Што раньш было...
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
Возера не раз абшуквалі, як кажуць, уздоўж і ўпоперак. Чарговы ўсплеск «залатой ліхаманкі» вакол вадаёма зафіксаваны ў 1960-ыя гады, калі спецыялісты з Усесаюзнага НДІ гідрагеалогіі і інжынернай геалогіі ўстанавілі, што вада Семлеўскага возера мае павышанае ўтрыманне медзі, цынку і, што галоўнае, серабра (але не золата). Аднак пошукі скарбу поспеху не мелі. Да таго ж скептыкі справядліва заўважылі, што, мінаючы Вязьму, Напалеон яшчэ быў упэўнены: з Расіі яму ўдасца выбрацца «па-добраму», таму тапіць скарб у Семлеўскім возеры імператару не мела сэнсу.
Але легенда пра скарб у Семлеўскім возеры жыве. Больш таго, пошукі на яго дне раз-пораз працягваюцца. Падчас адной з зімовых экспедыцый было зроблена чарговае «адкрыццё»: каля берага, пад тоўстым слоем торфу шукальнікі знайшлі старадаўні насціл з бярвенняў, які без доступу паветра досыць няблага захаваўся. Адразу ж узнікла версія: насціл зроблены ў 1812 годзе французамі, для таго, каб па гразкім беразе падвезці цяжкія падводы, нагружаныя каштоўнасцямі, да вады...
Наступны пункт нашага падарожжа ўслед за Напалеонам — Орша, якая стаіць на Дняпры, куды французы ўступілі 20 лістапада, страціўшы перад гэтым каля 25 000 чалавек у баях каля Краснага. Менавіта тут, у Оршы, Банапарту стала ясна, што да Парыжа ён можа і не дабрацца, тым больш — даставіць туды нарабаванае.
Усяго два дні «гасціў» Напалеон у Оршы. Тут яму прынеслі вестку, што да горада набліжаюцца казакі атамана Мацвея Платава. Гэта вымусіла імператара даць загад на адступленне. Ёсць сведчанні і пра другі дакумент, у якім Напалеон загадаў утапіць у Дняпры «маскоўскія трафеі», у тым ліку знакамітае сярэбранае панікадзіла вагой у 112 пудоў, вывезенае французамі з Успенскага сабора Крамля. У паніцы французы спалілі і 60 пантонаў, пра адсутнасць якіх потым вельмі шкадавалі падчас перапра-
вы цераз Бярэзіну. Па некаторых сведчаннях, дняпроўскія хвалі схавалі на дне ракі шыкоўныя падсвечнікі, дарагі царкоўны посуд, сярэбраныя і залатыя аправы абразоў, старадаўніх кніг, упрыгожаных каштоўнымі каменнямі, вырабы з каляровага шкла, гарматы і іншую зброю. Пра Оршу, як месца патаплення каштоўнасцей, пісаў і ад’ютант М.І. Кутузава Аляксандр Міхайлоўскі-Данілеўскі: «Мноства скарбу, які абцяжарваў армію, загадана знішчыць... або ўтапіць у Дняпры так званыя трафеі, вывезеныя з Масквы».
У Оршы адбылася яшчэ адна знакавая падзея, з HaroAbi якой да гэтай пары болып за ўсіх бядуюць гісторыкі. «Пры адступленні напалеонаўскай арміі, якое ўжо каля Смаленска прыняло катастрафічны характар, — піша А. Манфрэд, — у Оршы 20~21 лістапада 1812 года па распараджэнню Дару (граф, статс-сакратар Напалеона. — С.А.) з-за адсутнасці коней і падвод увесь архіў напалеонаўскай арміі, які да той пары дбайна зберагаўся, быў спалены».
He выключана, што сярод дакументаў архіва, спаленага па загаду Напалеона гофмаршалам Дзюрокам, быў і дакладны рэестр нарабаваных французамі каштоўнасцей...
У Талачыне, куды Напалеон з’явіўся 22 лістапада, імператар даведаўся, што армія на чале з адміралам Паўлам Чычаговым, апярэдзіўшы французаў, выйшла да Бярэзіны ў ваколіцах Барысава і захапіла мост цераз раку. Даведаўся імператар і пра тое, што лёд на рацэ яшчэ зусім слабы і выключае магчымасць пераправы па ім. Есць сведчанні, што на нарадзе з маркізам Каленкурам, якая адбылася ў Талачыне, Банапарт аддаў загад спаліць рэшткі архіва, эмблемы карпусоў і яшчэ адну частку падвод з нарабаваным дабром. У канцы нарады імператар быццам бы сказаў: «Я лепш буду да канца кампаніі есці рукамі, чым пакіну рускім хоць адзін відэлец з маёй манаграмай!»
