Што раньш было...
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2008
філіповіч жа, верагодней за ўсё, не ведаў аб існаванні Баболі, бо той не займаў якой-небудзь высокай пасады ў каталіцкай езуіцкай іерархіі.
Што ж рабіў гэты езуіт падчас свайго другога — і апошняга — знаходжання ў Пінску? Паводле сведчанняў, прыведзеных у працы Яна Попляткі, выдадзенай у Кракаве ў 1936 годзе, Андрэй Баболя вандраваў у ваколіцах Пінска і Янава, хрысціў дзяцей, асвячаў шлюбы, спавядаў і з найболыпай ахвотай працаваў з занядбанай моладдзю. Дыскутуючы з вучонымі праваслаўнымі манахамі, Баболя, як адзначаецца, перамагаў іх.
Яго місіянерскія вандроўкі давалі свой плён. Вядомы факт, што клопатамі Баболі праваслаўныя вернікі вёсак Баландзічы і Уздрожын перайшлі ў каталіцтва. Амаль поўнасцю каталіцкім стала і праваслаўнае мястэчка Янаў. Місіянерская дзейнасць Андрэя Баболі мела досыць шырокі рэзананс на Піншчыне і, зноў жа, часта ацэньвалася з супрацьлеглых пазіцый: праваслаўныя лічылі яго «душахватам», католікі называлі «лаўцом душ» і нават «апосталам Палесся».
Як адзначаў Ян Поплятка, Баболя падчас сваіх вандровак наведваў уніяцкія цэрквы, прапаведаваў там каталіцкую веру і рабіў усё магчымае, каб злучыць праваслаўных з каталіцкім касцёлам. Даследчык жыцця айца Андрэя не рабіў розніцы паміж каталіцкай і уніяцкай цэрквамі. Таму і «акаталічванне» Баболем праваслаўных палешукоў, магчыма, трэба разглядаць як іх пераход ва уніяцтва.
У 1654 годзе пачалася доўгая і крывавая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай за беларускія і ўкраін-
скія землі. На баку Расіі выступілі і ўкраінскія казакі (як вядома, у свой час Афанасій Філіповіч быў іх шчырым прыхільнікам). У пачатку мая 1657 года двухтысячны казацкі атрад Івана Ліхога захапіў Пінск. Праваслаўныя насельнікі горада падтрымалі казакоў. Католікі і уніяты вымушаны былі шукаць паратунку ў лясах, бо ваенныя дзеянні з боку казакоў даволі часта прымалі характар бязлітаснай рэлігійнай разні. Пакінулі Пінск і езуіты, якіх казакі не шкадавалі заўсёды. Сярод уцекачоў быў і Андрэй Баболя. Ён знайшоў сховішча ў Перадзеле, паміж Пінскам і Янавам. Быў май 1657 года...
За дзевяць гадоў перад гэтым адбыўся першы акт трагедыі ў двух актах, аб якой ідзе наш аповяд. 1 ліпеня 1648 года па даносу капітана каралеўскай гвардыі Шумскага быў арыштаваны Афанасій Філіповіч. Былі следства і суд, які палічыў, што брэсцкі ігумен заслугоўвае смяротнай кары за свае ўчынкі. Пакуль з Варшавы чакалі канчатковай санкцыі, закаваны ў калодкі Філіповіч быў звязнены ў цэйхгаузе.
У ноч на 5 верасня 1648 года Філіповіча прывялі да брэсцкага ваяводы Масальскага, які прамовіў: «Навошта яго да мяне прывялі? Маеце ўжо яго ў сваіх руках, дык рабіце ж сабе з ім, што хочаце!»
I гайдукі павялі ігумена на расправу.
Манахі Сімяонаўскага манастыра запісалі сведчанні аднаго з відавочцаў смерці Афанасія Філіповіча: «Калі ён тады ўжо быў выданы ад старшага, узялі яго да сябе тыя, што крыві яго даўно прагнулі, і павялі яго да барку, што недалёка быў ад абозу, ад места ў чвэрць мілі, ідучы да сяла Гершановічы, па леваму боку. Там яго найперш пяклі агнём. А гайдук адзін стаяў там на той час непадалёку і чуў голас нябожчыка айца ігумена. А ён ім штосьці адказваў пры тых муках. Потым паклікалі і гайдука таго. I казалі яму мушкет набіць дзвюма кулямі. Таксама перад ім і магілу загадалі падрыхтаваць. Наперад жа запытаўшы яго, каб адмовіўся ад слоў сваіх супраць уніі. А калі ім адказаў: «Што ўжо сказаў, тое сказаў, і з тым паміраю», — казалі таму гайдуку, каб у лоб яму стрэліў з мушкета.
