Што раньш было...  Святаслаў Асіноўскі

Што раньш было...

Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
40.26 МБ
А ў хуткім часе, як ужо было згадана, у Вільню прыбывае і Жыгімонт Аўгуст. Менавіта тут (па іншых звестках, у Геранёнах) іх шляхі перакрыжоўваюцца ўпершыню. Якраз у 1543 годзе і пачынаецца гісторыя іх пылкага і трагічнага кахання, якое далёка не ўсе сучаснікі Барбары і Жыгімонта Аўгуста зразумелі і прынялі. I дагэтуль даследчыкі ламаюць галаву, спрабуючы адказаць на пытанне: чаго было больш у любоўнай меладраме — гарачага пачуцця Барбары і Жыгімонта Аўгуста ці халоднага палітычнага разліку братоў Радзівілаў?
Існуе, па меншай меры, дзве асноўныя версіі таго, чаму Барбара апынулася ў цэнтры аднаго з самых гучных палітычных скандалаў польскай і беларускай гісторыі.
Як адзначаюць сучаснікі, Барбара Радзівіл была жанчынай незвычайнай прыгажосці. Таму застаецца загадкай, чаму Станіслаў Гаштольд (пра гэта таксама сведчаць сучаснікі) не падпаў пад чары маладой жонкі, быў да яе абыякавы і, як кажуць, нават здраджваў ёй з другімі жанчынамі. Магчыма, гэта было нейкім чынам звязана з тым, што ён, апошні з Гаштольдаў, страсна жадаў займець сына — прадаўжальніка роду, а Барбара за некалькі гадоў так і не змагла зацяжараць.
У Жыгімонта Аўгуста сітуацыя была куды больш зразумелай. Яго жонка Лізавета Габсбург прыгажосцю не вылучалася, знешнасць мела досыць невыразную, не вызначалася і розумам. Да таго ж пакутавала на эпілепсію. Вытанчанага, па-еўрапейску адукаванага і, што таіць, ласага да жаночых прывабаў Жыгімонта Аўгуста такое становішча, вядома ж, не задавальняла і было яму ў цяжар.
У канцы 1542 года Бог прыбраў да сябе бяздетнага Станіслава Гаштольда. Жалоба Барбары па мужу была
Барбара Радзівіл. Невядомы мастак. XVI ст.
нядоўгай. Маладая ўдава, якая пакутавала ў нешчаслівым шлюбе, пасумаваўшы для прыліку колькі месяцаў, быццам. кінулася навёрстваць упушчанае. Барбара пачала ўсё часцей выходзіць у свет, з’яўляцца на балях і маскарадах, што даваліся пры велікакняжацкім двары.
Чуткі (і, дададзім, плёткі) пра маладуто «вясёлую ўдаву» не маглі не дайсці да Жыгімонта Аўгуста, і той вырашыў праверыць, ці праўду кажуць людзі пра неверагодную пры-
гажосць Барбары. Як ужо гаварылася, іх першая сустрэча, магчыма, адбылася ў Вільні падчас аднаго з баляў. Пабачыўшы ўдаву, малады вялікі князь быў як уражаны маланкай: ён упэўніўся, што людзі не перабольшвалі прыгажосць Барбары. Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў яе, як кажуць, з першага позірку. Каб часцей бачыць прыгажуню, ён прызначыў Барбару фрэйлінай сваёй жонкі Лізаветы.
I тут яшчэ адзін нечаканы паварот лёсу. 15 чэрвеня 1545 года раптам памірае Лізавета. Пры двары папаўзлі чуткі, што каралеву і вялікую княгіню ...атруцілі па настойлівай просьбе Барбары. Ды і невытрыманы Жыгімонт Аўгуст, не надта звяртаючы ўвагі на жалобу па жонцы, не спыняў сваіх заляцанняў да каханкі.
У гэтай двухсэнсаўнай сітуацыі Барбара перастала з’яўляцца пры двары, нават спрабавала з’ехаць у Геранёны. Але Жыгімонт Аўгуст знайшоў важную прычыну, каб наведвацца і туды: пасля смерці Станіслава Гаштольда яго ўладанні, як ужо адзначалася, пераходзілі ў велікакняжацкую казну, і малады вялікі князь з’яўляўся ў Геранёнах як бы для інспекцыі сваіх новых набыткаў.
