Што раньш было...
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
На думку некаторых даследчыкаў, менавіта Гедыміну прыйшла ў галаву думка запрасіць на службу ў сваё войска адмысловых конных ваяроў — татараў і кіпчакоў. Ужо ў 1316 годзе ў бітве з крыжакамі пад мястэчкам Жэймы на баку Гедыміна змагаліся татарскія загоны. Факт засведчаны ў Хроніцы літоўскай і жамойцкай. Вялікі князь шырока выкарыстоўваў татараў і для абароны межаў Вялікага княства Літоўскага.
Заслугоўваюць увагі сведчанні прафесара Пецярбургскага універсітэта, ураджэнца Навагрудчыны Антона Мухлінскага, які ў сваёй працы «Даследаванне аб паходжанні і стане літоўскіх татараў» (1857) пісаў: «Вядома таксама, што Гедымін, гэты заснавальнік моцы Літоўскай дзяржавы, умеў здабыць дружбу манголаў: ён ніколі не ваяваў з імі і не плаціў ім дані, наадварот, у шэрагах яго войска служылі татары». I далей: «Па ўсёй верагоднасці, частка татараў, што служылі ў Гедыміна, засталася ў яго дзяржаве і пасля вайны і ва ўзнагароду атрымала ў валоданне землі».
Антон Мухлінскі ўзгадваў сведчанне храніста францысканскага ордэна, якое адносіцца да 1324 года, дзе расказваецца, што ў Літоўскіх землях місіянеры-францысканцы сустрэлі «скіфаў, прышэльцаў з уладанняў нейкага хана» (Узбека. — С.А.), якія «ў сваіх малітвах выкарыстоўваюць азіяцкую мову».
Як меркаваў Антон Мухлінскі, менавіта гэтыя «скіфы» і «склалі першыя паселішчы татараў у Вялікім княстве Літоўскім».
Трэба адзначыць, што і акадэмік Яўхім Карскі таксама лічыў, што татары з’явіліся на Беларусі ў пачатку XIV стагоддзя, прычым добраахвотна, для ўдзелу ў барацьбе з крыжакамі.
У часы саўладарання наступнікаў Гедыміна — Кейстута і Альгерда — прысутнасць татараў на велікакняжацкай ваеннай службе была ўжо звыклай з’явай. Іх даволі часта і паспяхова выкарыстоўвалі ў паходах супраць маскавітаў, палякаў, крыжакоў. Так, у 1350 і 1352 гадах загоны хана Джанібека прымалі ўдзел у паходах Альгерда супраць польскага караля Казіміра Вялікага.
Па сведчанні Антона Мухлінскага, той жа Альгерд у 1362 годзе, «накіроўваючыся для заваёвы Падоліі, дзе пасля Батыя ўсталяваліся татары, прывёў туды і татараў, якія складаліся, па меркаваннях гісторыкаў, з тых, што засталіся ў Літве з часоў Гедыміна». Калі браць пад увагу гэта сведчанне, то вельмі верагодна, што ў знакамітай бітве каля Сініх Водаў супраць аб’яднанага войска ханаў
Хачыбея і Кутлубуга на баку Альгерда змагаліся адзінакроўцы — літоўскія татары.
Вядома, што, вяртаючыся з ваенных паходаў, тыя з татараў, хто пажадаў, атрымлівалі права аседласці ў межах Вялікага княства Літоўскага каля гарадоў і замкаў.
Традыцыю дружалюбных стасункаў з татарамі працягваў і вялікі князь Ягайла. Магчыма, гэта ў пэўнай меры падштурхнула яго да прыняцця рашэння, якое многія даследчыкі лічаць неразумным. Падчас пахода цемніка Мамая на Маскву (1380) Ягайла не падтрымаў князя Дзмітрыя, якому абяцаў дапамогу, і, больш таго, меў намер прыняць бок Мамая.
Войска Ягайлы (у якім было некалькі татарскіх палкоў) да Кулікова поля не дайшло, і Дзмітрый разграміў Мамая. А Ягайла ў хуткім часе парадніўся з Кайданам, сынам Мамая. Ужо пры Вітаўце ўнук Мамая — Лекса будзе ў Літве, прыме хрысціянства пад імем Аляксандра, атрымае ў Падняпроўі зямельныя ўладанні і пакладзе пачатак знакамітаму магнацкаму роду Глінскіх.
Незадоўга да Кулікоўскай бітвы, у 1378 годзе, чынгізід (прамы наследнік легендарнага хана) Тахтамыш аб’яднаў Белую і Сінюю Арду і, скарыстаўшыся дапамогай сярэднеазіяцкага ўладара — вялікага Цімура, усталяваўся на пасадзе Залатой Арды.