... Нябожчык, ужо падстрэлены дзвюма кулямі ў лоб навылёт, яшчэ, абапіраючыся аб хвою, стаяў нейкі час па сваёй моцы, пакуль яго ўпіхнулі ў гэту магілу казакі. Але і там, расказвае, яшчэ сам тварам павярнуўся, рукі на грудзях на крыж склаў і ногі выцягнуў...»
Айца Андрэя Баболю, як сведчыў Ян Поплятка, выдалі казакам праваслаўныя янаўцы. Схапілі яго ў той момант, калі той на возе Яна Даманоўскага пакідаў Перадзел. Паводле Попляткі, Баболя быў падвергнуты жудасным катаванням, якія адбываліся па дарозе ў Янаў і ў мясніцкай краме. Яго паласавалі бізунамі, калолі пікамі, секлі шаблямі, палілі агнём, засоўвалі пад пазногці трэскі, зразалі скуру з далоняў, галавы і плячэй. Праз разрэз у шыі Баболю вырвалі язык. Пасля падвесілі за ногі да столі і, нарэшце, забілі двума ўдарамі ў шыю.
Сканаў Андрэй Баболя а трэцяй гадзіне 16 мая 1657 года_
Недзе паміж 1658 і 1666 гадамі брэсцкі ігумен быў кананізаваны праваслаўнай царквой як святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі. Перад гэтым, у маі 1649 года, астанкі ігумена перазахавалі ў царкве Сімяона Столпніка, дзе ён быў настаяцелем. Пасля яны захоўваліся ў
Капліца Андрэя Баболі ў Янаве (Іванаве). Малюнак Н. Орды. XIX ст.
Леснінскім жаночым манастыры ў Польшчы. У канцы Другой сусветнай вайны манастыр пераехаў спачатку ў Сербію, а потым у Францыю (у ста дваццаці кіламетрах ад Парыжа), дзе размяшчаецца і цяпер.
У 1995 годзе частка мошчаў была прывезена ў Беларусь і перададзена ў брэсцкія Сімяонаўскі сабор і Брацкую царкву і ў Афанасьеўскую капліцу ў вёсцы Аркадыя пад Брэстам.
Капліца на месцы гібелі Афанасія Філіповіча ў в. Аркадыя (Брэсцкі раён), дзе захоўваецца частка яго мошчаў
Кананізацыя Андрэя Баболі каталіцкай царквой зацягнулася амаль на тры стагоддзі: згодна з дэкрэтам папы Пія IX яна адбылася толькі 17 красавіка 1938 года.
Будучага святога ў маі 1657 года пахавалі перад вялікім алтаром Пінскага езуіцкага касцёла. Згубленыя з цягам часу мошчы Андрэя Баболі былі адшуканы ў 1719 годзе. У 1808 годзе іх перавезлі ў тагачасную езуіцкую «сталіцу» — Полацк. У 1922 годзе яны патрапілі ў Рым, а з 1938 года захоўваюцца ў Варшаве, у касцёле Святога Андрэя Баболі.
Такія вось розныя і адначасова аднолькавыя лёсы...
Няма нічога дзіўнага, што Філіповіч і Баболя высока ацэньваюцца цэрквамі, да якіх яны належалі. Аб тым яскрава сведчаць факты кананізацыі брэсцкага ігумена і пінскага езуіта. Але нельга не падкрэсліць і таго, што яны, па сутнасці, былі зацятымі ворагамі і святасць аднаго ў вачах другога выглядала як цяжкая загана.
Аднак паспрабуем зірнуць на гэтых двух, безумоўна годных увагі і павагі, людзей вачыма сучаснага свецкага чалавека, які не можа не заўважыць ні палітызаванасці Філіповіча, ні крывадушша Баболі, ні ваяўнічага фанатызму абодвух, іх апантанасці, нежадання шукаць кам.прамісы.
Яшчэ духоўныя настаўнікі Андрэя Баболі адзначалі яго прыроджаную халерычнасць, схільнасць да раптоўных выбухаў нецярплівасці, празмерную прывязанасць да сваіх меркаванняў, няўменне стрымліваць эмоцыі і пачуцці. Нагадаем, праваслаўныя вернікі, безумоўна, не без падстаў, называлі Баболю «душахватам». Ды і характарыстыка, дадзеная яму паплечнікамі-езуітамі («лавец душ»), мае не толькі станоўчае адценне, але гаворыць і аб хітрасці айца Андрэя, яго ўменні ўвайсці ў давер, акруціць чалавека. Адным словам, Баболя быў тыповым езуітам.
