Што раньш было...  Святаслаў Асіноўскі

Што раньш было...

Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
40.26 МБ

што
РАНЫП БЫЛО...
Мінск «Беларусь» 2008
УДК 94 (476) ББК 63.3(4 Бен)
А90
Асіноўскі, С.М.
А90 Што раньш было... /Святаслаў Асіноўскі. — Мінск : Беларусь, 2008. — 207 с. : іл.
ISBN 978-985-01-0741-1.
У гісторыка-краязнаўчых нарысах, што складаюць кнігу, прыводзяцца малавядомыя факты: роль беларускіх харугваў у разгроме крыжакоў пад Грунвальдам, няпростыя адносіны беларусаў з татарамі і ўкраінскімі казакамі. А таксама: што стаяла за трагедыяй Барбары Радзівіл — няшчаснае каханне ці халодны разлік тых, хто прагнуў улады; ці апраўдана называлі сучаснікі здраднікам апошняга вялікага князя Вялікага княства Літоўскага і караля Польшчы Станіслава Панятоўскага? На гэтыя і іншыя пытанні аўтар спрабуе даць адказ.
Разлічана на аматараў беларускай мінуўшчыны.
УДК 94 (476)
ББК 63.3(4 Бен)
ISBN 978-985-01-0741-1
© Асіноўскі CM, 2008
© Афармленне. УП «Выдавецтва
«Беларусь», 2008
Ад аўтара
Якую назву даць кнізе? Такое пытанне, натуральна, паўстае перад кожным аўтарам, калі праца над рукапісам новага твора завершана. Безумоўна, кожны імкнецца, каб назва кнігі не толькі адпавядала яе зместу, але і прыцягнула ўвагу патэнцыяльнага чытача, калі ён спыніцца перад паліцай у кнігарні.
He пазбег роздуму над назвай і аўтар гэтай кнігі. Больш таго, пошукі прымальнага варыянта крыху зацягнуліся. Але знайшоўся, на шчасце, добры чалавек (дарэчы, дасведчаны ў беларускай гісторыі), які, прачытаўшы рукапіс, пазваніў мне і нечакана прапанаваў даць кнізе назву — «ШТО РАНЬШ БЫЛО...».
Паабяцаўшы падумаць над прапановай, я дастаў з кніжнай паліцы томік Максіма Багдановіча і знайшоў старонку з эпілогам да яго вершаванага апавядання «Вераніка».
Я ў сад пайшоў... ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было...
I адразу зразумеў: мой дарадца мае рацыю. Аб чым апавядае аўтар у сваёй кнізе? Аб постацях, падзеях і таямніцах беларускай гісторыі, гэта значыць, аб тым, «што раньш было» на нашай зямлі — сто, трыста, пяцьсот, тысячу гадоў таму. Зразумела, што багдановічавы радкі — гэта лірычныя ўспаміны, але, з улікам тэматыкі кнігі і задачы, якую ставіў перад сабой, працуючы над рукапісам, аўтар, яны выклікаюць пэўныя асацыяцыі. Можа, «сад» — гэта наша гістарычная памяць, якая паціху «зарастае» травой забыцця? Пройдзе яшчэ колькі часу, і —
«няма таго, што ранып было»? Вось чаму людзям, асабліва моладзі, якая лічыць за лепшае глядзець наперад, a не азірацца назад, у мінулае, асабліва — у досыць аддаленае па часе, трэба іншы раз нагадваць аб тым, што адбывалася на абшарах паміж Дняпром і Нёманам, Заходняй Дзвіной і Прыпяццю задоўга да таго, як тут з’явіліся аўтамабіль, тэлебачанне, мабільная сувязь і мы з вамі.
Як і любы творца, аўтар марыць аб тым, каб яго кнігу прачытала як мага больш людзей. Прачытаўшы ж, каб прыйшлі яны да высновы, што мы, беларусы, можам ганарыцца сваёй гісторыяй; што яна стагоддзямі «рабілася» менавіта тут — у Полацку і Оршы, Брэсце і Гродне, Нясвіжы і Пінску; што беларуская гісторыя — гэта багатая палітра літаратурных жанраў: тут і гераічны эпас, і трагедыя, і меладрама, і дэтэктыў, і прыгодніцкая аповесць, і шмат чаго іншага Спадзяюся, што, прачытаўшы кнігу, чытачы асабіста ўпэўняцца ў тым, што так яно і ёсць на самай справе.
Няма таго, што раньш было?.. Вельмі не хочацца пагаджацца з паэтам у гэтым, асабліва ў кантэксце захавання слаўнай беларускай мінуўшчыны. Пакуль жыве наша гістарычная памяць, разам з намі застаецца і тое, «што раньш было»...
