаўнічай тэхнікі XI—XII стст. прыйшлі разам з хрысціянствам з далёкай Візантыі. Полацкая Сафія зроблена з тонкай, добра абпаленай, амаль квадратнай ярка-чырвонай цэглы таўшчынёй 3—4 см. Такая цэгла ў будаўнічай і навуковай літаратуры называецца плінфай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «пліта». У Беларусі плінфа ўжывалася да канца XII ст. Клалі яе ў муроўку на спецыяльнай рошчыне з вапны і дробнатоўчанай цэглы—цамянкі. Цамянка надавала рошчыне трываласць і ружовы колер.
Полацкая Сафія пасля рэстаўрацыі. Фота У. Суцягіна
Полацкая Сафія пабудавана ў тэхніцы мяшанай муроўкі, падобнай да візантыйскай. Акрамя плінфы, выкарыстоўвалі камяні. Цагляная муроўка чаргавалася з радамі камянёў. У выніку рады плінфы то выступалі, то хаваліся ў тоўшчы сцяны. Прамежкі паміж выступнымі радамі цэглы шырынёй 10—12 см запаўняліся цамяначнай рошчынай. Такая сістэма атрымала назву муроўкі са «схаваным радам». Яна стала традыцыйнай для Полацка і існавала тут на працягу ўсяго XII ст.
Сцены Сафіі, як і пазнейшых пабудоў, не тынкаваліся (тынкоўка на фасадах будынкаў з’явілася на Беларусі толькі ў XVI ст.). Архітэктурныя дэталі і аздоба храма ■былі выкананы з фігурнай плінфы, так званай лякальнай і яе шматлікіх варыянтаў. Вонкавы выгляд Сафіі быў вельмі прыгожы. Цёмныя, спакойныя колеры камянёў удала спалучаліся з вузкімі радамі чырвонай плінфы і шырокімі палосамі ружовай рошчыны. Дах быў пакрыты свінцовымі лістамі. Вучоныя мяркуюць, што Сафія мела сем купалоў. Магчыма, галоўны купал быў пазалочаны.
Ступеньчатая пірамідальнасць мураваных храмаў працягвае традыцыю старажытнага славянскага дойлід•ства з яго слупападобнымі зрубамі, клецямі і пазалочанымі вышкамі. Першыя драўляныя храмы ў Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку таксама мелі шмат галоў. Напрыклад, кіеўскі сабор іх налічваў аж трынаццаць.
План Полацкай Сафіі блізкі да квадрата (прыкладна 26,5X25,5 м). Галоўны купал размешчаны якраз над сярэдзінай будынка. Унутраная прастора падзелена 16 крыжовымі ў плане слупамі на 5 падоўжных нефаў. Недалёка ад галоўнага ўвахода знаходзіўся мураваны балкон-хоры, двайныя аркі якога абапіраліся на васьмігранны слуп. На балконе ў час богаслужэння стаяў князь са сваёй дружынай, а просты люд тоўпіўся ўнізе.
Усе сцены і слупы ўнутры сабора былі аздоблены фрэскамі — маляўнічым роспісам, выкананым па вільготнай тынкоўцы. На жаль, да нас дайшлі толькі невялічкія кавалкі некалі багатых шматколерных арнаментаў Сафіі. Падлога ў храме была выкладзена невялічкімі паліванымі рознакаляровымі пліткамі.
Святло ледзь прабівалася праз круглыя зеленаватыя шыбкі вузкіх вокнаў, і таму ў саборы панаваў паўзмрок. I толькі падкупальная прастора, асабліва пад галоўным купалам, дзякуючы шматлікім вокнам у барабанах
шчодра збірала сонечныя прамяні. Іх залаты россып, мігатлівы пераход ад святла да цемры слаў вакол дзівосныя цені, нібы ажыўляючы выявы святых. Такое містычна-таямнічае асяроддзе разам з шыкоўнай аздобай алтара моцна ўзрушвала душу простага прыхаджаніна, які трапляў сюды са сваёй небагатай хаты.
У XII—XIII стст. з паўднёва-ўсходняга боку да Сафійскага сабора быў прыбудаваны цэлы ансамбль мураваных пабудоў. Сярод іх вылучаецца невялічкая каплічка з прамавугольнай у плане апсідай, дзе былі пахаваны члены княскага роду.
