Штрыхкоды  Франц Сіўко

Штрыхкоды

Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
29.13 МБ
I такіх ужо панапрыпісваў мне сп. Абрамовіч чалавеканенавісніцкіх дзеяў, што тую ягоную пісаніну нехта з маіх “зычліўцаў” у якасці даносу прарэктару ўніверсітэта, дзе я на той час працаваў, у кабінет вырашыў цішком падсунуць. Памятаю, як трос саноўны
дзядзька паперчынай у мяне пад носам ды роў штомоцы: “Аўтадафэ будзеш уладжваць, на вогнішчы будзеш паліць людзей, як вашыя прыйдуць!”
Паўтара дзясятка год мінула, і ўсё на свае месцы стала. Акурат жа, аказваецца, “пра тое” быў мой “Удог”, гэтая, як Абрамовіч піша, “настольная кніга інквізітараў беларускага Адраджэньня”. А як паглядзець на падзеі ва Украіне, дык і вельмі нават, як бы яно каму не даспадобы было, “пра тое”.
Выйшаўу бібліятэцы “Нашай Нівы” “Дзень Бубна”, і дзесьці (ці не ў “Звяздзе”, здаецца) Ганна Кісліцына выказалася, што, маўляў вось толькі што выйшла кніжка Сіўко — і, глянь ты, ужо не адшукаць яе ў продажы. Дзіўная да смешнага была рэакцыя на гэткі пасаж некаторых сталічных літаратараў. Такое ўражанне складвалася, быццам як асабістую абразу тыя нявінныя словы крытыка ў сталіцы ўспрынялі.
Андрэй Дынько збольшага сумневы наконт такой іх нервовасці дапамог развеяць: маўляў, а што ты, дзядзька, чакаў? Што рукі табе насустрач растапыраць?
У сувязі з гэтым узгадваюцца словы Чэхава пра тое, як ён праз усё жыццё ўсім і кожнаму саступаў, адмаўляючыся мільгаць на публіцы, а яму ўсё адно нене ды і закідалі нясціпласць, папракалі хітрасцю.
Але што Чэхаў, і з меней далёкіх часоў прыкладаў дастаткова. Было, і ёсць, і будзе. У пэўным сэнсе і творчы прыжыццёвы лёс аўтара прыведзенага перафразаванага радка, Караткевіча, як вынікае ўскосна з ягоных дзённікавых запісаў, таму пацвярджэнне.
3 дзясятка маіх кніжак, як на ўласны мой погляд, найбольш дасканалая з пункту гледжання кампазіцыйнага ўладкавання “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў”, “Дзень Бубна” ды, мабыць, “Плебейскія гульні”. Усё астатняе — даволі эклектычна. Сведчанне паспешлівасці як выніку і заўсёднае жудаснае занятасці ў школе і ва ўніверсітэце, і няроўнасці тэмпераменту. Усё спехам, прыскакам, з імпэтам зрабіць конча ў пэўны тэрмін.
3	узростам усё болып хочацца быць зразумелым. Выказвацца як прасцей, пісаць так, каб ад вачэй чытача словы, склады, літары, бы той гарох ад сцяны, порстка адляталі. He ў сэнсе — “з цэлым народам гутарку весці”, не, на гэткае замахвацца няма ахвоты. А ў сэнсе займення элементарнае зваротнае сувязі ці хаця б ужо, з увагі на татальнае нежаданне людзей чытаць, якога-ніякога душэўнага водгуку.
На жаль, не заўсёды жаданая простасць лёгка даецца. Мабыць, дае аб сабе знаць звычка і ў жыцці ўсё ўскладняць, бачыць праблемы-перашкоды там, дзе іх часам і блізка няма.
6.
Да тэмы піетэту да сябе і свайго творчага даробку ў літаратарскім асяроддзі.
Аўтар А.: Мая кніжка.
Аўтар Б.: Мая кніга.
Аўтар В.: Мая кніжачка.
Дж. Фаўлз у дзённіках: “Каб быць пісьменнікам, недастаткова пазбавіцца ад таго, што маецца ў табе кепскага; трэба пазбавіцца і ад таго, што ёсць у табе добрага. (...) Зрабіць гэта нашмат цяжэй, але нічога важнейшага за гэта няма”.
Ён жа, Фаўлз: “У шчаслівым свеце мастацтва не будзе. (...) у шчаслівым свеце хопіць і жывога досведу”.