ЦЕНІ ПАГАНСКІХ КАПІШЧАў
Калі глянуць на Мінск з вышыні птушынага палёту, можа ўзнікнуць дзіўная асацыяцыя. Паміж вуліцамі Першамайскай, Пуліхава і Кастрычніцкай рака Свіслач нечакана робіць вялікую дуту, нечым падобную на старадаўнюю зброю — лук. «Цецівой» у ім з’яўляецца згаданая ўжо вуліца Першамайская, а вось вуліца Чырвонаармейская вельмі нагадвае сгралу, скіраваную на паўднёвы захад.
Даследчыкі сцвярджаюць, што яшчэ не так даўно, крыху больш за сто гадоў таму, на гэтым месцы знаходзіўся глухі, да таго ж моцна забалочаны лес. Мясцовы люд называў яго Свіслоччам. На першы погляд, лес быў самы звычайны. На больш высокіх месцах раслі стромкія бярозы, дзе-нідзе сустракаліся каржакаватыя дубы. Там, дзе вільготней, буяла альшына, трапяталі лісцем асіны, стаялі змрочныя яліны. Адметнасцю ж Свіслочча з’яўлялася схаванае ў лясных нетрах, падступаўшых да самай ракі, паганскае капішча.
Цэнтрам капішча быў валун (праз гэта месца цяпер праходзіць вуліца Лодачная, а камень перавезены ў музей валуноў, што ў мінскім мікрараёне Уручча), які ляжаў на прасторнай, каля трохсот квадратных метраў, пляцоўцы, абнесенай амаль двухметровай вышыні тынам. Тут жа, пасярод пляцоўкі, узвышаўся дуб у чатыры абхваты. Яго лічылі святым і называлі волатам. Непадалёку ад дрэва, у паглыбленні, увесь час гарэў агонь. Камень, пра які ішла гаворка вышэй, зяўляўся галоўнай святыняй капішча. Людзі называлі яго Дзед, ці Стары. 3-пад каменя выбівалася крынічка, вада якой лічылася святой і лекавай.
На капішчы меўся і свой святар, якога называлі чараўніком, ці ведзьмаком. Дубу, агню і каменю мясцовыя
Валун Дзед (або Стары) на беразе Свіслачы
жыхары неслі свае ахвяраванні — мёд, малако, віно, палатно. Геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў у кнізе «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» адзначаў, што апошнімі святарамі мінскага капішча былі Севасцей Высокі, які памёр у канцы XIX стагоддзя амаль стогадовым старцам, і яго сын, якога, дарэчы, раскулачылі ў 1930-ыя гады.
Аўтар кнігі лічыць, што паганскае капішча над Свіслаччу праіснавала да пачатку XX стагоддзя. Знішчылі яго толькі недзе перад руска-японскай вайной.
Пра што сведчыць расказанае вядомым краязнаўцам? Ды пра тое, што на Беларусі, з яе тысячагадовай хрысціянскай гісторыяй, вельмі моцныя карані мела язычніцтва, або паганства. Беларусы пакланяліся Ісусу Хрысту і адначасова не забывалі старых, паганскіх звычак. I, відаць, адно не вельмі перашкаджала другому.
Прычына гэтага бачыцца ў тым, што хоць хрысціянства і ўзнікла ў I в. н.э., але карані паганства куды больш глыбокія. Яго гісторыя сягае ў такую сівую мінуўшчыну, што наўрад ці можна дакладна сказаць, калі нашы продкі сталі пакланяцца ідалам.
Мы ведаем, што старажытныя грэкі, егіпцяне, рымляне шанавалі Зеўса, Юпітэра, Венеру, Афрадзіту, Апалона, Геру, Гермеса, Гефеста, Ізіду, Азірыса і яшчэ многіх багоў, кожны з якіх адказваў за свой «дэпартамент». Продкі беларусаў у гэтым плане нічым не саступалі тым жа грэкам. У іх бьгў свой даволі шматлікі пантэон багоў. Лаўрэнцьеўскі летапіс пералічвае іх у наступным парадку: Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Сымаргл, Мокаш. Густынскі летапіс дадаваў да іх яшчэ Ладу, Купалу, Каляду, Пераплута.
