Старонкі мураванай кнігі
Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму
Алег Трусаў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 191с.
Мінск 1990
Слова «кастэль» мае старадаўнюю лацінскую аснову (castellum — замак) і спачатку азначала ўмацаваны валам і ровам лагер рымскага легіёна. У XIII—XIV стст. кастэлем у Заходняй Еўропе называлі невялікі мураваны замак, які звычайна меў адну ці дзве вежы і будаваўся ў нізіннай мясцовасці на штучным насыпе.
Мясцовыя дойліды, узяўшы за ўзор рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончага збудавання да сваіх умоў. Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе маглі ў час небяспекі знайсці прытулак не толькі войскі, але і мірнае насельніцтва.
Адным з першых на Беларусі замкаў новага тыпу з’яўляецца Лідскі, пабудаваны ў 30-х гадах XIV ст. Велічныя муры ўзведзены на штучным насыпе са жвіру, пяску і камянёў у балоцістай сутоцы дзвюх рэчак — Лідзеі і Каменкі. Спачатку замак меў адну вежу ў паўднёва-ўсходнім куце і чатыры высокія 15-метровыя сцяны з баявой галерэяй. У замку было два ўваходы. Адзін з іх, паўцыркульнай формы, знаходзіцца ў паўднёвай сцяне на вышыні 4 м ад першапачатковага ўзроўню двара, недалёка ад замкавай вежы. Другі, у форме паўкруглай аркі вышынёй 2,5 м, праразае заходнюю замкавую сцяну і знаходзіцца на ўзроўні зямлі. Захаваліся рэшткі былой брамы, Гэта два вялікія камяні ў аснове арачнага праёма з круглымі адтулінамі для металічных слупкоў, на якіх трымаліся вароты. 3 боку двара да малога ўвахода пазней прыбудавалі падковападобнае абарончае збудаванне, ад якога захаваліся моцна пашкоджаныя падмуркі. Калі вораг і здолеў бы выламаць вароты, то трапіў бы ў каменны мяшок, дзе не было паратунку.
3 поўначы, на адлегласці 7—10 м ад замкавых муроў, праходзіў глыбокі роў шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве ракі і абараняў замак з боку горада.
Замкавыя муры ў асноўным пабудаваны з палявога каменю. Звонку яны складзены з вялікіх, часам крыху абчасаных валуноў. Камяні падабраны адзін да аднаго па памерах і пакладзены роўнымі гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і замазаны рошчынай. Унутраная частка замкавых сцен складзена з дробных камянёў.
Цэгла выкарыстана толькі для важных канструкцыйных элементаў і архітэктурных дэталяў. 3 яе зроблены вуглы замкавых вежаў і сцен, дэкаратыўныя паясы на фасадах, аркі, скляпенні, байніцы. Дэкаратыўны пояс, які праходзіў па перыметры ўсіх замкавых сцен, выкананы ў тэхніцы «балтыйскай» муроўкі, ужо знаёмай нам па Камянецкай вежы. Змацавана цэгла вапнавай рошчынай з дамешкамі жвіру і дробных каменьчыкаў. Старажытныя дойліды ўжывалі цэглу двух тыпаў. 3 цэглы таўшчынёй да 10 см складзены арка малога ўвахода, байніцы, дэкаратыўныя паясы замкавых муроў. Баявая галерэя пабудавана з цэглы іншага тыпу, значна танейшай (6,5—7 см). Большасць цаглін мае роўную паверхню, але сустракаюцца і са слабымі адбіткамі пальцаў.
У канцы XIV— пачатку XV ст. крыжакі ўжо мелі гарматы. Таму беларускія і літоўскія замкі сталі прыстасоўваць да адбіцця новай агнястрэльнай зброі. 3 гэтай мэтай князь Вітаўт перабудоўвае Лідскі замак, які стаў адным з наймацнейшых у Вялікім княстве Літоўскім. Былі пабудаваны яшчэ адна замкавая вежа і новы вялікі ўваход недалёка ад яе, які праразаў усходнюю сцяну на вышыні 2,5 м ад узроўню зямлі.
Рэшткі гэтай вежы былі раскапаны ў 1977 г. Захаваўся амаль увесь першы паверх. Вежа мела ўваход у выглядзе аркі з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны, якая вяла на верхнія паверхі. У паўночнай і ўсходняй сценах па дзве спічастыя нішы, а ў паўднёвай захаваліся глыбокія скразныя нішы, праз якія ацяпляліся верхнія паверхі. У адной з іх знойдзена шмат вугалю, попелу, абгарэлай гаршковай кафлі. Ва ўсіх чатырох кутах вежы засталіся рэшткі крыжовага нервюрнага скляпення.