Некаторыя лічаць, што загад Напалеона быў выкананы ў ваколіцах мястэчка Бобр, а месцам затаплення каштоўнасцей з’яўляецца невялічкае возера, якое мясцовыя жыхары сёння называюць Стаячым...
Так, вакол непрыметнага вадаёма сапраўды ходзяць легенды падобнага кшталту. Ён не раз станавіўся аб’ектам для шукальнікаў скарбаў. Якраз яны і высветлілі, што ў возеры — двайное дно: ад паверхні вады ідзе двухметровы слой густых водарасцей, пасля — слой мутнай вады аж у дзевяць метраў і, нарэшце, дно з пяску і глею.
Расказваюць, што на возеры падчас пошуку скарбу трагічна загінуў дваццацігадовы студэнт з Масквы, які з дапамогай акваланга пераадолеў слой водарасцей, але калі праз 20 хвілін стаў узнімацца на паверхню, у гэтых жа водарасцях і заблытаўся.
Кажуць, што падчас вайны на напалеонаўскі скарб паквапіліся фашысты, якія спрабавалі з дапамогай магутных помпаў адпампаваць з возера ваду. Але вады ў возеры не паменела...
Ходзяць чуткі і пра тое, што працэнт серабра і медзі ў вадзе возера Стаячае аж у сто разоў перавышае норму.
Але найбольш верагодным месцам затаплення нарабаваных французамі скарбаў лічыцца рака Бярэзіна паблізу ад вёскі Студзёнка (ваколіцы Барысава). Менавіта тут армія Напалеона была абкружана рускімі войскамі,
Пераправа цераз Бярэзіну. Лістапад 1812 г. Аўталітаграфія сярэдзіны XIX ст.
але французы ў неймаверна цяжкім, амаль бязвыхадным становішчы ўсё ж змаглі ажыццявіць пераправу, страціўшы пры гэтым 70 000 чалавек.
Французы здолелі навесці цераз раку ўсяго дзве пераправы (памятаеце 60 пантонаў, неразважліва спаленых імі ў Оршы?), але іх, натуральна, было мала. Напалеону зноў прыйшлося аддаваць загад: паліць афіцэрскія і генеральскія экіпажы, падводы з трафеямі. На правы бераг, да вёскі Брылі, пераправілі толькі асабісты абоз Банапарта, у якім было 715 запражных і верхавых коней.
А куды ж падзеліся «золата і серабро»? У спісе адбітых у французаў трафеяў згадваліся каштоўнасці з чыстага серабра вагой усяго ў 12 пудоў 37 фунтаў.
Па чутках, многае з нарабаванага французы ў паніцы закапалі ў лясах вакол Студзёнкі, тое-сёе ўтапілі ў Бярэзіне. Але пошукі скарбаў, якія, дарэчы, пачаліся ўжо ў 1813 годзе і цягнуцца з пераменлівай настойлівасцю да гэтай пары, пакуль не далі аніякіх вынікаў.
На нашу думку, у той крывавай калатнечы, якая віравала на Бярэзіне з 25 па 29 лістапада 1812 года, наўрад ці можна было ўсур’ёз займацца хаваннем скарбаў. На невялікім плацдарме паблізу Студзёнкі былі сканцэнтраваны многія дзесяткі тысяч французаў, навакольныя лясы літаральна кішэлі імі. У такой экстрэмальнай сітуацыі наўрад ці можна было нешта надзейна схаваць ці ўтапіць. Проста кінуць пад першы куст або боўтнуць у першую затоку — так. Але ж пасля ніхто і нічога тут так і не знайшоў.
