Што раньш было...  Святаслаў Асіноўскі

Што раньш было...

Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
40.26 МБ
У хуткім часе навагрудчане змаглі ўпэўніцца, што іх выбар быў правільны. Ужо ў 1248 годзе «літоўскі Рурык» далучыў да Навагрудка землі этнічнай Літвы, з якой ён паходзіў родам, потым пасадзіў на полацкі пасад свайго стаўленіка Таўцівіла, распачаў працяглую вайну з даўнім сапернікам Навагрудка — Галіцка-Валынскім княствам (праўда, не заўсёды паспяховую) і Лівонскім ордэнам.
Лівонскі вялікі магістр Андрэй Сцірланд хоць і ваяваў з Міндоўгам, але не мог не бачыць таго, што менавіта гэты князь з’яўляецца найбольш верагодным прэтэндэнтам на ролю самага ўплывовага ўладара рэгіёна, дзе ў крыжакоў і Ватыкана, які за імі стаяў, былі свае, далёка сягаючыя інтарэсы. Пасля няўдалай спробы ўзяць абложаны крыжакамі Навагрудак Сцірланд прапанаваў Міндоўгу сустрэцца для перамоў. Падчас іх вялікі магістр даў зразумець, што можа дапамагчы Міндоўгу перамагчы ўсіх ворагаў: і галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васільку Раманавіча, і жамойцкага князя Выкінта, і мяцежнага пляменніка Эдзівіда. Больш таго, ён згодны дапамагчы навагрудскаму князю стаць... каралём. Пры адной умове:
Міндоўг павінен адрачыся ад праваслаўнай веры (праваслаўе Міндоўг прыняў адначасова з абраннем на навагрудскі пасад) і разам са сваімі падданымі прыняць веру каталіцкую. Да ўсяго — зрабіць яшчэ адну дробязь: саступіць ордэну частку зямель жамойтаў і селонаў.
Міндоўг абяцаў падумаць, а, падумаўшы, прыняў рашэнне. У хуткім часе ў Ватыкан у суправаджэнні ордэнскіх паслоў адправіўся прыдворны баярын Міндоўга — Парнус. Ад яго рымскі папа Інакенцій IV даведаўся, што Міндоўг згодны прыняць каталіцкую веру і, тым больш, не супраць узлажыць на сябе каралеўскую карону.
Задаволены папа тут жа выслаў Міндоўгу сваю булу, у якой урачыста абвяшчалася, што «... каралеўства літоўскае і ўсе землі, якія здабыў ад няверных або ў будучым мог здабыць на права і ўласнасць святога Пятра, і яго, Міндоўга, з жонкай, сынамі і ўсім дваром пад пратэкцыю і апеку апостальскай сталіцы вырашылі ўзяць». У наступнай буле Інакенцій IV даручыў каранаваць Міндоўга холмскаму біскупу Генрыху.
Каранацыя адбылася 6 ліпеня 1253 года ў Навагрудку. У прысутнасці ўжо згаданага лівонскага вялікага магістра Андрэя Сцірланда і яго шматлікай світы біскуп Генрых узлажыў на галаву Міндоўга прывезеную з Рыма каралеўскую карону. Літва стала каралеўствам, а Навагрудак, адпаведна, яго сталіцай.
Караляваў Міндоўг нядоўга. Ужо ў 1261 годзе ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. А праз два гады, калі цяпер ужо былы «літоўскі кароль» па праву лічыўся самым уплывовым з літоўскіх князёў, яго разам з сынамі па-здрадніцку забілі жамойцкі князь Транята, полацкі князь Таўцівіл, якога ён калісьці ўзвёў на пасад, і нальшчанскі князь Даўмонт.
Міндоўг з яго нядоўгім караляваннем адышоў у нябыт, але, як кажуць, прэцэдэнт быў створаны...
Справу «літоўскага караля» давяршыў яго сын — Войшалк, які, у адрозненне ад бацькі, быў больш палітыкам, чым ваяром. Памірыўшыся з даўнімі ворагамі Навагрудка — галіцка-валынскімі князямі, ён з іх дапамогай за шэсць гадоў свайго ўладарання аб’яднаў Наваградскую, Літоўскую, Нальшчанскую землі і Дзяволтву ў досыць
магутную па тым часе дзяржаву. Яго ўладу прызналі таксама Полацкая і Віцебская землі. Менавіта з часоў Войшалка дзяржава атрымала назву, пад якой і ўвайшла ў гісторыю — Вялікае княства Літоўскае (Літва).
