Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
ШТРЫХКОДЫ
Франц Сіўко
Зборнік эсэ
Франц Сіўко
ШТРЫХКОДЫ
Зборнік эсэ
Мінск 'Таліяфы" 2017
УДК 821.161.3-4
ББК 84(4Бен)6-46
C41
Сіўко, Ф.
C41 Штрыхкоды : зборнік эсэ / Франц Сіўко. Мінск : Галіяфы, 2017. — 172 с.
ISBN 978-985-7140-58-9.
Слоўная эквілібрыстыка ў працэсе пісьма цікавіць аўтара кнігі ў той ступені, у якой спрыяе найбольш дакладнай падачы факта. Голы факт, так бы мовіць, штрыхкод рэчы, падзеі, уражання пры гранічнай сцісласці мастацкага аздаблення — вось яго мэта ў такім жанры, як эсэ. Слова для яго — матэрыял, з якім ён падчас працы абыходзіцца і даволі бесцырымонна, і разам з тым — паважліва. Пра што і сведчыць дадзены зборнік эсэ, складзены з ужо друкаваных раней і новых твораў.
УДК 821.161.3-4
ББК 84(4Бен)6-46
ISBN 978-985-7140-58-9 © Сіўко Ф., 2017
© Юрчанка У, вокладка, 2017
© Афармленне. ПВУП “Галіяфы”, 2017
Выспа Міжрэчча
Міжрэчча — вёска, якая ўзнікла на месцы аднайменнага панскага двара і паспела даць прытулак усяго аднаму калену роду людскога. Бо толькі адзінкі з яе нешматлікіх жыхароў тут нарадзіліся і сустрэлі тут сваю апошнюю часіну. Большасць жа перасяліліся, завабленыя хараством мясціны, на ўробленыя панскія землі з навакольных паселішчаў ды хутароў ужо пасля вайны, пасля таго, як згубіліся дзесьці ў Сібіры сляды рэпрэсаванай з прыходам другіх Саветаў апошняй гаспадыні двара пані Аскерчыхі. Паспыталі напоўніцу цудаў калектыўнага гаспадарання, выгадавалі дзяцей, збольшага дапамаглі дзецям падняць унукаў ды і сышлі, знайшоўшы (многія дачасна) вечны супакой у магілах побач з дзядамі-прадзедамі на ўскрайках суседніх вёсак: сваіх кладоў у Міжрэччы, вядомым з XVI стагоддзя як уладанне знакамітага роду Сапегаў пад назовам Дуброўка, ніколі не было.
I па сёння візітоўка Міжрэчча — срэбналістыя надвісленскія таполі. Такія высокія, што бачныя яны нават
з адлегласці ў чатыры вярсты, з хутароў на латвійскім баку Дзвіны.
Mae бацькі пераехалі з прымежнай Вяты ў Міжрэчча, калі мне ледзь споўніўся год. I першым нашым, часовым жытлом тут акурат стаў сядзібны дом, які мы называлі пакоямі. Гэта было штосьці кшталту інтэрната. Усе памяшканні другога, драўлянага паверха дома былі занятыя сем’ямі або адзінокімі людзьмі, што пасяліліся тут у чаканні пабудовы ўласнае хаты. Так пачалася мая кароткая, але незабыўная міжрэчанская прыгода — у атачэнні прадметаў адмысловага ўзору сядзібнай архітэктуры XVII стагоддзя, што быў унесены ў міжваенны час польскім урадам у рэестр помнікаў агульнадзяржаўнага значэння. Зрэшты, ні пра сапраўдную вартасць сядзібы, ні пра тое, каму яна раней належала, мы тады не ведалі. Ужо значна пазней яе гістарычнае аблічча паўстала перад намі дзякуючы публікацыям краязнаўцы Вітольда Ермалёнка, які звярнуўся па неабходныя звесткі да вышукаў польскага даследчыка архітэктуры Рамана Афтаназі. А тады...