Зараз Сафійскі сабор адноўлены і прыстасаваны пад канцэртную залу. У падземных сутарэннях, дзе добра відаць рэшткі муроўкі XI ст., арганізаваны археалагічны музей.
ДОНЛІД ІВАН
XII ст. Полацк па-ранейшаму самы вялікі і багаты горад на тэрыторыі Беларусі. Тым часам узнікаюць і развіваюцца новыя гарады, цэнтры невялікіх, але незалежных княстваў.
Падзел Полацкай дзяржавы на асобныя
невялікія княствы, аслабленне княскай улады, узрастанне ролі веча — усё гэта адбілася на развіцці формаў полацкай архітэктуры. У ролі заказчыкаў цяпер ужо выступаюць не толькі князі, але і духавенства. Патрабаванні да царкоўных будынкаў таксама змяніліся, бо па.літычныя мэты паступова саступаюць эканамічным. Па-
меры культавых збудаванняў сталі меншымі, замест пяці нефаў робяцца тры, паменшыліся хоры, замест шматслуповых вялікіх храмаў узводзяцца бажніцы з шасцю апорнымі слупамі. Расце колькасць манастыроў і асобных прыходаў, з’яўляюцца пасадскія і нават сядзібныя цэрквы.
У першай палове — сярэдзіне XII ст. у Полацку склалася самастойная архітэктурная школа. Полацкія дойліды выпрацавалі сваю будаўнічую тэхніку і форму ■будынка. Яны захавалі старадаўнюю муроўку са «сха-
ваным радам», хаця ўсе суседнія княствы ад яе на той час ужо адмовіліся. Была выпрацавана падоўжная форма плана, цікава вырашалася і алтарная частка. Звонку выступала толькі адна галоўная апсіда, а дзве бакавыя, як правіла, былі схаваны ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Адметнай рысай полацкай школы з’яўляецца своеасаблівае рашэнне верхняй часткі культавых пабудоў.
Асноўныя рысы, выпрацаваныя полацкімі дойлідамі, увасабляе адзіны зараз у Полацку помнік XII ст.— Спаса-Праабражэнская царква Ефрасіннеўскага манастыра. Храм знаходзіцца на высокім беразе ракі Палаты ў двух з паловай кіламетрах ад Верхняга замка, дзе была пабудавана Полацкая Сафія. Пачатковы выгляд бажніцы значна змяніўся пасля рамонту XIX ст. Быў перароблены верх будынка, абтынкаваны звонку сцены і прыроблены невялічкі бабінец * каля ўвахода. Гісторыя данесла да нас імя дойліда, які яго пабудаваў. Ім быў манах Іаан альбо Іван, «прнставннк надделателн церковнымн», г. зн. кіраўнік арцелі полацкіх рамеснікаў-будаўнікоў. На жаль, мы не ведаем, калі ён нарадзіўся і дзе, у якім узросце памёр, але несумненна, што гэта быў вельмі адукаваны чалавек, з добрым мастацкім густам — сапраўдны дойлід. Некаторыя даследчыкі не без падстаў лічаць, што менавіта ён збудаваў некалькі храмаў у Бельчыцах — загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў. Адным з першых даследчыкаў, хто звярнуў увагу на асобу знакамітага полацкага дойліда, быў вядомы гісторык архітэктуры Мікалай Бруноў. Ен прысвяціў старажытнаму архітэктару асобную брашуру, дзе называе яго геніяльным дойлідам. Да аналізу архітэктурнай спадчыны майстра Івана звярталіся таксама вядомыя даследчыкі архітэктуры Мікалай Варонін, Павел Рапапорт і Георгій Штыхаў. Вялікі вопыт будаўнікоў і добрая арганізацыя працы дазволілі Івану ўзвесці Спаса-Праабражэнскі сабор за 30 тыдняў. Пра гэта гаворыцца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», напісаным, верагодна, у XIII ст. Менавіта Ефрасіння Полацкая, якая шмат зрабіла для развіцця пісьменнасці ў Полацку, і была ініцыятарам будаўніцтва гэтай царквы.