Вось як падае паганскую сістэму багоў пісьменнік Кастусь Тарасаў: «...Найвышэйшыя: Дзіў, Род, Сварог, Стрыбог, Святавіт. Гэты шэраг імёнаў азначае развіццё вобраза Бога ад агульнага ўсім індаеўрапейскім народам вытоку да розніцы славянскіх племянньхх уяўленняў пра яго. Далей ідуць народжаныя старэйшым бажаством Дажбог, Каляда, Ярыла, Сура, Вялес — гэта ўсё сонца пад рознымі назвамі; Пярун — бог грому і маланкі; Купала — бог дастатку і ўраджаю; Вярба — багіня вясны, абуджэння ігрыроды; Тур — бажаство дзікіх звяроў (па назве самага дужага з іх); Лада — багіня кахання; Цёця (у беларусаў) — багіня асенняга ўраджаю; Парадзіха — жаночы пачатак жыцця; Жыжаль — бог агню; Пераплут — бог весялосці; магчыма, што існаваў бог вайны і магіі зброі Кава (адсюль — каваць, каваль). Яшчэ адным богам вайны, богам бязлітаснага знішчэння ворагаў, мог быць Кара (адсюль — карнікі). У глыбокай старажытнасці існавалі атрады найболын лютых ваяроў, якія называліся «кара». Сваім татэмам яны лічылі ваўка.
Бліжэй да рэальнага жыцця чалавека дзейнічалі яшчэ духі дабра і зла: Жыцень — жытні дух; Аўсень — дух авечак (лічаць, што так называлі і каляднага казла), a таксама дамавікі, лесавікі, вадзянікі, русалкі, ваўкалакі... Далей ішлі бажаствы смерці і замагільнага існавання: Баба Яга — багіня смерці; Зніч — у беларусаў бог пахавальнага агню; Вялемос (Вялес) — магчыма, выконваў функцыю бога замагільнага свету. Верагодна, што замагільнае бажаство звалася раней Пекла...»
Як у старажытных грэкаў — Зеўс, у рымлян — Юпіцер, у скандынаваў — Одзін, у нашых продкаў верхаводзіў усімі багамі Пярун, або Грамабой. Уяўлялі яго у выглядзе ваяра, узброенага сякерай, мячом, булавой, паліцай або лукам са стралой. Ударам маланкі Пярун мог пакараць любога, хто яго раззлаваў. Нездарма імя грознага бога часта сустракаецца ў беларускіх праклёнах, прыслоўях, пры-
Бронзавая фігурка Перуна,	маўках; «Каб цябе Пярун
знойдзеная каля Вільні	ч. с п „
трэснуу!», «Каб яе Ііярун, гэтую хваробу!», «Злая, як Пярун», «Пярун б’е па высокім дрэве» і г. д. Дарэчы, ёсць летапісныя сведчанні, што ў даўнія часы Перуну прыносілі чалавечыя ахвяры.
Шанавалі беларусы і Дажбога, якога лічылі богам сонца і цяпла. Менавіта ад яго залежаў багаты ўраджай. 1<алі Пярун, караючы, пасылаў на зямлю вогненныя маланкі, то Дажбог, мілуючы, адорваў людзей дажджом. Менавіта да яго з просьбамі аб літасці звярталіся нашы продкі ў засуху.
Волас лічыўся богам статка, сялянскім бажаством. Спрадвеку свойская жывёла з’яўлялася для беларусаў сімвалам дастатку і заможнасці. Той, хто шанаваў Вялеса, мог разлічваць на яго дапамогу ў жывёлагадоўлі. Верагодней за ўсё, што менавіта ад яго існуе ў беларусаў культ свойскай жывёлы — каня, каровы, казла, барана, а таксама дзікай жывёлы — мядзведзя, ваўка і г.д.
Асаблівае месца ў пантэоне беларускіх багоў належала Знічу — богу пахавальнага агню. Як вядома, у паганскім мінулым нашы продкі не хавалі нябожчыкаў у зямлю, a спальвалі іх на пахавальных вогнішчах. Спальванне памёршага не толькі насіла ачышчальны характар, але і было свайго роду ахвярай небу. Відаць, адсюль і спальванне вядзьмарак, ерэтыкоў.
Але не толькі неба насялілі нашы продкі ў свой час міфічнымі, казачнымі істотамі. Куды больш іх аказалася на зямлі: у хаце беларуса, у яго гаспадарчых пабудовах, у полі, лесе, балоце, рэчцы, на возеры. Там жылі добрыя і злыя духі, якіх шанавалі і пабойваліся. У балоце хаваліся Аржавень, Багнік, Балотнік. У лесе знайшлі прытулак Лясун, Лазавік, Дабрахочы, Пушчавік. У полі гаспадарылі Палявік і Талака. Хапала «насельнікаў» і на сялянскай сядзібе: Паўночнік, Дамавік — у хаце, Лазнік — у лазні, Гуменнік — пад асеццю, Еўнік — у сушні, Пуннік — у пуні, Рай — у стадоле, Хляўнік — у хляве, Хут — на гарышчы. У кнізе «Міфы Бацькаўшчыны», якую склаў Уладзімір Васілевіч, прыводзяцца звесткі аб сямідзесяці пяці(!) добрых і злых духах, што жылі побач з беларусамі.