Відавочна, што Барбара не вельмі супраціўлялася націску пылкага каханка. Прыхільнікі рамантычнай трактоўкі падзей гэтай меладрамы сцвярджаюць, што яе каханне да Жыгімонта Аўгуста было шчырым і бескарысным. Больш разважлівыя і цынічныя аналітыкі схіляюцца да думкі, што на першым месцы тут была палітычная інтрыга братоў Радзівілаў. Цяжка сказаць, ці ведала Барбара пра намеры сваіх роднага і стрыечнага братоў: адны лічаць, што яна ведала, якую мэту тыя паставілі перад сабой, другія ж упэўнены, што сястра была сляпой зброяй у іх руках, нічога не падазравала і кахала Жыгімонта Аўгуста па-сапраўднаму. Але адно можна сказаць з дастатковай доляй верагоднасці: пачуцці Жыгімонта Аўгуста да Барбары былі самымі шчырымі. I вельмі нават верагодна, што браты Радзівілы вырашылі гэта скарыстаць.
Абодва Радзівілы па свайму прыдворнаму статусу былі асобамі, блізкімі да маладога вялікага князя. У тагачасных дакументах ёсць сведчанні, што Чорны з Рудым не-
аднаразова звярталіся да Жыгімонта Аўгуста з просьбай «не чыніць няславы іх дому». Той даваў абяцанні, што перастане патаемна наведваць Барбару і возьмецца за розум. Але праз пэўны час у чарговы раз парушаў свае абяцанні.
У адзін з начных візітаў Жыгімонт сустрэў у спальні Барбары... братоў Радзівілаў. Існуюць дзве версіі таго, што адбылося ў тую ліпеньскую ноч 1547 года. Па адной з іх, Руды і Чорны выхапілі з похваў шаблі і, пагражаючы імі (што было натуральна: каханка «застукалі» ў чужым доме), заставілі даць слова... ажаніцца з Барбарай. Па другой версіі, Жыгімонт Аўгуст сам прапанаваў братам такі варыянт развязкі досыць пікантнай сітуацыі.
Як бы там ні было, але ў тую ж ноч каплан Радзівілаў у прысутнасці абодвух Мікалаеў, Барбарынай сястры Ганны і іх сваяка Станіслава Кезгайлы патаемна павянчаў Жыгімонта Аўгуста і Барбару.
A 1 красавіка 1548 года ў Кракаве памёр кароль польскі Жыгімонт I Стары (вялікім князем літоўскім на той час, нагадаем, быў ужо яго сын). 17 красавіка Жыгімонт Аўгуст афіцыйна ўвёў Барбару ў свой віленскі велікакняжацкі палац як законную жонку. Сойм Вялікага княства Літоўскага без асаблівых ваганняў амаль аднагалосна прызнаў Барбару вялікай княгіняй.
Па ўсіх канонах, Жыгімонт Аўгуст павінен быў заняць і апусцелы польскі пасад. Але польскія паны і шляхта, a найбольш — аўдавелая каралева Бона Сфорца, згаджаючыся з гэтым, наадрэз адмовіліся, каб разам з новым каралём на кракаўскі трон села літвінка Барбара — жанчына хоць і дастаткова высакароднага паходжання (Радзівіл Руды на той час ужо быў князем), але не з венцаноснай сям’і.
Скандал выбухнуў грандыёзны, на ўсю Еўропу...
Лёс Жыгімонта Аўгуста і яго жонкі Барбары вырашаў сейм у Пётркаве...
Давайце паразважаем наконт таго, ці толькі шлюб будучага польскага караля з «непаўнавартаснай» Барбарай стаў прычынай гарачых дыскусій, што разгарэліся на сейме ў Пётркаве? Дзеля справядлівасці заўважым, што
такія «няроўныя» шлюбы ў каралеўскім асяродку тагачаснай Еўропы хоць і рэдка, але ўсё ж такі здараліся, пра што сведчыць і французская, і англійская, і расійская гісторыя. Так што справа, хутчэй за ўсё, не ў Барбары, а ў яе братах, на той час адных з самых уплывовых у Вялікім княстве Літоўскім (ды і ў Польскім каралеўстве) дзяржаўных дзеячаў. Забягаючы наперад, адзначым, што, напрыклад, Мікалай Руды (родны брат Барбары) ужо ў 1553 годзе атрымаў пасаду вялікага гетмана літоўскага, а ў 1565-ым — літоўскага канцлера і выконваў абавязкі каралеўскага намесніка ў Літве. Мікалай Чорны з’яўляўся літоўскім канцлерам з 1550 года, а з 1551 года быў віленскім ваяводам і ў адсутнаць Жыгімонта Аўгуста фактычна кіраваў Літвой.
