Што раньш было...  Святаслаў Асіноўскі

Што раньш было...

Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
40.26 МБ
Вялікае княжанне Вітаўт пачынаў у складаным ваенна-палітычным становішчы (ды і ўсе дзесяцігоддзі яго ўладарання ў Літве спакойнымі не назавеш). Пастаянная пагроза з боку Тэўтонскага ордэна (у Кёнігсбергу крыжакі трымалі ў заложніках жонку Вітаўта Ганну, яго сыноў Івана і Юрыя і яшчэ некалькіх блізкіх сваякоў), дыпламатычны ўціск Польшчы, дзе ўвесь час марылі ўключыць Літву ў свой склад, узрастаючыя прэтэнзіі Масквы на значную частку тэрыторыі краіны — усё вымушала вялікага князя лавіраваць паміж пагрозамі, сёння браць у саюзнікі тых, з кім яшчэ ўчора зацята варагаваў, а назаўтра абвяшчаць ворагамі ўчарашніх саюзнікаў, якія, натуральна, імкнуліся адпомсціць з-за гэтага (так, у 1392 годзе крыжакі атруцілі сыноў Вітаўта, пазбавіўшы вялікага князя нашчадкаў).
Верагодна, ужо тады Вітаўт паставіў перад сабой галоўную мэту свайго жыцця — усталяванне моцнай, поўнасцю незалежнай ад Польшчы дзяржавы, а затым — каранацыя ў якасці «літоўска-рускага караля».
Шлях да мэты быў доўгім, таму пастараемся акрэсліць толькі некаторыя яго вехі. Найперш Вітаўту пасля неверагодна цяжкіх намаганняў удалося ўтаймаваць сепаратысцкія памкненні ўдзельных князёў — Дзмітрыя Северскага, Фёдара Карыятавіча Падольскага і Свідрыгайлы. У 1395 годзе, выкарыстаўшы сваркі мясцовых князёў, ён авалодаў Смаленскам. Праз год тут адбыліся яго перамовы з зяцем — маскоўскім уладаром Васілём I, у выніку чаго былі ўсталяваны межы паміж Літвой і Масковіяй.
Здолеў Вітаўт атрымаць у саюзнікі і татарскага эмігранта, былога золатаардынскага хана Тахтамыша, які падтрымаў «каралеўскія» памкненні вялікага князя і нават выдаў яму ярлык на кіраванне ўсімі рускімі землямі. Тахтамыш ішоў на такі крок не ад нейкай там асаблівай прыязнасці да Вітаўта. Ен хацеў сябраваць з моцным уладаром. Сваю моц вялікі князь прадэманстраваў у 1397 годзе, калі Вітаўтавы харугвы, пераадолеўшы кіпчацкія стэпы, фарсіравалі Дон, выйшлі да Волгі і нанеслі ўдар па асноўных золатаардынскіх улусах. Яшчэ праз год, узяўшы ў дапамогу крыжакоў, Вітаўт скіраваў удар па ордах крымскіх татараў. Летам 1398 года ён праз Падолле выйшаў да берагоў Чорнага мора. Згодна з паданнем, Вітаўт, нырнуўшы са скалы, праплыў па моры паўмілі (верагодна, заплыў адбыўся паблізу сучаснага Ачакава) і вярнуўся на бераг, засведчыўшы такім чынам, што Чорнае мора цяпер належыць Літве.
12 кастрычніка 1398 года Вітаўт сустрэўся на Соленскім возеры з вялікім магістрам. Тэўтонскага ордэна. Падчас перамоў зноў прагучала ідэя абвясціць вялікага князя «каралём Літвы і Русі». Крыжакі абяцалі падтрымку ў дасягненні гэтай мэты.
Усяго хапала на шляху Вітаўта. Было і сакрушальнае паражэнне 12 жніўня 1399 года ад золатаардынцаў на Ворксле, і ганебны дагавор, падпісаны Вітаўтам у 1401 годзе ў Вільні, які пацвярджаў унію паміж Польшчай і
Літвой і занатоўваў, што пасля яго смерці Літва перастае існаваць як самастойная дзяржава.
Але быў і 1410 год — Грунвальд, дзе харугвы літвінаў унеслі важкі ўклад у сакрушальны разгром крыжакоў. Вынікам Грунвальдскай перамогі стала тое, што праз год да Літвы была далучана Жамойція, і Вітаўтава дзяржава стала называцца Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Абшары Літвы дасягнулі Балтыкі. Яна стала дзяржавай «ад мора да мора». Па сутнасці сваёй, гэта была велізарная поліэтнічная Літоўская імперыя — адна з магутнейшых еўрапейскіх краін таго часу. I Вітаўт з поўным правам мог прэтэндаваць на каралеўскую карону.