Рэбры нервюр вежы, выкананыя з цэглы стрэлападоб-
най формы, ствараюць малюнак гатычнага скляпення. Першы паверх раскапанай вежы быў перакрыты адным з самых простых скляпенняў у форме крыжа. Крыжовыя скляпенні характэрны для ранняй беларускай готыкі.
Абедзве вежы Лідскага замка былі пакрыты дахоўкай, шматлікія рэшткі якой знойдзены падчас раскопак. Дахоўка мае паўцыркульную карытападобную форму з мацавальным шыпам пасярэдзіне, недалёка ад яе шы-
Лідскі замак у .XV ст. Рэканструкцыя аўтара. Малюнак У. Кіслага
рокага краю. Некаторыя экземпляры яе маюць яшчэ і дадатковы маленькі шып у цэнтры ўнутранай паўакружнасці шырокага краю дахоўкі. Маленькімі шыпамі яна чаплялася за падоўжныя жэрдкі, прыбітыя да крокваў даху, а вялікія шыпы ўтрымлівалі адну дахоўку на другой. Прамежкі паміж радамі даховак замазваліся вапнавай рошчынай. Гэта самая старадаўняя дахоўка на Беларусі датуецца канцом XIV— першай паловай XV ст.
У час археалагічных раскопак замкавага двара выяўлены рэшткі драўляных пабудоў, ад якіх захаваліся часткі падмуркаў, печаў і абгарэлых канструкцый. Пабудова каля заходняй замкавай сцяны вылучаецца сва-
імі памерамі і мае каменныя падмуркі, пакладзеныя на гліне. Ва ўсходняй частцы двара знойдзены два калодзежы,
Лідскі замак у XV ст. уяўляў моцную абарончую пабудову з аднапавярховымі драўлянымі будынкамі па перыметры замкавых муроў для гарнізона і складоў, сярод якіх вызначаўся дом каменданта. Такі тып замкаў быў распаўсюджаны тады ў Прусіі і на іншых прыбалтыйскіх землях. Зараз замак адбудоўваецца. Скончана кансервацыя муроў, якія захаваліся, і вядзецца аднаўленне замкавых сцен і вежаў.
Калі ў Лідскім замку вежы не выходзілі за межы сцен, то галоўная вежа Крэўскага замка (Княская), збудаванага ў канцы XIII—пачатку XIV ст., значна выходзіць за перыметр замкавых муроў. Вежа памерам 18,6Х 17 м мела не менш як тры паверхі, сутарэнне-турму і была прыстасавана пад жыллё. Пакоі князя знаходзіліся на другім паверсе, дзе вокны значна большыя і шырэйшыя і, верагодна, былі аздоблены фрэскамі. Сутарэнні, відаць, мелі гатычныя скляпенні, такія ж, як вежы Лідскага замка. Летам 1988 г. падчас археалагічных раскопак унутры Княскай вежы былі знойдзены рэшткі цаглянага слупа, на які абапіраліся рэбры скляпення, шмат кавалкаў профільных нервюрных цаглін і вялікая колькасць фрэсак. На адным фрагменце добра праглядаецца чалавечае аблічча. Сцены Крэўскага замка маюць розную даўжыню, а іх таўшчыня ў аснове каля 3 м. Тэхніка муроўкі падобна да лідскіх муроў. Крыху пазней Княскай у паўночна-ўсходнім куце замкавага двара ўзвялі яшчэ адну вежу (11ХЮ,65 м), якая мела не менш як 4 паверхі. Абедзве вежы і баявая галерэя былі пакрыты чырвонай паўцыркульнай дахоўкай, вельмі падобнай да лідскай.
У сярэдзіне XIX ст. вакол замка яшчэ можна было заўважыць рэшткі рова. Даследчыкі адзначалі, што яго шырыня каля 50 сажняў і, мяркуючы па рэльефе мясцовасці, ён ніколі не быў глыбокі, бо запаўняўся вадою з сажалкі.
Крэўскі замак — сведка шматлікіх гістарычных падзей. Тут у сутарэннях Княскай вежы быў забіты вялікі князь літоўскі Кейстут, знаходзіўся ў палоне Вітаўт, у жніўні 1385 г. у замку была падпісана унія (саюз) паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Поль-
скім. Зараз у замку вядуцца актыўныя археалагічныя даследаванні, распрацоўваецца праект яго кансервацыі.
