Што раньш было...  Святаслаў Асіноўскі

Што раньш было...

Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
40.26 МБ
Пачнём з Полацка. Знішчальныя пажары, віноўнікамі якіх станавіліся самі неасцярожныя палачане, былі досыць частай з’явай у самым старажытным беларускім горадзе. Напрыклад, у 1642 годзе моцны пажар, які ўзнік, як адзначае Міхаіл Без-Карніловіч, з-за неасцярожнасці п’яных людзей у Верхнім Замку, літаральна ператварыў яго ў попел. У наступным годзе, як засведчыў Віцебскі летапіс, «горад Полацк выгараў увесь дашчэнту і да аднаго дома». Полацкі пажар 1696 года Магілёўская хроніка растлумачыла «жыдоўскім падпалам», у выніку якога «пагарэлі крамы, ад чаго багатыя купцы прыйшлі да беднасці».
Той жа Міхаіл Без-Карніловіч называе полацкія пажары 1709, 1738, 1750, 1757 і 1770 гадоў, якія, на яго думку, «моцна садзейнічалі да памяншэння ў ім населенасці». «Горад яшчэ больш збяднеў, — дадае Міхаіл Восіпавіч, — пасля пажару (маецца на ўвазе пажар 1796 года. — С.А.), які знішчыў у ім 240 дамоў».
Неасцярожнасць тагачасных палачан у абыходжанні з агнём не ведала межаў. У выніку пажар, які ахапіў горад 15 чэрвеня 1837 года, спапяліў каля трохсот дамоў. У полымі пажару 1848 года пайпілі дымам 72 дамы.
У гэтай сітуацыі не можа не выклікаць павагі пазіцыя «царскага самаўладдзя», якую выкрывалі некалі савецкія гісторыкі. Вось як, па сведчанні Часопіса Міністэрства
3.	Зак. 825
33
Унутраных Спраў (№ 30 за 1838 год), адрэагавалі ўлады на стыхійнае бедства, якое спасцігла Полацк у чэрвені 1837 года: «Для дапамогі жыхарам, якія страцілі ў ім (пажары. — С.А.) усю сваю маёмасць, выдадзена не ў залік дапамога, ад шчодрасцей манаршых 50 000 рублёў асігнацыямі; ды з сумаў Дзяржаўнага казначэйства ўсім пацярпелым ад пажару на пабудову новых дамоў выдадзена ў пазыку на 10 гадоў без працэнтаў 50 000 рублёў асігнацыямі; з выплатай іх па сканчэнні 4 гадоў, у астатнія 6 гадоў. Для пабудовы гандлёвых крамаў гораду выдадзена 50 000 рублёў асігнацыямі тэрмінам на 12 гадоў без працэнтаў (больш за тое, з жыхароў зняты налічаныя на іх нядоімкі 10 930 рублёў асігнацыямі)».
А цяпер наведаем старажытны Віцебск, гісторыю якога занатоўвалі тамтэйшыя мяшчане Міхал Панцырны і Стафан Аверка. Згодна з складзеным імі летапісам, горад выгараў у 1614, 1680, 1698, 1707, 1733, 1752, 1757 гадах. На некаторыя з стыхійных бедстваў варта звярнуць асаблівую ўвагу. Вось што, напрыклад, занатаваў Віцебскі летапіс пад 1733 годам: «Мая 31 па старым календары, на
Панарама Полацка пасля пажару. Сярэдзіна XIX ст.
восьмы дзень Божага цела, ад вялебных айцоў-бернардзінцаў, якія рабілі арган і зайгралі на цэлы свет, выгараў Віцебск, рынкі, крамы і цэрквы».
«У год 1752. Месяца жніўня, другога дня, — сведчыць Віцебскі летапіс, — ад касцёла ксяндзоў дамініканцаў выгараў замак, плябанія, царква Благавешчання, езуіты і многа дамоў».
He прайшло і пяці гадоў, як у 1757 годзе «мая, 12 дня паводле рускага календара, выгарала Заручаўе (адзін з віцебскіх пасадаў. — С.А.) і болыпая палова замка, тры царквы і два касцёлы».
Здавалася 6, будзьце пільнымі і асцярожнымі, віцябчане, — чырвоны певень не дрэмле!.. Ды дзе там! Праз якія тры тыдні, «месяца чэрвеня, 6 [ дня] ад семінарыі пачаўся пажар, дагарэлі рэшткі замка (тое, што ацалела 12 мая. — С.А.) і дах у касцёле айцоў езуітаў».