Дарэчы, калі ў 1410 годзе ў Чэхіі распачаліся гусіцкія войны, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд і папа рымскі Марцін V прапанавалі Вітаўту каралеўскую карону гэтай дзяржавы. Ён згадзіўся і направіў у Чэхію свайго намесніка — Жыгімонта-Карыбута
Задоўга да берасцейскіх падзей 1596 года Вітаўт здзейсніў спробу ўсталяваць у сваёй дзяржаве унію паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. У лістападзе 1415 года ў Навагрудку сабраўся Сінод праваслаўнага духавенства Літвы. Высокі сход іерархаў адхіліў ад мітрапаліцтва праціўніка уніі Фоція і прызначыў мітрапалітам яе прыхільніка Грыгорыя Цамблака.
Відаць, ужо нішто не магло спыніць памкненняў Вітаўта да поўнай незалежнасці Літвы. Яго падштурхоўвала і трывалае міжнароднае становішча Вялікага княства: новы маскоўскі князь Васіль II даводзіцца яму ўнукам і лічыць яго апекуном, сваім уладаром Вітаўта прызнаюць князі разанскі і цвярскі, папа рымскі прызначыў яго апекуном Рыжскага арцыбіскупства, у Навагрудку ўсталявана самастойная праваслаўная мітраполія, у сваіх пісьмах «рымскі цэсар» Сігізмунд I настойліва раіць Вітаўту каранавацца на «літоўска-рускага караля» і абяцае замовіць слова перад Ватыканам.
I Вітаўт прымае рашэнне: зімой 1429 года ў Луцку збіраецца з’езд, з якога мы і пачалі свой аповяд.
Трэба адзначыць, што галоўнымі праціўнікамі каранацыі Вітаўта былі палякі. Яно і зразумела: адбудзецца гэты
акт і — бывай спадзяванні на інкарпарацыю Літвы ў склад Польшчы. Асаблівай непрыязнасцю да Вітаўта і ідэі яго каранацыі вызначаўся ўплывовы ў царкоўных колах кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі. Нягледзячы на тое што ўсе, ад каго залежала станоўчае вырашэнне пытання, далі згоду на прыняцце Вітаўтам каралеўскай годнасці, зламыснаму біскупу нейкім чынам удалося дабіцца пераносу каранацыі на наступны год. Госці мусілі, прачакаўшы сем тыдняў, пакінуць Луцк, каб зноў сустрэцца ў Вільні.
У верасні 1430 года пачаўся новы з’езд. Сабраліся ўсе, хто годам раней гасціў у Вітаўта ў Луцку, акрамя Сігізмунда. 3 нейкай нагоды імператар не змог прыехаць сам, але адправіў у Вільню з пасламі асвечаную ў Рыме карону і прывілей з правамі на каралеўскі тытул. Паслы павінны былі прыбыць у Вільню 8 верасня: у гэтым запэўнівалі Вітаўта імператарскія паслы — Баптыст Цыгаль і Сігізмунд Рот.
I тут у справу зноў умяшаўся Збігнеў Алясніцкі. Неўтаймоўны кракаўскі біскуп пачаў актыўную апрацоўку старога князя. Узамен кароны, якую везлі ў Вільню з Рыма, ён прапанаваў Вітаўту другую — польскую.
Разлік хітрага паляка быў досыць празрысты: век старога вялікага князя, які не мае нашчадкаў, ужо не доўгі. Хутка Вітаўт памрэ, на велікакняжацкі пасад узыдзе Ягайлаў сын, і ўсё стане на сваё, патрэбнае палякам месца: Вялікае княства каралеўствам не стане і застанецца залежным ад Полыпчы.
Напэўна, Вітаўт, зважаючы на свае больш чым сталыя гады, мог бы, як кажуць, клюнуць на хітрую польскую прынаду: а што — жыць і сапраўды засталося мала, чаму б на старасці і не ўсцешыцца такой спакуслівай цацкай, як карона польская? Тым больш, што той, якую павінны прывезці з Рыма, усё няма і няма Вось і каранацыю давялося перанесці на 29 верасня. Ды і самыя нецярплівыя з гасцей пачалі ад’язджаць з Вільні.
Але на ўсе спакуслівыя прапановы Вітаўт адказаў рашучым «не»: справа не ў ім асабіста, а ў незалежнасці Літвы. Ёй, Літве, дабіваецца ён каралеўскага вянца.
