Што раньш было...
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
Колькі слоў аб іншых архітэктурных адметнасцях Смалянаў. Згаданы мной на пачатку аповяду каталіцкі храм, помнік архітэктуры барока, — гэта касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ён быў узведзены каля Базарнай плош-
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
чы ў 1678-1680 гадах пры ўжо існуючым кляштары дамініканцаў. Фундавалі пабудову касцёла князь Геранім Любартавіч Сангушка і яго жонка Канстанцыя. У 1899 годзе касцёл і кляштар былі адрамантаваны пад кіраўніцтвам архітэктара Даўкшы. У канцы 1930-ых гадоў савецкія ўлады закрылі храм, і аж да 1984 года ў ім і ў будынку кляштара размяшчаліся майстэрня і гараж мясцовага калгаса.
Драўляная Спаса-Праабражэнская царква ўзведзена на Замкавай вуліцы, па некаторых звестках, у 1792 годзе. Але калі верыць звесткам з кнігі Дз.А. Талстога «Рнмскнй католнцнзм в Росснн» (1876 год), што храм гэты
пабудаваны ў стылі барока намаганнямі князя Паўла (а, можа, Паўліна) Сангушкі, то царква, магчыма, крыху старэйшая, бо Павел памёр у 1750 годзе (Паўлін у 1781 годзе). У канцы тых жа 1930-ых гадоў царква была закрыта, а ў яе будынку доўгі час размяшчаўся вінзавод (!). Сёння храм дзейнічае і радуе прыхаджан унікальнымі размалёўкамі XVIII стагоддзя, размешчанымі на купале. Яны зроблены тэмперай на дошках. Гэта выявы 12 апосталаў ва ўвесь рост.
Мураваная Свята-Аляксееўская царква, якая размясцілася на Слабадзе, пабудавана ў псеўдарускім стылі значна пазней, у 1864 годзе. Закрыта, як вы ўжо, напэўна, здагадваецеся, у 1930-ыя гады. Сёння знаходзіцца ў занядбаным стане.
Але і касцёл, і абедзве царквы — не самыя старадаўнія смалянскія храмы. У інвентары за 1543 год згадваюцца яшчэ дзве царквы — Свята-Мікалаеўская і Спаса-Праабражэнская, якія знаходзіліся ў маёнтку, што належаў князю Васілю Міхайлавічу Сангушку.
«Эпоха Сангушкаў», як ужо згадвалася вышэй, працягвалася ў Смалянах з сярэдзіны XVI па канец XVIII (а можа, і пачатак XIX) стагоддзя. Менавіта ў той перыяд склалася іх местачковае аблічча, што прывяло ў 1678 годзе да згаданага вышэй надання ім Янам III Сабескім статуса мястэчка, буйнога гандлёвага цэнтра тагачаснага Аршанскага павета і ўсяго Віцебскага ваяводства. Па пісьмовых сведчаннях вядома, што ў XVIII стагоддзі цэнтрам мястэчка была даволі прасторная плошча (яна існуе і сёння). На ёй знаходзіліся гандлёвыя рады, у цэнтры якіх у 1742 годзе была ўзведзена драўляная ратуша, a таксама важніца. На плошчы размяшчаўся і драўляны праваслаўны храм — ужо згаданая Свята-Мікалаеўская царква. Жылая забудова мястэчка была на той час досыць густой.
Як мястэчка, Смаляны нетыповыя для ўсходняга рэгіёна Вялікага княства Літоўскага. Тутэйшыя мястэчкі звычайна мелі адну доўгую вуліцу, у розных канцах якой жылі рамеснікі-гандляры і сяляне. Цэнтральная плошча ў большасці выпадкаў адсутнічала, культавых будынкаў было няшмат.
Мястэчкі ж з цэнтральнай плошчай, ад якой разыходзілася некалькі вуліц (як у Смалянах), былі тыповымі для заходняй часткі Вялікага княства Літоўскага. Чаму Смаляны будаваліся па «заходняму» варыянту, цяжка сказаць. На тое, відаць, былі нейкія, нам пакуль невядомыя, прычыны.
Але адной з большых (калі не галоўнай) загадак мястэчка Смаляны з’яўляюцца дата і «аўтарства» разбурэння замка. Пакуль што замкавыя руіны хаваюць ад нас і час падзеі, і імя таго, хто зруйнаваў гэты архітэктурны шэдэўр абарончага дойлідства.