У наступныя сто з чвэрцю гадоў дзяржавай з рознай доляй поспеху кіравалі вялікія князі Шварн і Тройдзень, Літувер і Віцень, Гедымін і Яўнут, Альгерд, Кейстут і Ягайла. Адчувальнае ўзмацненне Літвы і пашырэнне межаў пачалося пры Гедыміне, прадоўжылася падчас уладарання яго сына Альгерда. Сваёй найбольшай моцы Літва дасягнула пры ўладары, які адзіны з усіх, хто правіў ёй, увайшоў у гісторыю як Вялікі. Гэта быў Вітаўт.
Пра тое, што Вітаўт быў асобай неардынарнай, дзяржаўным дзеячам еўрапейскага маштабу, сведчыць усё яго доўгае і бурнае жыццё. Яскравую характарыстыку даў Вітаўту знакаміты паэт-лацініст XVI стагоддзя Мікола Гусоўскі ў сваёй выдатнай паэме «Песня пра зубра» (пераклад з лат. Я. Семяжона):
Ён, двуадзіны ў асобе вялікага князя —
Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл — міратворца, Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны, Перад нашэсцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.
Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў, Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў, Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх, Сам станавіўся пачварнай здабычай літвінаў. Быў літасцівы да тых уладарцаў, якіх ён Ставіў на княства па выбару ўласным. I нават Грознай Ардзе мог прыцыкнуць:
Знай меру, татарын! Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі, ўсё ж і яны прымірэння прасілі з літвінам. Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны: Як бы задобрыць, улесціць і гнеў не наклікаць На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы. Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсвету, Як пылюкі, перад ім нават ціўкнуць не смелі... Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам княства Літоўскага, нашага краю, I называюць той век залатым...
Перш чым у меру магчымасцей нашага сціслага па памерах аповяду паспрабаваць прааналізаваць зробленае Вітаўтам у той «залаты век», хацелася б з большага закрануць такі досыць спрэчны момант айчыннай гісторыі, як паходжанне літоўскіх князёў. Большасць даследчыкаў адназначна лічаць, што ўсе яны, пачынаючы з Міндоўга, літоўцы, ці літва, — прадстаўнікі аднаго з балцкіх плямёнаў, якія стагоддзямі памежнічалі з плямёнамі славянскімі, цесна кантактавалі з імі і падвяргаліся іх уплыву.
У той час некаторыя з іх высоўвалі досыць смелую, хоць і сумніўную ў навуковых адносінах версію, згодна з якой і Міндоўг, і Войшалк, і Гедымін, і Альгерд, і Ягайла, і той жа Вітаўт былі крывіцка-дрыгавіцкага (гэта значыць, славянскага) паходжання. Ужо многа пазней несумленныя, маўляў літоўскія (у сучасным разуменні гэтага слова) летапісцы зрабілі іх «сваімі», адабраўшы ў нас, беларусаў (таксама ў сучасным разуменні гэтага тэрміна).
Што ж, гэта вельмі натуральна, бо ў перыяд бурнага абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў таму-сяму з новай плыні айчынных аматараў нашай мінуўшчыны было не вельмі даспадобы тое, што нашымі продкамі правілі нейкія там «літоўскія князі». Але ж з песні, як кажуць, слова не выкінеш: што было — тое было. Да таго ж, як ужо адзначалася вышэй, запрашэнне чужых князёў на айчынныя пасады — з’ява не такая ўжо і рэдкая ў гісторыі наогул. Яшчэ ў IX стагоддзі, за чатырыста (!) гадоў да Міндоўга, на землі ўсходніх славян былі запрошаны варагі-русы, якія не толькі заснавалі славянскую дзяржаву, але і далі ёй назву — Русь. Рурыкавічы (нашчадкі варагаў-русаў) правілі на славянскіх землях каля сямі стагоддзяў і сёння з’яўляюцца неад’емным фактам гісторыі нашай усходняй суседкі — падабаецца гэта каму або не.. А возьмем польскую дзяржаву, якой без малога два стагоддзі правілі нашчадкі літвіна Ягайлы — Ягелоны...
