Што раньш было...
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
Як вядома, з 1613 па 1616 год Андрэй Баболя вывучаў у Віленскай акадэміі філасофію, а з 1618 па 1622 год — тэалогію. Тут, у мурах акадэміі, Баболя і мог сустрэцца з філіповічам. Давайце крыху паразважаем на гэты конт.
Першы раз Баболя прыехаў у Вільню, маючы дваццаць два гады, а скончыў курс навук, калі яму быў ужо трыццаць адзін год.
Відавочна, што Філіповіч мог вучыцца ў Вільні не пазней за 1620 год, калі ён прыняў пад апеку «царэвіча маскоўскага» (дарэчы, вядомы рускі агіограф Міхаіл Талстой называў больш познюю дату гэтай падзеі — 1622 год). У 1613—1616 гадах Філіповіч па ігрычыне свайго маладога ўзросту наўрад ці мог вучыцца ў акадэміі (успомнім, што Баболя пачаў сваю адукацыю тут у дваццаць два гады). A вось пасля 1618 года сумеснае навучанне Андрэя Баболі і Афанасія Філіповіча ў Віленскай езуіцкай акадэміі (безумоўна, у выпадку, калі апошні там вучыўся на самай справе) вельмі верагоднае.
Як ужо адзначалася, з 1620 па 1627 год Філіповіч быў выхавацелем так званага «царэвіча маскоўскага» — на самай справе сына польскага шляхціца з Падляшша Дзмітрыя Лубы Яна Фаустына, якога, як адзначае той жа М. Талстой, «езуіты рыхтавалі на самазванства, каб зноў узняць смуту ў Расіі».
Сем гадоў правёў Філіповіч побач са сваім. гадаванцам у адным з брэсцкіх манастыроў. Ці ведаў ён, каго вучыў навукам «царкоўнарускім» на самай справе? Адзін з ранніх біёграфаў Філіповіча, ужо згаданы М. Талстой, не абмовіўся аб гэтым ні словам. А. Коршунаў, разважаючы на гэты конт, катэгарычных высноў не зрабіў, ужываючы словы кшталту «верагодна», «трэба меркаваць», «відаць». А. Мельнікаў лічыў, што Філіповіч паступова прыходзіў да высновы, што яго выхаванец — чарговы самазванец. К. Тарасаў сцвярджае, што Філіповіч, бясспрэчна, верыў у праўдзівасць пададзенай яму легенды.
Дык дзе ж праўда? Аб ёй мы наўрад ці калі даведаемся. Але два апошнія дзесяцігоддзі жыцця Афанасія Філіповіча яскрава сведчаць аб тым, што ён вельмі балюча перажываў свой — вольны ці нявольны — грэх. Яго апантанасць у рэлігійных справах, гарачае адстойванне пазіцый праваслаўя, бязлітасная барацьба з уніяцтвам, сама трагічная гібель — як бы выкупленне гэтага сямігадовага граху. Свой пакутлівы шлях да гэтага выкуплення Афанасій Філіповіч пачаў у цеснай келлі Віленскага Святадухаўскага манастыра ў 1627 годзе. У тым жа годзе з благаслаўлення айца Іосіфа Бабрыковіча пачалося паслушэнства Афанасія Філіповіча, якое праходзіла ў Куцеінскім манастыры пад Оршай і ў Міжгорскай абіцелі паблізу Кіева. У 1632 годзе ў Вільні Філіповіч быў пасвечаны ў сан іераманаха, а ў наступным годзе стаў намеснікам ігумена блізкага ад Пінска Дубайскага манастыра Лявонція Шыціка...
А што ж Андрэй Баболя? Усе гэтыя гады ён удасканальваўся ў веры, адбываючы прабацыі ў Нясвіжскім калегіуме пад наглядам рэктара Яна Аляндуса. Пасля тут жа быў рэктарам езуіцкага касцёла. 3 1624 па 1630 год прапаведаваў у Віленскім касцёле Святога Казіміра. 3 1630 да вясны 1636 года — суперыёр у Бабруйску, пасля чаго вярнуўся ў Вільню. Потым былі Варшава, зноў Вільня, праца ў Плоцкім калегіуме, чатыры гады прапаведніцтва ў Ломжы, яшчэ раз Вільня і, нарэшце, на мяжы 1642— 1643 гадоў — перавод у Пінскі езуіцкі калегіум...
Але вернемся да Афанасія Філіповіча. На Піншчыне ён адразу ж апынуўся ў самым цэнтры супрацьстаяння праваслаўнай царквы з уніятамі, падтрыманага каталіцкім святарствам і мясцовымі ўладамі.