Лёс прэзентаваў нам раскошу спасцігаць радасці і недасканаласць свету ў атмасферы артэфактаў адметнага панскага дома, і мы з уласцівай дзяцінству непасрэднасцю ахвотна ёю карысталіся. Двухпавярхоўка з калонамі з абчасанага каменя, з абстаўленымі старадаўняю мэбляю пакоямі, з абліцаванымі цудоўнаю кафляй печамі, склепам і тузінам гаспадарчых памяшканняў, ацалелая дольная каменная частка лямуса крыху воддаль, доўгія аборы ўздоўж вужакападобнай плыткай Вяткі, купальня ў месцы з дзіўнаю назваю Халуй, дубовыя, таполевыя, бэзавыя, язмінавыя ды арэхавыя алеі — усё гэта на паўтара дзясятка гадоў стала звыклым фонам нашых забаваў і гульняў, увайшло ў жыццё так трывала і натуральна, што, здавалася, будзе існаваць у ім вечна. Як і сама вёска, здольная шчадротамі прыроды нівеляваць нават самыя непрывабныя, a то часам і жахлівыя праявы сялянскага побыту. На якія мы тады, зрэшты, ахмеленыя рамантыкай волі і водарам экзатычных раслін і кветак, не надта і зважалі. Балазе горкую пігулку ў выгля-
дзе жменькі выдадзенай бацькам на працадні сахарыны або пары галовак калянага кубінскага цукру ды бохана крамнага хлеба на чацвярых у Міжрэччы заўсёды без цяжкасці можна было падсаладзіць самаробнаю гарбатаю з духмяных зёлак або кампотам з ягадаў рассеянага ў наваколі букштыну1 і барбарысу. Жорсткая безвыходнасць калгаснага жыцця на той час яшчэ не наклала на насельнікаў Міжрэчча адбітку ў выглядзе беспрасветнага п’янства і з каптуром кампенсавалася шчодрасцю прыроды. Ды, каб палюбіць нават такую прыроду дарэшты, аднае яе шчодрасці, відаць, было нам недастаткова. Можа, таму і сталася гэтак, што, аддаючы належнае спаконвечнай сялянскай карміцельцы, ніводзін з нас па сканчэнні школы лёсу з працай земляроба так і не звязаў.
Узрастанню душы спрыяе лагода, гартуе яе, безумоўна, — суровасць. Але і талая вада з растопленага на прыпеку снегу ці лёду, адсутнасць цацак або чаравікаў у кожную пару года, да ванітаў абрыдлая штодзённая кава з цукровага бурака — дробязі ў параўнанні з жорсткасцю натуры, якую назірае вясковае дзіця ў дачыненні да тых, хто з’яўляецца адзіным яго абаронцам, — уласных бацькоў. Дробязі, якія адных гартуюць ды робяць дужымі, бы крэмень, другіх — наадварот, пераломваюць напалам, на ўсё жыццё пазбаўляюць волі і здольнасці да супраціву.
На тле сусветных катаклізмаў сюжэт пра тое, як у нейкага селяніна ў нейкім Міжрэччы захварэла карова і як ён, не бачачы іншага выйсця, збіраецца яе, адзіную запаруку хоць якога дабрабыту, прырэзаць не астылаю ад ранішняй ходкі па пожні касою, каб потым выкінуць у глухі яр на радасць навакольнаму звяр’ю ды птушкам, у большасці людзей, бадай, толькі выкліча ўсмешку. Узгадаванаму на сучасных вартасных крытэрыях чалавеку не палічыць за дробязь неймаверную каштоўнасць каровы ці авечкі для сялянскага двара эпохі кукурузнага свербу Мікіты Хрушчова гэтакса-
1 Букштын — расліна сямейства ружавых з ягадай з прысмакам мускату.
ма цяжка, як цяжка прыняць усур’ёз стаўленне абарыгена афрыканскае пустэльні да свайго статку як да падставы для гонару ці, наадварот, ганьбы за ўзровень уласных фізічных ды разумовых здольнасцей у часе сённяшнім.
Гэткіх дробязяў у Міжрэччы, маляўнічым нагрувашчанні сялянскіх хатаў ў замкнёнай прасторы калісьці бездакорнага, ды з кожным днём усё больш запусцелага сядзібнага дома-палаца, ніколі не бракавала.
*
Качанне яек у свята Вялікадня, гульні ў “штандар” і “шпіёнаў”, кулоганне да пасінення ў рацэ, скокі з ільдзіны на ільдзіну падчас крыгаходу, лазенне па дрэвах, лоўля птушак на сіло з конскага воласу, галавакружныя спускі на санках і лыжах з высокіх, стромых гор і абрываў — усё было ў нас як звычайна ў большасці вясковых дзяцей. Праўда, часам гульні нашыя былі і даволі небяспечныя — вядома ж: якія варункі існавання, такія і гульні. Нашы, першага калена тубыльцаў-міжрэчанцаў, гульні, хоць і не выходзілі з межаў агульнапрынятага ўяўлення аб прыстойнасці ды чалавекалюбстве, былі даволі рызыкоўныя і часам нагадвалі балансаванне на мяжы з бядою. Што гэта за гульня — кінуць запалку на кладню сена ці саломы, а потым памануцца загасіць той агонь уласным целам? Так мы ўпотайкі ад дарослых рабілі ў лядашчых, пераробленых са старых клецяў пунях ды хлявах, так рабілі ў даўжэзнай, запоўненай па самы дах калгасным лёнам панскай аборы. Лёгкі шоргат запалкі аб пушку, хваля агню, і вось ужо ладны кавалак кладні ахоплены полымем, і ты куляешся на яго з маціцы, закрываеш сабою. Што будзе ў наступную хвіліну, табе няведама, як няведамы да часу і кошт гэткіх шалаў наогул. Падрабязнасці якіх неўпрыцям развярэдзяць глузды вусцішам здзейсненага праз тры-чатыры дзясяткі гадоў ды зробяцца шараговай дэталлю сюжэта ў якім-небудзь “Удогу”.