Дарэчы, божыя храмы, калі верыць Панцырнаму і Аверку, гарэлі ў Віцебску ледзь не штогод. Ахвярамі агню станавіліся Саборная царква, царква Звеставання, царква Благавешчання, Заручаўская царква. Калі ў красавіку 1701 года запаленую маланкай царкву Святога Яна Багаслова людзі, што былі на начным набажэнстве, нейкім цудам патушылі, то 11 чэрвеня 1747 года, роўна апоўдні храм усё роўна згарэў дашчэнту.
А цяпер звернемся да сведчанняў Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага — складальнікаў Магілёўскай хронікі. Яны цікавыя тым, што праз стагоддзі даносяць да нас імёны і прозвішчы няўдачлівых магіляўчан, па віне якіх па гарадскіх вуліцах вольна гуляў чырвоны певень. «У год 1664. Месяца лютага, 24, на першым тыдні Вялікага nocry, — сведчыць Магілёўская хроніка, — адведаў пан Бог горад агнём. Пачало гарэць ад дома Савы Ціхенкава, дзе цяпер за важніцаю камяніца. Крамы пагарэлі ўсе, а дамоў мала». У той жа год, 6 красавіка «ізноў адведаў пан Бог горад агнём ад дома, што недалёка ратушы, дзе ў той час [жыў] Гаўрыла Прэкста, а цяпер камяніца Васілеўскіх... Тады згарэлі ратуша, крамы, управа і званіца, а званы нават паплавіліся. Гарэла аж да жаночага манастыра, у якім была цудоўная студня, ад таго часу згінула...»
Відаць, наступствы пажару былі настолькі цяжкімі, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір, якому на той час надалося знаходзіцца ў Магілёве, «бачачы, што пры ягонай бытнасці гораду нешчаслівіць (два пажары запар. — С.А.), месяца красавіка, восьмага дня, ад’ехаў з горада».
He абмінуў пан Бог агнём і сталіцу Вялікага княства Літоўскага — Вільню. Найбольш жудасны пажар спасціг яе ў 1610 годзе. Як адзначыў у «Жнвопнсной Россмн» Адам Кіркор, той пажар зруйнаваў амаль увесь горад. Ацалелі толькі прадмесці. Згарэлі 10 розных храмаў, езуіцкая акадэмія, часткова Ніжні Замак і, як кажуць сучаснікі, 4700 розных будынкаў. Ранейшая, старая сталіца Літвы знікла амаль зусім».
Пра віленскі пажар 1706 года згадвае Віцебскі летапіс: «Выгарала большая частка горада Вільні, ратуша, крамы, Святы Казімір (касцёл. — С.А.) і што ў склепах было замуравана, усё гэта патлела і пагінула. Чалавек з 50 загінула і згарэла жыўцом».
Адведваў пан Бог агнём і іншыя беларускія гарады. Так, увайшлі ў гісторыю некалькі шклоўскіх пажараў. У 1690 годзе, як сведчыць Магілёўская хроніка, « ... амаль увесь замак з вялікай вежай, фара і крамы пагарэлі». У той год Шклоў гарэў яшчэ раз — 15 жніўня. Гэтым разам па віне панамара Данілы, які «забыўся патушыць у царкве свечкі», згарэў багаты шклоўскі храм «з усімі скарбамі: кнігамі, начыннем, званамі, нічагусенькі не засталося. I так гэты здрайца ўцёк, бо быў 6ы сам спалены».
Чарговы раз Шклоў гарэў у 1769 годзе. Агонь знішчыў 300 дамоў. Большасць пагарэльцаў з дазволу ўладальніка горада князя Чартарыйскага пабудавалася на новым месцы — на правым беразе Дняпра, утварыўшы паселішча Ніжні Шклоў.
У канцы 1870-ых пажар зноў спустошыў шматпакутны Шклоў.
15 ліпеня 1700 года «дашчэнту, аж да апошняга дома» выгарала Дзісна. У 1751 годзе агонь знішчыў большую частку Навагрудка. Пасля пажару ён, як зазначыў Адам Кіркор, «страціў ранейшае значэнне сталічнага горада».
Гомельскі пажар 1856 года ператварыў у попел 540 дамоў.
21 чэрвеня 1881 года а палове адзінаццатай раніцы пачаўся пажар у самым цэнтры губернскага Мінска. Ужо праз гадзіну ўпартай барацьбы з агнём гарадская пажарная каманда амаль патушыла пажар. Але апоўдні горад запалаў адразу ў некалысіх месцах — на вуліцах Мясніцкай (паміж сучаснымі вуліцамі Ракаўскай і праспектам Пераможцаў), Замкавай (за сучасным магазінам «Алеся») і Завальнай (раён сучаснай плошчы 8 Сакавіка). На бяду, лета ў той год было спякотнае, і высушаныя бязлітасным сонцам хаціны гарадской беднаты ўспыхвалі як порах. Да дзвюх гадзін дня на ўсю моц палалі ўжо некалькі густанаселеных кварталаў Мінска. 3 усёй жудасцю паўстала страшэнная перспектыва поўнага знішчэння горада. Вечарам барацьбу са стыхіяй асабіста ўзначаліў губернатар, які тэрмінова прыбыў з Бабруйска.