Існуюць розныя меркаванні наконт таго, калі Смалянскі замак ператварыўся ў руіны. Але відавочна, што падчас руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў ён моцна не пацярпеў, бо вядомы акт 1680 года, у якім маецца запіс: «Гіеранім Любартавіч Сангушка ... на Белым Ковелі князь». I далей: «... вуліца Замкавая... ад замка ісці ў рынак, па левай руцэ».
Замак, безумоўна, мог пацярпець падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў. Вядома, што баявыя сутычкі паміж рускімі і шведамі мелі месца і ў Смалянах. Вядомы расійскі гісторык Я.В. Тарле сведчыць, што ў сярэдзіне лета 1708 года ў Смалянах нечакана быў атакаваны генерал-ад’ютант шведскага караля Карла XII Каніфер. Падчас бою яго варта была разгромлена, а сам ён узяты ў палон казакамі і 3 жніўня 1708 года дастаўлены да Пятра I у Горкі.
Але замак, відаць, застаўся больш-менш цэлым, бо ў інвентарах за 1739 і 1742 гады (калі Смаляны належалі Паўлу Каралю Сангушку) ёсць апісанне яго памяшканняў. Там сказана, што ў жылых памяшканнях замка стаялі печы, упрыгожаныя кафляй з выявай «Пагоні», а сцены пакояў упрыгожвалі фрэскі XVII стагоддзя з рэлігійнымі сюжэтамі. Інвентары сведчылі, што «...замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад замкам знаходзіўся стаў з мостам і парэнчамі. Злева ад замка, пры ўваходзе на дзядзінец, быў склеп.
Праўда, вядомы беларускі гісторык Міхась Ткачоў лічыў, што замак усё ж такі быў разбураны ў вайну Расіі
з Рэччу Паспалітай (1654—1667 гады) і ў Паўночную вайну (1700—1721 гады). А ў кнізе вядомага беларускага гісторыка Міхаіла Без-Карніловіча «Нсторпческме сведення о прпмечательнейшнх местах в Белорусснн с прнсовокупленнем н другнх сведеннй, к ней же относяіцмхся», выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1855 годзе, прама сказана, што замак разбурылі рускія войскі 3 жніўня 1708 года. Гэту версію падтрымліваў і Адам. Кіркор у «Жнвопнсной Росснп».
Як бачым, нешта тут не стыкуецца. Але відавочным застаецца факт, што на малюнку вядомага польскага жывапісца Юзафа Пешкі, датаваным канцом XVIII стагоддзя, Смалянскі замак адлюстраваны хоць і не поўнасцю зруйнаваным, але ў выглядзе, які сведчыць, што наўрад ці ў ім стала жывуць людзі.
Так што, каму належыць «гонар» знішчэння выдатнага помніка архітэктуры — рускім, палякам ці шведам, пакуль што невядома...
У 1831 годзе гаспадаром Смалянаў стаў калежскі асэсар Васіль Сямёнаў, а ў 1847 годзе — яго сын, тайны саветнік сенатар Аляксей Сямёнаў. У «Могплевскнх губернскмх ведомостях» за 1902 год невядомы аўтар паведамляў, што ў 1860 годзе сенатар «...прадаваў сцены на злом... не ацалела б і вежа, калі б Смаляны не перайшлі да В.А. Цітова Новы гаспадар не толькі не дазволіў бурыць вежу, але нават пастараўся ўмацаваць яе контрфорсамі».
Атрымліваецца, што менавіта гэтаму Цітову мы абавязаны тым, што і сёння смалянскі пейзаж упрыгожваюць рамантычныя руіны таго, што некалі было велічным замкам. князёў Сангушкаў.
У сваім аповядзе аб Смалянах мы, як бачыце, дайшлі да ўжо досыць блізкага нам. XIX стагоддзя. Натуральна было б даведацца, што сабой уяўляла старажытнае мястэчка 100—150 гадоў таму. Згаданы крыху вышэй БезКарніловіч, апісваючы ў сваёй кнізе Смаляны сярэдзіны XIX стагоддзя, пісаў, што «ў мястэчку маюцца мураваныя гандлёвыя лаўкі, цэрквы, касцёл, паблізу якога відаць разваліны старажытнага замка..». «У Смалянах, — паведамляе гісторык, — яўрэяў мужчынскага полу болын за 1000 душ».