Вёска, у адрозненне ад горада, — найперш уладанне прыроднай стыхіі. А яшчэ — стыхіі прадвызначанасці лёсу, у якім кошт жыцця часта вызначаецца не гэтак ступенню падрыхтаванасці да яго неспадзевак, як збегам абставін. Але ці пакінутаму сам-насам знябожанымі пякельнаю працаю бацькамі дзіцяці пра тое думаць? Тым больш што ў забытым Богам куце кшталту Міжрэчча небяспека спакушала дзіця паўсюль. Улетку — шатамі дрэваў на якія так лёгка ўскараскацца па шурпатым камлі ды гэтак жа цяжка спусціцца зноў на дол, не паламаўшы нагі ці не скруціўшы шыі. На пачатку зімы — крохкім лёдам на ставе, што так і кліча пакоўзацца ў вольны ад вучобы час. Увесну — стромымі, спярэшчанымі галоўкамі красак берагамі ракі, аблямаванай такімі слізкімі пасля крыгаходу берагамі, што і не заўважыш, як апынешся неўпрыцям у ледзяной вадзе.
Мы бавіліся ў хмызе на беразе раз’юшанай (паводка была ў самым разгары) ракі, спаборнічаючы, хто больш знойдзе па купах пралесак, як раптам заўважылі: аднаго з нас не стае. Штосьці плёснулася ў заточцы пры беразе, мы азірнуліся і дружна знерухомелі ад сполаху: сястра Ірка ляжала дагары ў вадзе за паўметра ад берага, абгорнутая з усіх бакоў, бы выратавальным колам, пухірамі балоневай куртачкі, мерна гайдалася на хвалях. He памятаю, хто першы апрытомнеў ад здранцвення, толькі сястру мы неяк далі тады рады выцягнуць з вады, падаўшы ёй камель арэшыны. Бацька з гадзіну ганяў яе пасля дзеля сугрэву з дубцом у руцэ вакол хаты, і ўсё, на шчасце, абышлося...
Словам, мы гулялі, а калі гулі ў звыклым пейзажы нам надакучвалі, выпраўляліся ў мясціны прылеглыя: вудзіць акунёў ды лавіць ракаў да будынка млына (раней — кардоннай фабрыкі) ва Устшэжы, ці на руіны Прудніцкага гарадзішча XII стагоддзя з каменным крыжам ля ўзножжа, ці на Дзвіну з яе пясчанымі выспачкамі ўсцяж лодачнай пераправы на латвійскі бераг і выглядам на пасечаную снарадамі ды кулямі ў час вайны вежу драўлянай капліцы са звонам — падарункам Пілсудскага і нязменна зачыненымі (ішлі
Сядзібны дом у Міжрэччы
ІІІІНІІІІІІІІІІІІІІІ
Капліца ў Вяце
Хата ў Міжрэччы
Ідолтаўскі касцёл
Каменны крыж на Прудніцкім гарадзішчы
Вадаспад ва Устшэжы
атэістычныя 60-я) на вялізны замок дзвярыма. Месцаў для пазбыцця неўтаймоўнай дзіцячай энергіі не толькі ў Міжрэччы, але і ў яго ваколіцах хапала з каптуром. Як, між іншым, і працы па гаспадарцы. Нявінныя дзіцячыя недахопы накшталт жадання ўнікнуць раз і назаўсёды вызначаных старэйшымі працоўных абавязкаў у вёсцы не ўхваляліся.
*
Імпэт да руйнавання помнікаў старасветчыны ў мірны час не прыходзіць знянацку. Ён узнікае спакваля на грунце аслаблення імунітэту да дзікунства, грамадскай абыякавасці, культывавання адстароненасці ад прадмета руйнавання, то-бок адсутнасці належнай асветніцкай працы. Як ні дзіўна, але ні разу за чатыры гады навучання ў мясцовай пачатковай школе і пазней, падчас вучобы ў дзесяцігодцы, мы не чулі ад нашых цудоўных настаўнікаў ні намёку на экскурс у гісторыю сядзібы. Ці не таму і здарылася, што, калі грымнуў першы гром нялюдскіх пераменаў усе мы, сорак жыхароў Міжрэчча, аказаліся да яго не гатовымі.