Дарэчы, менавіта яны — Руды і Чорны — напярэдадні Люблінскіх падзей 1569 года ўзначалілі барацьбу супраць уніі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай.
Безумоўна, разумеючы ўплывовасць Радзівілаў, іх вялікія кар’ерныя перспектывы (што і спраўдзілася), больш чым прыязныя адносіны з Жыгімонтам Аўгустам, польскія магнаты не хацелі дапусціць далейшага ўзвышэння братоў-літвінаў, што было непазбежным, калі б іх сястра Барбара стала польскай каралевай (дарэчы, і канцлерам,, і ваяводам Мікалай Чорны стаў яшчэ пры жывой Барбары).
He жадаючы ўзвышэння Радзівілаў, польскія палітыкі баяліся і роста сепаратысцкіх памкненняў Літвы, ведаючы, што браты з’яўляюцца прыхільнікамі самай шырокай аўтаноміі і нават поўнай незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы. Іх сястра ў ролі польскай каралевы была б, на іх думку, магутным рычагом радзівілаўскага ўздзеяння на слабавольнага, як яны лічылі, Жыгімонта Аўгуста, да таго ж відавочна закаханага ў прыгажуню літвінку.
Але «слабавольны» Жыгімонт Аўгуст, на здзіўленне дэпутатаў сейма і сваёй маці Боны, стаяў непахісна: ён быў нават гатовы адмовіцца ад польскай кароны, каб толькі быць разам з Барбарай (праўда, у запасе ў яго была Літва, дзе яго ўжо даўно абвясцілі вялікім князем і толькі што прызналі за жонкай паўнамоцтвы вялікай княгіні).
Польскі сейм здаўся... 9 снежня 1550 года прымас Дзяргоўскі са згоды сейма ўрачыста надзеў на галаву Барбары Радзівіл польскую карону. Відаць, дэлегаты былі ашаломлены нечаканым праяўленнем з боку «слабавольнага» Жыгімонта Аўгуста як раз жалезнай волі. Да такога павароту падзей сейм быў яўна не гатовы. Ёсць пэўныя звесткі і пра тое, што апрацоўку дэпутатаў сейма на карысць Барбары (магчыма, выкарыстоўваючы і подкуп: грошай у Радзівілаў не бракавала) актыўна займаўся Мікалай Чорны.
Але з сеймам не згаднілася зламысная Бона Сфорца. Вельмі многія даследчыкі схіляюцца да думкі, што менавіта каварная італьянка стала галоўнай прычынай таго, што польскую карону Барбара насіла толькі сто пяцьдзесят дзён.
Ужо падчас каранацыі каралева Барбара адчувала сябе кепска. А потым пачала загасаць, як свечка. Дыягназ прыдворных лекараў быў страшным і прагучаў, як прысуд: рак... Праўда, сімлтомы невылечнай хваробы былі вельмі дзіўныя: усё цела маладой жанчыны пакрылася гнойнымі нарывамі, ад якіх ішоў невыносны смурод. Барбара пакутавала ад жудаснага болю, і смерць стала для яе доўгачаканым пазбаўленнем ад пакутаў.
Сканала Барбара на руках мужа 8 мая 1551 года. Ён вывез яе з такой чужой і нават варожай для яе Польшчы і, парушаючы традыцыі, пахаваў не ў Кракаве, а на радзіме, у Вільні, каля касцёла Святога Станіслава.
Вядома ж, было следства. Падчас яго высветлілася, што Барбара злоўжывала лекамі ад бясплоддзя, якія яна атрымлівала ад асабістага сакратара і лекара Боны Людвіга Монці. Папаўзлі чуткі, што дзейнічаў Монці па загаду самой старой каралевы. Падазрэнні амаль перараслі ва ўпэўненасць, калі Бона, прыхапіўшы вялікія каштоўнасці з каралеўскай скарбніцы, патаемна пакінула Польшчу: відаць, далей ад граху і вельмі верагоднай жорсткай расплаты. Наўрад ці Радзівілы даравалі б Боне тое, што яна парушыла іх далёка ідучыя планы, атруціўшы сястру.
Жыгімонт II Аўгуст уладарыў у абедзвюх дзяржавах яшчэ больш за дваццаць гадоў і памёр 7 ліпеня 1572 года адносна маладым, у адрозненне ад свайго бацькі, які