Яшчэ ў 1614 годзе ўладальніца Дубая Раіса Гарабурда вырашыла пабудаваць тут царкву. Але ідэя прыйшлася не даспадобы Пінскай уніяцкай капітуле, якую ўзначальваў Паісій Сахоўскі. Сеймавы суд прыняў бок уніяцкага святара. Другі уніяцкі епіскап — Рыгор — у 1631 годзе адабраў у пінскіх праваслаўных вернікаў царкву Святога Фёдара. Падтрымку сваіх дзеянняў пінскія уніяты знайшлі ў літоўскага канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла. Менавіта ён, займаючы пасаду пінскага старосты, у 1636 го-
дзе выгнаў манахаў з Дубайскага манастыра. На іх месца адразу ж уладкаваліся езуіты, якія да таго ж атрымалі ў валоданне манастырскія землі.
Афанасій філіповіч спрабаваў пратэставаць супраць гвалту, выстутгіўшы з пісьмовым пратэстам, але безвынікова. Пасля выгнання з Дубая ён знайшоў прытулак у суседнім Купяціцкім манастыры, славутым сваім абразом Божай Маці. Менавіта адсюль у лістападзе 1637 года Афанасій Філіповіч разам з паслушнікам Анісімам Валкавіцкім і пачаў сваё знакамітае падарожжа ў Маскву. Легальнай яго мэтай быў збор ахвяраванняў на абнаўленне Купяціцкай манастырскай царквы, тайнай, але галоўнай — пошук дапамогі і абароны ў маскоўскага цара.
Перыпетыі гэтага доўгага і часта небяспечнага ваяжу купяціцкіх манахаў шырока вядомыя, таму не станем на іх спыняцца. Адзначым толькі, што вынікі яго былі даволі паспяховыя: Філіповіч атрымаў шчодрыя ахвяраванні.
Але ў «Гісторыі падарожжа ў Маскву», напісаным Філіповічам і ўручаным цару Міхаілу, прама падкрэслівалася, што ахвяраванні — не галоўная мэта хадакоў з Літвы — Беларусі. У пасланні да рускага цара быў прамы заклік да вайны з суседняй дзяржавай: «... звіцяжай непрыяцеляў нашых, бо ўжо час настаў... А ў бітве той кожнага чалавека, які імянуе сябе праваслаўным, здорава захавай».
Такім чынам, як меркаваў у свой час А. Коршунаў, Філіповіч падбухторваў Маскву да ўмяшання ва ўнутраныя справы Вялікага княства Літоўскага. Свае ваяўнічыя прапановы ён, як лічыў Коршунаў, падмацаваў каштоўнымі звесткамі аб тым, што, пакуль Масква дрэмле, суседзі даўно ўжо рыхтуюць самазванца на маскоўскі трон.
Учынак Афанасія Філіповіча цяжка ацаніць адназначна. Як праваслаўны святар, ён меў рацыю, стараючыся абараніць сваю веру ад гвалтоўных дзеянняў католікаў і уніятаў. Але ж ён яшчэ быў грамадзянінам сваёй краіны — і заклік да вайны супраць яе, і выдача вядомай яму дзяржаўнай тайны... Як ацаніць яго ўчынак?
Як бы там ні было, але, абцяжараны шчодрымі ахвяраваннямі для Купяціцкай царквы, у Вербную нядзелю
1638 года Філіповіч развітаўся з Масквой. 16 чэрвеня ён ужо быў у Вільні, а ў ліпені пераступіў парог Купяціцкай абіцелі.
А праз два гады, калі вырашалася пытанне аб прызначэнні ігумена ў Брэсцкі Сімяонаўскі манастыр, выбар паў на Афанасія Філіповіча. Тут і пачаўся апошні, самы бурны перыяд жыцця будучага прападобнамучаніка...
Першы пінскі перыяд у святарскай дзейнасці Баболі працягваўся да ліпеня 1646 года, калі ён з прычыны хваробы быў пераведзены ў Вільню. У Пінску Андрэй Баболя, шчыруючы ў езуіцкім калегіуме, выконваў абавязкі прапаведніка, кіраўніка навучання і мадэратара Марыінскай Сандаліцыі мясцовых землеўладальнікаў. У хроніцы Пінскага калегіума тых часоў засталіся сведчанні, што езуіты, сярод якіх быў і Баболя, вылучаліся вялікай актыўнасцю ў справе пераводу тутэйшых праваслаўных вернікаў у каталіцтва, гэта значыць, займаліся звычайнай «лоўляй душ».