4 жніўня 1392 года ў Востраве, паблізу Ліды, Ягайла і Вітаўт падпісалі пагадненне, згодна з якім апошні стаў вялікім князем літоўскім і рускім, уладаром Вялікага княства.
Тахтамышу і Вітаўту было наканавана адыграць вызначальную ролю ў лёсе татараў, іх месцы ў гісторыі Беларусі.
Перш чым працягнуць наш аповяд, вернемся на некаторы час назад, у XIII стагоддзе, каб расказаць пра Залатую Арду. Без гэтага, бадай, немагчыма разабрацца ў стасунках Вялікага княства Літоўскага з татарамі.
У 1241 годзе памёр трэці сын Чынгісхана, уладар велізарнай імперыі — Угедэй. Як лічаць многія даследчыкі, менавіта гэта падзея выратавала Еўропу ад канчатковага пакарэння ваяўнічымі качэўнікамі, якія, дасягнуўшы Трыеста, ужо вялі разведку шляхоў на Рым.
Смерць Угедэя вымагала абрання новага ўладара. A паколькі прэтэндэнтаў на тую пасаду не бракавала, выбары абяцалі быць вельмі складанымі, абцяжаранымі інтрыгамі. Адным з прэтэндэнтаў на высокую пасаду мог бы стаць і пляменнік вялікага Угедэя — Батый. Але легендарны палкаводзец вырашыў не выпрабоўваць лёс. Ен не вярнуўся на берагі Керулена, а прывёў сваё стомленае паходамі войска ў нізоўе Іціля (Волгі). 3 1224 года тут ужо існавала ўдзельнае княства — Залатая Арда, так званы улус Джучы, сына Чынгісхана, бацысі Батыя. Ён займаў велізарны абшар — Заходнюю Сібір, Паўночны Харэзм, Волжскую Булгарыю, Паўночны Каўказ, прывольныя стэпы ад Дуная да Волгі. Тут, у бацькоўскіх уладаннях (Джучы памёр у 1227 годзе), Батый і вырашыў спыніцца.
Менавіта пры Батыі Залатая Арда стала самастойнай магутнай дзяржавай, незалежнай ад далёкай метраполіі. Падчас уладарання малодшага брата Батыя — хана Берке (1258—1266) Залатая Арда канчаткова адасобілася ад імперыі чынгізідаў. Сам хан прыняў іслам.
Сталіца Залатой Арды — Сарай-Бату — спачатку знаходзілася паблізу сучаснай Астрахані, а ў першай палове XIV стагоддзя, атрымаўшы назву Сарай-Берке, была перанесена ў ваколіцы цяперашняга Валгаграда.
Росквітам Залатой Арды лічыцца перыяд з 1313 па 1357 год, калі дзяржавай адзін за другім правілі хан Узбек і яго сын Джанібек. Як адзначалася вышэй, менавіта падчас іх уладарання і пачаліся дастаткова актыўныя стасункі татараў з Вялікім княствам Літоўскім: у войску Гедыміна, а потым і Альгерда з’явіліся саюзныя татарскія атрады, якія ваявалі на баку Вялікага княства Літоўскага супраць палякаў, маскавітаў і крыжакоў.
Пасля смерці ў 1357 годзе хана Джанібека ў Залатой Ардзе пачаліся бязладдзе і смута. У выніку прыдворных інтрыг і змоў канца 1350-ых гадоў былі забіты многія царэвічы з роду Узбека. 3 1357 да 1380 года на золатаардынскім пасадзе перабывала дваццаць ханаў. Унутраныя разборкі паміж ханамі падрывалі Залатую Арду знутры. У 1370-ыя гады яна фактычна распалася на дзве часткі: у Заволжы правіў цемнік Мамай, на ўсходзе — Урусхан.
Хан Тахтамыш. Мініяцюра з «Ліцэвога летапіснага зводу». XVI ст.
Менавіта ў гэты час золатаардынцам былі нанесены два страшэнныя ўдары (1362 год — Сінія Воды, 1380 год — Кулікова поле), ад якіх яны так і не ачуліся. Якраз пасля гэтых падзей клопатамі Цімура ўладаром Залатой Арды і стаў хан Тахтамыш.
Улада чынгізіда сягала ад Крыма да Аральскага мора. У краіне расквітнеў гандаль, бурна развіваліся рамёствы. Залатая Арда, здавалася, перажывала другое нараджэнне. Упэўнены ў сваіх сілах, Тахтамыш, быццам забыўшыся пра Мамаеў сорам на Куліковым полі, у 1382 годзе паліць Маскву і зноў застаўляе яе плаціць даніну Залатой Ардзе.