Як вядома, пасля пераправы цераз Бярэзіну рэшткі напалеонаўскай арміі адступалі ў напрамку Зембіна і Плешчаніц і 3 снежня прыбылі ў Маладзечна. 3 гэтымі мясцінамі звязана яшчэ адно паданне пра скарб Банапарта. У ваколіцах Плешчаніц ёсць вёска Селішча. Рухаючыся з Барысава ў Маладзечна, якраз у Селішчы Напалеон, быццам бы, спыняўся на начлег. Па чутках, імператар на той момант быў літаральна ў шоку: стаялі лютыя маразы, шлях адступлення быў усланы трупамі замерзлых французаў — гэта было ўжо панічнае бегства некалі агромністага і баяздольнага войска. Мяркуюць, што ў
Мемарыяльны знак, устаноўлены ў памяць французскіх воінаў, якія загінулі 26—29 лістапада 1812 г. падчас пераправы цераз Бярэзіну
Селішчы Напалеон аддаў загад закапаць цяжкія бочкі з нарабаваным золатам (магчыма, гэта быў каштоўны груз з асабістага абозу імператара, пра які мы згадвалі вышэй), таму што везці іх далей не было на чым. На месцы закапанага скарбу французы, быццам бы, пакінулі прыметны арыенцір — вялізны камень. Гадоў праз трыццаць пасля таго мясцовыя сяляне звалаклі гэты валун і ўладкавалі яго ў фундамент панскай сядзібы.
Расказваюць, што праз многа гадоў у ваколіцы Селішча наведваліся нашчадкі тых салдат, якія хавалі скарб, але месца тое так і не знайшлі.
У свой час масла ў агонь падлілі студэнты Белдзяржуніверсітэта, якія паблізу Зембіна падчас уборкі бульбы адшукалі рэшткі французскага салдата, у кашальку якога ляжалі шэсць залатых рускіх манет, адчаканеных на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. Той-сёй з даследчыкаў палічыў гэты выпадак пацвярджэннем існуючай версіі пра тое, што Напалеон, пакідаючы Маскву, раздаў золата салдатам.. Пасля вяртання ў Францыю яны, быццам бы, павінны былі вярнуць яго ў дзяржаўную казну.
I нарэшце, яшчэ адна кропка на карце Беларусі, з якой звязана легенда пра «золата Напалеона».
Як вядома, 5 снежня Банапарт дабраўся да Смаргоні. Тут ён перадаў камандаванне рэшткамі «вялікай арміі» маршалу Мюрату, а сам 6 снежня пакінуў сваё войска, узяўшы курс на Вільню, Коўна, а потым — на Варшаву.
I тут, на наш погляд, ёсць неабходнасць узгадаць адзін факт: як лічаць некаторыя даследчыкі, суправаджалі абоз з «золатам Напалеона» падначаленыя князя Юзафа Панятоўскага — афіцэры і салдаты так званага Надвіслянскага (ці Вісленскага) легіёна — ураджэнцы Рэчы Паспалітай. I калі Напалеон з Смаргоні скіраваў на Вільню, то ваяры Панятоўскага (калі верыць схеме з 3-га тома «Беларускай энцыклапедыі») узялі курс у бок Сувалак, скіраваўшы на радзіму, у Польшчу. He выключана, што іх маршрут пралёг і праз мястэчка Парэчча (сёння — вёска ў Гродзенскім. раёне). Якраз у яго ваколіцах, паблізу літоўскай мяжы, і знаходзіцца невялікае лясное возера пад назвай Чортава.
Больш за дваццаць гадоў таму аўтару гэтага нарыса часта даводзілася бываць на яго берагах падчас ваеннай службы ў недалёкай ад Парэчча Гожы. Ад мясцовых жыхароў не раз даводзілася чуць, што маляўнічае возера — фактычна мёртвае: у яго водах не водзіцца рыба, на берагах не гняздуюць птушкі. Чаму? Па тым часе нейкай канкрэтнай версіі на гэты конт я не пачуў, акрамя той, што ў возеры, быццам бы, некалі затанула вёска.
Многа пазней даведаўся, што тутэйшы краязнавец Іван Гаўрыцкі выказаў версію, згодна з якой менавіта на дне Чортава возера і знаходзяцца тыя самыя «напалеонаўскія скарбы». Якраз золата і серабро, што многія дзесяцігоддзі ляжаць на дне возера, і загубілі ў ім усё жывое. Версія гэта, быццам. бы, ускосна пацвярджаецца ўспамінамі героя Айчыннай вайны 1812 года Дзяніса Давыдава.
Вось такі яшчэ адзін след «золата Напалеона»: магчыма, яго ўтапілі ў Чортавым возеры ваяры Юзафа Панятоўскага...
Многія гісторыкі, якія даследуюць часы паходу Напалеона ў Расію, упэўнены, што французскія трафеі на самай сіграве схаваны ў беларускай зямлі (ці, калі заўгодна, вадзе). Але ёсць і такія, што лічаць само існаванне абозу з маскоўскімі трафеямі Банапарта міфам. Дык дзе ж тграўда?