Цікава, што найбольш мітуслівыя літаратары найчасцей называюць у якасці ўласных куміраў папярэднікаўпустэльнікаў. I носяцца з імі, і распавядаюць пра сваю духоўную блізкасць з імі так, быццам вось неўзабаве і самі гэткімі ж пустэльнікамі стануць.
Паэтка Л. на адмову друкаваць яе творы ў альманаху сказала рэдактару: “I хай сабе, не друкуйце. Падумаеш... Затое буду як Ахматава”.
7.
Каторы раз натыкаюся ў таблоідах на нараканкі калег наконт неўганаравання літаратара Сіўко якой-небудзь прэміяй. He без удзячнасці за такую спагадлівасць да чужога гора спяшаюся, аднак, зазначыць: годзе, сябры, не варта рабіць з мяне ахвярную казу. Ёсць у мяне прэмія, ёсць. Прэмія імя Караткевіча, якою адзначыў яшчэ ў 2002 годзе кніжку “Удог” ніяк не апяяны мною Віцебскі аблвыканкам.
Калі надта не пераймацца сцверджаннем, быццам усё, што ад улады, кепскае, дык прэмія як прэмія, за іншыя, што дзяржаўныя, што незалежніцкія, калі і не лепшая, дык ані не горшая. Ва ўсялякім разе мне ні за яе, ні за прэміяванае ўласнае выданне не сорамна. Тым болып што тае прэміі і не дамагаўся, парогаў саноўных кабінетаў дзеля яе атрымання не абіваў. Самі вылучылі, самі далі.
I вось, пакуль запіс гэты падцукроўваўся ў чаканні публікацыі, Алесь Аркуш, дзякуй яму, “Вялесам” маю асобу ашчаслівіў. Ці не зашмат шанцавання? Так, глядзіш, чаго добрага, і з літпрасторы не знікнеш.
Што да чытача, то яго згадкаю пра прэмію надта не прывабіш. Яму твор, назву якога ён без цяжкасці з прозвішчам аўтара суаднясе, падавай. Няма такога твора — і ніякая прэмія не дапаможа.
I. Рэпін: “А галоўнае, я ненавіджу і не цярплю прэмій. Гэта такая фальшывая нажыўка, якая паніжае свабоду духу чалавека”.
Фаўлз: “...я ведаў: ёсць месца, дзе можна схавацца ад свецкага жыцця, ад пагоні за поспехам. (...) у маім узросце (на той момант аўтару было сорак год. — Ф. С.) трэба вяртацца да сябе, не ганяцца за хімерамі, сканцэнтравацца, абараняць тое, на што нападаюць або не звяртаюць увагі”.
П. Чайкоўскі:
“Там, дзе з’яўляецца разам 1000 падобных да мяне шукальнікаў славы (на якую я, між іншым, насраць хачу), я з-за свайго сціплага нораву рызыкую застацца зусім незаўважаным”.
Або:
“Куды выгодней для мяне з’явіцца ў Парыжы не на выставе, дзе кожная жопа будзе са скуры вылузвацца, каб яе слухалі і далі ёй патэнт на сусветную вядомасць...”.
Да тэмы патэнта на вядомасць. Суседка, гаспадыня сабакі, якога, здараецца, хтосьці пачынае квяліць удаваным жаданнем яго прысабечыць, нязменна на такія захады рэагуе наступным чынам: “Hi ў якім разе! Як вы не разумееце: нам самім трэба”. Усё проста.
Несумненны плюс творчае працы палягае ў непазбежнасці справядлівай ацэнкі яе выніку. Канечне, талент зацерці можна, гэтаксама як і выдаць падробку за вартае. Ды і адно, і другое — да пары да часу.
8.
Правялі ў бібліятэцы вечарыну памяці паэта. Шмат было, кажуць, народу. А выступоўцаў — адзін. Мабыць, якой-небудзь крамолы пабаяліся арганізатары, што не далі слова прысутным сябрам нашай пісьменніцкай суполкі, у якую як-ніяк уваходзіў памерлы літаратар. I атрымаўся бенефіс на тэму “Я іДа такіх бенефісаў і нябожчык, добры, таварыскі чалавек, зямля яму пухам, дарэчы, быў схільны.
Такія даўгія літаратурныя пасядзелкі ў памяць калегі з календара юбілеяў — проста жах. Гадзіна, паўтары, дзве з паловаю... А ўсё, што прамаўлялася, можна было б, калі з розумам, і за трыццаць хвілін сказаць. Потым яшчэ нудотнае, як нядзельнае казанне святара ў швед-
скай кірсе, чытанне твораў нябожчыка. Такім хутчэй адвернеш ад тых твораў, чым навернеш да іх. А скажы на такое неразуменне сваякоў-сяброў натыкнешся, на такую злосць, што і не раз, і не два пасля пашкадуеш.
