Штрыхкоды
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 172с.
Мінск 2017
Па сёння помніцца, як, прачнуўшыся аднойчы ўлетку, пачуў звон пілаў. Пілавалі побач з пакоямі — на «падушкі» для калгасных рэдаляў — таўшчэзныя таполі. Такія старыя, што камлі іх аказаліся зусім непрыдатнымі для цяслярскіх прац з-за вялізных, выедзеных часам ды вусенямі дуплаў. Ды, нягледзячы на нашы нясмелыя (ах, гэтая заходніцкая далікатнасць) пратэсты, пошукі драўлянага «залатога руна» на міжрэчанскіх абсягах былі прадоўжаны, цяпер ужо сярод рэдкіх, ацалелых ад старой алеі дубоў. Сігнал да ўсёдазволенасці дзеянняў быў дадзены рашуча і нядвухсэнсоўна.
Першая пала адзіная ў вёсцы камлюкаватая хвоя на ўскрайку гародаў пайшла ці то на выраб падваконнікаў ці то яшчэ чагосьці. Затым прыйшла чарга алеяў бэзу, язміну і іншага дэкаратыўнага кустоўя. Памятаю, як жанчына на імя Стася, якая неўзабаве па ўсім тым жаху
з'ехала назаўжды да сваякоў у Польшчу, хадзіла па вёсцы з сякераю за поясам і секла на дровы ўсё, што можна было ссекчы. Наўрад сумленне мучыла яе: іншасвет, да якога яна калісьці і марыць наблізіцца не магла, калі і не ўяўляўся ёй варожым, дык і сваім, тым, што не толькі дакляруе, але і абавязвае, дакладна не стаў.
Знішчыўшы дэкарацыі сядзібы, узяліся за самі пакоі. 3 даху, вядома, пачалі. Ну а потым... Цягнулі ўсё, што трапляла пад руку: дрэва, цэглу, камень, кафлю. Сверб разбурэння аказаўся такі заразны, што крышылі і цягнулі нават тое, у чым у гаспадарцы не мелася ніякай патрэбы. Так быў знішчаны другі паверх будынка, што ўзводзіўся, як сведчаць архіўныя дакументы, не менш за два стагоддзі. Пакінуты на спажыву дажджам і вятрам першы, цагляны, супраціўляўся больш рашуча, але і ён у рэшце рэшт здаўся, не маючы сілы процістаяць напору стыхіі і чалавечай дурноты. Гэткі лёс чакаў і будынак млына ва Устшэжы, і іншыя пабудовы ў наваколлі. Свет хараства нішчыўся на вачах, і кожны з нас міжволі зрабіў у справу разбурэння пэўны ўнёсак.
Гэта дзіўнае адчуванне: ты стаіш на і без таго ўжо знявечанай сцяне калісьці шыкоўнага дома і трушчыш, трушчыш рэшту цэглы носам чаравіка — бяздумна, бязмэтна, машынальна, як робяць усе навокал. Такая моц стаднага інстынкту, такі закон разбурэння ўласцівыя не толькі нам, беларусам. Дзікунства ў дачыненні да ўласных матэрыяльных і духоўных набыткаў — рэч не такая рэдкая ў гісторыі. Варта было жыхарам Сан-Марына адчуць волю і беспакаранасць, як яны тут жа пачалі расцягваць на будматэрыялы сваю знакамітую старажытную фартэцыю. He лепшым чынам паставіліся да сваіх храмаў жыхары Малой Азіі. Рымскі Калізей, сцвярджаюць навукоўцы, больш за ўсё пацярпеў не ад варвараў знешніх, а ад саміх рымлянаў, дарэчы, ужо ў эпоху Адраджэння. Але ўсё гэта — слабое суцяшэнне, калі наогул можа ім быць.
Апошняй ахвярай незваротных пераменаў у мясцовым краявідзе стала рака. Камусьці з калгаснага начальства прыйшло ў голаў узвесці ў вёсцы дамбу для
падвышэння ўзроўню вады, і для Вяткі насталі найгоршыя часы. Асабліва для рыбы. Яна ў літаральным сэнсе слова засталася на водмелі і адчайна чаплялася за любую ямку, любую западзінку ў дне. Мы лавілі бездапаможных шчупакоў, акунёў ды плотак, што мітусіліся па абмялелых вірках у пошуку паратунку, з дапамогай накрывак і дзяружак, і спажыва наша была як ніколі багатая і разнастайная. Толькі вось чамусьці радасці з яе нагоды шторазу спадарожнічала адчуванне няёмкасці. I не дзіўна: то была несумленная гульня.
