• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старонкі мураванай кнігі Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму Алег Трусаў

    Старонкі мураванай кнігі

    Манум. архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму
    Алег Трусаў

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 191с.
    Мінск 1990
    63.13 МБ
    У XVI ст. на Беларусі, як і ў Літве, з’яўляецца «партрэтная» кафля з выявамі мужчыны і радзей жанчыны
    ў рэнесансным уборы. Некаторыя экземпляры маюць подпіс-абрэвіятуру, якія пакуль што не ўдалося расшыфраваць. Трэба адзначыць, што арэал распаўсюджання такой кафлі вельмі шырокі. Яна знойдзена ў Клайпедзе, Вільнюсе. Полацку, Дзяржынску, Маладзечне, Мінску, Заслаўі, Лагойску і Мазыры.
    Да нас дайшоў партрэт-гравюра Васіля Цяпінскага, вядомага дзеяча беларускай Рэфармацыі, выкананы ў
    Сюжэтная паліхромная кафля канца XVI ст. са Старога замка ў Гродне. Фота В. Абчынца
    стылі, аналагічным да названай вышэй «партрэтнай» кафлі. Відаць, мы маем справу з рознымі варыянтамі пашыранага ў той час абагульненага вобраза гуманістаасветніка ў адпаведным строі, які шырока выкарыстоўваўся мясцовымі кафлярамі.
    3 часоў Адраджэння да сённяшняга часу ў беларускім мастацтве існуе выява вазона, альбо букета кветак у гаршку. Узнікнуўшы спачатку на старонках скарынаўскіх выданняў, гэты сюжэт хутка перайшоў у кафлярства, прычым адначасова стаў ужывацца ў розных ганчарных цэнтрах. Дарэчы, у кожнага майстра гэты сюжэт меў нейкія свае адметныя рысачкі.
    Крыху пазней, у канцы XVI ст., з’явіўся новы, вельмі характэрны для беларускай кафлі малюнак. He было такога населенага пункта ў нашым краі, дзе б не ўжывалі кафлю з геаметрычным альбо раслінным арнамен-
    там, кампазіцыя якога пабудавана па законах «чатырохчленнай сіметрыі», калі дастаткова мець толькі чацвёртую частку малюнка, каб дакладна аднавіць яго цалкам. Акрамя кафлі мы бачым гэты дэкор на каваных. дзвярах Супрасльскай царквы XVI ст. і на мудрагелістых кратах алтара XVIII ст. у Будслаўскім касцёле; на драўляных разных дзвярах касцёла ў вёсцы Крамяніца Гродзенскай вобласці, узведзенага ў 1617 г., альбо на
    Фрагмент сюжэтнай паліхромнай кафлі XVII ст. з Магілёва. Раскопкі I. Сінчука. Фота В. Карбоўскага
    партрэце пачатку XVII ст. з Радзівілаўскіх збораў; у народнай вышыўцы, вязанні і пляценні з саломкі; у формах аконных пераплётаў драўляных палескіх бажніц XVIII ст. і ў адмысловай аздобе прасніц з этнаграфічных збораў.
    Шырока ўжывалася таксама геральдычная кафля і кафля з выявамі звяроў, міфалагічных істот і птушак. Асабліва была пашырана гзымсавая кафля з выявай анёла — матыву, вельмі характэрнага для культавага еўрапейскага мастацтва канца XVI—XVII ст. Па-ранейшаму ва ўжытку і выява вазона. Ад Магілёва, Чачэрска і Віцебска на ўсходзе да Мінска і Міра ў цэнтры і да
    Крэва і Ліды на захадзе—такі арэал бытавання гэтага малюнка. З’яўляюцца выявы буйных стылізаваных валошак, якія потым упрыгожаць знакамітыя слуцкія паясы.
    Існавала кафля і з сюжэтнымі матывамі: фантастычнымі выявамі анёлаў, якія вядуць белых арлоў (дарэчы, аналагаў гэтай мірскай кафлі пакуль што не знойдзена), і зычлівымі пысамі львоў (Крычаў, Магілёў), строгай выявай караля (альбо цара) са скіпетрам і дзяржавай у руках (Гродна, Мінск), крыху схематычным абліччам вершніка (Віцебск) і выразным малюнкам лебедзя (Мсціслаў).