Акрамя будаўніцтва новых нізінных замкаў у XIV— XV стст. перабудоўваюцца і старыя драўляныя нагорныя дзядзінцы ў Навагародку, Віцебску і Гародні. Аснову гэтых замкаў складалі высокія вежы, злучаныя каменнымі мурамі. На тэрыторыі замкаў узводзяцца каменныя культавыя і жылыя пабудовы.
У якасці прыкладу можна прывесці Навагародскі замак. Як адзначае адзін з даследчыкаў беларускай архітэктуры М. А. Ткачоў, «гісторыя яго ўмацаванняў прайшла шлях ад простай агароджы-вастракола да наймагутнейшага шматвежавага замка». У XI—XII стст. Навагародскі дзядзінец меў драўляныя сцены, якія шмат разоў гарэлі, а затым узнаўляліся.
Княская вежа Крэўскага замка. Здымак пачатку XX ст.
Старажытная мураваная вежа накшталт Камянецкай з’явілася ў Навагародскім замку сярод драўляных зрубаў-гародняў у другой палове XIII ст. Яна мела чатырохвугольную ў плане форму, якая набліжалася да квадрата, і высокі падмурак, зроблены з вялікіх — да 1 м і больш — камянёў.
Шмат разоў падыходзілі да сцен замка крыжакі. Пасля аднаго з нападаў у канцы XIV ст. вежу давялося
Рэйіткі ўмацаван:::іў Навагрудскага замка. Фота В. Дубінкі
адбудаваць амаль поўнасцю, але ўжо не з каменю, а з цэглы.
Новая вежа Шчытоўка, квадратная ў плане, пабудавана ў традыцыйнай тэхніцы «лусковай» муроўкі, калі шчокі сцен рабілі з цэглы, а ўнутраную частку муру — з камянёў і цагелыіага друзу на вапне. Вежа мелаі пяць паверхаў з перакрыццямі на бэльках. У ніжняй частцы
знаходзілася брама. Муры праразалі арачныя байніцы, йаверхі злучала лесвіца, «схаваная» ў тоўшчы паўднёвай сцяны. Рэшткі гэтай вежы захаваліся да нашых дзён.
Неўзабаве пасля будаўніцтва Шчытоўкі ўзводзяцца іншыя мураваныя вежы і муры замка. М. А. Ткачоў вызначае некалькі этапаў будаўніцтва Навагародскага замка.
Спачатку з усходу ўзвялі яшчэ тры вежы і злучылі іх мураванымі сценамі. Вежы былі падобныя да Шчытоўкі, але ніжэйшыя і мелі тры паверхі. Да нашых часоў захаваліся рэшткі Касцельнай вежы і Малой брамы. 3 прычыны таго, што вады ў замку не было і толькі на ўсходнім схіле замкавай гары білі моцныя крыніцы, над адной з іх і паставілі дзесьці ў XIV ст. мураваную Калодзежную вежу.
3 поўначы на самым стромкім схіле замкавай гары драўляныя гародні захоўваліся да канца XV ст. Гэта тлумачыцца выгадным размяшчэннем гэтай часткі замкавых умацаванняў.
Наступны этап перабудовы замка адносіцца да канца XV— пачатку XVI ст. У гэты час у беларусаў з’явіўся новы вораг ■— крымскія татары. У 1505 г. замак вытрымаў аблогу вялікай татарскай арды султана Біці-Гірэя. У паўночна-заходняй частцы замка збудавалі магутную вежу, якую назвалі Дазорцай. Захаваліся старажытныя гравюры XIX ст., якія даюць уяўленне пра яе вонкавы выгляд.
Квадратная аснова вежы паступова пераходзіць у васьмярык. Гэтыя абрысы ўласцівы для замкавых вежаў, пастаўленых у часы росквіту беларускай готыкі. Такія самыя вежы ў Мірскім замку, пра які мы раскажам пазней.
Паступова ўсе драўляныя гародні ў Навагародскім замку змянілі мураваныя сцены. Таксама ў пачатку XVI ст. ля паўднёва-ўсходняга схілу гары пабудавалі яшчэ дзве вежы, злучаныя мураванымі сценамі. Разам з Калодзежнай яны стварылі своеасаблівае дадатковае ўмацаванне, значна павялічыўшы фартыфікацыйныя якасці замка.