Дарэчы, варагі-русы прыйшлі да славян здалёк. Той жа Міндоўг, як і ўся Літва, быў самым блізкім суседам славян, што жылі на землях сучаснай Беларусі сем-восем стагоддзяў таму. Да таго ж нельга не пагадзіцца з тымі з даследчыкаў, хто сцвярджае, што тагачасныя балцкія пля-
мёны да часоў Міндоўга ўжо былі ў значнай ступені асіміляваны славянамі, многія з іх насілі славянскія імёны — Жывінбуд, Будзікід, Тройдзень, Войшалк, Транята, Гердзень, Логвеній... Досыць часта славянскія імёны набывалі ў балцкім асяроддзі крыху іншае гучанне, уласцівае іх моўнай сістэме: Едзімей станавіўся Гедымінам, Аляксандр — Альгердам, Канстанцін — Кейстутам, Кірыяк — Карыятам, Міхайла — Мінгайлам, Домант — Даўмонтам, Віт — Вітаўтам.
Жыццё і дзейнасць «літоўскіх князёў» настолькі цесна пераплецена з нашай айчыннай гісторыяй, што лічыць іх чужакамі, прыхаднямі неяк не выпадае.
Больш таго, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ў свеце ведалі як Літву, яе насельнікаў ужо з другой паловы XV стагоддзя называлі літвінамі, а дзяржаўнай мовай краіны была мова, якую тады называлі «рускай».
Асэнсоўваючы жыццёвы шлях Вітаўта, можна з поўным правам сказаць, што ён быў найперш літвінам. Унук легендарнага Гедыміна, сын выдатнага дзяржаўнага дзеяча з трагічным лёсам Кейстута, ён нарадзіўся ў 1350 годзе падчас уладарання ў Літве свайго дзядзькі — знакамітага Альгерда. Прымяняючы сучасную тэрміналогію, зазначым, што палітыкай Вітаўт стаў займацца ў сталым узросце, калі ў 1382 годзе, падчас жорсткай барацьбы за велікакняжацкі пасад, малодшы сын Альгерда — Ягайла (стрыечны брат Вітаўта) здзейсніў забойства яго бацькі Кейстута (свайго дзядзькі).
Сам ледзь не загінуўшы ад рук таго ж Ягайлы, Вітаўт, прагнучы помсты, уцёк да крыжакоў, зрабіўся іх саюзнікам, 21 кастрычніка 1382 года прыняў каталіцтва, абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і праз год нават саступіў крыжакам Жамойцію.
Безумоўна, Вітаўт быў рэалістам. Хутка ён зразумеў, што змагацца супраць Ягайлы, які з цягам часу стаў польскім каралём, бесперспектыўна. Давялося «забыцца» на тое, што Ягайла — забойца яго бацькі, і замірыцца з ім. Каб мір быў больш моцным, Ягайла даў Вітаўту ў валоданне Гродна і Брэст. Паколькі большасць яго новых
падданых спавядалі «грэчаскую веру», Вітаўт без асаблівых ваганняў перахрысціўся ў праваслаўе. Праўда, ужо ў 1385 годзе, падчас заключэння Крэўскай уніі, Вітаўт у чарговы раз мяняе веравызнанне і разам з іншымі літоўскімі князямі зноў становіцца католікам.
Калі праз год Ягайла прызначае сваім намеснікам у Літве Скіргайлу, пакрыўджаны Вітаўт распачынае новы тур барацьбы з ім. He доўга думаючы, ён зноў прэзентуе Тэўтонскаму ордэну ўжо аднойчы падораную ім Жамойцію і знаходзіць сабе яшчэ аднаго саюзніка — вялікага князя маскоўскага Васіля I, аддаючы яму ў жонкі сваю дачку Соф’ю.
Цяпер ужо Ягайла вымушаны прызнаць, што Вітаўта голымі рукамі не возьмеш і з упартым сваяком лепш сябраваць. 5 жніўня 1392 года сапернікі сустрэліся ў маёнтку Вострава, паблізу Ліды, дзе паміж імі і было падпісана пагадненне. Вітаўт паабяцаў Ягайлу «заставацца назаўжды ў саюзе з Польскім каралеўствам і польскай каронай». 3 Вострава цяпер ужо сябры і саюзнікі накіраваліся ўблізкую Вільню, дзе праз некалькі дзён віленскі біскуп Андрэй Васіла ў касцёле Святога Станіслава каранаваў Вітаўта вялікім князем літоўскім і рускім (Жамойцію, нагадаем, незадоўга да гэтага Вітаўт аддаў крыжакам).