I тады біскуп пайшоў на надзвычайныя меры. Хроніка Быхаўца так апісвае драматычныя падзеі, што адбыліся недзе ў польскіх лясах: «I ляхі, не жадаючы кароны Літве, і карону ў паслоў адабралі і рассеклі яе папалам і прыклалі да кароны біскупа каралеўскага, якая і цяпер пры замку Кракаўскім у касцёле Святога Станіслава ёсць...»
Мінуў верасень, прыйшоў кастрычнік. 13 кастрычніка пакрыўджаны вялікі князь пасылае Сігізмунду ліст, у якім папракае таго за свае няспраўджаныя надзеі, за прыніжэнне, сорам, якія давялося перажыць, за дарэмныя вялікія выдаткі на запрашэнне шматлікіх гасцей. Але ад кароны не адмаўляецца і ў апошняй надзеі запрашае ў Вільню Ягайлу, каб угаварыць польскага караля не перашкаджаць каранацыі.
Ягайла прыехаў... Разам з Вітаўтам яны накіраваліся ў Трокі. Па дарозе старому князю стала кепска, ён упаў з сядла, і ў Трокі яго, знямоглага, прывезлі ў карэце. 27 кастрычніка 1430 года ў прысутнасці Ягайлы, мітрапаліта Фоція, свайго ўнука — маскоўскага князя Васіля Васілевіча — Вітаўт сканаў.
Замак у Троках (сучасны Тракай у Літве). Тут скончыў свой зямны шлях Вітаўт Вялікі
Той-сёй з даследчыкаў не выключае, што адправіцца на той свет упартаму Вітаўту дапамаглі. Варыянт, па тым часе, вельмі магчымы. Тым больш, калі ўлічыць, што той жа Ягайла некалі ўжо вырашаў свае праблемы падобным чынам (успомнім забойства бацькі Вітаўта — Кейстута).
Але гэта — толькі версія, якая пакуль што не мае пад сабой нават ускосных доказаў. Ці то ўладар Літвы памёр сам, ці то старога князя атруцілі — вынік адзіны: Вітаўт Вялікі не стаў «каралём Літвы і Русі», Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае не стала каралеўствам.
Крыніцы
Беларускія летапісы і хронікі. — Мінск, 1997.
Брянцев, П.Д. ІЧсторйя Лйтовского государства с древнейшйх времен /ПД. Брянцев. — Вйльна, 1889.
Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды /М. Ермаловіч. — Мінск, 1990.
Жйвопйсная Россйя. Айтовское й Белорусское Полесье /под обгц. ред. П.П. Семенова. Т. 3. — Мйнск, 1993.
Насевіч, В. Пачаткі Вялікага княства Аітоўскага: Падзеі і асобы /В. Насевіч. — Мінск, 1993.
Полное собранйе русскйх летопйсей. Т. 35. — М., 1975.
Тарасаў, К. Памяць пра легенды /К. Тарасаў. — Мінск, 1990.
Чаропка, В. Імя ў летапісе /В. Чаропка. — Мінск, 1994.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. — Мінск, 1994.
ЖЫГІМОНТ I БАРБАРА: МЕЛАДРАМА 3 ПАЛІТЫЧНАЙ
ІНТРЫГАЙ
Гадоў з трыццаць таму, калі сённяшняя эстрадная суперзорка Ала Пугачова яшчэ толькі пачынала свой шлях на музычны Алімп, на велізарных абшарах Савецкага Саюза, бадай што, не было дня, каб у радыёэфіры ці па тэлевізару не гучала адна песня ў яе выкананні — ну вельмі на той час папулярная! Галоўным героем моднага шлягера быў кароль Луі (верагодна, французскі), які, на сваю бяду, пакахаў бязродную прыгажуню, што мела неасцярожнасць пасвіць гусей пад сценамі каралеўскага палаца. Забыўшыся на сваё каралеўскае паходжанне і высокую пасаду, закаханы Луі ўзяў у галаву, што абавязкова павінен ажаніцца з прыгожай гусапаскай.
Але дзе там!.. Ледзь не да смерці напалоханыя сваякі закаханага летуценніка ўзнялі такі лямант, што Луі зразумеў: нічога з гэтага не атрымаецца — тыя ніколі не дапусцяць, каб нейкая там гусапаска ні з таго ні з сяго раптам стала каралевай.
Пад вянец, як вынікала з песні, Луі пайшоў з другой — у сваяках у той ўсе былі каралі. Такім чынам, каралеўства пазбегла еўрапейскага скандалу, Луі атрымаў у жонкі страхалюдную прынцэсу і, што галоўнае, вынес з гэтай меладраматычнай прыгоды наступную горкую выснову: жаніцца па каханні каралі, на жаль, не могуць.