Адчайная барацьба з агнём ішла ў будынку Кантрольнай палаты, на вуліцах Казьмадзям’янаўскай (раён ад царквы па вуліцы Кірылы і Мяфодзія да Нямігі) і Базарнай (цяпер тут пешаходны праход пад аркай з плошчы Неза-
Макет Мінскага пажару 21—22 чэрвеня 1881 г. Знаходзіцца ў Мінскім «Музеі Агню» (Цэнтр навучання пажарнай бяспецы)
лежнасці да вуліцы Ленінградскай), на Саборнай (сучаснай Свабоды) плошчы.
Цэлыя суткі спатрэбіліся на тое, каб затушыць страшны пажар. Калі агонь аціх, цэнтр Мінска ўяўляў з сябе жудасную карціну — вуліцы Койданаўская (Рэвалюцыйная), Кацярынінская (Няміга ад плошчы 8 Сакавіка да Ракаўскай), Багадзельная (Камсамольская) ператварыліся ў суцэльнае папялішча. Агонь знішчыў 252 дамы, 488 флігеляў, 271 краму, 40 складоў, 8 урадавых будынкаў. Больш за 2 тысячы гараджан (а на той час у Мінску жыло каля 70 тысяч чалавек) засталіся без даху над галавой. Згарэла амаль палова драўлянай забудовы горада. Страты ад пажару склалі велізарную па тым часе суму: 6 мільёнаў рублёў серабром.
Паліцыя лічыла, што горад падпалілі зламыснікі, але іх так і не знайшлі.
Гэты пажар быў адным з самых вялікіх, але далёка не адзіным у гісторыі Мінска. Горад руйнаваўся агнём у 1084, 1547, 1698, 1835 гадах. Толькі ў XIX стагоддзі ў Мінску адбылося 16 буйных пажараў. Стыхійнае бедства 1835 года, напрыклад, ператварыла ў попел амаль увесь цэнтр горада.
Аналізуючы гісторыю «мірных» пажараў, пра якія ішла гаворка, можна зрабіць выснову, што іх прычынай была, найперш, людская неасцярожнасць. Успомніце: «п’яныя людзі» ў полацкім Верхнім замку, айцы-бернардзінцы і ксяндзы-дамініканцы ў Віцебску, Сава Ціхенкаў і Гаўрыла Прэкста з Магілёва, шклоўскі панамар Даніла...
Хуткаму распаўсюджванню агню спрыялі і асаблівасці тагачаснай гарадской забудовы, пра што згадваў у «Гісторыі дзяржавы Расійскай» Мікалай Карамзін: «Гэтая сталіца (Масква. — С.А.) штогод узрастала сваёй прасторай і колькасцю жыхароў. Двары болын і больш ушчыльняліся ў Крамлі, у Кітаі; новыя вуліцы прымыкалі да старых у пасадах; дамы будаваліся лепш для вачэй, але не бяспечней ранейшага: тленныя грамады будынкаў, дзе-нідзе раздзеленыя садамі, чакалі толькі іскры агню, каб зрабіцца попелам».
Папялішча ў Гародні. Здымак А. Садоўскага. Канец XIX ст.
Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў гарадах тагачаснай Расійскай імперыі пачалі стварацца прафесійныя пажарныя каманды. У Брэсце яны, напрыклад, з’явіліся ў 1851 годзе, у Віцебску і Магілёве — у 1853-ім, у Барысаве, Ігумене (сучасны Чэрвень. — С.А.) і Рэчыцы — у 1860-ым. У Мінску пажарная каманда з шасці чалавек існавала яшчэ ў 1826 годзе. Але ёсць звесткі, што куды раней, яшчэ ў першай чвэрці XVI стагоддзя, маскоўскі князь Васіль Іванавіч «зацвердзіў у Ноўгарадзе пажарную варту».
Тым не менш агонь бязлітасна руйнаваў гарады, пакідаючы за сабой папялішчы, на якіх па начах вылі сабакі. А летапісцы, занатоўваючы для нашчадкаў ваенныя паходы князёў, варожыя набегі і аблогі, гады ўзвядзення замкаў і храмаў, час ад часу сведчылі аб тым, што нават у мірную часіну той ці іншы горад «пан Бог адведаў агнём»...