    У Мірскім замку знойдзены спецыяльныя кафлі-медальёны, якія маглі выкарыстоўвацца не толькі для аздаблення печаў, але і для ўпрыгожання сцен у магнацкіх пакоях. Вось як падае інвентар 1621 г. адзін з пакояў удавы ваяводы Хрыстафора Зяновіча ў маёнтку Смаргонь: «У гэтым пакоі — 9 вокнаў з гербамі. У кожным акне па 4 створкі, з завесамі, кручкамі і пабелянымі прутамі... Уздоўж сцен — лавы. Уся столь размалявана рознымі фарбамі... Пасярод пакоя 2 пазалочаныя падсвечнікі... Гэтыя абодва падсвечнікі падвешаны на пабеляных ланцугах. Печка з рознакаляровай кафлі з гербамі яго міласці і комінам. Вакол усяго гэтага пакоя жалезнымі цвікамі прыбіта драўляная панель. Увесь пакой, а таксама і лавы абцягнуты чорным сукном...»
    Новы штуршок у выпрацоўцы кафлі і асабліва аздабленні яе вонкавай пласціны дало мураванае будаўніцтва ў стылі барока, якое пашыраецца ў гарадах Беларусі з наступленнем Контррэфармацыі. У гэты час яно дасягае сваёй вяршыні. Кафляныя печы сталі важным элементам інтэр’ера. Яны мелі складанапрафіляваную барочную форму, якая будавалася з розных тыпаў кафлі. Асабліва багатымі і разнастайнымі былі арнаментальныя матывы. Атрымлівае развіццё і раслінны арнамент: з’яўляецца выява расліны з лісцем, пладамі і кветкамі, па-ранейшаму пашыраны матыў валошак. 'Апошні сустракаецца не толькі на кафлі, але і ў разьбе па дрэве, на слуцкіх паясах.
    Для ранняга барока характэрна кафля з адбіткамі дат (Гальшаны, Магілёў, Мінск) і выявамі чалавечага твару (так званыя маскароны). Верхнія часткі печаў у асноўным аздабляюцца каронкамі з геаметрычным узо-
    рам. Многія тыпы расліннага і геаметрычнага арнаменту, уласцівыя для барочнай кафлі, шырока ўжываліся і ў іншых відах тагачаснага мастацтва — нават у свецкім партрэце ці на дэкаратыўных фонах праваслаўных альбо уніяцкіх абразоў. Да нас дайшлі малюнкі-праекты печаў XVII ст. з кафлі, аздобленай раслінным арнаментам. Два такія малюнкі выяўлены ў багатым Радзівілаўскім фондзе, частка якога знаходзіцца ў Дзяржаў-
    Кафляная печ. Малюнак XVII ст. Цэнтральны дзяржауны гістарычны архіў БССР. Мінск
    ным гістарычным архіве БССР. Трэба адзначыць, што шматлікія ўзоры, пабудаваныя па законах «чатырохчленнай сіметрыі», шырока ўжываліся да апошняга часу ў народнай вышыўцы і пры вырабе папяровых выцінанак.
    У другой палове XVII ст. у беларускім кафлярстве адбываюцца пэўныя змены. Паступова з вонкавай пласціны знікае рамка. Арнамент набывае іншае гучанне. Закончаны ўзор цяпер складаецца не з адной, як раней, а з некалькіх кафляў. Больш простай становіцца канструкцыя самой печы. У яе будове выкарыстоўваюцца галоўным чынам сценная, гзымсавая кафля і каронкі. Некалькі павялічваецца фармат вонкавай пласціны сценнай кафлі. Яна становіцца прамавугольнай. Для
    афармлення ніжніх вуглоў печы пачынаюць ужываць балясіны (Віцебск, Мінск). Часам будуюцца печы круглай, цыліндрычнай формы. Адна з такіх печаў да нядаўняга часу існавала ў Слоніме. Яна цалкам была ■складзена з кафлі, аздобленай малюнкам гронкі вінаГраду.
    Сярод арнаментальных матываў па-ранейшаму пераважае раслінны. Папулярныя варыянты — вінаградная гронка з парасткамі, галінкі хмелю і іншых раслін. У другой палове XVII ст. прыкметна скарачаецца выраб паліхромнай кафлі. Усё часцей ужываецца камбінаныя з бела-сіняй палівы.
    Адметная рыса познебарочнай кафлі — наяўнасць васьмівугольнай або авальнай рамкі на яе вонкавай пласціне. Часам у гэтай рамцы змяшчаецца выява ўзброеных воінаў ці святога Юр’я (Георгія) на кані, які кап’ём забівае цмока. Найбольш цікавая кафля з гэтым сюжэтам — мсціслаўская. Малюнак займае ўсю паверхню вонкавай пласціны і мае шэраг дробных дэталяў, уласцівых афармленню беларускай батлейкі. Такая трактоўка характэрна менавіта для магілёўскай школы культавага жывапісу.