Недзе гадоў праз трыццаць у «Жпвопнсной Росснн» Адам Кіркор занатоўвае наступны гістарычны факт: «Пры рэчцы Дзярноўцы ляжыць нязначнае мястэчка, з кірмашамі, Смаляны».
3 «нязначнасцю» мястэчка цяжка пагадзіцца. У 1880 годзе (прыкладна ў той час, калі Кіркор занатоўваў свае ўражанні аб Смалянах) быў праведзены перапіс, згодна з якім тут пражывала 2315 насельнікаў (1142 мужчыны і 1173 жанчыны). У мястэчку меліся 252 драўляныя дамы, 55 крамаў, 4 царквы, сінагога, каталіцкі касцёл і 4 малітоўныя дамы. А.С. Дэмбавецкі ў «Опыте опнсання Могнлевской губерннн» (1884 год) паведамляе, што прыкладна ў той жа час у Смалянах дзейнічалі цагельны завод і сыраварня. Мястэчка славілася сваімі майстрамі-меднікамі. У ім былі бальніца і аптэка, яго ўпрыгожвалі вадасховішча з дамбай і шлюзамі плошчай 22 дзесяціны, дзе разводзілі карпаў.
У другой палове XIX стагоддзя тут быў закладзены пейзажны парк, які з’яўляўся часткай досыць буйной панскай сядзібы, у цэнтры якой месціўся вялікі драўляны дом у два паверхі.
Яркай адметнасцю мястэчка тых часоў з’яўляліся кірмашы, якія славіліся далёка за межамі Смалянаў. Найбольш значнымі з іх з’яўляліся два штогадовыя — Мікалаеўскі (6 снежня) і Крыжаўзвіжанскі (14 верасня). Безумоўна, яны не ішлі ні ў якое параўнанне ні з вядомым на ўвесь захад тагачаснай Расійскай імперыі Зэльвенскім кірмашом, ні нават з самым буйным у Аршанскім павеце і ўсёй Магілёўскай губерні кірмашом у Любавічах. Так, згодна з справаздачай магілёўскага губернатара 6 снежня 1847 года, на Мікалаеўскі кірмаш было дастаўлена тавараў усяго на 200 рублёў, а прададзена на 150 рублёў. Крыху болып фінансава ўражваў Крыжаўзвіжанскі кірмаш 14 верасня 1858 года, на які прывезлі тавараў ужо на 300 рублёў, а прадалі на 240 рублёў.
Між іншым калі яшчэ раз успомніць «нязначнасць» Смалянаў сярэдзіны XIX стагоддзя, то варта было б заўважыць, што ў 1999 годзе ў Смалянах налічвалася 1522
жыхары. Гэта азначае, што за апошнія 120 гадоў насельніцтва былога мястэчка зменшылася больш чым на трэць.
Напрыканцы даволі беглага экскурса ў смалянскую даўніну трэба сказаць колькі слоў аб паходжанні назвы мястэчка. Аршанскі краязнавец Аляксандр Шынкевіч выказвае меркаванне, што яно атрымала сваё найменне ад слова «смала», якую тут некалі гналі ў мясцовых смалакурнях. Можа, і так. Але беларускі гісторык Андрэй Мяцельскі, які даследуе археалогію Усходняй Беларусі і сур’ёзна займаецца пытаннямі гістарычнай геаграфіі, прытрымліваецца іншай версіі. На яго думку, назва старажытнага мястэчка звязана з яго памежным месцазнаходжаннем — на рубяжы Полацкага і Смаленскага княстваў. Вельмі верагодна, што паселішча заснавалі (прычым значна раней, чым у другой палове XV стагоддзя) выхадцы са Смаленшчыны, што перасяліліся сюды падчас адной са шматлікіх войнаў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. На карысць гэтай версіі можа сведчыць, напрыклад, тое, што на многіх старадаўніх картах паселішча пазначана як «Смольняны».
Што ж тычыцца таго, што ў многіх гістарычных дакументах Смаляны або Смалянскі замак называюцца Белым Ковелем, то гэта, верагодна, звязана з тым, што, як адзначалася, у 1543 годзе ўладальнікам паселішча стаў князь Васіль Міхайлавіч Сангушка-Ковельскі, які атрымаў яго ў абмен на свае ковельскія маёнткі. Князь, відаць, быў не пазбаўлены настальгіі па родных мясцінах і назваў сваё новае ўладанне Белым Ковелем (памятаеце — «на Белым Ковелі князь...»?).