Як можна ацаніць падобную дзейнасць? 3 пункту гледжання каталіцкай царквы, безумоўна, станоўча. Але мясцоваму праваслаўнаму святарству езуіцкія памкненні наўрад ці былі даспадобы. Хроніка Пінскага калегіума, называючы дзейнасць езуітаў плённай, тым не менш указвае на шматлікія факты процідзеяння з боку праваслаўнай царквы і нават пагрозы ў адрас каталіцкіх місіянераў.
Адным словам, адна канфесія даволі бесцырымонным чынам умешвалася ў справы другой (а праваслаўныя, заўважым, былі ўсё ж такі не язычнікі), маючы, відаць, падтрымку з боку ўлад. Галоўным натхніцелем езуітаў быў айцец Андрэй Баболя...
У тыя ж гады брэсцкі ігумен Афанасій Філіповіч апантана змагаўся з уніятамі і іх прыхільнікамі — католікамі. Да сучаснікаў дайшлі сведчанні, што барацьба была надзвычай вострай і бескампраміснай з абодвух бакоў. Змагаючыся з уніятамі, Філіповіч апеляваў да самога Уладзіслава IV, караля польскага і вялікага князя літоўскага. Адзначым, што патрабаванні брэсцкага ігумена да кіраўніка дзяржавы часта гучалі ва ультыматыўнай форме. У сваёй шырока вядомай супліцы, якую Філіповіч напісаў у
1643 годзе, ён фактычна ставіў Уладзіславу ультыматум, патрабуючы ад яго, каб «вера праўдзівая грэцкая грунтоўна была супакоена, а унія праклятая вынішчана». «Калі не супакоіце веры праўдзівае грэцкае і не знясеце уніі праклятай, — пагражаў Філіповіч, — то спазнаеце абавязкова гневу божага». Заканчвалася супліка катэгарычным патрабаваннем: «Выбірай жа сабе, што хочаш, пакуль час маеш!»
Дзякуючы сваёй бескампраміснай дзейнасці, якая часта прымала экстрэмісцкі характар, Афанасій філіповіч быў шырока вядомы ў краіне. Яго тройчы арыштоўвалі, садзілі ў калодкі, высылалі ў Кіеў пад нагляд мітрапаліта Пятра Магілы. У 1645 годзе ён аказаўся ў цэнтры скандала вакол «царэвіча маскоўскага» Яна Фаустына Лубы.
Апантанасць Афанасія Філіповіча, якая не можа не выклікаць своеасаблівай павагі, аднак не знайшла, як сведчаць тагачасныя крыніцы, падтрымкі кіраўніцтва праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага. Безумоўна, былі спагада, імкненне змякчыць наступствы яго бурнай дзейнасці (у першую чаргу, з боку мітрапаліта Пятра Магілы), але, відаць, не больш таго. Відавочна, што для тых жа праваслаўных іерархаў Філіповіч быў нязручным чалавекам. Яго неўтаймаванасць, няўрымслівасць, разам з той жа спагадай, усё часцей выклікалі пачуццё прыкрасці, непаразумення.
1 студзеня 1647 года памёр мітрапаліт Пётр Магіла, які, як бы там ні было, сілшатызаваў Філіповічу. У сакавіку 1648 года ўспыхнула паўстанне на чале з Багданам Хмяльніцкім. 20 мая гэтага ж года не стала Уладзіслава IV, які, трэба прызнаць, ставіўся да ультыматумаў брэсцкага ігумена болып-менш цярпіма. Наступны ўладар — Ян Казімір — быў абраны толькі 20 лістапада 1648 года Якраз у кароткі прамежак «бескаралеўя» і адбыліся трагічныя падзеі, аб якіх крыху ніжэй. А пакуль кінем позірк у лета 1652 года, калі ў Пінску зноў з’явіўся Андрэй Баболя. Тут ён, з невялікімі перапынкамі, і правёў апошні адрэзак свайго жыцця, прапаведуючы ў касцёле Святога Станіслава і выконваючы місіянерскія абавязкі ў ваколіцах горада.
Нагадаем, што падчас найбольш актыўнай дзейнасці Афанасія Філіповіча на Беларусі Андрэй Баболя знаходзіўся ў Вільні, дзе займаўся звычайнымі святарскімі справамі. Ці ведаў ён аб дзейнасці няўрымслівага брэсцкага ігумена? Хутчэй за ўсё ведаў, бо неардынарныя ўчынкі Філіповіча, безумоўна, мелі шырокі рэзананс. Безумоўна і тое, што Баболя, як зацяты езуіт і шчыры католік, паслядоўны прыхільнік уніі, не ўхваляў дзейнасці Філіповіча. Па сутнасці, яны былі непрымірымымі ворагамі.