А што ж Афанасій Філіповіч? Цікавай уяўляецца характарыстыка, дадзеная брэсцкаму ігумену згаданым ужо Кастамаравым: «Асоба Афанасія Філіповіча не прадстаўляецца выходзячай з шэрагу сучаснікаў ні па разумоваму багаццю здольнасцей, ні па важнасці спраў, здзейсненых ім у гістарычным жыцці народа, але яна ў высокай сту-
пені дастойна ўвагі як тып свайго часу і свайго краю. Гэта быў гарачы фанатык, які адносіўся да тагачасных ворагаў праваслаўя з такімі ж бязлітаснасцю і злосцю, з якімі адносіліся гэтыя ворагі да праваслаўя. Праваслаўе ў рускіх краях, якія належалі польскай Рэчы Паспалітай, было прыгнечаным бокам, а таму фанатызм Афанасія Філіповіча выявіўся галоўным чынам у гатоўнасці пацярпець самому за веру. Але калі б ролі перамяніліся і праваслаўе стала бокам пераможным — той жа Афанасій Філіповіч стаў бы, можа быць, у адносінах да уніятаў і католікаў такім жа мучыцелем, якім быў у адносінах да праваслаўных які-небудзь Іясафат Кунцэвіч» (нагадаем: забіты ў 1623 годзе віцебскімі праваслаўнымі Кунцэвіч быў, як і Баболя, кананізаваны ў 1867 годзе каталіцкай царквой).
Невыпадкова некаторыя сучасныя даследчыкі жыцця і дзейнасці Афанасія Філіповіча праводзяць паралель паміж брэсцкім ігуменам і яго сучаснікам, знакамітым пратапопам Авакумам — галавой стараверства, ідэолагам драматычнага расколу Рускай праваслаўнай царквы. Авакум, як вядома, быў асуджаны афіцыйнай царквой, пятнаццаць гадоў правёў у земляной турме і, у рэшце рэшт, быў спалены паводле царскага ўказа.
На крайні радыкалізм Філіповіча ўказвае і К. Тарасаў. Адной з яго рысаў, нетыповых для рэлігійнага дзеяча, ён лічыць адмаўленне пакоры, далучаючы да яе кансерватыўнасць брэсцкага ігумена, яго наіўнасць і ідэалізм.
А што ж унія, апантаным праціўнікам і гарачым прыхільнікам якой былі, адпаведна, Афанасій Філіповіч і Андрэй Баболя?
Зацятыя спрэчкі вакол яе вядуцца і сёння. Апошнім часам многія даследчыкі сталі называць уніяцтва нацыянальнай рэлігіяй беларусаў. Як бы там ні было, а яно праіснавала на нашай зямлі амаль два з паловай стагоддзі. Напярэдадні далучэння Беларусі да Расійскай імперыі яго спавядала абсалютная большасць беларусаў.
Адрэчы, у вёсцы, дзе жыве мая цешча, і сёння яшчэ памятаюць, што праваслаўная Свята-Міхайлаўская царква, куды ходзяць па святах вяскоўцы, некалі была уніяцкай.
Крыніцы
Абэцэдарскі, Л.С. Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’яднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века /А.С. Абэцэдарскі. — Мінск, 1954.
Коршунов, А.Ф. Афанасйй Фйлйповйч: жйзнь й творчество / А.Ф. Коршунов. — Мйнск, 1965.
Аочмель, Н.Ф. Очерк ucmopuu борьбы белорусского народа протйв польскйх панов /П.Ф. Аочмель. — М., 1940.
Мартос, А. Белорусы в йсторйческой, государственной й церковной жйзнй /А. Мартос. — Буэнос-Айрес, 1966.
Поплятка, Я. Благаславёны Андрэй Баболя: Жыццё, пакуты, культ /Я. Поплятка. — Кракаў, 1936.
Тарасаў, К. Памяць пра легенды /К. Тарасаў. — Мінск, 1990.
Іфярохін, С.Ф. Многія прыйдуць пад імем тваім /С.Ф. Цярохін. — Мінск, 1995.
«... I ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ў ПРЫДАЧУ»
Падзея, якая адбылася ў Расіі 28 чэрвеня 1762 года, на некалькі дзесяцігоддзяў наперад прадвызначыла лёс гэтай магутнай Еўразійскай імперыі. У выніку палацавага перавароту, здзейсненага маладымі гвардзейскімі афіцэрамі, на расійскім троне ўсталявалася жонка тагачаснага імператара Пятра III нямецкая прынцэса Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая, што ўвайшла ў гісторыю як імператрыца Кацярына II Аляксееўна.