*
Гэткае ж пачуццё, як тады, падчас лоўлі рыбы ў абмялелай рацэ, ахоплівае мяне сёння, калі я прыязджаю ў сваё паўразбуранае Міжрэчча і бачу на месцы пакояў рэшту сцяны ды груду патрушчанай, бітай цэглы — усё, што засталося ад будынка. Толькі зараз да адчування няёмкасці прымешваецца яшчэ і адчуванне, што сама вёска мяне адпрэчвае. “Дзеля чаго гэты флірт з мінулым?” быццам пытаецца вачніцамі асірацелых хат, не пакідаючы ані шанца на ўваскрашэнне той вялікай, як мне заўсёды здавалася, узаемнай любові, што так доўга сілкавала мяне ў пошуках больш-менш прыдатнага зямнога прыстанку.
Але што там вёска — нават рака, здаецца, не радая госцю. Калісьці гэтак прыязная, яна, быццам сцвярджаючы ісціну пра ваду, у якую двойчы не ўвойдзеш, усё больш рашуча намякае на адчужэнне. To зацягне багнаю, якой тут ніколі не было, любімае месца купання, то сцягне цячэннем з нагі абутак, то сутыкне на прыбярэжнай сцяжыне з новым гаспадаром мясціны — дзікім зверам, што, асмялелы на бязлюддзі, бесцырымонна пашырае свае ўладанні за кошт апошніх, нямоглых насельнікаў Міжрэчча. Назаўжды застанецца ўва мне сімвалам уласнае счужэласці родным мясцінам выпадак, што адбыўся на Вятцы ў адзін з апошніх маіх прыездаў.
Ціхім надвячоркам я стаяў у адзіноце па грудзі ў вірку пад навіслым на вадою кустоўем, якраптам з кустоўя таго рынулася на мяне штосьці чорнае велічынёй з сярэдняга росту сабаку. To быў бабёр, які, мусіць, заўважыўшы ўмяшальніцтва старонняга ў свае бабрыныя справы (я напярэдадні ачысціў дно вірка ад падазрона свежага альховага галля), вырашыў падпільнаваць зламысніка і давесці яму такім чынам пра свае гаспадарскія правы. I хоць бабёр, як вядома, — істота не такая ўжо агрэсіўная, ці ўзнікне ў мяне калі-небудзь яшчэ жаданне акунуцца ў маім асвечаным памяццю пра мінулае вірку яшчэ раз — не ведаю. Наўрад.
Вось так часам непрыязна сустракае мяне сёння Міжрэчча. I толькі западзіны побач з руінамі сядзібнага дома не-не ды і пададуць, як раней, знак гасціннасці, усцешаць ураджаем велізарных, памерам у тры чалавечыя галавы, грыбоў-дажджавікоў.
Гады з два таму адзін са школьных прыяцеляў з суседняй вёскі павёў мяне паглядзець склеп, які застаўся яму ўспадчыну ад бацькоўразам з хатай. Пабудова ашаламіла мяне памерамі і размахам фантазіі. Асабліва ўражвалі ўнушальныя, выкладзеныя з чырвонай, старадаўняга абпалу цэглы сцены. “Памятаеш млын ва Устшэжы? Адтуль усё”, — бачачы маё здзіўленне, патлумачыў гаспадар. Я глядзеў на ўсю гэтую прыгажосць, і яна мяне зусім не радавала. Гэта не была прыгажосць, здольная сагрэць душу, занадта відавочна праступалі паўз яе абрысы халодныя прожылкі прадпрымальнасці і цынізму.
I гэтаксама вее сёння на мяне сцюжаю ад руінаў самога млына. Калісьці ўтульны райскі куточак са штучным вадаспадам на месцы плаціны ператвораны ў пляцоўку для масавых гульбішчаў і спякотным летнім днём там літаральна не прапхнуцца сярод чужых. Такая Ніягара мясцовага значэння. Чужыя людзі, чужая вада, чужая мова. I гэткая ж атмасфера закінутасці і спустошанасці сустракае побач — на гарадзішчы. Крыж скрадзены, указальнік пра тое, што гэта помнік археалогіі XII стагоддзя, павалены, наўкола такія джунглі з зарасніку лазы ды альхі, быльнягу і крапівы, што ўпару, здаецца,
насяляць месца статкамі дзікіх жывёл. На жаль, страчаны не толькі дух мясцовасці, але амаль усё, што здольнае было б сілкаваць яго насуперак поступу часу. Як у ваду канула, напрыклад, знікла бясследна выява пакояў пэндзля Язэпа Драздовіча, што шмат гадоў упрыгожвала жытло нашых настаўнікаў.