Храм мае невялікія памеры: 9,8X18,2 м. Яго бакавыя нефы вельмі вузкія, бо ўвесь цяжар асновы барабана прыпадае на шэсць падкупальных слупоў. Сабор мае толькі адну выступную апсіду і дзве бакавыя, надта
маленькія і звонку зусім нябачныя. Унутры храма вельмі цесна. Гэта сведчыць пра тое, што дойлід перад усім дбаў пра вонкавы’ выгляд будынка, размешчанага ў маляўнічай мясціне і бачнага здалёк. Ён першы сярод дойлідаў Усходняй Еўропы XI ст. знапшоў цікавае і памастацку дасканалае вырашэнне верхняй часткі сабора. У 1976 г. вучоныя вывучалі кубічны пастамент, на які абапіраюцца барабан і купал сабора. Выяўлена, што
Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. XII ст. Паводле П. Рапапорта. Малюнак У. Кіслага
грані гэтага пастамента аздоблены трохлопасцевымі какошнікамі * кілепадобнай формы. Над кутамі кубічнага пастамента дойлід змясціў яшчэ па адным дэкаратыўным элеменце — дыяганальным какошніку тон жа самай кілепадобнай формы. Ёсць меркаванне, што ў дадзеным выпадку мела месца запазычанне аднаго з прыёмаў драўлянага дойлідства. Дарэчы, гэта вынаходка мела і практычнае значэнне, бо дажджавая вада не затрымлівалася на даху. Дзякуючы аздобе будынак
нагадваў вежу, стаў неаддзельнай часткай навакольнага ландшафту.
Сцены і слупы ў сярэдзіне бажніцы ўпрыгожаны фрэскамі, якія захаваліся да нашых дзён. Некаторыя былі расчышчаны рэстаўратарамі з-пад позніх напластаванняў алейных фарбаў. Старажытныя мастакі старанна намалявалі твары і вопратку святых, якія і сёння здзіўляюць нас сваёй праўдападобнасцю. У полацкім
Фрэска XII ст. у цэнтральнай апсідзе Спаскага сабора ў Полацку. Паводле А. Сяліцкага
жывапісе XII ст. назіраецца творчая перапрацоўка візантыйскіх мастацкіх канонаў, збліжэнне з манументальным жывапісам Ноўгарада. Збудаванні полацкага дойліда Івана аказалі моцны ўплыў на далейшае раз-
віццё архітэктуры Кіеўскай Русі, а пазней і Маскоўскай дзяржавы.
Вядомы 10 мураваных храмаў, якія збудавалі старажытныя дойліды ў Полацку. Знойдзены рэшткі мураванага княскага палаца, узведзенага ў XII ст. на Верхнім замку недалёка ад Сафіі. Але пачынаючы з 80-х гадоў XII ст. у выніку розных знешніх і ўнутраных акалічнасцей культурнае жыццё ў Полацку стала занепадаць. Будаўніцтва ў горадзе спынілася. Менавіта на гэты перыяд прыпадае ўдзел полацкіх дойлідаў у будаўніцтве Смаленска і Ноўгарада.
Акрамя Полацка ў першай палове — сярэдзіне XII ст. мураванае будаўніцтва вялося і ў іншых гарадах Полацкай зямлі, якія імкнуліся адасобіцца ад Полацка. Тады была пабудавана Благавешчанская царква ў Віцебску. Будынак мае падоўжную форму (11X21 м). У сярэдзіне ён падзяляецца шасцю апорнымі слупамі на тры доўгія нефы, а з усходу канчаецца масіўнай апсідай. Дзве бакавыя апсіды звонку нічым не вылучаюцца і схаваны ў вуглавых частках усходняй сцяны. Сцены будынка складзены з абчасаных блокаў мясцовага жаўтаватага вапняку. Паміж іх гарызантальных радоў — па два-тры рады плінфы. Такі тып муроўкі, акрамя Беларусі, быў невядомы ва Усходняй Еўропе. Спалучэнне абчасаных блокаў з пракладкамі плінфы ўласціва для будаўніцтва Візантыі і Балкан. Таму можна пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія лічаць, што гэтую царкву будаваў візантыйскі дойлід. У час даследаванняў на Верхнім замку Віцебска археолагі знайшлі кавалкі плінфы і паліваныя пліткі падлогі (дзве стрэлападобныя і адну трохвугольную). Калі ўлічыць, што падлога ў Благавешчанскай царкве выкладзена з дробных кавалкаў абчасаных камянёў, то несумненна, што ў Віцебску існавала яшчэ адна мураваная бажніца.