Адзін і той жа сон колькі начэй запар: няўрымслівы пры жыцці аматар творчых выступленняў паэт К. 3 таго свету імпрэзы ў прыцемненай гардзінамі зале з дапамогаю нябачнага пульта ладзіць. Поўнае памяшканне народу, сядзяць, слухаюць дэкламаванне праз дынамік.
Цяжка знайсці сферу, што хаця б збольшага магла зраўняцца са сфераю творчаю ў выяўленні найгоршых душэўных якасцяў яе насельнікаў. Якасцяў часам ажно гэтак згрызотна-агрэсіўных, заюшлівых і нялюдскіх, што нават чалавеку старонняму непазбежна напросіцца на язык выснова: найгоршае ў той жа літаратуры — самі літаратары. Нездарма ж, да прыкладу, Томас Ман, сутыкнуўшыся на пачатку свайго творчага шляху з зайздрасцю, паклёпніцтвам і зласлівасцю калег, міжволі прыйшоў да высновы, што згаданых праяваў супольнага жыцця ў літаратурнай сферы куды больш, чым у якой іншай. Што, зрэшты, пры гэткай канцэнтрацыі жарсцяў ды абмежаванасцю месцаў на літаратурным Парнасе зусім і не дзіўна. Годных месцаў няшмат, перспектывы завалодаць імі — цьмяныя. Па-філасофску ж спакойна, без істэрыкі пераняцца ісцінай аб тым, што 95, калі наогул не ўсе 99 адсоткаў нашых шчыраванняў на творчай ніве загадзя вырачаныя на паразу, то-бок — папросту марныя, дадзена далёка не кожнаму. Вынік — займенне мілай хваробы пад назваю неўроз ці, як пішуць у лістках непрацаздольнасці недастаткова ўразлівыя да тонкіх душэўных перажыванняў пацыентаў айчынныя лекары, — неўрастэнія.
Неўротыка чыстае вады ў творчым асяроддзі вылічыш без цяжкасці. Самы вядомы, так бы мовіць, класічны з яго відаў — мітуслівы чалавек з вырачанымі вачыма, з катэгорыі “заўсёды як укакаўшыся, заўсёды
паперадзе планеты ўсёй”, што няведама якім чынам паспявае адзначыцца адразу ў некалькіх месцах, пад усё дае рады своечасова падкласці рукі, заўжды здолее забегчы перад усімі наперад, нідзе не праміне засвяціцца, адзначыцца, мільгануць і г. д. Ідэальная для такога складу дзеяча пазіцыя — уганараванне хоць якой, хоць сабе і безграшоваю, абы на людзях, пасадаю. Менавіта там ён будзе адчуваць сябе як рыба ў вадзе, балазе нарэшце няўрымслівасць ягонае натуры і патрабаванні пратакола аб працоўных абавязках шчасліва супадуць. Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што здольнасці творчыя і неўроз не заўсёды выключаюць адно другое, хоць і рэдка, але здараецца і сітуацыя з катэгорыі наадварот.
9.
Паколькі амаль усё жыццё, за выключэннем пяці год вучобы ў сталіцы, аўтар гэтых радкоў жыве наводдаль ад яе, варункі існавання і норавы менавіта правінцыйнага творчага асяроддзя больш за ўсё яму і вядомыя. Хаця, напэўна, наўрад яны, тыя мясцовыя варункі ды норавы, так ужо нашмат ад сталічных адрозніваюцца. Найбольш істотнае адрозненне, мабыць, — маштабы жарсцяў: дзяліць у правінцыі, як правіла, няма чаго, адпаведна і градус сварак-звадаў тут ніжэйшы, як у сталіцы.
Што наогул да тэмы дзялення творцаў на сталічных і перыферыйных, дык у гэтым плане ўсё як і дзесяць, і пятнаццаць, і трыццаць год таму. Тут дарэчы будзе ўзгадаць у якасці прыкладу рэпліку Васіля Быкава яго гарадзенскага перыяду жыцця з нагоды прапановы яму стварэння балета паводле аповесці “Альпійская балада”. Ад якой ён, як сам піша ў адным з раздзелаў “Доўгай дарогі дадому”, адмовіўся, бо “не хацеў празмернай папулярнасці, ужо адчуў, як да таго адносяцца мае менскія калегі-пісьменнікі”. Гэта — і тады ўжо прызнаны на абшарах СССР Быкаў, то што ўжо казаць пра асобаў шараговых.