    У час руска-польскай вайны 1654—1667 гг., калі на тэрыторыі Беларусі разгарнуліся галоўныя ваенныя дзеянні, попыт на кафлю часова знікае, і многія беларускія майстры-кафляры, асабліва з усходнебеларускіх гарадоў — Копысі, Шклова, Мсціслава, Оршы, Магілёва,— рознымі шляхамі перабраліся ў Расію. 3 гэтага часу традыцыі беларускага кафлярства аказваюць уплыў на станаўленне і развіццё рускай архітэктурнадэкаратыўнай керамікі. Лепшыя прынцыпы аздаблення паліхромных печаў творча перапрацоўваюцца і прыстасоўваюцца да афармлення фасадаў культавых і свецкіх будынкаў. Выхад паліхромнай пячной кафлі на фасад быў абумоўлены ўстойлівымі традыцыямі рускай каменнай архітэктурнай разьбы і тэхналагічнымі дасягненнямі беларускага ганчарства. 3 пісьмовых крыніц да нас дайшло шмат імёнаў майстроў-кафляроў, выхадцаў з Беларусі, што непасрэдна ўдзельнічалі ў аздабленні фасадаў церамнога Крамлёўскага палаца, Круціцкага церама, царквы Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскага сабора Нова-Ерусалімскага манастыра на Істры і іншых помнікаў рускай архітэк-
    туры другой паловы XVII ст. У XVIII ст. на Беларусі побач з рэльефнай ужывалася размаляваная кафля з роўнай паверхняй.
    3 канца XVIII ст. узнікае шмат невялікіх прыватных заводаў па вытворчасці кафлі. Іх прадукцыя была скіравана на задавальненне патрэб будаўніцтва, якое адпавядала модным у той час стылям — класіцызму і ампіру. Так званы галандскі бела-сіні дэкор (размалёўка кобальтам па белай эмалі), характэрны для першай
    К.афляная печ канца XIX— пачатку ХХст. Лошыцкая сядзіба ў Мінску. Фота В. Карбоўскага
    Кафляная печ пачатку XX ст. Гродна. Фота В. Абчынца
    паловы— сярэдзіны XVIII ст., саступае месца чыстым белым паверхням. I толькі тыя часткі печы, якія замыкаюць яе аб’ём, дэкарыраваліся высокім рэльефам, дзе па белай эмалі ці па эмалі светлых, пастэльных таноў наносіліся лёгкая пазалота і люстраное пакрыццё. Такая печ уражвала вытанчанай прастатой, чысцінёй, аб’ёмнай суразмернасцю і разам з тым была параднай.
    Асноўным элементам печы часоў класіцызму застаецца яе цэнтральная частка ў выглядзе картуша з намаляванай у ім жанравай сцэнай або пейзажам. Печы гэтага перыяду можна ўбачыць у пакоях Нясвіжскага замка.
    У другой палове XIX ст., калі ўваходзіць у моду капіраванне мінулых стыляў — готыкі, рэнесансу, барока і інш., кафля губляе адзінства з архітэктурным асяроддзем, набывае фармалістычныя рысы, неапраўданую стракатасць.
    Печы часоў мадэрна, новага стылю, які складваецца ў самым канцы XIX ст., маюць асіметрычнае рашэнне і абцякальную форму. На вонкавых пласцінах пануюць асіметрычныя малюнкі, павойныя кветкі, балотныя і рачныя расліны, багавінне. Значна ўплывае на характар дэкору захапленне Усходам, асабліва японскім мастацтвам. Узбагачаецца палітра пакрыццяў, ужываюцца новыя прыёмы нанясення дэкору, размалёўка па паліве.
    Кафля беларускіх заводаў XIX — пачатку XX ст. разыходзілася далёка за межы роднага краю. Арцелі печнікоў з Копысі, Віцебска, Мінска, Івянца можна было сустрэць і ў вялікіх гарадах і ў самых аддаленых кутках Расійскай дзяржавы. Складзеныя іх рукамі печы ацяплялі жылыя памяшканні ў Маскве, Рызе, Львове, Варшаве і іншых гарадах.
    Нягледзячы на шматлікія перабудовы і вялікія разбурэнні, да нас дайшлі ўжо як высокамастацкія помнікі пэўнай эпохі кафляныя печы Мінска, Віцебска, Магілёва, Гродна, Копысі, Івянца, Бабруйска, Барысава і іншых населеных пунктаў Беларусі. Адна з самых цікавых печаў гэтага перыяду знаходзіцца ў Лошыцкай сядзібе XVIII—XIX стст., якая зараз увайшла ў гарадскую мяжу Мінска.