Некалькі год таму згарэла наша хата ў Міжрэччы. Пакінутая на волю лёсу, нябога занялася полымем так імкліва, што двое старых суседзяў не тое што ўратаваць будыніну — ахнуць не паспелі. 3 таго часу і цаляе маё роднае котлішча комінам у неба, быццам у надзеі дагнаць у росце ствалы ацалелых падчас бязглуздага пілавання таполяў. Зрэшты, ужо дарэмна: два гады таму комін заняла пад гняздо пара маладых буслоў. Так што таполі могуць не хвалявацца: адносна вышыні пальма першынства застанецца за імі, прынамсі ва ўяўленні тых, хто калі-небудзь іх бачыў назаўжды.
Кожны раз, калі шчасціць наведаць нейкую знакамітую мясціну ў замежжы, я міжволі параўноўваю яе з якой-небудзь з нашых, міжрэчанскіх. Часта параўнанне не на карысць першай. Але гэта не здаецца мне дзіўным: справа не ў значнасці помніка для ўсяго чалавецтва. Справа — у самой памяці. У дадзеным выпадку — у памяці пра вёску-выспу аднаго пакалення, якая, раздзяліўшы са сваімі жыхарамі радасць сціплых сельскіх дабротаў у часы, калі жыццё бруіла тут крыніцай, і сама ціха згасла па яго адыходзе.
*
Пры ўсёй цынічнасці азначэння радзімы як месца, дзе мы знаходзімся тут і цяпер, штосьці ёсць у ім справядлівае. Сёння, калі Міжрэчча перастала быць маім домам у літаральным сэнсе гэтага слова, настальгія па яго букштынава-сунічных пагорках усё радзей і радзей наведвае мяне. Я пытаюся ў сябе, ці згадзіўся б зноў пачаць усё там, у блаславёных Богам ды адпрэчаных людзьмі садах, і не без каліва ўнутранай збянтэжанасці
лаўлю сябе на рашучым “не”. У сталым узросце і ў самых чароўных ды прыгожых мясцінах хораша блукаць, маючы пэўнасць, што яны дадуць табе штосьці не толькі для душы, але і для цела. Цёплай вады, каб без залішніх клопатаў ды высілкаў памыць перад сном ногі. Бярэма дроў, па якіх не баліць галава ў хвіліны кароткага, значна карацейшага, чым таго патрабуе наша чалавечая прырода, адпачынку паміж ходкамі на поле ці да статку. Мажлівасці хоць краем вока, хоць зрэдку, нараччас, як казалі калісьці мае аднавяскоўцы, зірнуць на іншы, можа, і не нашмат прывабнейшы, чым твой уласны, ды ўсё ж няведамы свет. Што гэта? Адступніцтва? Здрада? Магчыма, і тое, і другое, ды штосьці мне за іх ані не сорамна.
= Выспа Мова
1.
Да моўнае тэмы я ўпершыню прычыніўся ў верасні 1986 года, калі ў штотыднёвіку “ЛіМ” быў надрукаваны мой настаўніцкі допіс “Прашу вызваліць...”. Апроч прыкрай апіскі датычна колькасці лыжак заціркі ў Бядулевым апавяданні, допіс той утрымліваў не менш прыкрыя звесткі пра тагачасную сістэму вызвалення вучняў школ ад вывучэння беларускай мовы і займеў пэўны рэзананс як у асяродку настаўнікаў, так і сярод творчай інтэлігенцыі. Так сталася, што ён і каментар да яго “Закон і вакол закона” пісьменніка Кастуся Тарасава з’явіліся своеасаблівым пунктам адліку ў справе захадаў па адраджэнні мовы на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя.
Што шанцы пераламіць тэндэнцыю да звужэння сферы ўжывання беларускае мовы нават праз актыўную працу на хвалі перабудовы даволі прывідныя, стала зразумела падчас правядзення ва ўстановах і на прадпры-
емствах краіны так званых моўных курсаў. Відавочная нестыкоўка сур’ёзнасці намеру іх ініцыятараў і нежадання ўспрымаць гэткую сур’ёзнасць як належнае ды непазбежнае з боку тых, для каго ўсё і ініцыявалася, то-бок насельніцтва, падагравалася яшчэ, як і ў пару беларусізацыі 20—30-х гадоў, абыякавасцю, a то і варожасцю людзей пры ўладзе. Да адкрытага ігнаравання справа, праўда, да пары да часу не даходзіла, аднак жа і дзейснае падтрымкі ініцыятыва не атрымлівала.