Адчуванне ўласнай моцы і значнасці настолькі ўскружыла Тахтамышу галаву, што ён у 1384 годзе зрабіў непрадуманы і ракавы для сябе крок — выступіў супраць самога Цімура.
Адзінаццаць гадоў спатрэбілася легендарнаму эміру для таго, каб паставіць мяцежнага хана на месца. 14 сакавіка 1395 года адбылася апошняя і рашаючая бітва. Арабскі гісторык Шэраф-эд-Дзін Йездзі ў сваёй «Кнізе перамог» так апісаў яе вынікі: «...Тахтамыш кінуў ханства, дом, усё, што меў, і, ратуючы сваё жыццё, з некалькімі людзьмі ўцёк, пайшоў у бок Булара (так арабы называлі Польшчу. — С.А.), у лясную мясцовасць, хаваючыся ад ільвіных кіпцюроў Цімура...»
Новы ўладар Вялікага княства Літоўскага Вітаўт наўрад ці зведваў асабліва цёплыя пачуцці да Залатой Арды наогул і да Тахтамыша ў прыватнасці. Вялікі князь быў жорсткім, прагматычным палітыкам, які ўсе свае рашэнні і ўчынкі сувымяраў з тым, карысць ці шкоду яны прынясуць яго дзяржаве. Вітаўту не была патрэбна моцная і агрэсіўная Залатая Арда, якая б пагражала паўднёвым межам Вялікага княства. Відавочна, што, зыходзячы менавіта з такіх меркаванняў, вялікі князь і здзейсніў два паходы ў Залатую Арду. У 1397 годзе Вітаўтавы харугвы, пераадолеўшы кіпчацкія стэпы, фарсіравалі Дон, выйшлі да Волгі і нанеслі ўдар па асноўных золатаардынскіх улусах. Праз год, узяўшы ў дапамогу крыжакоў, Вітаўт скіраваў удар па крымскіх ордах татараў.
I вось тут настаў час для былога золатаардынскага ўладара Тахтамыша. Як вядома з летапісных крыніц, у 1397 годзе Тахтамыш, які так і не змог прымірыцца са стратай золатаардынскага пасада, вырашыў вярнуць хаця б частку страчаных уладанняў. Сабраўшы войска, ён накіраваўся ў Крым, спрабаваў узяць багатую прычарна-
морскую Кафу (сучасную Феадосію), але быў разбіты стаўленікам Цімура ханам Цімур-Кутлукам — новым ханам былога улуса Джучы.
Пасля разгрому Тахтамыш з рэшткамі свайго войска аб’явіўся ў Кіеве. Тут хан і папрасіў прытулку і дапамогі ў Вітаўта. Вялікі князь не адверг просьбаў уцекача, а пайшоў яму насустрач. У справу ўстуггіла вялікая палітыка.
Вітаўт добра ведаў, што Тахтамыш — прамы нашчадак Чынгісхана, які мае законнае права на золатаардынскі пасад. Старажытны летапіс данёс да нас тагачасныя планы вялікага князя, якія, як відаць з яго разважанняў, сягалі вельмі далёка: «Пасадзім у Ардзе на царства яго цара Тахтамыша... і тое ўсё будзе наша, і цар наш, і мы не толькі Літоўскай зямлёй і Польшчай валодаць будзем... але і ўсімі вялікімі княжэннямі рускімі».
Нагадаем, што «вялікія княжэнні рускія», пад якімі Вітаўт, відавочна, меў на ўвазе Вялікае Уладзіміра-Суздальскае княства, на той час знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад аслабленай, але ўсё яшчэ дастаткова грознай Залатой Арды.
Зыходзячы з гэтых дастаткова меркантыльных меркаванняў, Вітаўт выдзеліў Тахтамышавым татарам землі ў ваколіцах Чаркасаў і Канева. Сам хан пасяліўся ў Лідзе. Ён жыў у асобным доме, які і пасля яго ад’езду доўгі час называўся Тахтамышавым дваром. Па некаторых звестках, Тахтамыш нейкі час нават быў лідскім старостам.
Узвядзенню хана на золатаардынскі пасад хутчэй за ўсё перашкодзіла трагедыя на Ворскле, дзе 12 жніўня 1399 года Вітаўт (а разам з ім і Тахтамыш) быў ушчэнт разбіты войскам трох золатаардынскіх ханаў. Тахтамышу ўдалося ўратавацца. Лёс закінуў яго ў далёкую Сібір. Пасля яшчэ адной няўдалай спробы самастойна захапіць золатаардынскі пасад ён у 1406 годзе быў забіты.